Калі растуць баабабы?

№ 23 (841) 07.06.2008 - 13.06.2008 г

За 15 гадоў існавання музычная капэла “Санорус” на чале са сваім заснавальнікам і нястомным “рухавіком ідэй” Аляксеем Шутом паспела прайсці шлях ад абласнога камернага хору з Маладзечна да знанага сталічнага калектыву і, галоўнае, паўнавартаснай капэлы ў яе самым шырокім значэнні. Менавіта так разумелі капэлу ў музычнай культуры Беларусі ХVIII ст.: як калектыў, што яднае хор, аркестр, салістаў і здольны ўвасабляць нават музычна-тэатральныя творы. Доказам мабільнасці “Саноруса”, яго здольнасці да крэатыву сталі дзве нядаўнія падзеі: замежныя гастролі і, следам, прэм’ера оперы А.Мдзівані “Маленькі прынц”.

Да тэатра “Санорус” ішоў спакваля. А вось да беларускага рэпертуару — з самага пачатку. Яшчэ ў сваё маладзечанскае жыццё-быццё ён адным з першых горача адгукаўся на ўсе харавыя партытуры з-пад пяра нашых кампазітараў.

На жывым выкананні калектыву трымаўся эксперыментальны спектакль “Господи, помилуй” Барыса Луцэнкі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага, заснаваны на духоўных творах беларускіх кампазітараў Сяргея Бельцюкова і Алега Залётнева.

Далейшымі прыступкамі па лесвіцы, што вядзе да тэатральнай сцэны, былі не толькі кантаты, араторыі, буйныя тэматычныя праграмы, але і канцэртнае выкананне оперы Ц.Кюі “Кот у ботах”, тэатралізаваная паводле сваёй сутнасці сімфанічная казка “Пеця і воўк” С.Пракоф’ева. Але паўнавартасная опера? Ды яшчэ вырашаная з дзёрзкім парушэннем звыклых традыцый, паводле найновых еўрапейскіх “нарматываў”? А, між тым, менавіта такім паўстаў “Маленькі прынц”.

Цікава, што сама ідэя гэтага твора з’явілася не ў кампазітара, а ў кіраўніка капэлы А.Шута: ён папрасіў Андрэя Мдзівані, з якім плённа супрацоўнічаў раней, напісаць такі дзіцячы твор, з якім можна будзе гастраляваць па рэспубліцы.

А той абраў “Маленькага прынца” і звярнуўся, адпаведна, да доктара мастацтвазнаўства Вадзіма Яканюка з просьбай стварыць чарговае лібрэта (іх першай сумеснай працай быў пакуль не пастаўлены мюзікл “Міс Мэнд”). Вярнуўшыся ў капэлу ў выглядзе гатовай партытуры, твор набыў канчатковы выгляд: для большай даступнасці быў уведзены чытальнік “ад аўтара”, што надало оперы рысы аратарыяльнасці і радыёспектакля. Сталічнаму бамонду, мабыць, літаратурны каментарый мо і перашкаджаў, але, паказваючы оперу для непадрыхтаванай дзіцячай аўдыторыі, як гэта і робіць “Санорус”, без прысутнасці на сцэне Мікалая Казініна ў ролі Антуана дэ Сент-Экзюперы не абысціся.

Самым адметным складнікам пастаноўкі стала ідэя ўвасаблення оперы ў сучаснай манеры з выкарыстаннем старажытнагрэчаскіх традыцый (мастак — Андрэй Меранкоў). Замест звыклых дэкарацый — адно чорны фон. І поўны месяц, што пераліваецца ўсімі фарбамі вясёлкі. Сцэнічныя строі фіксуюць адну-дзве яркія, запамінальныя дэталі. Таму артысты хору, якія разам з падзеленым на дзве часткі аркестрам сядзяць на сцэне, ствараючы абрысы амфітэатра, могуць вокамгненна ператварацца ў дзейных асоб, выходзячы ў сольных партыях. Дый уся пастаноўка — найперш займальная гульня, што падабаецца і дзецям, і дарослым, пачынаючы з саміх удзельнікаў спектакля.

 /i/content/pi/cult/164/1473/Kamerton.jpg
Спяваючы пра баабабы, артысты махаюць галінамі дрэў. Чакаючы выхад Караля, накідваюць на сталы, за якімі сядзяць пад час усяго спектакля, чырвоныя абрусы, жанчыны бяруць у рукі вееры. У сцэне са Славалюбам радасна пускаюць мыльныя бурбалкі і ўвогуле пачуваюць сябе, бы тая “група падтрымкі”, узброеная прывітальным плакатам. Каб паказаць, што “мы прыручаем, нас прыручаюць”, дастаткова чырвонага шаліка. Вось толькі з паветранымі шарыкамі, на мой погляд, атрымаўся “перабор”: калі павольна лунае першы, нагадваючы бутон Ружы, гэта выглядае арыгінальнай знаходкай. Калі ж потым узлятаюць астатнія — у гонар іншых дзейных асоб, дык кожны наступны паўтор успрымаецца ўсё больш блякла.

А як папрацаваў рэжысёр Ягор Лёгкін! Кожнага з артыстаў хору, якія прызвычаіліся “хавацца” ў масоўцы, ён ператварыў у сапраўднага артыста, прычым некаторыя выконваюць нават па дзве рознахарактарныя ролі. А наколькі натуральна, надзвычай эмацыйна паводзіць сябе лаўрэат міжнародных конкурсаў Таццяна Пятрова ў нязвыклым для яе амплуа травесці — “сапраўднага” Маленькага прынца, у якога пад час развітання з Ружай нават слёзы на вачах з’яўляюцца!

Характары дзейных асоб выдатна закладзены ў музыцы — найперш у вакальнай і харавой партыях. Аркестру ж застаецца хіба “агульнае суправаджэнне”, надта шчыльнае па аркестроўцы, пазбаўленае яркіх сола і тэмбрава адметных ансамблевых спалучэнняў, якія прэтэндавалі б на партрэтныя замалёўкі (можа, таму, што менавіта гэтыя сродкі былі выкарыстаны Я.Глебавым у аднайменным балеце). А.Мдзівані, напісаўшы за свой век шмат канцэптуальных сімфанічных партытур, заснаваных на непарыўным працэсуальным развіцці, раскрыўся ў гэтым творы, нарэшце, як супермеладыст, здольны стварыць надзвычай простыя і запамінальныя, але зусім не трывіяльныя інтанацыйныя “эмблемы”, прычым менавіта вакальныя і харавыя, што, мабыць, яшчэ складаней. З першай вакальнай фразы — “Намалюй-ка мне баранчыка”, укладзенай у вусны Маленькага прынца, і да апошняй ноты спектакль трымае не толькі глядацкую, а менавіта слухацкую ўвагу.

Кампазітар удала карыстаецца жанравымі пародыямі. Ружа з яе фіярытурамі нагадвае оперную прымадонну, адлёт Маленькага прынца — бравурны марш, куплеты Вясёлага п’яніцы— вадэвіль, хор Руж — банальны раманс. Дапамагаюць і разнастайныя харавыя сродкі: падвыванні на літару “у-у-у” — калі растуць Баабабы, ледзь чутны, але даволі страшны, злавесны шэпт — пры з’яўленні Змяі.

А Дзелавы чалавек увогуле пазбаўлены ўласнага голасу, што выклікае шмат філасофскіх асацыяцый: ён толькі пячаткі ставіць ды грошы лічыць, спявае ж за яго — хор.

Лібрэта вызначаецца такім жа “пападаннем у лузу”: у ім ёсць і кідкія, ажно да сцёртасці, рыфмы (для дзяцей), і багатыя асацыятыўныя повязі (для дарослых). Адзінае, хіба, з чым цяжка пагадзіцца — гэта з жанравым вызначэннем спектакля як оперы-прытчы (асабліва пасля таго, як маладая кандыдат мастацтвазнаўства Наталля Ганул абсалютна дакладна вызначыла ў сваіх шматлікіх працах прыкметы гэтай жанравай разнавіднасці і іх развіццё ў творчасці Сяргея Картэса).

Спектакль куды больш блізкі да “школьнай оперы”, калі ўлічваць такія рысы апошняй, як вялікая колькасць дзейных асоб (пераважна мужчынскага полу), спалучэнне мастацкіх здабыткаў старажытнагрэчаскага, сярэднявечнага і класіцысцкага тэатраў, гульнёвыя моманты ў пастаноўцы, завершанасць нумароў, наяўнасць “вядучага”, які ўводзіць у дзеянне, і хору ў ролі каментатара падзей.

Дзеці і іх бацькі (прычым пераважна на перыферыі, бо пастаноўка якраз і рыхтавалася як выязны “спектакль на колах”) атрымалі папраўдзе шыкоўны падарунак. Музычная культура Беларусі папоўнілася не толькі новым адметным творам (у шэрагу дзіцячых опер гэта ледзь не самы яскравы на сённяшні дзень узор), але і ўдалым развіццём на нашай нацыянальнай глебе лепшых сусветных пастаноўчых здабыткаў сучаснасці.

 

Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: сцэна з оперы ”Маленькі прынц”.
Фота Ігара КУЗНЯЦОВА