Скарынавы кантэкст нашай рэчаіснасці

№ 47 (1330) 25.11.2017 - 01.12.2017 г

Падводзіць вынікі 500-гадовага юбілею беларускай друкаванай кнігі пакуль зарана, але ўжо відавочна, што гэта дата не згубіцца ў шэрагу культурных і палітычных фэстаў. Тое засведчыла і рэспубліканская мастацкая выстава “Скарыніяна”, што на мінулым тыдні адкрылася ў сталічным Палацы мастацтва.

Параўноўваю, як мы святкавалі 450-годдзе Скарынавай справы ў БССР і сёлетні юбілей у суверэннай Беларусі. Іншыя акцэнты, маштаб, а галоўнае — настрой. Для беларусаў савецкай эпохі з прычыны адпаведнага выхавання Сярэднявечча было чымсьці далёкім, нават чужым. У свядомасці людзей яшчэ не была выбудаваная сістэма, для якой Скарына і ягоныя паслядоўнікі не былі б экзотам. Сёння ж мы адзначаем юбілей Скарынавай справы як крэўнае свята. Прагрэс відавочны.

У значнай ступені экспазіцыйны шэраг “Скарыніяны” ўяўляе з сябе версіі Скарынавага партрэта, змешчанага ў ягонай “Бібліі”. Найлепшае — гэта не работы моладзі, а творы сталых майстроў, якія сказалі сваё важкае слова ў Скарыніяне яшчэ 30 — 40 гадоў таму. Менавіта тады ў Беларусі акрэслілася цікавасць да нацыянальнай гісторыі, што цалкам натуральна: калі будучыня няпэўная, людзі шукаюць уласную тоеснасць і духоўнае апірышча ў станоўчых вобразах мінуўшчыны. Тое, што сёння не назіраецца абвостранай цікавасці да сацыяльна значных тэм і ідэй, якія адносна нядаўна лічыліся надзвычай актуальнымі, лічу знакам сацыяльнай стабільнасці. Таму маладыя творцы ўспрымаюць Скарыну не як гістарычны брэнд, але як дадзенасць. Для іх зварот да такой тэмы не пакліканне душы, а падстава паўдзельнічаць у рэспубліканскай выставе.

Сэнсавы і эмацыйны стрыжань яе экспазіцыі трымаюць майстры старэйшага пакалення. Першым сярод іх назаву Гаўрылу Вашчанку. На яго палатне “Нашчадкам” Скарына сядзіць за сталом, за спінаю беларускі краявід з дарогай, на стале — свечка і раскрытая кніга, побач — свабоднае крэсла. Палачанін нібы чакае кагосьці. Паводле вобразнага ладу карціны гэта мусіць быць чалавек з будучыні.

Упрыгожаннем выставы сталі ўжо амаль класічныя кніжныя ілюстрацыі Віктара Мікіты і Міколы Купавы, станковая графіка Льва Алімава, Міхася Басалыгі, жывапіс Георгія Скрыпнічэнкі. Палітычныя і культурныя рэаліі часу, якія сфарміравалі асобу Скарыны, адлюстраваны ў гістарычных партрэтах графіка Рыгора Сітніцы, скульптара Сяргея Аганава, жывапісца Алены Шлегель. Нямала краявіядаў роднага горада Першадрукара з абавязковй выявай Сафійскага сабора. Найбольш цікавым у гэтым шэрагу падалася акварэль Фёдара Кісялёва “Азёрная балада”.

Шэраг мастакоў распрацоўваюць тэмы друкаванага слова як зерня, кінутага ў раллю. Гэта скульптура Аляксандра Сакалова і плакат Дзіянісія Лявоцьева, графіка Паўла Татарнікава. Вялікі графічны цыкл, які можна лічыць філасофскім асэнсаваннем Скарынавых тэкстаў, прадставіў Юрый Якавенка.

Мноства твораў выставы перакачавалі наўпрост з “ЛітАрту” — кампазіцыі Усевалада Свентахоўскага, Юрыя Тарэева, Аляксандра Кулажанкі. Манументальных памераў аб’ект “Viktoria” Канстанціна Селіханава грамада таксама ўжо бачыла.

Самая ўдалая частка экспазіцыі — інсталяцыя з узноўленага друкарскага абсталявання часоў Скарыны: вельмі эфектна. Увогуле выстава ўсё ж такі атрымалася і засведчыла сённяшні ўзровень разумення асобы Скарыны ў гісторыі і сённяшняй рэчаіснасці.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"