Кулінарны конкурс ладзіўся ў рамках праекта “Турыстычная дэстынацыя “Зэльвенскі дыяруш”: узмацненне партнёрства, развіццё крэатыўных ініцыятыў і адраджэнне спадчыны”. Патлумачу, што слова “дэстынацыя” ў дадзеным выпадку азначае тэрыторыю, дзе для турыстаў створана належная інфраструктура. Але вернемся да кулінарных аспектаў. На конкурсе прэзентаваліся сапраўдныя кулінарныя шэдэўры: клёцкі з грыбамі, запяканкі, хатняя вяндліна, дзеруны, салёныя гуркі з крапівою, звараная ў гарбузе каша. На Зэльвеншчыне час ужо кулінарную карту складаць ды прадаваць яе турыстам-гурманам.
Яшчэ адзін прыклад сумесных намаганняў, скіраваных на дасягненне агульнага выніку. Намеснік дырэктара Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Печкур напісала, што ДШМ арганізавала канцэрт “Шматгучная Беларусь” у кавярні “Стары горад”. Мерапрыемства ладзіцца ўжо чацвёрты год запар і кожны раз прысвячаецца новай тэме. Білеты набываліся загадзя. А кавярня, нягледзячы на будні вечар, была цалкам запоўнена — доказ таго, што такія канцэрты сталі для Ашмян знакавымі. Таццяна Печкур аналізуе сцэнарый акцыі: “Асноўная мэта яе — больш шчыльнае знаёмства з беларускімі кампазітарамі і іх творчасцю. Вядучыя карысталіся толькі беларускай мовай. Канцэрт суправаджаўся фота- і відэапрэзентацыямі. А інструментальныя ды вакальныя выступленні старшакласнікаў і настаўнікаў дэманстравалі шматграннасць беларускай культуры”. А мяне зацікавіў факт цікавага партнёрства: ДШМ + кавярня. Таццяна Печкур распавяла мне па тэлефоне, што чатыры гады таму выкладчыкі ўстановы папрасілі кіраўніцтва кавярні выкарыстаць яе ў якасці канцэртнай залы. Прапанова была імгненна падтрымана. І вось што цікава, заўважную эканамічную выгоду ад такога пагаднення атрымлівае толькі школа, бо менавіта яна прадае білеты. А “Стары горад” набыў славу гэткага цэнтра падтрымкі мастацтваў. У прынцыпе, такі статус павысіў папулярнасць кавярні. Павялічылася, натуральна, і колькасць яе наведвальнікаў. Словам, карысць ад сяброўства — агульная.
Клуб “Гасцінныя сустрэчы” Цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна сталіцы “Зорка” (кіраўнік Валянціна Яргольская) запрасіў да сябе беларускіх літаратараў Ірыну Масляніцыну, Міколу Багадзяжа і Алену Басікірскую. Як і заўсёды, прысутнічалі ў зале і школьнікі Фрунзенскага раёна. Гаворка ішла аб правах дзіцяці. Пісьменнікі распавядалі пра жыццё і творчасць, падарылі школьнікам свае кнігі.
Мастоўская раённая дзіцячая бібліятэка абслугоўвае, натуральна, і тых чытачоў, якія маюць патрэбу ў асаблівай увазе. На бібліятэчнае мерапрыемства “Агні цырка” былі запрошаны, да прыкладу, выхаванцы Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі горада Масты. У маленькіх гасцей з’явілася магчымасць стаць цыркавымі артыстамі: клоунамі, дрэсіроўшчыкамі, жанглёрамі і асілкамі. “Колькі было эмоцый, — піша загадчык Мастоўскай раённай дзіцячай бібліятэкі Таццяна Ярашук. — А для маладых людзей, якія наведваюць Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мастоўскага раёна, бібліятэкары падрыхтавалі квэст “Пірацкія скарбы”. Юнакі і дзяўчаты пераўвасобіліся ў піратаў і шукалі скарб. Безумоўна, знайшлі!”
У чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі Беразіно ладзіўся круглы стол “Зрабі выбар на карысць здароўя”. Пра гэта паведаміла бібліятэкар аддзела абслугоўвання Кацярына Ярмолінская. У мерапрыемстве бралі ўдзел благачынны Бярэзінскай акругі, пратаіерэй Ілья Ганчарук, урач-эпідэміёлаг Бярэзінскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алег Вараб’ёў, псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Настасся Кушнер, дырэктар Бярэзінскай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву Міхаіл Фясун. Гаворка ішла пра барацьбу са СНІДам. “Спадзяёмся, — піша аўтар, — што дадзены круглы стол стаў маленькім крокам у вырашэнні вялікай праблемы”.
Настаўніца Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 3 Наталля Латышава распавяла, што навучэнцы ДШМ горада Барані атрымалі ўзнагароды ХХІІІ Міжнароднага конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці “Ружа Вятроў” (Масква). Цягам двух дзён спаборнічалі 1250 канкурсантаў з 3 рэгіёнаў Расіі, а таксама — з Беларусі, Ізраіля, Швецыі, Казахстана. Дыпломам лаўрэата ўзнагароджана Ганна Мамантава; дыпломамі адзначаны фартэпіянныя дуэты “Нюанс” — у складзе Сафіі Андросавай і Ілоны Чарняковай, “Квінтолька” — у складзе Мар’яны Лесніной і Таццяны Ізмайлавай; а таксама — Паліна Пастаногава.
Інфармацыя з аддзела метадычнай работы Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. У Карэлічах прайшоў конкурс “Містэр малады спецыяліст — 2017”. За званне “самага-самага” змагаліся супрацоўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вячаслаў Міселя, прадстаўнік Дэпартамента аховы Аляксандр Сіроцін і спецыяліст электрасетак Віктар Хвясько. Першы стаў “Містэрам Спорт”, другі — “Містарам Інтэлект”, трэці стаў “Містарам Крэатыўнасць” і заслужыў сімпатыю гледачоў.
У Столінскім гарадскім доме культуры выбіралі лепшую сюжэтна-гульнявую праграму “Навагодні фестываль-2017”. Работнікі культуры Асаўскага, Рухчанскага, Белавушскага сельскіх дамоў культуры, Мачульскага дома фальклору і педагогі сістэмы адукацыі падрыхтавалі сем праграм. Пераможцы вызначаліся па трох намінацыях: “Найлепшая праграма”, “Найлепшае музычна-харэаграфічнае суправаджэнне праграмы”, “Найлепшыя Дзед Мароз і Снягурка”. Перамаглі адпаведна Мачульскі дом фальклору, сярэдняя школа № 3 Століна, Васіль Казакевіч і Вольга Строк са Стружскай сярэдняй школы. Пераможцы агляду-конкурсу прымуць удзел у адкрыцці галоўнай ёлкі раёна. Пра гэта паведаміла Галіна Гашчук.
Наступная навагодняя інфармацыя — з Ашмянскага раёна. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Гальшанскай дзіцячай школы мастацтва Дар’я Антановіч піша: “У нас
прайшоў канцэрт “Зімовыя замалёўкі” з удзелам Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Мэта і задача мерапрыемства наступныя: паказаць шлях ад першых гукаў пачаткоўца музыкі да прафесійнага выканання і прафесійная дапамога навучэнцам ДШМ. Выступіла струнна-смычковая група камернага аркестра Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Прагучалі шэдэўры сусветнай класічнай музыкі, эстрадныя творы і сучасныя кампазіцыі”. Потым выступілі выкладчыкі каледжа. Яны пажадалі дзецям творчых здабыткаў.