Валун як турыстычны аб'ект

№ 48 (1331) 02.12.2017 - 08.12.2017 г

Апошнім часам Беларусь часта называюць краінай замкаў. Гучыць прыгожа, але ж занадта ўжо прэтэнцыёзна. Дый тыя замкі, большасць з якіх былі драўлянымі, даўно спарахнелі. А мураваныя — амаль дашчэнту разабраныя на будматэрыялы нашчадкамі прыгонных тых самых князёў і графаў, якім замкі і належалі. Затое як былі, так і засталіся ў нашым краі шматлікія чароўныя камяні і цудадзейныя крынічкі. Дасюль жывыя і звязаныя з імі спаконвечныя народныя традыцыі. Таму прапанаваў бы яшчэ варыянт брэндынгу — скажам, краіна камянёў. Пры належнай пастаноўцы справы, працаваць ён можа не менш эфектыўна. Пра гэта засведчыла і нядаўняя мая вандроўка да аднаго з такіх незвычайных валуноў на Ашмяншчыну.

/i/content/pi/cult/668/14766/DSC_0206-222222222-S.jpg

“Нявесцін камень” ва ўрочышчы Рамбоўскі роў каля вёскі Агароднікі на Ашмяншчыне.

Падарунак з Балтыкі

Пацвярджэннем таму, што “каменная” традыцыя дагэтуль жывая і натуральная, можа быць Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны, які рэгулярна папаўняецца падобнымі элементамі. Асобныя з іх набываюць і статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Улетку ён быў
нададзены традыцыі ўшанавання “Нявесцінага каменя”, які ўжо мае і статус помніка прыроды
рэспубліканскага значэння.

На Ашмяншчыне хапае “чароўных” мясцін: тут ёсць Смалянкоўскі Вялікі камень, Жвірбліцкі і Студзянецкі валуны… Але Нявесцін — самы вялікі, вышынёй больш за 2 метры. Знаходзіцца ён у дуброве ва ўрочышчы Рамбоўскі роў каля вёскі Агароднікі. Як кажуць навукоўцы, камень быў прынесены на Ашмяншчыну ледавіком каля 150 тысяч гадоў таму з Аландскіх астравоў Балтыйскага мора. Паводле меркавання шэрагу даследчыкаў, камень стаіць на месцы колішняга капішча пад Ашмянамі. Затым, як гэта зазвычай у нас і здаралася, паганскія практыкі шанавання святых месцаў натуральна ўпляліся ў хрысціянскую будзённасць, шмат у чым “падпарадкоўваючыся” ёй.

Мясцовыя краязнаўцы-аматары разам з работнікамі культуры колькі гадоў таму вырашылі былі ператварыць вядомае сярод жыхароў тых мясцінаў месца пакланення ў турыстычны аб’ект.

Цукеркі для валуна

Пра Нявесцін камень распавядае мноства рамантычных паданняў. Большасць з іх — пра каханне. Таму і было прынята здавён, каб мясцовыя дзяўчаты прыходзілі сюды напярэдадні шлюбу дакрануцца да валуна ды адпіць з суседняй чароўнай крынічкі. А таксама — прынесці ахвяру-аброк. І цяпер усе дрэвы вакол каменя абвітыя стужкамі і ручнікамі, а на сам валун людзі дагэтуль ускладаюць лялькі, манеткі, цукеркі ці нешта яшчэ — мяркуюць, што ён здольны вызначыць добры лёс маладой сям’і ці памірыць пасвараных. А яшчэ камень, на думку людзей, здатны ўмацоўваць здароўе, злучаць закаханых, прыносіць дабрабыт у сем’і, спрыяць нараджэнню дзяцей. Для гэтага трэба прытуліцца да яго, абняць, наколькі магчыма, і прамовіць сваю просьбу.

— Безумоўна, як і ва ўсіх падобных выпадках, — распавядае метадыст Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік, — вельмі істотную ролю адыгрывае тое, што чалавек сам верыць. Мо таму часам і дапамагае…

Для навукоўцаў жа каштоўнасць уяўляюць не магічныя ўласцівасці, а народная традыцыя — якая, да ўсяго, не перарывалася ніколі. Нават мясцовыя доўгажыхары апавядаюць, што яшчэ іхнія бабулі і дзядулі шанавалі гэты камень.

— Зразумела, час з’яўлення традыцыі дакладна вызначыць немагчыма,  — працягвае Сяргей Жылік, — Але можна прасачыць жывую памяць пра яе і зразумець, што практыкі шанавання Нявесцінага каменя склаліся ўжо стагоддзі таму.

Да яго ходзяць і цяперашнія маладыя: пары перад шлюбам, незамужнія дзяўчаты, жанчыны, якія жадаюць нарадзіць дзіця або пазбавіцца ад хваробаў. Натуральна, не забываюцца і прынесці аброк. Больш за тое, на дадзены момант гэтая традыцыя шанавання актуалізавалася. Безумоўна, тут вельмі важную ролю адыгрывае з’яўленне вакол яе інфармацыйнага поля, уключэнне аб’екта ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны і пракладанне да яго турыстычных маршрутаў.

Крытычная маса энтузіястаў

/i/content/pi/cult/668/14766/DSC_0221-111111111_opt.jpegА пачалося ўсё з вывучэння тых легенд, якія склаліся вакол валуна, размешчанага на дне Рамбоўскага рова. Для даследавання гэтага феномену Раённым цэнтрам культуры супольна з ЦБС была арганізавана этнаграфічная экспедыцыя.

— Асноўны цяжар работ і ў самой экспедыцыі, і падчас добраўпарадкавання ўрочышча вакол каменя лёг на добраахвотных памочнікаў з ліку актывістаў краязнаўчага аб’яднання “Знай край”, а таксама і на студэнтаў-валанцёраў з мясцовага каледжа, — пацвярджае дырэктар Ашмянскай ЦБС Марына Белавус. — І валанцёры — гэта вельмі здорава! Атрымалася арганізаваць пераемнасць традыцыі праз уключэнне маладых людзей непасрэдна ў штодзённыя практыкі традыцыйнай
культуры, у яе жывыя тканкі. Яны ж не толькі выконвалі “тэхнічныя” работы — мы ім распавядалі і пра камень, і пра традыцыю яго шанавання. Іх гэта вельмі зацікавіла. А калі яны трапілі да мясцовых жыхароў, якія літаральна жывуць усім гэтым, не заўважыць агеньчыку ў іх вачах было немагчыма.

Сама па сабе экспедыцыя была пэўнай падрыхтоўкай перад унясеннем элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Нацыянальны інвентар і наданні традыцыі статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Са слоў Сяргея Жыліка, работа была зроблена сапраўды грунтоўна і на даволі якасным узроўні:

— Падчас экспедыцыі мы, па-першае, запісалі міфы пра камень. Па-другое, пагутарылі з носьбітамі традыцыі. Гэта дало нам магчымасць не толькі ўбачыць на ўласныя вочы абрад пакланення каменю, але і зафіксаваць яго — што вельмі важна для вывучэння беларускай народнай культуры.

Па выніках экспедыцыі была праведзеная даволі буйная рэгіянальная краязнаўчая канферэнцыя. Лейтматывам яе, натуральна, былі сакральныя камяні Беларусі і традыцыя іх шанавання. Наогул, як адзначае Марына Белавус, у невялічкіх Ашмянах дзейнічаюць ажно тры моцныя краязнаўчыя цэнтры, якія, пры тым, не канкурыруюць паміж сабой, а ўзаемадапаўняюць
адно аднаго. Гэта — раённы цэнтр культуры, краязнаўчае аб’яднанне “Знай край” пры бібліятэцы і, натуральна, Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф. Багушэвіча, пры якім дзейнічае гістарычная гасцёўня.

І менавіта такая колькасць энтузіястаў дазваляе ладзіць на Ашмяншчыне многія ініцыятывы. У тым ліку і даследаванні яўрэйскай спадчыны краю. Балазе, тэма актуальная і ў практычным прымяненні: як тлумачыць дырэктар музея Настасся Навіцкая, апошнім часам вельмі актывізаваўся настальгічны турызм на Беларусі наогул, і на Ашмяншчыне ў прыватнасці.

 — Толькі за апошні год колькасць турыстаў з Ізраіля і іншых краін, якія цікавяцца менавіта яўрэйскай спадчынай раёна, павялічылася ўдвая, — кажа яна.

І гэта не дзіва, бо велічная ашмянская сінагога, якая стаіць акурат побач з музеем, не можа не прыцягнуць увагі. Помнік беларускага дойлідства, унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, цяпер у даволі занядбаным стане. Даглядаць будынак доўга не было каму. Цяпер музейшчыкі праводзяць там экскурсіі, а ў планах на бліжэйшы час — пошук інвестара для правядзення аднаўленчых работ. На дадзены момант ужо гатовы эскізны праект. У выніку, у сінагозе плануецца зрабіць музейна-выставачны комплекс, прысвечаны гісторыі і культуры поліэтнічнага і полікультурнага рэгіёна. Засталося толькі знайсці спонсара.

Тэатр або рытуал?

Урочышча было ўпарадкаванае, уладкаваныя зручныя сходы, пастаўлены інфармацыйны стэнд з апісаннем, лаўкі і сметніцы, а сам камень быў уключаны ў рэгіянальныя і прыгранічныя турыстычныя маршруты. Вынік не прымусіў сябе чакаць: у Рамбоўскі роў цяпер ездзяць людзі не толькі з навакольных вёсак і саміх Ашмянаў, але таксама і з Гродзенскай і Мінскай вобласці ды нават суседняй Літвы.

Але тут узнікае пытанне: ці ж не нашкодзіць наплыў турыстаў самой традыцыі, ці не разбурыць гэта яе? Або, наадварот, скіруе ў рэчышча камерцыялізацыі. Прыкладаў, калі гістарычныя мясціны “абрастаюць” шопамі ды лаўкамі з кітайскім “шырспажывам”, больш чым дастаткова. Дый сама Міжнародная канвенцыя аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая і служыць метадалагічнай асновай для краязнаўчай работы, не ўхваляе “камерцыйныя” змены. Сяргей Жылік гэтую небяспеку разумее:

— Безумоўна, наша спадчына, і перадусім сакральная традыцыя, патрабуе вельмі далікатнага абыходжання. Яна вымагае індывідуальнага, нават патаемна-персанальнага падыходу. Гэта ж патрэба кожнага асобнага чалавека!

Пакуль што гэтыя дзве плыні — сакральная, звязаная з пакланеннем каменю, і модны сярод турыстаў “этнаграфічны тэатр”, які, па сутнасці, з’яўляецца гульнёй у традыцыю, — сапраўды развіваюцца паралельна. Але, з другога боку, немагчыма не заўважыць і турыстычную “прысутнасць” ва ўрочышчы: гэта і шыльды, і ўказальнікі з лавамі, дый самі шматлікія наведвальнікі. Тут цяпер сапраўды ўсё ўладкавана вельмі зручна і цывільна. А ці паўплываюць гэтыя “выгоды цывілізацыі” на аўтахтонную традыцыю, пакажа толькі час.

— Натуральна, мясцовая грамада ставіцца вельмі станоўча да актуалізацыі іх спадчыны, — працягвае Сяргей Жылік. — Людзі разумеюць, што гэта спрыяе з’яўленню інтарэсу ў маладых і перадачы наступным генерацыям іх ведаў, звычак, абрадаў… Аднак вельмі важна размяжоўваць аўтэнтыку і турыстычныя практыкі, і мы даволі тактоўна, але цвёрда імкнёмся, каб гэтыя працэсы былі паралельнымі.

Фота аўтара