Імпрэсарыо замаўляюць Моцарта

№ 23 (841) 07.06.2008 - 13.06.2008 г

Музычная капэла “Санорус” нядаўна вярнулася са сваіх працяглых і паспяховых гастролей у Іспаніі і Партугаліі. Пірэнейскія вандроўкі пад акампанемент Моцарта — тэма гутаркі карэспандэнта “К” з мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам калектыву Аляксеем ШУТОМ.

 /i/content/pi/cult/164/1476/Impresaryo.jpg
— Для нашага калектыву замежныя гастролі сталіся добрай традыцыяй яшчэ з 1993-га. “Санорус” прадстаўляў беларускую і рускую класіку, творы заходнееўрапейскіх кампазітараў у Польшчы, Расіі, Германіі, Францыі, Італіі, Швейцарыі.

Трывалыя кантакты склаліся ў нас з імпрэсарыо Іспаніі, дзе мы выступалі ў 2001-ым, а з 2003-га — штогод. Не трэба думаць, што замежная гастрольная вандроўка — гэта суцэльная казка і асалода.

Здаралася так, што далі канцэрт — і зноў у аўтобус, яшчэ 400 кіламетраў. Прычым заўсёды вазілі надзвычай сур’ёзную, акадэмічную праграму, якую звычайна замаўляе імпрэсарыо: творы Моцарта, Гендэля, Баха, Штрауса, Пергалезі, Фарэ, Альбіноні. Сёлета нам прапанавалі правесці 8 канцэртаў з твораў Моцарта: Сімфоній № 1 і № 40, Уверцюры да оперы “Вяселле Фігара” і “Рэквіема”. У Іспанію і Партугалію выправілася ўся капэла — каля 80 чалавек. Мы выступалі ў старадаўніх Сарагосе ды Амерыльі. Упершыню ў гісторыі калектыву адбыўся канцэрт у Партугаліі — у Лісабоне, у самай вялікай канцэртнай зале краіны на 1000 месцаў. Уразілі і прыём, і самі залы, іх акустыка...

Усюды — аншлагі. Выступаў “Санорус” нават у старадаўніх саборах, пабудаваных у ХІІІ — XIV стагоддзях. Слухачы загадзя куплялі білеты, таму за два тыдні да нашага ад’езду з Мінска ўжо ўсе білеты былі прададзены. Звычайна за мяжой ідуць або на праграму, або на імя. Думаю, у Сарагосе ішлі і на праграму, і на нас, бо мы там выступалі ўжо трэці раз.

— Чым уразілі Іспанія і Партугалія?

— Лісабон скарыў архітэктурай. А якая там дзівосная зала! Яна трансфармуецца як заўгодна, могучы зрабіцца ледзь не манежам. Вакол сцэны зроблена велізарная колькасць лож. У Іспаніі наогул шмат нядаўна пабудаваных канцэртных залаў — цалкам абсталяваных, са штатам тэхнічных работнікаў. Мы выступалі ў залах і на 700 месцаў, і на 1000, і на 2000. І, вядома, ніякіх мікрафонаў... Акустыка проста фантастычная!

— Гастролі, прэм’ера... А творчыя планы?

— Будзем працавацьяшчэ над двума праектамі. Першы з іх — спектакль-казка “Стойкі алавяны салдацік”, адрасаваны найперш дзіцячай аўдыторыі. Яго музычная аснова — аднайменны аднаактовы балет кампазітара Марыны Марозавай, напісаны паводле твора славутага Г.-Х. Андэрсена. Інструментальныя нумары балета, выкананыя аркестрам, будуць чаргавацца з фрагментамі казкі Андэрсена, якія ўзнаўляе Казачнік.

Другі праект — музычна-драматычны спектакль, прысвечаны Ганне Ахматавай. Музычны базіс спектакля — сольныя і харавыя творы, напісаныя Уладзімірам Саўчыкам на яе вершы. Працы кампазітар аддаў некалькі гадоў. Аўтар агульнай кампазіцыі спектакля і тэкстаў Гісторыка-вядучага — Таццяна Мушынская. Дзве дзеі ахопяць галоўныя моманты ў жыцці Ахматавай — ад пачатку творчасці і да смерці. У спектаклі тры галоўныя героі: сама Ахматава, паэт Мікалай Гумілёў, яе муж, і вядомы італьянскі мастак Амедэа Мадзільяні, з якім Ахматаву звязвалі глыбокія і рамантычныя пачуцці. Рабочую назву спектаклю даў радок аднаго з позніх вершаў паэтэсы: “…И долговечней царственное слово”. У спектаклі будзе занята ўся капэла — аркестр, хор і салісты.

 

Гутарыла Таццяна МІХАЙЛАВА