Кінарэпартаж з мінуўшчыны. Палеская хроніка з венецыянскай адзнакай

№ 23 (841) 07.06.2008 - 13.06.2008 г

У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў з 26 па 30 мая прайшоў Тыдзень фальклорна-этнаграфічных фільмаў, арганізаваны аддзелам традыцыйнай культуры і факультэтам традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва. Першай гледачы ўбачылі даваенную дакументальную кінастужку “Палессе — краіна сумных песень”…

…У 1935 годзе ўладальнікі эксперыментальнай кінастудыі “Авангард” у Варшаве — рэжысёр Максімілян Эмер і аператар Ежы Маліняк знялі на Брэстчыне 4 кароткаметражныя дакументальныя фільмы з цыкла “Палессе”: “З краіны сумных песень”, “Бура”, “Гарадная — вёска гліняных гаршчкоў”, “На водных шляхах”.

Пра гэта я даведалася з энцыклапедыі па гісторыі польскага кіно пасля таго, як у архіве Галоўнага статыстычнага ўпраўлення (GUS) у Варшаве, у фондзе, дзе сабраны дакументы міжваеннага часу з Заходняй Беларусі — так званых “крэсаў усходніх”, выпадкова натрапіла на машынапіс М.Эмера пад назвай “Як мы здымалі кіно на Палессі”. Прачытаўшы пра цікавыя прыгоды варшаўскіх кінематаграфістаў на нашай зямлі, вырашыла адшукаць знятыя імі фільмы.

 /i/content/pi/cult/164/1474/Kinarepartazh1.jpg
У кінаархіве Варшаўскай кінастудыі дакументальных і мастацкіх фільмаў (WFDiF), куды звярнулася, быў знойдзены толькі першы фільм цыкла — “З краіны сумных песень”, зроблены ў жанры рэпартажу. Здаецца, я была першай, хто пацікавіўся ім за пасляваенныя дзесяцігоддзі, прычым дзівіць ужо сам факт уратавання гэтай стужкі. Магчыма, таму кінаархіў пагадзіўся бясплатна прадаставіць відэакопію фільма для прагляду ў Беларусі. Ён дэманстраваўся ў нас упершыню ў рамках выстаўкі “Палессе, якога не ведаем”, падрыхтаванай студэнтамі-этнолагамі Варшаўскага універсітэта, і быў паказаны ў 1997 г. у Брэсце, Кобрыне, Пінску і Мінску. А пазней мая польская каляжанка Ганна Энгелькінг убачыла ў “Гадавіку Усходніх зямель і календары на 1937 год” публікацыю ўспамінаў рэжысёра фільма М.Эмера, архіўны рукапіс якіх і прывёў да знаходкі фільма.

Цікавасць да Палесся ў М.Эмера не была выпадковай. Нагадаем: Заходняе Палессе пасля 1921 года апынулася ў межах Польшчы. У тыя гады гэты край успрымаўся як адзіны ў Еўропе запаведнік некранутай прыроды і этнаграфіі, які, нібы казачная краіна, вабіў навукоўцаў, турыстаў, фатографаў, аматараў рыбалкі і палявання з Польшчы, краін Заходняй Еўропы і нават ЗША. Далёка разносілася слава пра “Палескія кірмашы” ў Пінску. Спрыяла гэтаму добра наладжаная чыгуначная сувязь паміж Варшавай, Брэстам і Пінскам. З развіццём кіно і ўдасканаленнем апаратуры ўсё больш папулярнай рабілася кінадакументалістыка. Таму было натуральна, што ўладальнікі эксперыментальнай кінастудыі “Авангард” у Варшаве вырашылі зрабіць дакументальныя фільмы аб Палессі.

У складзе трох чалавек — рэжысёра М.Эмера, аператара Е.Маліняка і яго асістэнта — кіназдымачная група ў пачатку лета 1935 года рушыла з Варшавы па чыгунцы на Палессе. З Брэста накіравалася водным шляхам па Мухаўцы да Кобрына і далей па Каралеўскім канале і рацэ Піне ў Пінск — “сталіцу Палесся”.

Члены кінагрупы былі зачараваны задуменнымі краявідамі, якія паўставалі па берагах рэк і каналаў. Яны патрапілі ў навальніцу, і, уражаныя стыхіяй, з борта судна знялі рэпартаж, які быў потым пакладзены ў аснову фільма “Бура”. Быў зроблены таксама фільм “На водных шляхах Палесся”, які карыстаўся вялікай цікавасцю ў гледачоў і быў набыты Міністэрствам рэлігіі і асветы Польшчы для паказу ў школах дзеля пашырэння ведаў аб Палессі.

Здымачная група затрымалася ў Пінску і адсюль рабіла “кінадэсанты” на падводах і рыбацкіх лодках у Целяханы, Масты Валанскія, на Каралеўскі і Агінскі каналы. Варшаўскія кінадакументалісты здымалі старажытныя смалярні, якія не змянілі свайго выгляду з дагістарычных часін, пераправу конных павозак на пароме і ўброд праз рэкі і рачулкі, ворыва на валах, жніво, сенакосы...

У Пінску на стужку трапіў знакаміты рыбны кірмаш на лодках, які праводзіўся на раце Піне пад мурамі былога езуіцкага калегіума. Каб гандляры і пакупнікі ў фільме паводзілі сябе нязмушана, аператар вымушаны быў замаскіраваць малую аўтаматычную кінакамеру ў газету.

Па запрашэнні князя Караля Радзівіла група накіравалася з Пінска ў лясніцтва Любовіж. Адсюль па рацэ Льва на лодцы яна патрапіла ў самае сэрца палескай пушчы — “палескія джунглі” з некранутым прыродным і жывёльным светам. М.Эмер успамінаў, як
 /i/content/pi/cult/164/1474/Kinarepartazh2.jpg
прабіраліся яны ў пушчанскія лясы і балоты па кладках і грэблях, якія падымаюцца тут на вышыню да двух метраў і цягнуцца на кіламетры, як моклі ў вадзе, як неміласэрна джалілі іх камары. Даймала варшавян і спякота, пакутавалі і ад голаду, бо не знаходзілі ў палескіх вёсках звыклай для іх ежы. Спалі на падлозе ў вясковых школках, на фурах і ў стадолах.

На балоцістыхсенакосах кінематаграфісты на ўласным досведзе зразумелі карысць лапцей. На мокрых заліўных лугах скураны абутак варшавян хутка намок, неўзабаве яны нацёрлі да крыві ногі, а тым часам палешукам-касцам у лапцях было вельмі зручна. Сяляне са здзіўленнем назіралі за аператарам з камерай: у палескай глыбінцы ў той час яшчэ і не чулі пра кіно. Некаторыя думалі, што паны з Варшавы робяць “картачкі для пашпартоў”.

Вельмі ўразіла аўтараў фільмаў, што палешукі, працуючы, увесь час спяваюць мілагучныя песні, выдатна падбіраючы галасы. Рэжысёр вырашыў агучыць рэпартаж з Палесся песнямі ў выкананні палешукоў. Тэхнічныя магчымасці кінакамер на той час не дазвалялі рабіць сінхронны запіс, не было ў іх і апаратуры для асобнай фіксацыі палескіх спеваў. Таму пасля вырашылі запрасіць у Варшаву некалькі палешукоў і запісаць іх спевы ў студыі. Але сучасныя этнамузыколагі кажуць, што ў фільме гучаць апрацаваныя спевы ў выкананні хору, далёкія ад аўтэнтычнай палескай манеры выканання. Магчыма, для агучвання фільма насамрэч быў запрошаны адзін з вясковых хораў, створаных у тыя гады ў Заходняй Беларусі.

У фільме ёсць кадры з буслом буйным планам. Паводле згадак рэжысёра, спроб зняць бусла зблізку было шмат, але птушкі штораз узляталі, калі да іх набліжалася камера. Удача ўсміхнулася толькі на пачатку восені, калі буслы ўжо адляцелі ў вырай. Нечакана каля вёскі ўбачылі самотнага бусла пэўна, недастаткова моцнага для пералёту. Ён нават дазволіў узяць сябе на рукі і перанесці на больш выгоднае для здымкі месца.

У глыбінцы Палесся дакументалісты меркавалі яшчэ зняць лекараў — шаптуноў, знахараў. Але перашкодзіла раптоўная хвароба аператара, яго трэба было везці ў бальніцу. З далёкага Старога Сяла дарога на павозках да павятовага Століна заняла тры дні.

Дачакаўшыся выздараўлення калегі, здымачная група накіравалася ў вёску Гарадная. Тут, у цэнтры палескага ганчарнага промыслу, за тры дні быў зняты фільм “Гарадная — вёска гліняных гаршчкоў”.

Адтуль праз Давыд-Гарадок кінематаграфісты дабраліся да Аздамічаў на Століншчыне. У нядзелю яны зрабілі выдатныя кадры вясковага гуляння. Рэжысёр адзначыў, што мясцовае насельніцтва тут апранаецца вельмі каларытна і старанна. Камера паказвае адзенне сялян спераду і ззаду: жаночыя галаўныя ўборы “калачык” з хусткамі, кабаты, спадніцы з набіўных тканін, плеценыя сеткавыя паясы, фартухі, буйным планам — вышыўку на мужчынскіх сарочках, расшыўкі прыполаў жаночых сарочак, нізкі караляў, акуратна закручаныя аборы на анучах. Эпізоды нядзельнага адпачынку ў вёсцы пададзены ў некалькіх удала зрэжысіраваных і разам з тым вельмі натуральных сцэнках: выбар адзення з куфра, прыбіранне дзяўчыны і маладзёна, выхад святочна апранутых сялян пасля набажэнства з царквы, “праходкі” і танцы моладзі, забавы малых дзяцей, заляцанні хлопца да дзяўчыны ля калодзежа...

Заключная сцэна фільма “Палессе — краіна сумных песень”: стары паляшук на фоне навальнічнага неба моліцца перад прыдарожным крыжам.

За 4 месяцы ўдзельнікі здымачнай экспедыцыі перасеклі Палессе ад Брэста да мяжы з СССР і адзнялі 25 тысяч метраў кінаплёнкі. Праз аб’ектыў варшавян гэты край у 1935 і 1936 гадах убачылі шмат людзей у Польшчы і за яе межамі. На Міжнародным кінафестывалі ў Венецыі ў 1936 г. за праўдзівасць у кінадакументалістыцы і высокія мастацкія якасці аператарскай працы фільм “Палессе — краіна сумных песень” быў адзначаны сярэбраным медалём. Ён упісаны ў гісторыю польскага кіно як дасягненне кінадакументалістыкі.

Лёс уратаваў гэты фільм, але, на жаль, не пашчасціла астатнім тром стужкам з цыкла “Палессе”.

Але хто ведае: можа, у якіх-небудзь іншых польскіх ці заходнееўрапейскіх архівах захоўваюцца і яны, і калі-небудзь таксама дачакаюцца гледачоў, каб адкрыць ім казачную краіну — Палессе.

  

Вольга ЛАБАЧЭЎСКАЯ
На здымках: фотаздымкі 1930-х гг. Юзафа
Абрэмскага
з выдання “Палессе, якога не
ведаем —
фотаэтнаграфічная выстаўка”
(уверсе) Вяда, Косаўскі павет,
возера
Бабровіцкае, рыбакі здымаюць невад;
(унізе) Свенціца, Лунінецкі
павет, два вяскоўцы.