“Будзеце вы, будзем і мы”

№ 48 (1331) 02.12.2017 - 08.12.2017 г

Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Максіма Горкага — 85! Урачыстасць у гонар юбілею сталася настальгічным аглядам зробленага, падзякай кожнаму, уключаючы гледачоў, і поглядам у будучыню.

/i/content/pi/cult/668/14757/48-kultura-1-S.jpg

/i/content/pi/cult/668/14757/pages-2-S.jpgПрывітальны адрас Прэзідэнта краіны зачытаў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Жарко. Віншаванне ад Кіраўніка дзяржавы атрымаў і народны артыст Беларусі, рэжысёр Барыс Луцэнка — з нагоды нядаўняга 80-годдзя. Узгадалі і яшчэ адну такую ж юбіляршу — народную артыстку Беларусі непараўнальную Бэлу Масумян (яна літаральна выпырхнула на сцэну — уся ў белым, у лабутэнах, з паветранымі шарыкамі ў руках), павіншавалі Івана Мацкевіча, які сёлета справіў 70-годдзе.

Ганаровыя граматы, падзякі і іншыя ўзнагароды Савета міністраў і Міністэрства культуры краіны атрымалі зоркі тэатра Вераніка Пляшкевіч, Руслан Чарнецкі, Аляксандр Ждановіч, Сяргей Жбанкоў, Іна Савенкава, Алёна Сцяцэнка, Васіль Грачухін, Павел Еўтушэнка (малады юбіляр тэатра: яму акурат у гэты дзень споўнілася 30), галоўны мастак Ала Сарокіна, загадчык мастацка-пастановачнай часткі Наталля Грамыка, найлепшыя супрацоўнікі іншых службаў.

Галоўным падарункам ад Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму стала мікрахвалёўка — усяму тэатру. Свае віншаванні даслалі пасольствы, творчыя калектывы, грамадскія аб’яднанні.

Міністр культуры краіны Юрый Бондар невыпадкова адзначыў асаблівую цеплыню, сямейнасць, душэўнасць вечарыны. І ўзгадаў, што гэты тэатр быў першым, які ён наведаў у сваім дзяцінстве. Той візіт стаў вызначальным у яго лёсе: “Я зразумеў, што тэатр — гэта цуд. І вырашыў звязаць сваё жыццё з мастацтвам”. З пранікнёным папраўдзе мастацкім маналогам выступіў дырэктар тэатра Эдуард Герасімовіч, узгадаўшы, што тэатр — гэта і людзі, і будынак, і шмат чаго іншага: “Грошы — таксама тэатр. Гэта тая рэалістычная драматургія, без якой тэатр жыць не можа”.

Шчырымі ўспамінамі дзяліліся многія дзеячы тэатра і культуры, на экране раз-пораз з’яўляліся дакументальныя кадры, фотаздымкі, з-за чаго ўся вечарына пачала нагадваць штосьці накшталт дакументальнага тэатра. Не абышлося і без постмадэрнісцкіх “пераасэнсаванняў” фрагментаў уласных спектакляў: літаральна ў кожнай сцэне была гэткая гіпертэкстуальная спасылка на свае пастаноўкі. А ў якасці інтэрактыву гледачам прапанавалі віктарыну з прызамі: той, хто першым адгадваў, які спектакль на здымку, атрымліваў юбілейны каляндарык. Вядучыя рабілі сэлфі не толькі на сцэне, але і ў зале разам з гледачамі. Ну, хто пасля гэтага асмеліцца сказаць, што тэатр, маўляў, не крочыць у нагу з часам! Можна толькі здагадвацца, колькі намаганняў прыклалі літаратурна-драматычная частка тэатра на чале з кандыдатам мастацтвазнаўства Крысцінай Смольскай і мастацкі кіраўнік калектыва, рэжысёр Сяргей Кавальчык, каб перад намі ажыла гісторыя тэатра (ягонай трупы, рэпертуару і самога будынку) — і, праз яе, усёй краіны.

Адпаведны настрой задаваўся ўжо ў фае, дзе былі падрыхтаваны некалькі выставак-фотазон гістарычнага характару. І калі спярша паважаная публіка паводзіла сябе даволі чынна, уважліва слухаючы ігру струннага квартэта (ён, дарэчы, таксама ў складзе горкаўцаў) і назіраючы за пазалочанымі “жывымі скульптурамі”, дык пасля вечарыны не спяшалася разыходзіцца, відавочна падхапіўшы тэатральны “вірус”. Сярод тых, хто гулліва прымерыў на сябе ролю кіраўніка парткама (на фоне праславутай скуранкі і чорных тэлефонаў-круцёлак) аказаўся нават знакаміты дырыжор Аляксандр Анісімаў.

А як іначай, калі некалькі роляў, бы спраўны акцёр, выконваў сам будынак, пачынаючы з 1906-га? Сінагога, клуб, кінатэатр, тэатр, прычым у дзвюх розных іпастасях. Бо спачатку тут змяшчаўся Дзяржаўны яўрэйскі тэатр. Будучыя горкаўцы (імя легендарнага пісьменніка тэатру прысвоілі ў 1955-м) знаходзіліся ў Магілёве, а ў летні перыяд ігралі спектаклі ў Бабруйску.

Праз дакументальную хроніку на ўрачыстым вечары былі згаданы многія тэатральныя старонкі, уключаючы гастролі ў ФРГ у далёкія 1960-я. Артысты заўзята танчылі рок-н-рол, спявалі “ўслаўляльную” (з выбітнай кадэнцыяй ударных) у гонар “Белгазпрамбанка”, які падтрымлівае тэатр і, шырэй, мастацтва Беларусі. Са свечкамі ў руках аддалі даніну тым, хто заўчасна пакінуў тэатр і гэты свет.

У фінале імпрэзы на сцэне сабраўся ўвесь калектыў — са словамі, звернутымі да гледачоў: “Калі будзеце вы, будзем і мы. Да новых радасных сустрэч!”

Фота Таццяны СВІРЭПА

/i/content/pi/cult/668/14757/pages-3-S.jpg

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"