Дэкарацыі? Час забыцца на гэты тэрмін!

№ 49 (1332) 08.12.2017 - 16.12.2017 г

Чаму неабходна забыцца на дэфініцыю “дэкарацыі”, каму патрэбны новы сцэнаграфічны гласарый і ці сапраўды асабісты смартфон можа дапамагчы ў стварэнні арыгінальнага афармлення сцэны — гэтыя і іншыя тэмы аглядальнік “К” абмяркоўвае з кандыдатам мастацтвазнаўства, дацэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ксеніяй ДУБОЎСКАЙ.

/i/content/pi/cult/669/14778/1.jpg

— Неаднойчы я прысутнічала на абмеркаваннях па пытаннях новай драмы, нацыянальнай драматургіі, сучаснай рэжысуры, але не магу ўспомніць, калі апошні раз даводзілася чуць пра маштабную прафесійную сустрэчу тэатральных мастакоў. Няўжо няма падстаў для абмеркавання і аналізу сучаснай сцэнаграфіі?

— Сапраўды, тэатральныя мастакі існуюць сёння хутчэй паасобку, чым разам, хоць пытанняў для цэхавага абмеркавання за апошнія дзесяцігоддзі з’явілася нямала. На паверхні ляжыць праблема класіфікацыі дэкарацый. Само гэтае слова сёння павінна памерці, бо дэкарацый у класічным разуменні ў сучасных спектаклях можна і не ўбачыць. У Беларусь прыйшлі агульнаеўрапейскія тэндэнцыі: пазіцыі заваёўвае імерсіўны тэатр (у такіх спектаклях глядач становіцца паўнавартасным удзельнікам відовішча — Н.П.),
мультымедыйны тэатр, тэатр мастака. Састарэлую класіфікацыю неабходна мяняць, жыццё патрабуе распрацоўкі новага гласарыя. Гэта тэма — галіна маіх навуковых даследаванняў, аднак хацелася б пачуць і тых, хто непасрэдна стварае гісторыю айчыннай сцэнаграфіі.

— Звычайна вы працуеце са сталічнымі студэнтамі, але не так даўно ездзілі з лекцыяй па сучаснай сцэнаграфіі ў Краснаполле. Чаму вамі была абрана менавіта гэтая геаграфічная кропка?

— Мяне запрасіў галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Павел Шаўлякоў. Ён які год запар ладзіць абласны семінар-
практыкум па рэжысуры тэатра і свят. У Краснаполле з’язджаюцца кіраўнікі аматарскіх тэатральных калектываў, гурткоў, студый, рэжысёры і метадысты цэнтралізаваных клубных сістэм, гарадскіх цэнтраў, дамоў культуры. Энтузіяст Шаўлякоў запрашае на Магілёўшчыну лектараў, што ўздымаюць самыя актуальныя тэмы. Пасля тэарэтычная частка замацоўваецца паказам спектакляў ад прафесійных тэатраў. Летась кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка распавядаў аўдыторыі пра новую драму, сёлета мы ездзілі з Аляксеям Стрэльнікавым, які разважаў пра сучасную драматургію.

У мінчан апрыёры больш магчымасцяў бачыць, чуць, даведвацца, таму я была надзвычай рада выправіцца ў вобласць, каб распавесці пра сучасныя тэндэнцыі сцэнаграфіі. Людзі па-за межамі сталіцы не такія ўжо і простыя. Прынамсі, актуальны ў Еўропе праменад-тэатр у Беларусь прыйшоў менавіта праз рэгіёны: брэсцкі тэатр “Крылы халопа” стварыў цыкл дакументальных аўдыяспектакляў Brest Stories Guide ў прасторы горада, а ў Бабруйску ўжо ў другі раз ладзіўся праменад-спектакль у рамках Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Мне падаецца ўдалай задума крыху размяць успрыняцце тэатра ў тых, хто геаграфічна далёкі ад асноўных айчынных тэатральных магістраляў. Часам, звестак пра новыя кірункі ў нашай галіне дастаткова, каб у культработнікаў і творцаў з’явіўся імпульс паспрабаваць сябе ў гэтым рэчышчы. Напрыклад, у аднаго з краснапольцаў падчас лекцыі адразу ж ўзнікла ідэя зрабіць праменад-пастаноўку, запісаўшы расповеды ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны пра значныя месцы на іх малой радзіме. Мне бачыцца, што для аматарскіх тэатраў, клубаў у рэчышчы імерсіўнага тэатра адкрываецца другое дыханне. Не так важны фінансавы падмурак: галоўнае — арыгінальная задума. А далей — пашукаць нестандартнае месца пад пастаноўку
(тады можна абысціся мінімальным афармленнем пляцоўкі), ці выкарыстаць мультымедыйныя магчымасці асабістага смартфона. Усе тэлефоны сёння даюць магчымасць зняць відэасюжэт, і нават якасць карцінкі на сённяшні момант не такая важная, калі ёсць канцэпцыя.

— З распаўсюджваннем мультымедыйных тэхналогій з’явілася бязмежная плынь самавызначэння для сцэнографаў. Таму становіцца сумна, калі на чарговай прэм’еры найноўшыя тэхналогіі ўсплываюць усяго як даніна модзе і не маюць сэнсавай нагрузкі.

— У такім выпадку камп’ютарная графіка застаецца ўсяго толькі тэхналагічнай формай стандартнай жывапіснай дэкарацыі XVIII стагоддзя. Разумею прычыны: дастаткова лёгка яе зрабіць, на любую сцэну ўстане (што пры гастролях мае немалаважнае значэнне), абнаўляць штораз не трэба ў адрозненне ад рэальных прадметаў. Зручна, але пра якую мастацкую канцэпцыю будзем весці гаворку? Павінны быць іншыя мэты. Прынамсі, у даўнім спектаклі “Маркотны хакеіст” па Паўлу Пражко ў пастаноўцы Дзмітрыя Валкастрэлава анлайн-здымкі падчас сцэнічнага дзеяння надавалі асаблівую характарыстыку герою, а надзвычай цікавая форма прывяла гледачоў да паглыбленага асэнсавання пабачанага.

— У сувязі з шырокім выкарыстаннем мультымедыя, ці не наспеў час канстатаваць з’яўленне новай прафесіі ў тэатры?

— Падаецца, так. Нездарма ў афішах усё часцей да стандартнага пераліку “мастак-пастаноўшчык”, “мастак па касцюмах”, “мастак па святле” дадаюць “камп’ютарная графіка” ці “візуальныя эфекты”. Рэжысёры Святлана Бень і Дзмітрый Багаслаўскі для свайго спектакля “З жыцця насякомых” прымянілі надзвычай трапнае вызначэнне пасады для творцы Марыі Пучко: мультымедыя-мастак.

— Магчыма, варта гаварыць пра змену фундаментальных патрабаванняў да будучых мастакоў-пастаноўшчыкаў? Для распрацоўкі эскізаў і праектнай дакументацыі нярэдка патрэбна веданне праграм вектарнай, растравай і трохмернай графікі, для мультымедыйнага суправаджэння спектакля — веданне пакетаў па 3D-мадэляванні, анімацыі і візуалізацыі. Ці ўлічваюцца гэтыя інфармацыйныя тэндэнцыі пры падрыхтоўцы адпаведных спецыялістаў у Акадэміі мастацтваў?

— У праграме пакуль гэта не прапісана (пакуль выкладаюцца толькі некаторыя элементы камп'ютарнай графікі), але ў сувязі з тым, што мы знаходзімся ў працэсе пераходу да Балонскай сістэмы і таму рыхтуем новыя праграмы, магчыма, з’явяцца і такія прадметы ў спісе абавязковых да вывучэння. Аднак і зараз неабходныя веды ў кантэксце даюцца. Народны мастак Беларусі, прафесар БДАМ Барыс Герлаван набірае людзей з вельмі шырокім поглядам на свет. Яго студэнты з вялікай хуткасцю і інтарэсам паглынаюць новую інфармацыю. Пры падрыхтоўцы сваіх курсавых і дыпломных яны ўсё часцей выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі. На жаль, многія вельмі цікавыя выпускнікі выязджаюць у рэгіянальныя тэатры і чамусьці губляюцца там...

— Акрамя камп’ютарных праграм, сучаснаму сцэнографу неабходна ведаць, як выкарыстоўваць на практыцы ўсе гэтыя праекцыйныя дысплэі, медыя-платформы і гэтак далей. Сёння і больш звычную машынерыю сцэны ў многіх тэатрах не змаглі засвоіць напоўніцу…

— Цікава, што ад мастака тэатра ў розныя эпохі патрабуюць быць то выключна жывапісцам, то валодаць яшчэ і тэхнічным бокам. Зараз мы знаходзімся ў другой фазе, і гэта — каласальная дадатковая нагрузка. Але і дадатковы кайф, бо ты столькі ўсяго можаш стварыць!

У сваю чаргу тэхніка павінна быць вельмі дакладна адладжана. Возьмем спектакль “Тата” ў Купалаўскім тэатры па п’есе Дзмітрыя Багаслаўскага “Ціхі шэпт адыходзячых крокаў”. Барысам Герлаванам было прыдумана цікавае сцэнічнае рашэнне. У той вечар, на якім прысутнічала я, усе фуркі працавалі цудоўна. Хто быў на прэм’еры, распавядалі, што ўсе механізмы застапарыліся і не пайшло… Тым больш паказальна для мяне было ўбачыць, як нямецкі рэжысёр Хайнер Гёбельс пасля заканчэння свайго спектакля "Макс Блэк" найперш пайшоў не куды-небудзь, а да чалавека за пультам кіравання механічнымі прыстасаваннямі. Падаецца, яны аналізуюць кожны паказ, хоць ніякіх нават мінімальных збояў не было.

— Калі раней мы ўспрымалі сцэнаграфію, як месца для разварочвання дзеяння, то зараз сцэнаграфія сама стала дзеяннем.

— Сапраўды, спрадвек імкнуліся да ўзнаўлення нейкага месца дзеяння — інтэр’ер, экстэр’ер, стылізацыя пад пэўную эпоху. Гледачы ўжо хочуць удзельнічаць у дзеянні, а не сядзець і назіраць. Менавіта на гэтым будуецца імерсіўны тэатр. Возьмем спектакль “Быў у пана верабейка гаварушчы”: і гледачы, і акцёры на працягу ўсяго дзеяння сядзяць за адным святочным сталом. Літаральна на днях у Цэнтры беларускай драматургіі пры РТБД на прагоне дыпломнага спектакля Цімафея Ткачова па п’есе Пражко “Тры дні ў пекле”: акцёры працавалі плячо да пляча з гледачамі, кіруючы месцазнаходжаннем апошніх, уцягваючы іх у працэс. Прыём завязаны на індустрыі забаўлення: у першую чаргу гледача неабходна прывабіць карцінкай, а потым занурыць у змест.

— На першы план усё ж выходзіць “карцінка”…

— Зараз пануе візуалацэнтрызм — у гэтым мы ідзём у нагу з Еўропай. Але і з “карцінкай” неабходна шукаць цікавую метафару, а не толькі ствараць раскошную ілюстрацыю. Прынамсі, калі спектакль пра падводнікаў, то што стопрацэнтна з’явіцца на сцэне? Падводная лодка ў рэальным памеры. Усё цудоўна, але на трэцяй хвіліне ўжо становіцца нудна. У супрацьпастаўленне ўспомню “Войцэка” рэжысёра Юрыя Дзівакова і мастачкі Таццяны Дзіваковай у Купалаўскім тэатры. Тэкст па сутнасці адыходзіць на другі план ад візуальнага складніку — з яго ты счытваеш сэнс.

Шыкоўны ўзор візуалацэнтрысцкага тэатра — работы Таццяны Нерсісян. Чаго толькі варты яе мульцімедыяшэраг пластычнага спектакля Яўгена Карняга “Бетон” у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі! Ці “Інтэрв’ю з вядзьмаркамі” таго ж пастановачнага тандэму ў сталічным тэатры лялек: калі возьмеш асобна п’есу, то бачыш настолькі кампілятыўны тэкст, што хутчэй за ўсё ідэяй не прасякнешся. Большасць сэнсаў вычытваецца ў тым спектаклі з візуальнага, а не са словаў. І гэта — цалкам еўрапейская гісторыя.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"