“Халі-Хало” з міжнародным статусам

№ 46 (1329) 17.11.2017 - 26.11.2017 г

Наваполацкі штогадовы конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Халі-Хало” (назва дзіцячай гульні з мячом на выбыванне) ладзіцца з 1994-га. Так, быў ён спачатку гарадскім, узнікалі пэўныя “тэхналагічныя” перапынкі, але за апошнія гады справа змянілася карэнным чынам. Сёлета конкурс нават займеў статус міжнароднага, бо ў ім бяруць удзел вакалісты з Малдовы, Эстоніі, Украіны, Латвіі, Расіі, Румыніі. Пагадзіцеся, гэта важкая заяўка кіраўнікоў і работнікаў культуры Наваполацка, які прэтэндуе на статус наступнай Культурнай сталіцы Беларусі.

/i/content/pi/cult/665/14721/111.jpgГаворка распачалася з агульнарэспубліканскага конкурсна-фестывальнага руху. Начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні аргкамітэта “Халі-Хало” Васіль Чэрнік зазначыў, што Віцебшчына ў гэтым руху лідзіруе. Практычна ў кожным раёне вобласці ёсць брэндавы фестываль. Што ж тычыцца наваполацкага конкурсу, дык ён павінен стаць не столькі першай прыступкай на пакручастай лесвіцы да эстраднага Алімпу, колькі шчаслівай магчымасцю творчай самарэалізацыі. А без гэтай умовы асобу сфарміраваць немагчыма. Дый стымул з’явіцца для далейшага развіцця, для больш грунтоўнага разумення высокага мастацтва. Да слова, у свой час праз выпрабаванні “Халі-Хало” прайшлі Пётр Елфімаў, Наталля Падольская…

Неаспрэчная заслуга ў адраджэнні і ўдасканаленні “Халі-Хало” належыць старшыні Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта і старшыні арганізацыйнага камітэта конкурсу Дзмітрыю Дзямідаву. Ён па заслугах называе мерапрыемства знакавым, бо гараджане яго даўно чакаюць. Ім будзе прапанавана не толькі якаснае відовішча, але і азартнае конкурснае спаборніцтва. Па словах кіраўніка горада, конкурс даўно распачаты, бо мае адбыцца ў два этапы. Падчас першага былі разгледжаны заяўкі: са 120 адабрана толькі палова. У конкурснай праграме бяруць удзел спевакі трох узроставых катэгорый: 8 — 10, 11 — 13 і 14 — 16 гадоў. Эмблема “Халі-Хало” ўпрыгожвае сёлета асадкі, магніцікі, кандытарскія ўпакоўкі і сувенірныя пакеты, і гэта сведчыць, што конкурс даўно заваяваў папулярнасць і ўвасабляе сталы брэнд.

Міжнароднае конкурснае журы ўзначальвае заслужаная артыстка краіны, дацэнт кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева. Яна ўпэўнена ў тым, што конкурс стане яскравым святам, якое дапаможа раскрыцца дзіцячым талентам. Дарэчы, сёлета пераможцам будуць уручацца новыя, арыгінальныя прызы.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"