Прызыўнік “Песняроў” са Слоніма

№ 46 (1329) 17.11.2017 - 26.11.2017 г

Вы чулі, як спяваюць беларускія разведчыкі?
Строга кажучы, Ігар ДУДАРЧЫК — не апошняе набыццё Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”: пасля яго ў склад яшчэ ўліўся клавішнік і аранжыроўшчык Мікалай Потрусаў. Але прыйшлі яны ў калектыў з разбежкай літаральна ў некалькі дзён. “Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком” паказаў, што ў родным горадзе Ігар Леанідавіч карыстаецца ўвагай усеагульнай, і ўспрымаюць яго там ужо як асобу легендарную. Таму, мабыць, і не мог ён абмінуць легендарны жа ВІА. А мы з вамі не абмінем Слонім...

/i/content/pi/cult/665/14732/120.jpgЗвычайная гісторыя

Пачатак аповесці пра тое, як Ігар Дударчык стаў музыкантам “Песняроў”, эксклюзівам не адрозніваецца. Дзіця любіла спяваць. І любіла творчасць вышэйзгаданага ВІА. Гадоў у дзесяць хлапчук трапіў у тады яшчэ Раённы дом культуры (цяпер Слонімскі цэнтр культуры і адпачынку) — на нейкі чарговы конкурс мастацкай самадзейнасці ў складзе дзіцячага хору сярэдняй школы № 3, у якой ён вучыўся.

— А тыя, хто выступае ў цэнтры, абавязаны адпавядаць аднаму з галоўных крытэрыяў, якіх ён прытрымлiваецца ў сваёй дзейнасці, — кажа намеснік гэтай установы Аляксей Ткачоў. — Усе нашы мерапрыемствы павінны праходзіць на вышэйшым мастацка-эстэтычным узроўні, таму і артыстаў мы падбіраем адпаведных.

Тыя агляды школьных калектываў умове адпавядалі. Праз “вышэйшы ўзровень” разглядзелі і ў Ігары сольнага выканаўцу, калі ён спяваў у Гродзенскім дзяржаўным педагагічным каледжы, пераназваным пазней у Гуманітарны каледж дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы. Туды Дударчык паступіў, каб стаць... настаўнікам фізкультуры. І неяк добразычліўцы параілі кіраўніцтву СЦКiА: маўляў, жыве такі хлопец, які праслухоўванне на прадмет выступу ў цэнтры не сапсуе. Праслухалі і, нягледзячы на тое, што ніякай музычнай адукацыі ў Ігара не было (як няма і па гэтую пару), а “браў” ён дадзенымі выключна прыроднымі, пастанавілі: будзе спяваць са сцэны Цэнтра ў парадку індывідуальным. І спяваць ён стаў, збіраючы лаўрэацкія званні на разнастайных раённых, абласных, рэспубліканскіх песенных спаборніцтвах.

Пасля заканчэння каледжа Ігар аддаў доўг Радзіме ў выведвальным батальёне. Там ён не толькі вучыўся пранікаць у тылы верагоднага праціўніка, але і дэманстраваў сваё вакальнае майстэрства ў клубе. Праходзячы службу, паспяхова прайшоў адборачныя туры фестывалю армейскай песні “Звязда-2016” і перамог у фінале — праўда, ужо дэмабілізаваўшыся. На конкурсе Дударчык і патрапіў на вочы “песнярам”. (Ды і як мог не патрапіць, калі выконваў кампазіцыю “Хатынь” — з рэпертуару ансамбля?) У наступны раз удзельнікі калектыву яго адзначылі ў тым жа годзе на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”, дзе ён спяваў яшчэ дзве “песняроўскія” рэчы.

І што было рабіць з гэтым настырным маладым чалавекам? Правільна, зноў запрашаць на праслухоўванне, але цяпер ужо ў “Песняры”. З мінулага лістапада Ігар Дударчык з’яўляецца паўнапраўным членам калектыву з вялікай гісторыяй.

Наогул, для сваіх дваццаці сямі гадоў музыкант пражыў жыццё чалавека, які мог бы ўжо спакойна думаць пра душу. Але я не зношанасць арганізма маю на ўвазе: той, хто гадоў праз -наццаць возьмецца дапамагаць Ігару ў напісанні мемуараў, даведаецца, скажам, якія адзнакі пераважалі ў яго школьным дзённіку, чаму ж ён планаваў стаць выкладчыкам фізкультуры, што звязвала Дударчыка з “Газпрамам”, як яго “марынавалі” прадзюсары на тэлешоу “Акадэмія талентаў”...

У цэнтры ўвагі

Чым жа ўсё-такі адрозніваецца Слонімскі цэнтр культуры і адпачынку ад іншых устаноў аналагічнага профілю акрамя таго, што менавіта ў яго сценах мацаваўся талент Ігара Дударчыка? Ды хаця б тым, што па выніках года ўстанова павінна выканаць план у памеры 240 тысяч рублёў (у параўнанні з мінулым, ён вырас на 40 тысяч).

— Шмат, — сцвярджальна ківае на маё незаданае пытанне Аляксей Мікалаевіч. — Даводзіцца ламаць галаву над тым, як мы зможам гэтага дасягнуць.

Быццам бы дапамогай у атрыманні “барышоў” служыць далучаны да цэнтра ў 2014-м кінатэатр. Поле дзейнасці гэта пашырыла, але велізарных грошай не прынесла — прымальнай наведвальнасцю сеансы могуць пахваліцца пераважна на выхадных. Больш за тое, не так даўно ўзяўшы ў арэнду лічбавае абсталяванне, з дапамогай якога і дэманструюцца 2D- і 3D-фільмы, установа абавязана штомесяц выплачваць круглую суму арэндадаўцу. Выкупіць жа апаратуру СЦКiА сабе дазволіць не можа — з-за дарагоўлі. Аб праблеме гэтай наўрад ці ведаюць тыя населеныя пункты раёна, куды кінаперасоўка цэнтра спраўна пастаўляе навінкі.

Прыносяць фінансы калектывы ўстановы: на іх канцэрты слонімцы і госці горада ходзяць заўсёды з задавальненнем. Як і на выступы гастралёраў — айчынных і замежных. Хадзілі б яшчэ больш масава, але ў Слоніме бяда з тумбамі, на якіх можна было б размясціць анонсы мерапрыемстваў. А на бягучую электронную рэкламу, якая добра глядзелася б на прыгожым фасадзе будынка Цэнтра, лішніх грошай у яго таксама няма. Фасад, дарэчы, падрамантавалі ў 2014-м (у год мясцовых “Дажынак”) разам з залай і першым паверхам.

Ну а калі казаць канкрэтна пра адрозненні, спадар Ткачоў пералічыў то самае маштабнае, да чаго СЦКiА мае непасрэднае дачыненне: Рэспубліканскі фестываль сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці”; рэгіянальны “Паланэз”, які ўжо даўно перарос у міжнародны; свята нацыянальных культур “Сяброўства без межаў”.

І зноў пра мастацкі ўзровень

Тэатр у Слоніме паўстаў у сярэдзіне XVIII стагоддзя, а росквіт яго звязаны з гетманам Вялікага Княства Літоўскага Міхалам Казімірам Агінскім. Калі пусціцца ў фантазіі, гледзячы на цяперашнюю пышнасць залы Слонімскага драматычнага, які тры гады таму пераехаў у новы будынак, можна ўявіць сябе ў тым самым стагоддзі.

Прадставіўшыся галоўнаму рэжысёру Васілю Сяўцу ў яго кабінеце, спадар Дударчык адразу ж пакаяўся, што апошні раз быў у тэатры глыбокім школьнікам — не цягнула і не цягне яго дадзенае мастацтва. На маю рэпліку, маўляў, а як жа гэта суадносіцца з тым, што “Песняры” Уладзіміра Мулявіна вядомыя і сваімі, па сутнасці, тэатральна-музычнымі пастаноўкамі, Ігар адказаў: паспрабаваць нешта падобнае ў рамках калектыву ён не супраць, але пакуль такія праекты ў ім не абмяркоўваюцца. А размову з Васілём Васільевічам мы пачалі з абмеркавання наведвальнасці.

— Два гады таму яна была лепш, — прызнаецца спадар Сявец. — Такім чынам, для выканання плана даводзіцца патураць сённяшняй публіцы — ставіць п’есы не столькі высокага мастацкага ўзроўню, колькі прывабныя для публікі. Не хочуць гледачы ў сваёй масе задумвацца над “Самазабойцам” Эрдмана. Чаму так адбываецца? Справа, вядома, не ў тым, што людзі адразу высіліліся розумам. А ў чым тады?.. Напэўна, нашай культуры даўно пара замовіць сацыялагічнае даследаванне на актуальныя для яе тэмы — ад чаго залежыць наведванне ўстаноў, на што ідзе народ і чаму менавіта на гэта.

Але не ўсё так дрэнна. Разам з адданымі тэатру сланімчукамі крэслы ў зале займаюць і тыя, хто прыязджае на пастаноўкі з Баранавічаў, Дзятлава ці Ружан (між іншым, за год СДТ павінен паказаць 370 спектакляў). Трупа наносіць і візіты ў адказ: у кантэксце зараблення грошай без гастроляў (абменных у тым ліку) кашальку ўстановы давялося б зусім кепска.

Сярод нядаўніх творчых дасягненняў СДТ — удзел у Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча з сатырычнай паэмай “Тарас на
Парнасе” — прэм’еры гэтага сезону. А да Новага года выйдзе яшчэ адна — адноўленая п’еса “Хачу быць чараўніцай”: у цяперашняй гэтай пастаноўцы для дзяцей занятыя і тыя, хто граў у ёй гадоў дваццаць таму, будучы акцёрамі-пачаткоўцамі. На яе рэпетыцыю мы і патрапілі, завяршаючы тур па тых установах культуры Слоніма, якія калісьці наведваў сённяшні герой рубрыкі.

Яе вы самі заўважылі, іх не тое каб шмат. Не патрапілі ў гэты спіс ні бібліятэка, ні музей. Магчыма, прачытаўшы матэрыял, хто-небудзь з вас падумае: “І гэтаму справы няма да таго, чым жыла і жыве беларуская культура, да яе спадчыны”. Не буду
абараняць Ігара. Тым больш, у гутарках з цяперашнім пакаленнем айчынных артыстаў не раз заўважаў, што іх у пару юнацтва не надта вабілі тыя праявы культуры, якія наўпрост не тычыліся ўласнай кар’еры. Калі ў кімсьці з маіх суразмоўцаў і прачыналася да іх цікавасць, то гадоў гэтак з трыццаці. Што паробіш, такія асаблівасці цяперашняй творчай моладзі!

А з Дударчыкам, хочацца верыць, усё будзе ў парадку: у калектыве, у якім ён спявае, немагчыма абысціся любоўю толькі да адной роднай музыкі — “Песняры” заўсёды сілкаваліся і жылі тым, што адбывалася і адбываецца наогул у культуры Беларусі і яе гісторыі.

Такія добрыя словы

А ўжо амаль развітваючыся з горадам, мы са спадаром Дударчыкам наш план нават перавыканалі, зазірнуўшы ў тую самую школу № 3. І сустрэліся ў ёй з людзьмі, якія вучылі Ігара вакалу і рускай мове з літаратурай. Вось што яны думаюць пра выхаванца.

Святлана Бушланава, выкладчык спеваў: “З такім талентам як у яго, Ігар не мог не стаць яркім артыстам — і ён ім, на мой погляд, ужо з’яўляецца: музыкантам з вялікай літары “м” у ансамблі з вялікай літары “а”, бо што ў беларускай папулярнай музыцы можа быць вышэй “Песняроў”? Але ведаючы яго, перакананая: у жыцці Ігара будуць яшчэ многія і многія дасягнутыя ім вяршыні”.

Святлана Ханцэвiч, выкладчык рускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік: “Ігар — сціплы і самакрытычны чалавек, і па сваёй натуры — лідар. Гэтыя самыя амбіцыі, якія ў ім абмежаваныя натуральнымі рамкамі, і дазваляюць яму дамагацца поспехаў”.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"