“Мне заўсёды хочацца ставіць перад сабой новую мэту”

№ 48 (1331) 02.12.2017 - 08.12.2017 г

Артыстычныя акорды Алены Верабей
Яна любіць паўтараць, што да ўсяго ў жыцці ставіцца з гумарам. Размаўляючы з ёй, заўсёды можна пачуць пару жартаў і адзін добры анекдот на патрэбу дня. А яшчэ Алена ВЕРАБЕЙ прызнаецца, што больш за ўсё на свеце любіць здзіўляць.

/i/content/pi/cult/668/14774/11111111_opt.jpgЯк гэта здарылася?

— Калі браць у цэлым, мне не падабаецца перадача “Аншлаг”. Артысты пераважна выдатныя! Але зашмат маналогаў і дыялогаў за гранню дрэннага густу. Ну не пераконваюць мяне спасылкі на тое, што публіка змянілася, яе задавальняюць жарты не занадта высокага гатунку, а таму артысты і аўтары падыгрываюць ёй. Дык выхоўвайце яе! Я ж памятаю гумар і сатыру 1970 — 1980-х. Гэта было тонка, інтэлігентна, ніякага “лёкайства” перад гледачом. У фільме Мікіты Міхалкова “Сонечны ўдар” яго герой перыядычна прамаўляе нешта накшталт “як усё гэта здарылася?” Як, Алена Якаўлеўна?

— Гумар — гэта ў нейкім сэнсе пытанне моды, а яна, як вядома, дама з пераменлівым характарам. Я аддаю перавагу тонкаму гумару, але заўважаю, што ён не заўсёды можа быць да месца на канцэрце. І наогул, цяпер гэта трошачкі нямодна — зараз усе больш аголеныя, прычым у літаральным сэнсе: чым “ніжэй” жарт (заву такія анатамічнымі), тым больш шанцаў, што ён выкліча гамерычны рогат. Я сябе спыняю, каб не ісці па такім простым шляху дасягнення поспеху. Што тычыцца тых часоў, калі жартавалі “тонка, інтэлігентна”, то, як мне здаецца, сёння падстаў для вострай сатыры нашмат больш, чым у 1980-я гады. Але пры гэтым мы ўсё яшчэ не змаглі да канца вызваліцца ад страху сказаць лішняе і пакуль яшчэ знаходзімся ў стане постсавецкай турбулентнасці. Я спрабую закранаць у сваёй творчасці вострасацыяльныя тэмы. Ёсць у мяне нумар “Калектар і даўжніца”, дзе гісторыя разгортваецца так, як я і хацела б яе ўбачыць. Ён нарадзіўся пасля таго, як я прачытала ў інтэрнэце жарт, якi яшчэ раз даказвае, што наш народ любіць пасмяяцца з сябе: “У дзверы Мікалая Валуева пазванiлi калектары...”

— Вам чагосьці не хапае ў сённяшнім гумары?

— На мой погляд, усяго дастаткова, часам нават з лішкам. Я стараюся так выбудоўваць праграму, каб яна аб’ядноўвала розныя пакаленні. І мае гледачы — людзі рознага сацыяльнага статусу. Іх аб’ядноўвае галоўнае — пачуццё гумару. Яны цэняць і дасціпную думку, і немудрагелістую мініяцюру. Думаю, лаяць за нешта цяперашні час, вядома, можна, ды і ёсць за што — праблем хапае. Але лаяць — гэта дэструктыўна, а вось ставіцца з гумарам да праблем і шукаць шляхі іх вырашэння, выкарыстоўваючы рэаліі сучаснага свету, — больш правільна. Вазьміце інтэрнэт: да мінулага года наогул не надавала значэння iнстаграму — у мяне быў акаўнт, але я не задумвалася, якія ён дае магчымасці. Потым усвядоміла, што зараз існуюць дзве паралельныя рэальнасці — знешні свет і віртуальны. І трэба быць сляпым, каб адмаўляць або не заўважаць відавочных рэчаў: інтэрнэт — гэта наймагутнейшы рэсурс, які вы можаце выкарыстоўваць, каб заявіць пра сябе ці пра нейкія праблемы. Паглядзеўшы некалькі топавых ролікаў папулярных блогераў, вырашыла пайсці на эксперымент — стварыць свой унікальны матэрыял, які зачэпіць аўдыторыю. Цяпер і працую ў гэтым кірунку: мне цікава зразумець, чым жывуць мае прыхільнікі. Нядаўна нават прыдумала новы вобраз для iнстаграма — кандыдат на выбарах прэзідэнта Настасся Іванаўна Падапухла. Ёсць кандыдаты “против всех”, а мая... “противней” за ўсіх.

Што нараджаецца ў спрэчцы

— Вы — артыстка сінтэтычная. Але па асноўным амплуа, вядома ж, камедыянт. Ёсць у Алене Верабей тое, што пакуль не разглядзелі рэжысёры? Магла б яна выканаць драматычную ролю?

— Я заўсёды за тое, каб эксперыментаваць, шукаць і знаходзіць нешта новае для сябе. Што тычыцца драматычных роляў, то ў спектаклі “Мужчына з дастаўкай на дом” і граю такую, можна нават сказаць, меладраматычную. Я актрыса драмы — менавіта гэта напісана ў маім дыпломе. Калі для таго, каб рэалізаваць свой творчы патэнцыял, мне трэба рассмяшыць залу,  зраблю гэта. Калі роля драматычная, змагу і плакаць прымусіць. Як актрыса я павінна ўмець рабіць усё. Стараюся не паўтарацца. Падабаецца, калі да мяне на вуліцы падыходзяць мінакі і кажуць: “Дзякуй вам за тое, што на працягу такой вялікай колькасці гадоў увесь час здзіўляеце нас!” Для мяне гэта важна — здзіўляць не толькі гледачоў, але ў першую чаргу і сябе. Што складана. Бывае, лянота. Думаеш, цябе ведаюць, любяць, плыві сабе ўжо па плыні. Але па плыні, вы ведаеце, што звычайна плавае... Мне заўсёды хочацца ставіць перад сабой новую мэту, вартую вышэйшай адзнакі, і імкнуцца яе пераадолець, каб сказаць самой сабе: “Зроблена!”

— Глядач ведае вас шмат у чым як парадыстку. А ў спявачкі Верабей ёсць у планах стварэнне ўласнай песеннай праграмы?

— Пакуль няма. Але хацелася б з вамі трохі паспрачацца наконт таго, якой мяне ведае глядач. Для маіх прыхільнікаў я не толькі “парадыстка”. Камусьці здаецца, што эстрада — гэта лёгкая праца і лёгкія грошы. На самой справе, гэта тытанічныя нагрузкі: трэба ўмець чуць залу, кожнага гледача, разумець час, у якім жывеш, і шмат у чым умець прадбачыць будучыню. Таму што гумар са сцэны заўсёды павінен быць злёгку наперадзе. Эстрада і тэатр — гэта два розныя светы, дзве імперыі, кожная з якіх жыве сваім жыццём. На эстрадзе гучаць нашмат складаней, чым у тэатральнай пастаноўцы, дзе ў цябе за плячыма рэжысёр, партнёры, драматургія. Я сяджу на двух крэслах, і пакуль удаецца трымаць раўнавагу. Розныя тут і глядацкія аўдыторыі — тэатралы з пагардай глядзяць на тых, хто ходзіць на эстрадныя канцэрты, і наадварот. Але для мяне аўдыторыя маіх прыхільнікаў не дзеліцца — я бачу, што маё з’яўленне на сцэне і там, і там выклікае жывую цікавасць, што мяне вельмі радуе.

— Сёлета вы перамаглі ў тэлепраекце “Тры акорды”. Яго журы часам не цырымонілася ў славесных ацэнках канкурсантаў. Прымаеце крытыку — ад калег, журналістаў? І як у творчых адносінах ацэньваеце саму сябе?

— Праект доўжыўся восем тыдняў запар, трэба было прадставіць восем абсалютна розных па складанасці, тэмпераменце і прыдумках твораў. Калі ты ўдзельнічаеш у якімсьці шоу з партнёрам, не ўсё залежыць ад цябе — напалову дзеліцца і поспех, і адказнасць за няўдачу. Я выдатна ўсведамляла, што мне заўсёды чагосьці ледзь-ледзь не хапала да перамогі. Таму “Тры акорды” стаў для мяне выдатнай магчымасцю праверыць сябе, свой вакальны і акцёрскi стан, здольнасць справіцца з эмоцыямі, канкурэнцыяй. Гэта была добрая школа. І я яе прайшла! Мной ганарыліся родныя, і мне было да слёз прыемна, што я не разгубіла за гады працы на эстрадзе тыя здольнасці, якія і прывялі мяне ў музычную вучэльню, а потым у інстытут навучацца акцёрскаму майстэрству. Што тычыцца крытыкі, я сама для сябе найстражэйшы крытык, і на тое, каб адшліфаваць нумар, сыходзіць шмат часу. Неяк спрабавала вылічыць колькасць гадоў, якія трэба “пакласці на алтар”, каб атрымаць пэўныя вынікі — гадоў праз сем ворыва ў прафесіі пачынаеш бачыць аддачу. Гэтыя першыя крокі самыя складаныя. Але што б ні было — гэта вопыт, вучоба, жывы творчы працэс, які мне важны і прыемны. А яго магло і не здарыцца, бо мэты стаць вядомай у мяне ніколі не было. Безумоўна, прыемна быць у цэнтры ўвагі прыхільнікаў, гледачоў і нават тых, каго не задавальняю як артыстка. Але значна важней разумець, што я не проста папулярны чалавек, а мяне па-сапраўднаму любяць.

Ад Масквы да Брэста

— У вас у Маскве ёсць свой тэатр. Няма жадання адкрыць яго філіял у Брэсце? Ці засцерагаецеся марокі?

— Мне гэтая ідэя ў галаву не прыходзіла, а яна добрая! Трэба абдумаць. І пытанне нават не ў мароцы, хоць, безумоўна, арганізацыя тэатра — справа ў вышэйшай ступені клапотная. Проста да адкрыцця такога філіяла яшчэ трэба дарасці, і вось тады ўсё магчыма.

— Што для вас наогул значыць Брэст? А Беларусь?

— Так атрымалася, што ў мяне тры радзімы — Беларусь, дзе прайшлі мае дзяцінства і юнацтва, дзе атрымала першую, музычную адукацыю: я ж выкладчык музыкі, інтэлігентны чалавек — гэта ўжо потым вырашыла стаць артысткай. (Як казаў мой дзядуля: “Хто цябе заразіў гэтай гадасцю? З чаго ты вырашыла стаць артысткай? Яны ж усе шалапутныя!”) Другая радзіма — Ленінград / Санкт-Пецярбург, дзе вучылася ў інстытуце. У ім я пражыла 13 гадоў. Трэцяя радзіма — Масква, тут я жыву ўжо 17 гадоў. Вельмі люблю і заўсёды з цеплынёй успамінаю сваю першую Радзіму. Стараюся прыязджаць як мага часцей: на гастролі або проста адпачыць. У Брэсце заўсёды наведваю Брэсцкую крэпасць, родны двор, дзе прайшло дзяцінства, калі час дазваляе, заходжу ў школу № 20 на вуліцы Карбышава і ў музычны каледж. Шчыра прызнаюся, што сумую па гэтых мясцінах, і яны мне сняцца часам. Усё ж такі дзяцінства — гэта нейкі асаблівы час, і я рада, што правяла яго ў сонечнай і цудоўнай Беларусі. Па праўдзе сказаць, за гэтыя гады Брэст змяніўся практычна да непазнавальнасці. Калі б мой любімы горад быў такім у пару майго дзяцінства, не ведаю, захацелася мне з яго з’язджаць ці не. Чыста, дагледжана, вакол скульптуры, працуюць фантаны, вулічныя кафэ ў парыжскім стылі, а на вуліцы Савецкай з’явіўся самы сапраўдны ліхтаршчык, які кожны вечар прыходзіць і запальвае ліхтары. Калі прыязджаю ў Брэст, ён мяне кожны раз прыемна здзіўляе нечым новым, незвычайным, прыгожым, але пры гэтым такім родным. Мне заўсёды хочацца вяртацца ў яго зноў і зноў!

— Неяк я зрабіў перапынак у журналістыцы, і мой былы калега запытаўся ў мяне: “А што ты яшчэ ўмееш рабіць?” Што вы яшчэ ўмееце рабіць?

— Напярэдадні леташняга Новага года вырашыла сэканоміць на хімчыстцы і пачысціць плямы на футры. То бок надумала паспрабаваць сябе ў якасці дызайнера. Але з працэсу атрымаўся дэбютны ролік “Кінапробы” для iнстаграма. Толькі за тры дні яго паглядзелі 400 тысяч чалавек. Вось так з дызайнераў і перакваліфікавалася ў блогеры.

Даведка

Алена ВЕРАБЕЙ нарадзілася ў Брэсце. У 1993 годзе скончыла Ленінградскі дзяржаўны інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі (цяпер Расійскі дзяржаўны інстытут сцэнічных мастацтваў імя Мікалая Чаркасава). Актрыса эстрады, тэлебачання, тэатра і кіно, рэжысёр, педагог. Заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"