Дарогу рынкавай канцэптуалізацыі

№ 48 (1331) 02.12.2017 - 08.12.2017 г


Алесь БЕЛЫ, гісторык матэрыяльнай культуры, эксперт у вобласці традыцыі рэгіянальных прадуктаў:

— Можа, я каго збянтэжу ці трошкі расчарую, але хачу данесці такую думку: нам зараз не так важна змагацца за ўключэнне традыцыйных айчынных прадуктаў у пэўныя спісы UNESCO або ў айчынныя дзяржаўныя спісы гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Гэта, па сутнасці, бюракратычныя рэгаліі, якія мала даюць рэальнай карысці. Перад намі стаіць іншая задача — рынкавая канцэптуалізацыя найбольш важных страў і прадуктаў беларускай нацыянальнай кухні, у тым ліку ў перспектыве — рэгістрацыя іх як традыцыйных прадуктаў у зусім іншых сістэмах.

Усе гэтыя пачэсна-культурныя спісы ў дачыненні да рынку і таго, што там рэальна прысутнічае і прадаецца, маюць чыста сімвалічнае значэнне. Трэба разумець, што ў заходніх краінах такое прызнанне прадукту вянчае доўгі працэс. Самае простае: калі дом пабудаваны, прыбіць да яго пэўную шыльду. У нас жа часта хочуць пачаць фактычна з канца. Нельга думаць, што бюракратычныя працэдуры заменяць усе неабходныя крокі, якія павінны папярэднічаць размовам пра спісы.

Трэба пацвярджаць амбіцыі справамі, прычым не разавымі, а сістэматычнай арганізацыйнай працай на ўсіх узроўнях. Пачнем з таго, што ў адрозненне ад краін з развітай кулінарнай культурай, у нас яшчэ няма адпаведнай сістэмы адукацыі. Прынамсі, у кулінарных каледжах няма курсаў па беларускай нацыянальнай кухні! Няма іх у ВНУ ці ў школах. У Літве, напрыклад, школьны курс дамаводства выкладаецца па падручніку з арыентацыяй на традыцыйныя стравы літоўскай народнай кухні, а ў нейкіх краінах — улічваецца яшчэ і рэгіянальная. Іншым словам, хтосьці парупіўся, каб усе гэтыя падручнікі напісаць і пусціць у абарот. А галоўнае, у іх ёсць практыка, шырокае кола як спажыўцоў, так і вытворцаў, кухараў, тэхнолагаў, выхаваных на нацыянальных традыцыях. З гэтага трэба пачынаць: з адраджэння зацікаўленасці, з адукацыі. Неабходна выводзіць прадукты на рынак і абараняць тое, што рэальна прысутнічае на ім.

Нам трэба гаварыць пра тое, каб асацыяцыі вытворцаў абаранялі свае калектыўныя інтарэсы, юрыдычныя правы на калектыўную інтэлектуальную ўласнасць. Беларусь у выніку розных прычын амаль згубіла многія нацыянальныя прадукты. Возьмем старку і зуброўку: гэтыя алкагольныя напоі па гістарычным праве павінны лічыцца беларускімі нацыянальнымі прадуктамі. Аднак напачатку 1990-х іх юрыдычна аформілі гандлёвымі маркамі канкрэтнай арганізацыі ў Расіі, якая манапалізавала права на выкарыстанне гэтых найменняў. І такіх прыкладаў шмат…

Звернемся да варыянту іншага развіцця падзей: бульбяная кішка — страва спрадвечна беларуская, на якую нашыя кухары амаль забыліся. Затое надзвычай раскручаная ў Польшчы, пры тым што нават самое слова “кішка” — беларускае, а не польскае. Мы, канешне, гіпатэтычна можам прэтэндаваць на тое, каб прасунуць гэты прадукт па лініі UNESCO, але ці было б гэта справядліва, нават улічваючы магчымы беларускі прыярытэт? На Падляшшы 15 гадоў як праводзяць чэмпіянат свету па найлепшай кішцы. А што робім мы, каб папулярызаваць свой жа прадукт?

Дык амаль з усімі стравамі і прадуктамі з яскравым айчынным радаводам — тое самае. Гістарычнай “сыравіны” багата, але яна ўся ляжыць закінутая, неапрацаваная — толькі суседзі яе засвойваюць.

Занатавала Настасся ПАНКРАТАВА