Эксклюзіўны спецыяліст з “Агеньчыкам”

№ 23 (841) 07.06.2008 - 13.06.2008 г

Святлана БУЙКО сёлета атрымае прафесію рэжысёра эстрады. Стыпендыятка спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і выпускніца першага набору па гэтай сапраўды “эксклюзіўнай” сёння спецыяльнасці ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, яна сталася адной з дваіх, хто здолеў дайсці да “фінішу” навучання. А дыпломнай работай Святланы, абарона якой неўзабаве адбудзецца, стала праца ў якасці рэжысёра-пастаноўшчыка мюзікла для дзяцей “Навагоднія прыгоды Агеньчыка” ў Палацы Рэспублікі. Пагадзіцеся, годны пачатак і сур’ёзная заяўка на будучую прафесію.

 /i/content/pi/cult/164/1478/Maxima.jpg
— Святлана, а што ж вызначыла твой выбар шляху ў прафесійнае мастацтва?

— Любое мастацтва — гэта комплекс талентаў, уменняў і практыкі. Але для мяне гэта, да ўсяго, і бацькоўскае блаславенне на творчасць з самага дзяцінства. Мае бацькі — людзі, якія аддалі ўсё сваё жыццё мастацтву. Тата Уладзімір Алегавіч — рэжысёр Заслужанага аматарскага тэатра “Відарыс” у Барысаве, сярод яго спектакляў — “Прышэсце” па рамане Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Смерць доктара Фауста” Мішэля дэ Гельдэрода... Мама Наталля Леанідаўна — выкладчык харэаграфіі ў школе з тэатральным ухілам і адна з кіраўнікоў барысаўскага танцавальнага ансамбля “Роўніца”.

Калі мы з сястрой раслі, шмат бывалі на працы ў бацькоў, і паўсюль было цікава! А дзеці ж, як вядома, вельмі хутка засвойваюць тое, што выклікае ў іх непадробны інтарэс. Гэтак я вучылася ў сваіх бацькоў. Пасля школы паступіла ў Мінскі каледж мастацтваў на аддзяленне харэаграфіі, і ўжо ў час вучобы там стала салісткай народнага ансамбля “Белая Русь” пад кіраўніцтвам Анатоля Карповіча пры маладзёжным цэнтры “Юнацтва”. Мы аб’ехалі з гастролямі ўсю Еўропу, мелі поспех.

— Сапраўды, калі бачыш цябе на сцэне, нельга не захапіцца тваёй прыгажосцю, пластычнасцю, музычнасцю…

— Аднак, нягледзячы на гэта, я заўсёды імкнулася… спяваць! Спрабавала саліраваць у школе, каледжы і нават у акадэміі. Але зараз даводзіцца спяваць толькі ў коле сяброў і блізкіх. Хаця, магчыма, неабходна працягваць марыць, як і ў дзяцінстве, пра вялікую сцэну. У нас дома было шмат пласцінак з класічнай музыкай, і мы з сястрой Янай спявалі іх на памяць, прыдумвалі да вакальных партый свае танцы. А маёй слабасцю была аперэта: я на памяць ведала ўсе жаночыя арыі і, зноў жа, марыла пра вялікую сцэну.

— Дарэчы, твая сястра Яна таксама прадоўжыла справу вашых бацькоў — рэдка ў наш час даводзіцца сустракаць такую “сямейную вернасць” тэатральнаму мастацтву.

— Так, Яна скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “акцёр тэатра і кіно”. Знялася ў фільме “Вайна” Дзмітрыя Лася і ў 2006 годзе на V Нацыянальным фестывалі беларускіх фільмаў у Брэсце атрымала “Крыштальнага бусла” за лепшую жаночую ролю, у той жа намінацыі стала дыпламантам на кінафестывалі ў Чэлябінску.

Падтрымка, сумесныя прафесійныя інтарэсы звязваюць нас не толькі як родных сясцёр, але і як партнёраў у творчасці. Мы з ёй пастаянна шукаем новыя формы пастаноўкі эстрадных танцаў, пластычных кампазіцый, дапамагаем адна адной ва ўсім. І вельмі ўдзячны нашым бацькам: яны навучылі нас любіць і цаніць сям’ю, развілі нашы здольнасці і прадвызначылі будучую прафесію.

— Але чаму ты абрала для сябе такі “рэдкі” шлях, як рэжысура эстрады?

— Сапраўды, наш курс — першы набор на гэтую спецыяльнасць у Акадэміі мастацтваў. Я вельмі хацела сюды паступіць, бо адчувала: прыйшоў час не толькі выконваць ролі, але і ажыццяўляць уласныя задумы. У дзяцінстве я іграла Снягурачку на ранішніку, і памятаю здзіўленне дарослых тым, як магла школьніца сабраць вакол сябе так шмат дзяцей і ўтрымліваць іх увагу. Мне падабалася спяваць з імі, танчыць, і, відаць, таму яны з задавальненнем удзельнічалі ў тым, што я ім прапаноўвала. З таго часу я зразумела, што магу быць не толькі выканаўцай, але і арганізатарам. А рэжысура ў маім разуменні — гэта і ёсць арганізацыя працэсу метадамі педагогікі і псіхалогіі, з веданнем і пастаянным выкарыстаннем і тэорыі рэжысуры, і акцёрскага майстэрства. І мне ў гэтым плане вельмі пашчасціла з педагогам і кіраўніком курса Генадзем Давыдзькам, а таксама — з выкладчыкам акцёрскага майстэрства Наталляй Мотлах. Яны вучылі нас не толькі тэхналогіі творчасці, але і таму, як навучыцца “ўключаць” фантазію, мысліць творча і, галоўнае, выбудоўваць драматургію сцэнічнага відовішча так, каб прадставіць гледачам цэласную, завершаную гісторыю.

— Свой першы прафесійны “хлеб” ты пакаштавала таксама ў працы над навагоднім прадстаўленнем.

— Шчыра кажучы, я спрабавала сябе і раней у арганізацыі студэнцкіх канцэртаў, брала ўдзел у розных харэаграфічных пастаноўках, што ладзяцца ў Мінску, не толькі як выканаўца, але і як рэжысёр. Не без прыемнасці скажу: маю досвед працы з зоркамі расійскай эстрады. У якасці пастаноўшчыка “падтанцовак” працавала з Аляксандрам Буйновым, Алегам Газманавым, групай“Чэлсі”, салісткай группы “Госці з будучага” Евай Польнай.

Але першай насамрэч сур’ёзнай і маштабнай работай “па прафесіі” для мяне сапраўды сталася праца над стварэннем дзіцячага прадстаўлення “Навагоднія прыгоды Агеньчыка” ў Палацы Рэспублікі. Мастацкім кіраўніком пастаноўкі быў Віктар Панін, маёй жа задачай як рэжысёра-пастаноўшчыка была найперш разводка мізансцэн.

Гэта была незвычайная праца, і ўся складанасць ды спецыфіка яе ў тым, што галоўнымі на гэтым свяце былі дзеці. А праца з гэтай катэгорыяй “акцёраў” — надзвычай складаная: яны хутка стамляюцца, ды і патрабаваць ад іх прафесійных навыкаў нельга. Натуральна, што тут немагчыма быць проста “пастаноўшчыкам”, які дыктуе сваю волю і сваё бачанне будучай сцэнічнай дзеі. Гэтак, бадай, нічога не атрымалася б! Увесь сакрэт падобнай працы — “схапіць” шчырую прыроду дзяцей, тое, што ў іх ёсць, і паспрабаваць найлепшым чынам падаць гэта гледачам. Трэба намагацца адкрыць унутраны патэнцыял так, каб было цікава і тым, хто знаходзіцца ў глядзельнай зале, і самім дзецям-акцёрам. Бо для іх галоўнае — той творчы працэс, які яны з асалодай і адказнасцю пражываюць разам з намі, дарослымі. А калі юныя акцёры будуць адчуваць асалоду ад знаходжання на сцэне, тады і мы ў выніку зможам атрымаць захапляльнае сцэнічнае відовішча. Вось гэтае прадчуванне вялікага свята — не толькі надыходу Новага года, але і самога свята дзіцячай творчасці — нам тады ўдалося стварыць і для дзяцей, і для нас саміх.

— Зрэшты, існуе меркаванне, што эстраднае прадстаўленне можа паставіць любы прафесійны рэжысёр.

— Гэта, на мой погляд, памылкова, таму што на эстрадзе павінны “сужывацца” такія розныя жанры, як харэаграфія, спевы, эксцэнтрыка… Рэжысіраваць нават самы, здавалася б, просты канцэрт бывае вельмі складана, бо існуюць законы і правілы, найбольш уласцівыя эстрадзе. І галоўнае, усю гэтую размаітасць неабходна прывесці ў стройную сістэму так, каб глядацкая зацікаўленасць не згасала на трэцім нумары. У сучасным шоу-бізнесе ўжо патрабуецца не толькі ўменне рэжысёра з’яднаць гатовыя вакальныя, танцавальныя нумары з нумарамі іншых эстрадных жанраў, што, магчыма, здолеў бы зрабіць і рэжысёр драмы.

Патрэбна яшчэ і здольнасць працаваць у розных жанрах, ведаць і адчуваць спецыфіку кожнага. Пры гэтым проста неабходна асабістае практычнае спасціжэнне пастановачнай работы над кожным з гэтых жанраў.

— Але ж для пераважнай большасці так званага “сярэдняга спажыўца” эстрада атаясамліваецца, часцей за ўсё, з “петрасяншчынай”...

— Не трэба гэтак пра Петрасяна, ён усё ж такі прафесіянал. Іншая справа, што размоўны жанр, у якім ён працуе — гэта ўсяго толькі адзін маленькі складнік таго, што называецца эстрадай. Ён займае, магчыма, не вядучае месца па сваёй значнасці. Сама ж эстрада — паняцце нашмат больш глыбокае і шматаблічнае, гэта не толькі гумар і забаўляльнасць, сюды ўваходзяць і такія буйныя, сур’ёзныя жанры, як, да прыкладу, той жа мюзікл.

Апошнім часам я шмат назіраю за тым, як развіваецца эстрадны жанр у суседняй з намі Расіі. Там, у прыватнасці, у Маскве, эстрада набыла сваё “другое дыханне” і развіваецца надзвычай цікава. У тым жа Палацы моладзі штогод ставяць па мюзікле, і гэтыя праекты маюць сваю аўдыторыю і выклікаюць пэўны інтарэс.

— Наколькі маскоўская мадэль развіцця эстрады можа быць прыдатная для нас?

— На жаль, даводзіцца канстатаваць, што ў эстрадным мастацтве надзвычай важную, калі не галоўную, ролю іграюць грошы, яны вырашаюць насамрэч многае засталіся літаральна адзінкі такіх людзей, якія працуюць за ідэю, на карысць творчасці.

— Але ж у нас сапраўды няма такіх грошай, якія ўкладае ў эстраду тая ж Расія... Ці ж можна паспрабаваць чым-небудзь гэтую недастачу замяніць?

— Думаю, адзінае, што мы можам супрацьпаставіць грашам, — гэта наша самабытнасць. Трэба, як гэта ні банальна гучыць, шукаць таленты ў народзе, ісці ад прыроды, а не хапацца за “раскрутку” тых, у каго ёсць фінансавая забяспечанасць. Асабіста я б нацэлілася менавіта на раскрыццё нашых талентаў.

— Падзелішся сваімі бліжэйшымі планамі?

— Зараз збіраюся пэўны час папрацаваць у Маскве — у Акадэміі дзіцячага мюзікла. Там неўзабаве запускаецца некалькі цікавых праектаў, дзе я для сябе бачу унікальную магчымасць набыць дадатковы прафесійны досвед. Лічу, што набываць прафесійныя навыкі патрэбна пастаянна, не зважаючы на наяўнасць рэжысёрскіх “корачак”. У прафесіі нельга спыняцца.

 

Гутарыла Алена СЁМІКАВА

  

Анкета “К”
1. Колеры, якія натхняюць.
Усе адценні светлага, нябесна-блакітнага.
2. У якую пару года падабаецца працаваць?
Летам.
3. Любімы мастак.
Перадзвіжнікі.
4. Найбольш яркі акцёр, актрыса.
Шарон Стоун.
5. Любімы літаратурны твор.
Люблю чытаць і перачытваць казкі.
6. Што слухаеш?
Усё — у залежнасці ад настрою.
7. Радзіма — гэта што?
Там, дзе мае бацькі.
8. Любімая кветка.
Маленькія, пяшчотныя — браткі.