Піліпаўскія папрадухі ды кудзялькі

№ 48 (1331) 02.12.2017 - 08.12.2017 г

У нашу рэдакцыю зайшоў Іван Спосабаў і распавёў, што Мінскі гарадскі кінаклуб Уладзіміра Высоцкага, заснавальнікам і кіраўніком якога ён з’яўляецца, запланаваў шэраг мерапрыемстваў да 80-годдзя з дня нараджэння вялікага барда і артыста. 21 снежня ў Мінскай абласной бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна пройдзе баль-маскарад, а 17 студзеня ў ДК МТЗ — канцэртная праграма “Мой фініш — гарызонт”. Падчас гэтых мерапрыемстваў песні Высоцкага выканае Аляксей Нежавец.

/i/content/pi/cult/668/14771/111.jpgЯ запытаўся, дзе базуецца памянёны кінаклуб. “Дзе я, там і клуб,” — патлумачыў Іван Іванавіч. Выявілася, што арганізацыя хоць і існуе 12 гадоў, але адпаведнага статусу пакуль не займела. Гэта не перашкодзіла кінаклубу паспрыяць таму, каб у Брэсце ўзнік фестывальны бард-форум імя Высоцкага, а ў тамтэйшай гасцініцы “Буг” з’явіўся мемарыяльны нумар, які ўшаноўвае імя знакамітага артыста-спевака. А яшчэ кінаклуб ладзіць у сталіцы выставы (сарод сябраў суполкі — некалькі калекцыянераў, якіх цікавіць жыццё ды творчасць Уладзіміра Сямёнавіча), лекторыі, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Неўзабаве кінаклуб, па словах Івана Спосабава, набудзе афіцыйны статус.

Мы шмат пісалі аб доўгатэрміновым праекце “Кола часу” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. І вось — чарговая навіна. Тут у форме анімацыйнай праграмы прайшлі піліпаўскія вечары. Як вядома, Піліпаўка — шасцітыднёвы перадкалядны пост (да 7 студзеня), у які нашы продкі елі сціпла, не ладзілі вяселляў. Дзяўчаты поруч з хлопцамі хадзілі на вячоркі, пралі пад наглядам кабет: “Што ў Піліпаўку спрадзеш, тое ў Вялікі пост сатчэш”. Усе гэтыя практыка-арыентаваныя забаўкі называліся “папрадухі” альбо “кудзялькі”. Менавіта такія вячоркі і правялі ў Лідзе. Справа, па меркаванні кіраўніка фальклорнага гурта “Талер” Наталлі Шчалканогавай, — перспектыўная. “Лічу, — перакананая яна, — што ў сучаснай турыстычнай справе звычаі піліпаўскіх вечароў могуць і павінны стаць асновай для сцэнічных пастановак, анімацыйных праграм. У турыстаў з’явіцца магчымасць паспрабаваць свае сілы ў характэрных для сялянскага побыту занятках, у гульнях і танцах. Не абмінуць увагай турысты і дэгустацыю посных страў беларускай кухні”.

Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Тэрэза Чайко паведаміла: “Літаратурна-музычныя зазімкі “І плыве твой радок, і звініць тваё слова”, прысвечаныя творчасці пісьменніцы Дануты Бічэль-Загнетавай. Яе вельмі чакалі аматары нацыянальнай паэзіі. Данута Іванаўна не расчаравала.Чытала вершы, адказвала на пытанні. Песні на словы паэткі выканаў хор ветэранаў гарадскога Палаца культуры”.

У Музеі гісторыі і культуры Наваполацка працуе выстава работ, аўтарамі якіх з’яўляюцца людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. І гэта далёка не адзінае мерапрыемства, што прыцягвае там увагу аматараў мастацтваў. З 1 снежня адкрылася і выстава яскравых віцебскіх акварэлістаў. Поруч з работамі заснавальніка акварэльнага жывапісу ў Беларусі Івана Сталярова, які давёў гэтую тэхніку да дасканаласці, экспануюцца работы ягоных вучняў. Яшчэ адна музейная цікавостка — выстава работ наваполацкага ювеліра-гравёра Сяргея Данілава і яго вучняў.

Намеснік дырэктара Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Печкур распавядае пра Тыдзень Франца Ёзафа Гайдна. Цягам сямі дзён на перапынках паміж заняткамі гучалі творы аўстрыйскага кампазітара-класіка. Ладзіўся конкурс на найлепшае выкананне п’ес кампазітара, адбыўся кіналекторый. Завяршыўся тыдзень тэматычным канцэртам.

Як паведамляе Таццяна Печкур, у першым адкрытым рэспубліканскім творчым фестывалі-конкурсе “Талісман удачы” (праходзіў у Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў) удзельнічалі і восем навучэнцаў Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў. Вакальны гурт “Маячок” стаў лаўрэатам І ступені.

Ашмянская раённая бібліятэка запрасіла чытачоў на літаратурны бенефіс, прымеркаваны да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. У мерапрыемстве бралі ўдзел школьнікі старэйшых класаў. Гучалі вершы і песні, было наладжана слайд-шоу. Пра гэта напісала нам загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ўстановы Святлана Галінская.

Сельскі клуб аграгарадка Станцыя Ашмяны (Ашмянскі раён) зноў вызначыўся. Гэтым разам — рэканструкцыяй абраду “Капусныя вячоркі”. Тут квасілі капусту, спявалі ды танчылі. Нездарма ў народзе павялося, што верасень багаты на яблыкі, кастрычнік — на капусту, а лістапад — на квашанку.

У Сусветны дзень дзіцяці 20 лістапада Гальшанская (Ашмяншчына) дзіцячая школа мастацтваў арганізавала выставу работ сваіх выхаванцаў пад назвай “Вясёлы пэндзаль”.

Народны ансамбль народнай песні “Жытніца” даў у аграгарадку Кракоўка (Ашмяншчына) святочны канцэрт з нагоды свайго 25-годдзя. Спачатку ён узнік як хор пры калгасе “Маяк”. Першым кіраўніком калектыву быў Іван Барысенка. Цяпер у складзе “Жытніцы” — адзінаццаць выканаўцаў і музыкантаў. Кіруе ансамблем акампаніятар Аляксандр Пашкоўскі.

Драматург і сцэнарыст Андрэй Макаёнак нарадзіўся ў вёсцы Борхаў. Пісьменнікі Рагачоўшчыны і Магілёўскай вобласці сабраліся ў Рагачове, каб ушанаваць памяць выбітнага драматурга.

Наш пастаянны пазаштатны карэспандэнт Андрэй Струнчанка распавёў: “У Мазалаўскім (Віцебскі раён) сельскім доме культуры была арганізавана праграма для дзяцей “З сябрамі весялей!” Мэта мерапрыемства — маральна-экалагічнае выхаванне падрастаючага пакалення”.

Карэліцкая раённая бібліятэка правяла літаратурную сустрэчу з гродзенскім паэтам Мікалаем Сяровым. Вось што піша метадыст установы Наталля Казарэз: “Сабраліся краязнаўцы, аматары беларускай пазіі, чытачы бібліятэкі, сябры паэта. Мікалай Сяроў адказаў на пытанні, падзяліўся сакрэтамі творчай кухні”.

Яшчэ адна інфармацыя пра паэта. Яўген Мацвееў нарадзіўся на Пскоўшчыне, але жыццё правёў на Дзятлаўшчыне, у пасёлку Наваельня. Працаваў урачом, пісаў вершы, займаўся разьбой па дрэве. Пры жыцці паэта выйшла шэсць зборнікаў яго паэзіі, пасля смерці — яшчэ два. Пэўныя мастацкія вырабы Яўгена Мацвеева захоўваюцца ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Старшы навуковы супрацоўнік гэтай установы Алена Абрамчык перакладае вершы паэта на беларускую мову.

У выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці працуе выстава народнага мастацтва “З глыбінь народных да нашых дзён”. Тут прэзентуецца ткацтва майстрых са Шчучынскага раёна Ванды Машкевіч і Марыі Карповіч. Распавяла пра гэта малодшы навуковы супрацоўнік аддзела рамесніцкай дзейнасці і народнага майстэрства Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Вольга Каранкевіч. Вандзе Машкевіч — 83 гады. Валодае мясцовымі тэхнікамі двухбаковага аднаўточнага шматнітовага і двухбаковага васьміўточнага перабораў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"