“Быццам храбрэйшым cтаць…”

№ 23 (841) 07.06.2008 - 13.06.2008 г

... Трыццаць дзве тысячы чалавек прыйшлі пакланіцца мошчам праваслаўнага святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў мінскі прыход у гонар іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць”. Каўчэг з часцінкай мошчаў святога 29 — 31 мая знаходзіўся ў сталіцы Беларусі, прыбыўшы са Свята-Троіцкай Аляксандра-Неўскай лаўры, што ў Санкт-Пецярбургу.

- Прыкласціся да святых мошчаў - вялікае шчасце, - сказаў мне Барыс Сідоркін, сівы ўжо чалавек, які служыў калісьці ў арміі на далёкай Чукотцы. - Гэта быццам храбрэйшым стаць...
 /i/content/pi/cult/164/1475/A.Neuski.jpg
Мусіць, такое адчуванне былога салдата не падасца дзіўным. Аляксандр Неўскі - нябесны апякун воінаў. Хаця ён і быў вялікім князем, але раздзяліў лёсы простых ваяроў, пражыў сумленна "хрыстовым чалавекам". Яго прыклад дапамагае і цяперашнім вайскоўцам, у якіх бы войсках тыя ні служылі. Таму абразок Аляксандра Неўскага на ўдачу атрымлівае кожны, хто прыклаўся да каўчэга з мошчамі, - і былы франтавік, і салдат, і малы хлопчык... Дарэчы, ікону Аляксандра Неўскага пад час прынясення мошчаў таксама прывезлі на нашу зямлю.
Самому князю давялося змагацца з многімі ворагамі, якія з усіх бакоў нападалі на Русь. Бог даў яму мудрасць пазбягаць міжусобіц. У 1240 г. шведы арганізавалі паход супраць Наўгародскага княства.
Іхні ваявода Ярл Біргер увайшоў на караблях у Няву і адсюль паслаў сказаць Аляксандру: "Калі можаш - супраціўляйся, але ведай, што я ўжо тут і паланю тваю зямлю." Аляксандр выступіў насустрач шведам з наўгародцамі і ладажанамі і раптоўна з'явіўся перад шведскім лагерам. Уласнаручна параніў Біргера дзідай у твар. Шведы ўцяклі... Гэтак князь выйграў адну з найвядомых у гісторыі бітваў пад назвай "Лядовае пабоішча" і спыніў нашэсце ворагаў на Русь.
Цікава, што пайшоў у Царства Нябеснае Аляксандр Неўскі манахам. Ён прыняў пострыг, добраахвотна адышоўшы ад дзяржаўных і ратных спраў. А калі захварэў і сканаў, у манастыр прыехаў Мітрапаліт Маскоўскі. Ён і адпяваў Аляксандра. І здарыўся цуд: ужо ў труне нябожчык працягнуў руку і ўзяў "дазваліцельную грамату"... Гэта здарылася ў лістападзе 1263 г. у Гарадцы Волжскім. Цела Аляксандра было пахавана ва Уладзіміры ў царкве Нараджэння Багародзіцы, а шмат пазней па загадзе расійскага імператара Паўла І перавезена ў Аляксандра-Неўскую лаўру ў Санкт-Пецярбург.
У 1725 г. імператрыца Кацярына заснавала ордэн Аляксандра Неўскага - адну з самых высокіх узнагарод Расіі. А пад час Вялікай Айчыннай вайны, у 1942 годзе, быў заснаваны савецкі ордэн Аляксандра Неўскага, якім узнагароджваліся камандзіры.

Вольга ЯГОРАВА
На здымку: абраз дабравернага князя Аляксандра Неўскага.