Згодна з уставам конкурсу, талісман павінен адпавядаць афіцыйнаму слогану Bright Year, Bright You (“Час яскравых перамог”) і пэўным крытэрыям. “Гэта не толькі традыцыі, гісторыя і культура нашай краіны, але і алімпійскія каштоўнасці, якія з’яўляюцца асноватворнымі”, — адзначыў прэс-сакратар фонду “Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года” Віталь Астроўскі. Паколькі талісман павінен адлюстроўваць сутнасць беларускай гісторыі, арганізатарамі была абрана асноўная тэма конкурсу — легенда пра Купальскую ноч.
У большасці з дасланых прац можна пабачыць не толькі характэрных для Беларусі жывёл — зубра ды мядзведзя — але і міфалагічных, кшталту бульбазаўра. Беларускія трактары таксама сталі аднымі з самых папулярных сімвалаў сярод удзельнікаў конкурсу.
Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення электронных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў Міністэрства інфармацыі Надзея Бельская, малюнкі ад кожнай вобласці былі зусім рознымі. Так, большасць зубраў паступіла з Брэстчыны, а ў Гомельскім рэгіёне ўдзельнікі конкурсу рабілі ўпор на графіку.
Узнагароджванне лепшых прац і прэзентацыя талісмана-пераможцы афіцыйна пройдзе ў сярэдзіне снежня ў кінатэатры Silver Screen. Траім лепшым аўтарам Нацыянальны алімпійскі камітэт падорыць запрашальныя білеты на ІІ Еўрапейскія гульні, а таксама камплекты парадна-спартыўнай экіпіроўкі нацыянальнай зборнай Беларусі.