“Як рака цячэ, так і мастак...”

№ 49 (1332) 08.12.2017 - 16.12.2017 г

8 снежня ўсе, хто лічыць сябе мастаком, адзначылі сваё міжнароднае “прафесійнае” свята. А ўжо заўтра, 10 снежня, 60-гадовы юбілей святкуе вядомы жывапісец Валерый ШКАРУБА — тонкі майстар увасаблення ў фарбах беларускай прыроды. У гутарцы з ім мы паспрабавалі выкрышталізаваць адказ на вечныя, але заўсёды злабадзённыя пытанні: што ж такое быць мастаком? Што спрыяе творчасці, а што, наадварот, яе руйнуе? І ўрэшце — у чым яно, прывіднае мастакоўскае шчасце?

/i/content/pi/cult/669/14779/3.jpg

 

— Пачнём з апошняга пытання. Да яго сёння ставяцца з асцярогай: маўляў, няўцям, у якіх катэгорыях тое шчасце вымяраць, якімі словамі акрэсліваць. Але, як падаецца, вы гэта ведалі ледзь не ў дзяцінстве…

— У нечым вы маеце рацыю. Мне ў жыцці было лёгка з выбарам свайго шляху, таму што я маляваў заўсёды. І ніколі не сумняваўся. А яшчэ ў дзяцінстве я любіў пабыць адзін. Усе дзеці гулялі разам, а я мог на самоце пайсці ў лес, на рэчку, і мне там было добра. Гэтую якасць лічу для сябе самай важнай, яна мне ўсё жыццё дапамагае. Таму што мастак — заўсёды адзін. Ідэальная ўмова для яго работы — адасобленасць.

— Як вы ацэньваеце пражытыя гады? Добрымі карцінамі, этапнымі выставамі?

— Цяжкае для мяне пытанне. Як я магу ацэньваць сваю работу? Ды ніяк, бо гэта не мая справа. Увогуле, на маю думку, мастак не павінен спрабаваць ацэньваць самога сябе, раскладаць уласныя творы па нейкіх паліцах. Яму проста трэба працаваць — сумленна і шчыра. І пры гэтым спакойна. Як рака цячэ, так і мастак павінен працаваць. Ёсць мастакі, якія не возьмуцца за пэндзаль, пакуль што-небудзь не выбухне. Але гэта не пра мяне.

Таму пражытыя гады я ацэньваю толькі па адным крытэрыі — што паспеў зрабіць. Часу, які патраціў на працу, зусім не шкада. Не шкада тых гадзін, дзён, месяцаў, гадоў. Калі не працаваў, то наадварот шкадую. Значыць, час прайшоў марна, што б тады са мною ні адбывалася.

— А шчырасць і сумленнасць у дачыненні да мастацтва як разумець? Якое для вас мастацтва шчырае, а якое не?

— Шчыра — гэта калі мастак не залежыць ад моды. Таму што мода і мастацтва — паняцці несумяшчальныя, яны ідуць паралельна і нідзе не перакрыжоўваюцца. Я так мяркую. Модным можа быць адно, а табе самому ўласціва нешта зусім іншае. Дык што ў такім разе рабіць? Адказ адзіны: трэба рабіць сваё! Шчыра і сумленна. І гэта будзе добрае мастацтва.

— Ці можна падзяліць вашу творчасць на пэўныя этапы?

— Можна, думаю. Адразу пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута, у час станаўлення, я адначасова рушыў у розных напрамках, нават абстрактныя карціны маляваў. Мне гэта было вельмі цікава і важна. Аднак паціху-паціху я прыйшоў да такога глыбокага рэалізму, што ніяк не магу з яго выкараскацца (усміхаецца).

 — А трэба? Вы гэтага хочаце?

 — Не ведаю. Мне здаецца, што я пакуль толькі ў самым пачатку гэтага шляху, мне карціць яшчэ шмат зрабіць у рэалістычным напрамку. Толькі падышоў да яго — і адразу сыходзіць? Не! Я інтуітыўна адчуваю, што для мяне ён пакуль не вычарпаны. Увогуле мастак павінен больш на інтуіцыю сваю спадзявацца. Гэта вельмі важна.

— Вас не бянтэжаць набыткі папярэдніх мастакоў-пейзажыстаў, якія шмат зрабілі для развіцця мастацтва і чые работы ўжо ўспрымаюцца як шэдэўры?

— Наадварот, мне гэта надае сілы! Пейзаж малююць амаль усе мастакі, як у нас, так і за мяжой. Гэта выдатны стымул, напружанне… І радасць, калі ты адчуваеш, што можаш сказаць сваё слова ў развіцці гэтага жанра. Мае пошукі ў гэтым напрамку, зноў жа, вельмі інтуітыўныя.

 — Вашы пошукі ў колеры, руху, стане свядомасці?

— Я толькі адно ведаю: твор мастацтва павінен мець як мага больш розных складнікаў, іначай ён не будзе напоўненым. Гэта і малюнак, і колер, і кампазіцыя, і настрой, і філасофія, і стан прыроды, і стан мастака, а яшчэ і адлюстраванне нацыянальнага. Вельмі шмат пунктаў. І чым іх болей, тым глыбейшы твор.

— Успрыманне нацыянальнага ў карціне гледачамі таксама інтуітыўнае? Не пакладзеш жа на снег вышыванку. Тады праз што? Як вы для сябе гэта вырашаеце?

— Толькі на ўзроўні інтуіцыі. Ручнікоў я і сапраўды не малюю, ды мне яно і не трэба. Я вельмі люблю беларускі арнамент, але… галоўнае адбываецца на ўзроўні пачуццяў. Гэта нельга зрабіць штучна — узяць ды свядома адлюстраваць нешта нацыянальнае. Яно ўнутры павінна быць. А мастак проста мусіць умець тое данесці.

— Такая засяроджанасць на сваіх адчуваннях і пачуццях выпрацоўваецца з цягам жыцця або даецца мастаку ад нараджэння?

— Засяроджанасць? Я імкнуся паглыбіцца не ў сябе, а ў нашу беларускую прыроду. Вось што мяне больш за ўсё вабіць і з’яўляецца таямніцай неразгаданай. Наша прырода неверагодна адрозніваецца нават ад тых краявідаў, якія можна ўбачыць у бліжэйшых суседзяў — Расіі, Украіны, Польшчы. Яна такая глыбокая, складаная, такая цікавая…

— А ў чым выяўляецца тая глыбіня і складанасць? У колеры, частым тумане, суцэльным міжсезонні, калі мала сонечных дзён, а ў апошні час мала і па-сапраўднаму снежных?

— Гэта так. Наша прырода някідкая, таму яе складана адлюстроўваць. Я шмат разоў бываў за мяжой і маляваў там пейзажы — горы, моры… І мне падавалася, што маляваць іх зусім нескладана. Там і так усё прыгожа, нічога не дадаш і не аднімеш. Эфектныя заснежаныя вяршыні — бяры пэндзаль і малюй. А наша прырода зусім іншая. Яна таямнічая, загадкавая і блізка да сябе абы-каго не падпускае. Да яе трэба ставіцца акуратна. На дыбачках падыходзіць трэба да прыроды. І ні ў якім разе не парушаць яе нідзе — ні ў рэальнасці, ні на палатне.

— Калі вы кажаце пра беларускую прыроду, то маеце на ўвазе пэўныя мясціны?

— Я вельмі люблю поўнач Беларусі — тую ж Браслаўшчыну. Гэтыя краі падаюцца халоднымі, пустыннымі. Аднак і прырода там больш загадкавая і таямнічая, як я адчуваю.

/i/content/pi/cult/669/14779/2.jpg

— Знаёмыя з дзяцінства мясціны таксама падаюцца вам вельмі прыгожымі? Які там лес, рака, поле, зямля, што там цікавага?

— Я нарадзіўся непадалёк ад Бярэзіны. Там дубы ў нас растуць уздоўж ракі. Гэта казка! Я вельмі люблю, калі лес аднародны, а не змешаны. Адны сосны ці елкі, дубы ці бярозы. Гэта самае прыгожае, што я бачыў у жыцці. І пад Барысавам ёсць такія лясы. Прынамсі, былі, калі я быў дзіцём.

— Хто з мастакоў мінулага вам найбольш блізкі па сваім адчуванні прыроды?

— Напэўна, Вітольд Бялыніцкі-Біруля. А таксама Станіслаў Жукоўскі. Яны як ніхто блізка падышлі да разумення душы прыроды. Менавіта душы. Калі адбываецца поўнае зліццё душы прыроды і душы мастака, тады і нараджаецца мастацтва.

— Вы ўдзельнічаеце ў пленэрах?

— Так, але я больш люблю адзін ездзіць. Калі нехта побач, гэта ўжо перашкаджае дасягнуць кантакту з прыродай. Аднак пленэры патрэбны для сустрэч з іншымі мастакамі. Прыемна паглядзець, як яны працуюць, паразмаўляць. Цікавыя пленэры запамінаюцца на доўгія гады.

— А чалавек для вас — частка прыроды?

— Безумоўна! Толькі ў яднанні чалавека з прыродай і можна ствараць мастацтва. А паэзія! Кітайская, японская... Там ёсць толькі чалавек і прырода — нічога іншага. Няма чалавека без прыроды, няма прыроды без чалавека.

— А якія вам падабаюцца людзі?

— Падобныя да нашай беларускай прыроды — ціхай, задуменнай, някідкай.

— Ад чаго вы адмаўляецеся, акрамя адкрытых яркіх фарбаў? Што вам не патрэбна ў творчасці?

—Усё лішняе.

— А менавіта?

— Вельмі шмат лішняга вакол нас. Ад таго, што мне не хочацца маляваць, я жорстка адмаўляюся, пакідаючы толькі самае галоўнае. А што ў нас самае галоўнае? Зямля, вада, неба, лес. Усё. Астатняе мяне ўсё менш цікавіць. Архітэктура, напрыклад. Можа быць, гэта з той прычыны, што яе складаней маляваць? (Усміхаецца.)

— Як вы звычайна святкуеце свой дзень нараджэння?

— Гэта толькі сямейнае свята, для родных. Гэта сувязь з домам, з бацькамі. Таму бацькоў я і ўзгадваю ў гэты дзень. Маёй заслугі ў маім нараджэнні няма ніякай.

— Некалькі гадоў у Барысаве працуе ваша мастацкая галерэя. Наколькі для вас важна мець магчымасць паказваць свае работы землякам?

 — Мне падабаецца, што кожны дзень там новыя экскурсіі, што людзі пішуць водгукі. Ідзе жывы працэс, гэта выдатна. Таму я вырашыў падарыць гораду свае работы. Кожны год 20-га лістапада, у дзень адкрыцця галерэі, па адной новай рабоце я дадаю. Назапасілася ўжо 32 творы.

— У вас нядаўна была персаналка ў Палацы Незалежнасці, і менавіта з яе там распачалася выставачная дзейнасць.

 — Я меркаваў, што мае карціны не будуць адпавядаць інтэр’еру — яны ж даволі аскетычныя. Але, здаецца, усё атрымалася.

— Калі можна будзе ўбачыць вашу бліжэйшую выставу?

— У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі з 23-га снежня да 21-га студзеня наступнага года. Там пакажу ўсё, што зрабіў за апошнія некалькі гадоў. І наўмысна выстаўлю старыя, 20-цігадовай даўніны, творы, каб было з чым параўноўваць. Можа быць, яны лепшыя за цяперашнія?

— Як вам сёння працуецца, які ўнутраны стан?

— Добры стан. Мне хочацца працаваць, гэта галоўнае. Калі працаваць не можаш па нейкіх прычынах — гэта дрэнна.

— Адпаведна, вы адчуваеце сябе цалкам шчаслівым? І што для гэтага самае важнае?

— Напэўна, адчуваць сябе шчаслівым немагчыма. Можа быць, так не бывае. Калі прырода надзяляе талентам, то яна адымае нешта іншае. А самае важнае для мастака — любіць зямлю, на якой нарадзіўся, і гэта павінна быць бачна ў творчасці. Калі ты любіш зямлю, тады і зямля любіць цябе. Вось і мастацтва цябе любіць, калі ты любіш мастацтва. Толькі ў гэтым спалучэнні можа нарадзіцца нешта добрае. Незалежна ад творчай манеры або ад краіны, дзе жывеш. Усё роўна павінна быць разуменне, дзе твая радзіма, дзе прайшло тваё дзяцінства, хто цябе выхаваў. Без гэтага няма
паўнавартаснага мастацтва. Напэўна.

Вы пыталіся, як я сябе адчуваю? Добра. Я раблю тое, што лічу патрэбным. Гэта самае важнае.

Гутарыла
Іна НАРКЕВІЧ

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

/i/content/pi/cult/669/14779/4.jpg