Апафеоз 25-гадовай працы

№ 46 (1329) 17.11.2017 - 26.11.2017 г

“Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста” — менавіта так гучыць назва перакладу Свяшчэннага Пісання на беларускую мову, які прэзентавалі 15 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел ды Мітрапаліт Мінска- Магілёўскі архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч.

Гэтая кніга, як патлумачыў напачатку прэзентацыі кандыдат багаслоўя, протаіерэй Сергій Гардун, вынік саборнай перакладчыцкай дзейнасці членаў Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, якія пачалі гэту работу 25 гадоў таму па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта (Вахрамеева), цяпер Пачэснага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у супрацоўніцтве з Біблейскім таварыствам у Беларусі. Ні адзін з раней зробленых перакладаў Свяшчэннага Пісання Новага Запавету на беларускую мову не мог лічыцца афіцыйным і агульнапрынятым, паколькі ўсе яны былі аўтарскімі, ажыццяўляліся з ужо наяўных перакладаў, не заўсёды адпавядалі нормам сучаснай беларускай мовы і царкоўнай тэрміналогіі.

— Пераклад зроблены са старажытнагрэчаскага тэксту, традыцыйна ўжыванага ў Праваслаўнай Царкве, — адзначыў протаіерэй Сергій Гардун. — У працэсе Біблейская камісія ўважліва аналізавала і ўлічвала ранейшыя спробы перакладу Свяшчэннага Пісання на беларускую мову (працы Л. Дзекуць-Малея і В. Гадлеўскага, Я. Станкевіча, П. Татарыновіча, У. Чарняўскага, М. Міцкевіча, В. Сёмухі, А. Клышкі). Выкарыстоўваліся таксама розныя пераклады Бібліі на рускую, украінскую, польскую, англійскую і іншыя мовы.

Выданне было прымеркавана да 500-годдзя першай кнігі Бібліі, надрукаванай усходнеславянскім асветнікам Францыскам Скарынам.

— Можна сказаць, што “Новы Запавет” сёння з’яўляецца эталонам, бо ў папярэдніх выдадзеных перакладах Свяшчэннага Пісання былі недахопы, — адзначыў падчас прэзентацыі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. — Таму гэта сапраўдны ўзор, які будзе служыць і ў далейшым людзям, якія імкнуцца пазнаць слова Божае і Свяшчэннае Пісанне.

Міністр інфармацыі
Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што выданне перакладу можа стаць асновай для новых крокаў уплыву царквы на развіццё культуры суверэннай Беларусі.

Таксама вельмі важнай падзеяй для духоўнага жыцця беларускага народа назваў пераклад Новага Запавету на беларускую мову начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Беларусі Васіль Чэрнік.

Падчас прэзентацыі
прайшла цырымонія ўзнагароджання членаў Біблейскай камісіі, арганізатараў перакладу і выдання кнігі. Напрыканцы мерапрыемства Мітрапаліт Павел перадаў экзэмпляры “Новага Запавету Госпада Нашага Ісуса Хрыста” ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Дырэктар установы Раман Матульскі перадаў мітрапаліту Паўлу апошні том факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”.

25 лістапада ў Мінску прэзентуюць яшчэ і першае афіцыйнае рыма-каталіцкае выданне Новага Запавету на беларускай мове. Імпрэза адбудзецца ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены падчас біблійнага сімпозіуму “Божае слова 1517 — 2017”.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"