Словы пра мастака Сяргея Грыневіча

№ 45 (1328) 11.11.2017 - 17.11.2017 г

“К” працягвае публікаваць серыю “сяброўскіх нарысаў” Адама ГЛОБУСА — суб’ектыўных поглядаў вядомага мастака і літаратара на постаці сваіх не менш вядомых калег.

/i/content/pi/cult/664/14712/121.jpgМянушка

У кожнага сапраўднага мастака ёсць мянушка. Мастак без мянушкі і не мастак, а проста аматар мазаць фарбамі па белай паперы. У мастакоў-прафесіяналаў вучоба пачынаецца з дзяцінства, ідзе яна доўга і цяжка, а таму ўсе мастакі добра ведаюць калег і называюць адзін аднаго між сабою кароткімі і важкімі мянушкамі. У Сяргея Грыневіча яна зусім кароткая — СА.

Правільнасць

Сяргей Грыневіч мастак невыпраўляльна правільны. Менавіта ў правільнасці ягоная моц. Іншыя мастакі гуляюць на розных адхіленнях ад нормы, адыходах ад канона, уцёках ад школы. Грыневіч, наадварот, усяляк падкрэслівае сваю нармальнасць, разважлівасць, прадуманасць дзеянняў. Ён быў выдатнікам, такім і застаўся. У Грыневіча выдатныя малюнкі і выдатныя палотны. У яго прасторная майстэрня. Ён прыдбаў на беразе Нёмана зямлю і будуе на ёй дом для жыцця-быцця, для адпачынку і для працы. Цікава, што выдатнасць і выдатніцтва Сяргея Грыневіча не саладжавыя і не прыкрыя, яны простыя і натуральныя, як хатнія тэпці, у якіх ён ходзіць па майстэрні.

Варта сказаць, што ў Грыневіча выдатныя мецэнаты, а ягоныя карціны прадаюцца ў правільных і прывілейных еўрапейскіх галерэях. Можна не сумнявацца: Грыневіч вучыўся ў правільных мастакоў. Ён вучыўся ў Гаўрылы Вашчанкі і Уладзіміра Стэльмашонка, у Алега Хадыкі і Анатоля Бараноўскага… Зрэшты, у гэтых мастакоў шмат хто вучыўся, але мала хто стаў такім правільным, як Грыневіч. Можна нават сказаць, што ён унікальны ў правільнасці.

Валейбольны мяч

Народнае меркаванне пра мастака прыкладна такое: распусны, п’е, бедны. Не стану казаць, што сярод творцаў мала п’яніц і распуснікаў, але іх значна меней, чым сярод іншай грамады. Меней, бо ў творцы мала вольнага часу, у яго няма выхадных і святочных дзён, і ўсе свае адпачынкі ён ахвяруе на ўлюбёны занятак. Многія мастакі, каб трымаць сябе ў добрай фізічнай форме, любяць займацца спортам. Нехта катаецца на ровары, хтосьці бегае на доўгія дыстанцыі, а некаторыя гуляюць у валейбол.

Мастак Грыневіч добра глядзіцца з валейбольным мячыкам у руках. Валейбол — ягонае захапленне. Рост, спрыт і характар у Грыневіча якраз валейбольныя. Глядзіш на яго і адразу бачыш: гэты чалавек можа выдатна згуляць у валейбол. Дарэчы, усіх людзей Сяргей падзяляе на тры групы. Калі чалавеку з першай групы кінуць мяч, ён або сагнецца, ашчаперыўшы голаў рукамі, або ўхіліцца. Гэта людзі антыспартыўныя. Чалавек з другой групы мяч адаб’е. Адкіне, як нешта чужое і варожае.
Толькі людзі з трэцяй групы мяч зловяць і пачнуць з ім забаўляцца. Да гэтай групы належыць і сам Сяргей Грыневіч. У нашым тэатральна-мастацкім інстытуце заўсёды хапала аматараў валейболу. Сярод іх вылучаліся Кастусь Шаранговіч, Віктар Ярэська, ну і Сяргей Грыневіч, вядома.

Сацыялістычны манументалізм

Заняпад манументальнага мастацтва ў Беларусі пачаўся на пачатку 1980-х. З велічнай формы выветрываўся ўзнёслы і натхняльны змест. Роспісы, вітражы, мазаікі страцілі прывабнасць, бо паказаныя там героі парабіліся персанажамі далёкай мінуўшчыны. Шмат хто з іх нават страціў станоўчасць. Касманаўты, будзёнаўцы, партызаны, камуністы, ленінцы, дзяржынцы перасталі быць узорамі для пераймання. Нават ідэалізаваныя рабочыя і сяляне больш не радавалі народ. На нейкі зусім кароткі час манументалісты схаваліся за вобразамі дзяцей і гістарычных персанажаў кшталту Скарыны і Буднага. Было адчуванне, што беларускія манументалісты гавораць на мове, якую ўжо ніхто не разумее і, самае горкае — ніхто не збіраецца тую мову вучыць.

Менавіта ў гэты час, Сяргей Грыневіч скончыў аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва ў інстытуце. Як чалавек кемлівы, Сяргей ведаў, што дрэва пачынае засыхаць з вершаліны. Пакуль у сталічным Мінску будзе ісці працэс канчатковага заняпаду манументальнай прапаганды, у прыпамежнай і спакойнай Горадні можна будзе крыху папрацаваць манументалістам і нарабіць вялікіх пано. Трэба сказаць, што Грыневіч адзін з самых цікавых манументалістаў сацыялістычнай Беларусі. Каб я пісаў кнігу пра гісторыю манументальнага мастацтва ў БССР, дык апошнім значным мастаком назваў бы менавіта яго.

Самаіронія

Мастаку патрэбна самаўпэўненасць, без веры ў сябе шмат не зробіш. У некаторых самапавага і бясконцыя самаўсхваленні перарастаюць у хранічную пыху. Ад пыхлівасці ёсць адзіны надзейны сродак — іронія. У Сяргея Грыневіча яна ёсць… Як і кожны беларускі мужчына, Грыневіч у пэўным веку пасівеў. Калі на адкрыцці сваёй персанальнай выставы ён з’явіўся ў чорным гарнітуры, сівізна проста ззяла. “У цябе, Сяргей, цяпер такая сівая, срэбная і светлая галава!” — нягегла пажартаваў нехта з самаўпэўненых калегаў. На што тут жа атрымаў ад Грыневіча іранічны адказ: “Не хвалюйся, неўзабаве і ты пасівееш, і гэта зусім не балюча!”

Галасы карцін

Адзін час у Мінску ладзіліся штогадовыя выставы, прысвечаныя катам і коткам. Прагульваюся з Грыневічам па адной з такіх выстаў, і ён мне кажа: “Пагладзі, паслухай... Усе гэтыя карціны, што вісяць на сценах, толькі і робяць, што просяць прысутных: купі мяне! Купі! Чуеш іх галасы?” Галасоў карцін я, вядома, не чуў. Адна з найлепшых якасцяў у карціны — яе маўклівасць. Каб не пакідаць пытанне без адказу, давялося сказаць: “Сёння яны яшчэ просяць, а заўтра пачнуць плакаць, што не купілі. Паслязаўтра самыя плаксівыя карціны будуць зафарбаваны і запісаны новымі, больш прадажнымі сюжэтамі...”

Заходніцтва

Мастак Сяргей Грыневіч — узорны заходнік. Як і кожны з заходнікаў, ён з павагаю ставіцца да Польшчы і Літвы, чытае па-польску, слухае польскае радыё, глядзіць польскія тэлеканалы і лічыць Гродна найлепшым з беларускіх гарадоў. Ён выхаваны, адукаваны і далікатны з жанчынамі ды сябрамі. Каб не прыніжацца, у нейкі момант ён незаўважна пераходзіць на іранічны тон, жартуе. Гумар дапамагае Сяргею ў цяжкую хвіліну, як ён заўжды дапамагаў нашаму ўзорнаму пісьменніку-заходніку Янку Брылю. Адпаведна, за прыклады ў мастацтве Грыневіч бярэ творы заходніх майстроў — Уорхала, Эшара, Міро, Дзюрара...

Месца

У мсціслаўскім касцёле некалькі гадоў запар праходзіла капіявальная практыка мінскіх студэнтаў-манументалістаў. Кожны з іх доўга і старанна выбіраў адпаведнае сабе месца і выразны фрагмент сценапісу для раблення копіі. Сяргея Грыневіча вабіла алтарная сцяна і цэнтральны вобраз Дзевы Марыі. Яго заўсёды вабілі і вабяць цэнтральныя вобразы, гучныя імёны і галоўныя героі. Мяне, наадварот, прыцягвалі вобразы трэцярадныя, таму большасць часу я праводзіў на хорах, дзе рабіў копіі сценапісу з нацюрмортамі, складзенымі з музычных інструментаў. Дарэчы, адзіны малюнак Грыневіча, які захаваўся ў маіх паперах з тых даўніх капійных практык — твар Дзевы Марыі. Варта сказаць, што гэта адзіны малюнак Сяргея, які ў мяне ёсць.

Кінаслёзы

Пісьменнікі, пералічваючы настаўнікаў, любяць называць гучныя імёны класікаў. Пытаешся ў вершаплёта з пачаткоўцаў пра ягоных настаўнікаў і чуеш: “Я вучыўся ў Борхеса, Дхамапады і Картасара!” Мастакі ў такіх выпадках паводзяць сябе больш карэктна і называюць не тых, у каго яны вучыліся, а тых, хто спрабаваў іх навучыць мастакоўскаму майстэрству. Таму Сяргей Грыневіч пазначае ў графе “настаўнік” Гаўрылу Вашчанку. Сяргей пяць гадоў правучыўся на кафедры манументальнага мастацтва, якую Вашчанка ўзначальваў. На чацвёртым і пятым курсе Вашчанка выкладаў кампазіцыю і штотыдзень вучыў Грыневіча прафесіяналізму.

З гэтым зразумела. Тым больш, што можна адшукаць пэўную пераемнасць. Ад Вашчанкі да Грыневіча перайшла любоў да нацюрмортаў з чырвонабокімі яблыкамі і партрэтаў беларускіх сялян. Ад выкладчыка жывапісу Анатоля Бараноўскага да Грыневіча мала што перадалося. Так выглядае знешне, але менавіта Бараноўскі быў самы вялікі аматар кіно на нашай кафедры.

Мы ўсе з радасцю хадзілі ў кінатэатры, бо толькі там можна было пабачыць вялікі каляровы Парыж, вялікі вечны Рым, вялікую паэтычную Верону. У кінатэатрах на паўтары гадзіны знікала жалезная заслона, што падзяляла тагачасны свет на СССР і астатніх. Фільм “Рамэа і Джульета” рэжысёра Франка Дзэфірэлі Бараноўскі паглядзеў 15 разоў. Ён агітаваў усіх нас хадзіць у кіно і глядзець бессмяротнага Шэкспіра. Ён нават не саромеўся прызнавацца, што плача ў кіназалах. Ад Бараноўскага да Грыневіча перайшла любоў да кіно, да кінаафіш і кінабагоў. Калі я бачу на люстэрках напісаных Грыневічам Джэймсаў Бондаў, адразу згадваю нашага выкладчыка жывапісу Анатоля Бараноўскага, які ліў слёзы ў кінатэатрах.

Малішэўскі

Сяргей Грыневіч зрабіў шмат роспісаў і палотнаў. Выбраць найлепшае і знакавае цяжка, бо ён мастак роўны. І ўсё ж я вылучу адзін твор, які лічу найярчэйшым. Мне падабаецца партрэт Сяргея Малішэўскага. У ім ёсць уваскрашэнне. Можаце кідаць у мяне камяні, але ў партрэце Малішэўскага прасветленасці і ўваскрашэння болей, чым ва ўсіх Ісусах, якія выйшлі з-пад пэндзляў Грыневіча. “Хрыстос — не мая тэма!” — прызнаваўся мне СА. Насамрэч, у ягоным прызнанні шмат какетства. Ісус Хрыстос на палотнах Грыневіча глядзіцца эфектна і пераканаўча. Каб ён распісаў касцёл, было б проста выдатна.

Што да партрэта Малішэўскага, дык за ім стаіць гісторыя самага сапраўднага чалавечага вяртання з іншасвету… Сяргей Малішэўскі ішоў па вуліцы з малалетнім унукам. Страціў прытомнасць і паваліўся на зямлю. Унук не разгубіўся і паклікаў на дапамогу. Малішэўскага ўратавалі. У Грыневіча на палатне перададзеная цяжкасць чалавечага жыцця. Можаце казаць, што толькі я адзін бачу ў партрэце той драматызм і ўваскрашэнне. Хай так. Хай гэта маё асабістае, а для іншых драматызм і ўваскрашэнне няхай прачытваецца на карцінах з Хрыстом.

Адам ГЛОБУС

Аўтар: Адам ГЛОБУС
мастак, літаратар