Творца, які паўсюль бачыць Беларусь

№ 47 (1330) 25.11.2017 - 01.12.2017 г

Калі ты класны кераміст, ты абыякавы да таго, што нехта глядзіць на кераміку як на ніжнюю прыступку скульптуры. Сапраўдны жывапісец, які рэалізуе свой талент на прасторы невялікага палатна, не будзе зайздросціць манументалісту, чыё поле дзейнасці вымяраецца плошчай у дзясяткі квадратных метраў. А майстар, які спасціг космас акварэлі, наўрад ці спакусіцца выразнымі магчымасцямі алейных ці акрылавых фарбаў.

/i/content/pi/cult/666/14749/12.jpgАкварэль я згадаў нездарма, бо гаворка ідзе пра майго калегу з часопіса “Мастацтва” Вячаслава Паўлаўца, выдатнага адмыслоўца гэтай тэхнікі, і пра ягоную выставу “Акварэльны сусвет”, якая праходзіць у сталічным Палацы прафсаюзаў. Паводле фармальных адзнак акварэль далучаюць да графікі, але сутнасна — гэта жывапіс. Кожны, хто мае мастацкую адукацыю, праходзіў праз этап засваення акварэлі. Але тых, хто застаўся верны ёй на ўсё творчае жыццё, няшмат. Надта ж капрызная тэхніка. У адрозненне ад алейных фарбаў акварэль не вытрымлівае наслаенняў і губляе колер, калі па адным месцы прайсціся пэндзлем некалькі разоў. Мазок у акварэліста мусіць быць дакладным як стрэл снайпера. Акварэліст па псіхалогіі і менталітэце блізкі да майстроў традыцыйнага кітайскага і японскага жывапісу, якія доўга ўглядаюцца ў тое, што мусіць стаць выявай на паперы, а потым малююць гэта літаральна двумя-трыма дотыкамі пэндзля да аркуша. Так працуе і Вячаслаў Паўлавец.

Асабліва добра майстар адчувае паэтыку зімы, шматлікія адценні белага колеру. На яго карцінах шмат разоў бачанае і звыклае набывае рысы непаўторнасці. Глядзіш на немудрагелістыя краявіды, дзе чалавек заўжды недзе “за кадрам” (ягоная прысутнасць віртуальная — праз знакі быцця і някідкія рэаліі цывілізацыі), і думаеш, што, відаць, такой прыгожай была Зямля ў першы дзень Стварэння.

Памятаю, я запытаўся ў Вячаслава, ці ёсць у яго ў Беларусі ўлюбёныя мясціны, якія асабліва натхняюць. Вось, кажу, канкрэтна гэтыя краявіды ты дзе пабачыў? І быў вельмі здзіўлены, пачуўшы, што шэраг пейзажаў, якія я лічыў вышэйшай пробы беларускай аўтэнтыкай, створаны мастаком у замежжы. Вячаслаў Паўлавец — творца, які паўсюль знойдзе Беларусь. І менавіта гэты талент робіць яго нацыянальным мастаком.

У ягоных акварэлях ёсць нешта ад старых чорна-белых фатаграфій. І не ў тым справа, што на першы погляд яны падаюцца манахромнымі — белае, шэрае, чорнае. Бо як угледзішся, дык бачыш, што ў гэтых трох пазіцыях мастак змяшчае ўсю шматколернасць свету. Карціны Паўлаўца — гэта немітуслівая старасвецкасць, выспы якой нейкім цудам захаваліся сям-там на абшары нашай дынамічнай краіны. Гэта тое, аб чым мы сумуем пасярод гарадскога тлуму.

Хадзіць па выставе Вячаслава Паўлаўца — амаль тое ж самае, што гартаць чыйсьці сямейны альбом, вельмі падобны на твой уласны. Глядзіш на краявід, кшталту таго, што памятаеш з дзяцінства, згадваеш сябе — якім ты быў калісьці — і свой свет тае пары. І гэтым адчуваеш дынаміку часу, засведчаную ўпэўненаю рукою мастака.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"