І можна пасядзець на дзяжы

№ 47 (1330) 25.11.2017 - 01.12.2017 г

Трошкі крыўдна становіцца, калі праглядаеш рэдакцыйную пошту і бачыш: хтосьці з работнікаў культуры турбуецца за імідж свайго раёна і дасылае інфармацыі рэгулярна, а хтосьці з месяца ў месяц ігнаруе гэтую магчымасць. Відаць, залежыць тут усё ад маштабаў падпіскі на “К”. Рэгулярна друкуецца ў газеце той, хто пастаянна яе чытае. З гэтай нагоды ўзрадавала тое, што прыйшла ўрэшце навіна з Шуміліншчыны (лепей позна, чым ніколі). Дырэктар Шумілінскага раённага дома рамёстваў Анжэла Сяргеева паведаміла пра тое, што метадыст-майстар па саломкапляценні Наталля Сцержанкова стала сёлета найлепшым майстрам традыцыйных рамёстваў Віцебшчыны. Яе павукі-абярэгі, па словах кіраўніка ўстановы, лічацца надзвычай самабытнымі і арыгінальнымі.

/i/content/pi/cult/666/14752/16.jpg

А безумоўны рэкорд актыўнасці ў гэтай падборцы належыць работнікам культуры Ашмянскага раёна. Дырэктар Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Жанна Мажэйка распавядае: “Другі год Міжнародны культурны праект ByFest збірае ў Мінску ўдзельнікаў з краін СНД і Еўрапейскага саюза. Сёлета можна было падаць заяўкі на ўдзел як у вочнай, так і ў завочнай формах. 11 лістапада вучні і педагогі нашай школы спрабавалі сілы ў творчым спаборніцтве. Па выніках праслухоўвання Аляксей Кузьміч (настаўнік Марыя Лопух) стаў лаўрэатам ІІІ ступені, а настаўнік Таццяна Чэрская (канцэртмайстар Таццяна Каралёва) — лаўрэатам І ступені”.

Кацярына Рудзік паведамляе, як на Ашмяншчыне прайшоў Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Цэнтрам свята стаў аграгарадок Гальшаны. Ушанавалі работнікаў палёў і фермаў. Працавала бібліякавярня, дзеці весяліліся на спартыўных і гульнявых пляцоўках. У святочным канцэрце ўзялі ўдзел народны ансамбль песні і танца “Крыніцы”, народны тэатр танца і песні “Імпульс”, дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята”, салісты Гальшанскай ДШМ.

Згаданае вышэй свята адзначылі і на Ашмянскім мясакамбінаце. Перад працаўнікамі прадпрыемства выступілі народны ансамбль народнай песні “Жытніца”, народны тэатр танца і песні “Імпульс”.

А ў сельскім клубе аграгарадка Станцыя Ашмяны прайшоў сямейны вечар-гульня “Зігзаг удачы”. Па словах Таццяны Лапато, на гульнявым полі сапернічалі дзве каманды, якім прыйшлося адказваць на самыя розныя пытанні: інтэлектуальныя і жартаўлівыя. Мо не ўсё атрымалася так, як жадалася. Але вечар стаў пробным крокам у далейшым развіцці сямейных акцый у маштабах аграгарадка. Усё правільна: без эксперыменту няма творчасці.

У раённай дзіцячай бібліятэцы Ашмянаў ладзіўся семінар “Роля бібліятэчных устаноў раёна ў папулярызацыі экалагічных ведаў”. Там прэзентавалі вынік яшчэ аднаго эксперымента — акцыі “Мех гісторый” па кнізе Канстанціна Паўстоўскага “Заечыя лапы” з удзелам трэцякласнікаў сярэдняй школы № 3. Дзеці даставалі з “меха” вершы, пытанні, эпізоды кнігі, якія абмяркоўвалі і спрабавалі інсцэніраваць. Аматарскае аб’яднанне “Лялечны карагод” паказала экалагічную казку.

Аддзел метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры паведаміў пра раённы агляд-конкурс калектываў вакальна-харавога жанру сельскіх клубных устаноў. Конкурс прайшоў у аграгарадку Кальчуны і называўся “Напеў зямлі маёй”. У мерапрыемстве прымалі ўдзел дзевяць калектываў. У намінацыі “Фальклорны вакальны гурт” першае месца заняла “Скарбніца” з Кальчуноў, другое — гурт “Выток” з Мураванай Ашмянкі. Трэція месцы прысуджаны ансамблю “Рамонак” з Гальшанаў (намінацыя “Дзіцячая вакальная група”) і гурту “Рабінушка” са Станцыі Ашмяны. Дыпломамі “За прапаганду харавога жанру ў раёне” адзначаны калектывы аграгарадкоў Кракоўка, Кальчуны, Мураваная Ашмянка і вёскі Будзёнаўка.

Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі Святлана Галінская даслала інфармацыю пра раённую супрацьтытунёвую акцыю. На дыспут запрасілі навучэнцаў аграрна-тэхнічнага каледжа, псіхолага з раённай бальніцы Валянціну Масілевіч, якая правяла з падлеткамі трэнінг. Вельмі хочацца верыць, што кожны з прысутных усвядоміў: “Курэнне — шкоднае для здароўя”.

За здаровы і законапаслухмяны лад жыцця змагаюцца і ў аграгарадку Альшаны, што ў Столінскім раёне. Галіна Гашчук піша: “У мясцовым сельскім цэнтры культуры прайшоў раённы семінар клубных работнікаў. Было прэзентавана мерапрыемства з удзелам школьнікаў сёмых-дзявятых класаў. Вусны часопіс складаўся з дзвюх частак. Першая прысвячалася прафілактыцы правапарушэнняў, другая — здароваму ладу жыцця”.

Навіна з Мастоўшчыны. Бібліятэкар Пескаўскай сельскай бібліятэкі Галіна Гайдаш распавядае пра чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Зносіны”. Гаворка на ім ішла пра беларускі нацыяльны касцюм і нашу традыцыйную культуру. Прысутныя агледзелі калекцыю строяў. Галіна Гайдаш і Валянціна Якубік правялі майстар-клас па народных танцах, майстрыхі Аляксандра Клімовіч і Валянціна Чубрык прэзентавалі свае вышыўкі на ручніках, сурвэтках і абрусах, Таццяна Клімчук і Марыя Іванова — свае вязаныя вырабы, а Валянціна Якубік — калекцыю пакрывалаў, якія выткала яе мама.

Цягам месяца ў Ганцавіцкім раённым доме рамёстваў ладзілася гульнёва-забаўляльная праграма “Вяселле”. Наведвалі мерапрыемствы выхаванцы дзіцячых садоў і школьнікі. Дзеці мелі магчымасць паўдзельнічаць у абрадах: пасядзець на дзяжы, накрытай кажухом, упрыгожыць вясельны каравай.

Яшчэ адна інфармацыя з Ганцавіцкага раёна. Загадчыца Раздзялавіцкай сельскай бібліятэкі Ганна Рабцэвіч разважае пра сутнасць і карысць сямейнага чытання. І прыводзіць прыклад: Антаніна Макарская — адна з актыўных чытачак, прывучыла да кнігі ўсіх родзічаў — мужа, сына, дачку і іхніх дзяцей.

Пра тое, што харэаграфічныя ансамблі “Лявоніха” і “Зорка” з Віцебска пацвердзілі найменне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”, напісала галоўны балетмайстар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра Вольга Панэ. З гэтай нагоды ў канцэртнай зале “Віцебск” прайшлі два вялікія справаздачныя канцэрты.

Чытальная зала Бешанковіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі стала месцам правядзення семінара, што прысвячаўся 125-годдзю з дня нараджэння беларускага графіка Саламона Юдовіна, ураджэнца Бешанковічаў. У рабоце семінара прынялі ўдзел супрацоўнікі Дзяржаўнага архіва Віцебшчыны, абласнога краязнаўчага музея, Віцебскага мастацкага музея, мясцовыя краязнаўцы. Загадчык аддзела абслугоўвання цэнтральнай раённай бібліятэкі Надзея Куц распавядае: “Упершыню на радзіме мастака экспанаваліся копіі графічных работ з адлюстраваннем Бешанковічаў дваццатых гадоў мінулага стагоддзя, партрэтаў мясцовых жыхароў, кніжная графіка”.

З Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці паведамляюць: у Ганчарскім доме культуры прайшло фальклорнае свята “Цуда-печка”. Цяжка ўявіць без яе сялянскую хату. У печы гатавалі, на ёй спалі, у ёй мыліся. Пра гэта і гаварыў Дамавік — захавальнік хатняга агменю. У Ёдках шанавалі… капялюш. Натуральна, называлася акцыя “Уся справа ў капелюшы”. Падчас яе адбыўся вернісаж гэтых галаўных убораў і паказ спектакля лялечнага тэатра “Жывая шляпа”. Работнікі ж Ваверскага дома культуры правялі традыцыйны абрад “Багач”.

У Смаленскім абласным цэнтры народнай творчасці працуе выстава “Віцебская кераміка”. У экспазіцыі — 250 вырабаў лепшых мастакоў керамістаў з Ушацкага, Шумілінскага, Сенненскага, Чашніцкага, Талачынскага, Дубровенскага раёнаў, а таксама — з фондаў Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Пра гэта напісала вядучы метадыст гэтай установы Ала Лялькіна.

Па словах загадчыка аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алены Ламека, у аграгарадку Каралін прайшло мерапрыемства па ўшанаванні калодзежа. Узорны аматарскі калектыў “Кашалёўская скарбонка” паказаў абрад “Ахвяраванне калодзежу”. Уся праграма была заснавана на мясцовых традыцыях.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"