“Месцаў няма” ці няма месцаў для замежных гасцей побач з тураб’ектамі?

№ 23 (841) 07.06.2008 - 13.06.2008 г

Неспрыяльны час для развіцця ўязнога турызму ў нашай краіне, падаецца, мінаваў. Так мяркуюць спецыялісты названай сферы. “Цікавасць да Беларусі ў свеце ўзрастае”, — упэўнена сцвярджае і Юлія Зяленская, дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Колькасць замежных турыстаў, што наведваюць Беларусь, павялічваецца прапарцыянальна адраджэнню замкаў і палацаў, храмаў і наогул старых гарадоў, будаўніцтву новых гатэляў, дарог. У выніку наша туріндустрыя паступова, але ўпэўнена набірае абароты. Немагчыма развіццё гэтай галіны без супрацоўніцтва і падтрымкі з боку Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Не аднойчы Нацыянальным агенцтвам па турызме праводзіліся сумесныя з адпаведнымі ўпраўленнямі Міністэрства культуры семінары. Да ўсяго, з некаторымі музеямі праца вядзецца згодна з папярэднімі заказамі: яны заўсёды гатовы аказаць экскурсійныя паслугі. Урэшце, цяпер практычна любая ідэя на месцах у самых розных установах, у тым ліку — культасветных, прымаецца з інтарэсам. Тым больш напярэдадні летняга сезона.

Вандроўка пачынаецца для турыста дома
Юлія Зяленская слушна адзначае: “Вынік працы ў галіне ўязнога турызму ў немалой ступені залежыць ад асабістай пазіцыі, стаўлення да справы, жадання дасягнуць вынікаў на карысць краіны тых асоб і ўстаноў, якія займаюцца фарміраваннем адпаведнага поля зацікаўленняў замежнікаў і фарміраваннем адпаведнай індустрыі ў Беларусі”. У ліку такіх устаноў — і Нацыянальнае агенцтва па турызме.— Асноўнай мэтай нашай працы, — кажа дырэктар агенцтва, — стала рэалізацыя Нацыянальнай праграмы развіцця турызму ў нашай краіне. Найпершай і найважнейшай задачай спецыялістаў установы з’яўляецца прасоўванне і рэклама турыстычнага патэнцыялу Беларусі, другой па значнасці — павышэнне якасці абслугоўвання турыстаў.

Першая задача, ускладзеная дзяржавай на агенцтва, у многім спраўджана. У кнігарнях з’явілася багата буклетаў і альбомаў буйнога фармату, ёсць і зусім маленькія брашуркі-раскладанкі, наборы паштовак, іншая друкаваная прадукцыя — плён працы беларускіх выдавецтваў. Цэлыя стэлажы кнігарняў займае літаратура, прысвечаная нашай гісторыка-культурнай спадычне, турыстычным маршрутам.

Але ж рэкламная прадукцыя, па-праўдзе, найперш патрэбна не ўнутры краіны, а за яе межамі. “Зараз мы сумесна з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь, а праз яго — з нашымі пасольствамі і консульствамі ў іншых краінах працуем над тым, каб заказаць буклеты ў вядомых выдавецтвах, якія спецыялізуюцца на выпуску выданняў, прысвечаных славутасцям розных краін. Наша мэта — выпусціць такую серыю і пра адметнасці Беларусі”, — адзначае Юлія Зяленская. Распаўсюджванне падобнай паліграфічнай прадукцыі ў замежных аэрапортах, на вакзалах паспрыяе знаёмству патэнцыйных турыстаў з нашай радзімай, яе старажытнымі і новымі гарадамі, слаўнай гісторыяй, багатай традыцыямі культурай, поўнай хараства прыродай.

100 тысяч турыстаў: “Вольных месцаў у гатэлях — няма”

На сённяшні дзень, сведчаць прафесіяналы туріндустрыі, сфарміраваны банк цікавай інфармацыі пра Беларусь. Цяпер неабходна прыгожа яе ўпакаваць і адпаведным чынам падаць — каб яна была зразумелай замежным турыстам, улічвала менталітэт кожнага народа.

Адзін са сродкаў прэзентацыйнай дзейнасці ў гэтым кірунку — спецыялізаваныя выстаўкі. “У лістападзе, — распавядае Юлія Зяленская, — прымем удзел у мінскай выстаўцы “Турбізнес”. Да канца года адбудуцца паездкі ў Варшаву і ў Лондан. Дарэчы, з боку Польшчы ў апошні час праяўляецца вельмі вялікая цікавасць да маршрутаў па Аўгустоўскім канале і беларускай частцы Белавежскай Пушчы”.

— Разам з калегамі сёлета ўдзельнічала ў Маскоўскай міжнароднай турыстычнай выстаўцы. На нашым стэндзе былі прадстаўлены 15 беларускіх тураператараў. Расійскі спажывец турыстычных паслуг для нас вельмі цікавы, ды і сегмент на нашым рынку ён займае немалы. І хораша, што цікавасць гэтая — узаемная: мы падпісалі больш за 10 кантрактаў,— распавядае пра апошнія падзеі ў сферы Юлія Зяленская.

Для беларускага турбізнесу гэта азначае прыезд рэальных расійскіх турыстаў. Яны гатовы прыязджаць да нас. І не проста гатовы. Калі раней з Расіі ў Беларусь ехалі індывідуальныя турысты, дык зараз нашу краіну ахвотна наведваюць цэлыя групы. Папулярнасцю карыстаюцца аўтобусныя паездкі, пад час якіх расіяне прыязджаюць да нас на 2-3 дні, каб пазнаёміцца з гісторыяй, культурай. “Адзіная праблема, якая замінае прыёму ўсіх у рэгіёнах, — недастатковая колькасць гатэляў, а часам — і не самая высокая якасць абслугоўвання і ўмоў пражывання ў іх. Таму групам, што знаёмяцца са славутасцямі па-за Мінскам, часта даводзіцца вяртацца начаваць у сталіцу” — рэзюмуе Юлія Зяленская.

Паводле статыстыкі, на першым месцы па ўязным турызме ў Беларусь — расіяне, потым ідуць украінцы, італьянцы, грамадзяне краін Балтыі, палякі, немцы. Як бачым, гэта пераважна турысты з еўрапейскіх краін. Па даных Нацыянальнага агенцтва па турызме, сёлета паток іх асабліва вырас. Ды, на жаль, даводзіцца канстатаваць: у Мінску вольных месцаў у гасцініцах практычна не бывае.

Летась Беларусь наведала, па данных Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь, 100 тысяч замежнікаў. Сёлета вызначыць колькасць будзе больш складана, бо наведвальнікі з аднадзённымі візітамі цяпер не ўлічваюцца. Таму статыстычныя звесткі, якія паступаюць ад нашых тураператараў і памежнікаў, разыходзяцца з выніковымі падлікамі Мінстата.

У асноўным, па словах Юліі Зяленскай, у нас пераважае бізнес-турызм, гэта значыць, людзі прыязджаюць на канферэнцыі, семінары, сімпозіумы, для адкрыцця прадпрыемстваў, вырашэння бізнес-пытанняў. Для таго, каб “сумясціць карыснае з прыемным”, нашы тураператары прапаноўваюць ім цікавыя экскурсіі.

Што да дзейнасці тураператараў, дык задача Нацыянальнага агенцтва па турызме — спрыяць павышэнню якасці працы гэтых структур з кліентамі, асабліва па продажы тураў, заключэнні дамоў, прадастаўленні інфармацыі. Штогод турыстычныя кампаніі праходзяць інспекцыйны кантроль.

“Але ўрэшце ўсё вырашае рынак: калі прафесіянальна працуеш і на прыём замежных, і на адпраўку беларускіх турыстаў за мяжу, калі маеш добры штат, офіс, рэкламную прадукцыю, дык ты і запатрабаваны, і здольны прадастаўляць увесь спектр паслуг.

Калі такіх шырокіх магчымасцей няма, варта ўзяць нейкі адзін накірунак. Не трэба хапацца за ўсё: галоўнае якасць прапануемых турыстычных паслуг”, — лічыць мая суразмоўніца.

Аднак не менш значнай працай на ўязны турызм з’яўляецца і праца з замежнікамі ў іх уласных краінах. Тут, на жаль, гаворка пакуль што ідзе толькі пра перспектывы. Па словах Юліі Зяленскай, распрацоўваецца пытанне аб адкрыцці на працягу гэтага года нашых прадстаўніцтваў у Варшаве, Берліне і Маскве. На наступны год плануецца адкрыццё прадстаўніцтваў у Рыме і Лондане.

Пабачыць пушчу, наведаць вёску, пачуць беларускую мову...

Юлія Зяленская дзеліцца назіраннямі за 6 гадоў дзейнасці Нацыянальнага агенцтва па турызме:

— Замежных турыстаў цікавіць, найперш, наша прырода. Не застаюцца па-за ўвагай і нашы санаторыі, якія запоўнены літаральна круглы год. Дарэчы, і цяпер у іх няма месцаў: на летні сезон ужо ўсё распісана. Санаторыі вабяць замежнікаў тым, што знаходзяцца ў прыгожых мясцінах, сярод бароў, прыцягвае і добрая медыцынская база. Не апошні фактар — і адносная таннасць такога адпачынку, прынамсі ён для замежных гасцей таннейшы, чым на радзіме.

Немалой папулярнасцю карыстаюцца паляванне і рыбалка. Мэтанакіравана прыязджаюць турысты ў нашы нацыянальныя паркі, запаведнікі і дзеля таго, каб… проста пафатаграфаваць жывёлін і птушак, паназіраць за натуральным асяроддзем іх бытавання. Апошнім часам пачалі карыстацца папулярнасцю вясковыя сядзібы, так званы агратурызм. Калі летась асноўнымі наведвальнікамі былі айчынныя турысты, якія завітвалі адпачыць ад гарадской мітусні, дык сёлета беларускія сядзібы значна ўзнялі ўзровень абслугоўвання і смела прымаюць замежнікаў.

Дарэчы, для кіраўнікоў замежных турыстычных груп былі наладжаны двухмесячныя курсы, дзе вялікая ўвага надавалася айчыннай гісторыі, культуры, геаграфіі, праводзіліся навучальныя паездкі. Нацыянальнае агенцтва імкнулася даць як мага грунтоўней прыдатныя для выкарыстання ў іх паўсядзённай дзейнасці веды спецыялістам дадзенай катэгорыі. Наладжваем і падрыхтоўку беларускамоўных экскурсаводаў, распрацоўваем экскурсіі на нашай роднай мове, бо і ў іх сёння ёсць значная запатрабаванасць. Многія замежныя турысты жадаюць пачуць, як гучыць беларуская мова, ім гэта цікава. Так што і гэты фактар працуе на рэкламу нашай краіны ў свеце, на наш міжнародны імідж.

Плюсы і мінусы сервісу: як не зрэзацца на зразах

Само сабою, патрабуюцца і далейшыя мэтанакіраваныя інвестыцыі. Хаця б для ўмацавання дасягнутага. Ды і не толькі. Згадаю некалькі прыкладаў са свайго журналісцкага досведу. Відавочна бракуе гатэляў высокага класу ў рэгіёнах. Так, у папулярным у турыстаў Нясвіжы, нашым маленькім Парыжы, горадзе, пабудаваным у ХVІ стагоддзі Радзівіламі, пакуль што няма ніводнай гасцініцы, якая б адпавядала міжнародным стандартам. У мясцовых кавярнях і рэстаранах, бывала, адсутнічала нават простая кава, а тым больш — старадаўнія стравы ліцвінскага стала, у тым ліку — кухні тых самых Радзівілаў. А яна славілася сваёй адметнасцю: згадаем хаця б зразы “Радзівіл”, якія падаюць у польскіх рэстаранах нацыянальнай кухні, але, на жаль, не ў спадчынным гняздзе знакамітага роду. Нават у Мінску такіх устаноў, дзе б гатавалі беларускія стравы, небагата. Пітны мёд, якім з задавальненнем частаваліся нашы продкі, вырабляюць па старадаўніх рэцэптурах сёння ў Літве і Польшчы, а ў нас як забыліся на яго рэцэптуру.

Цяжка не пагадзіцца з Юліяй Зяленскай, якая гаворыць пра першаснасць зацікаўленасці гэтай справай мясцовых улад, саміх жыхароў раёнаў з высокім турыстычным патэнцыялам. І ўжо ёсць нямала станоўчых прыкладаў. Дырэктарка Нацыянальнага агенцтва па турызме называе адразу цэлы шэраг.

Вось, скажам, Ашмянскі раён. Тут вельмі актыўна адкрываюцца кавярні з рэгіянальнай кухняй. На Ашмяншчыне ў ХVІ стагоддзі нарадзіўся Кшыштаф Дарагастайскі, аўтар знакамітай “Гіпікі, або Кнігі пра коней”, якую, дарэчы, падрыхтавала для сучаснага чытача супрацоўніца газеты “Культура” Святлана Ішчанка. Таму не дзіва, што на Ашмяншчыне навучаюць турыстаў майстэрству верхавой язды. “Здаецца, невялікі раён, але ў ім ужо шмат зроблена менавіта для развіцця турызму”, — зазначае Юлія Зяленская.

Станоўчы прыклад падае і Лагойшчына, дзе пры падтрымцы органаў раённага кіравання таксама зроблена вельмі шмат для развіцця ўязнога турызму. Сервіс для замежных турыстаў павінен быць сапраўды на высокім узроўні, бо гэта — зарука прыбыцця новых гасцей. Плануецца ўвядзенне абавязковай сертыфікацыі нашых гатэляў. Дырэктарка Нацыянальнага агенцтва па турызме сцвярджае, што ў рэгіянальных гасцініц — вялікі патэнцыял: проста трэба навучыць людзей працаваць у адпаведнасці з высокімі сусветнымі нормамі. З гэтай мэтай агенцтва праводзіць азнаямленчыя семінары для спецыялістаў. Днямі ў Полацку пабывалі тураператары, турыстычная адміністрацыя з усёй краіны — знаёміліся з мясцовым вопытам. Летась падобныя выезды наладжваліся ў Прыбалтыку, Польшчу — трэба, карысна ведаць і вопыт краін-суседак.

500 спецыялістаў па гасціннасці

Журналісты неаднойчы заўважалі, што ў нас рэдка ўсміхаюцца мытнікі, памежнікі, ды і тыя, хто займаецца абслугоўваннем турыстаў. Таму апроч усіх названых аспектаў паўстае яшчэ адзін, даволі парадаксальны для традыцыйнага ўяўлення пра ветлівых беларусаў: нам неабходна тэрмінова развіваць культуру гасціннасці.

Замежныя тураператары шматкроць выказвалі беларускім калегам пажаданне: каб нашы службы, якія прымаюць турыстаў з іншых краін, былі больш ветлівыя. Юлія Зяленская ўпэўнена, што і гэтая праблема таксама вырашыцца. Людзі ў нашай туріндустрыі цяпер разумеюць: ад добразычлівасці, ветлівасці залежыць шмат. Гэта перашапачатак навукі заробку на турызме: зрабіць усё дзеля таго, каб госць захацеў прыехаць сюды зноў. Толькі тады якасць абслугоўвання стане яшчэ больш высокай, турызм атрымае далейшае развіццё, сродкі, атрыманыя ад рэалізацыі адпаведных паслуг, пачнуць актыўней паступаць на адражэнне помнікаў гісторыі і архітэктуры, стварэнне належнай інфраструктуры, таго ж прыдарожнага сервісу.

І ўжо сёння ўязны турызм атрымлівае ўсё большае развіццё, бо — наладжана нармальнае афармленне дакументаў, заключэнне дамоў, няма непаразуменняў з прадстаўнікамі гатэляў, сістэмы харчавання, экскурсаводамі. Сведчанне зрухаў — станоўчыя водгукі на адрас нашых тураператараў ад замежных турыстаў, якім спадабаліся падарожжы па Беларусі.

На беларускім турыстычным рынку ўжо нямала прадпрыемстваў, якія досыць актыўна працуюць на ўязны турызм: “ Віваполь”, “Алатан-тур”, “Цэнтркурорт”, “Топ-тур”, “Вакол свету”, “Мінсктурыст”, “Спадарожнік” і іншыя. Нацыянальнае агенцтва па турызме праводзіць атэстацыю экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, якія могуць і не быць у штаце прадпрыемстваў, але павінны атрымаць адпаведнае пасведчанне і бэдж. Экскурсаводы ўсё больш спецыялізуюцца: адны праводзяць экскурсію на аб’екты прыроды, іншыя прафілююцца па культуры ды гісторыі Беларусі. Ёсць прафесіяналы, якія добра валодаюць замежнымі мовамі, а падчас і некалькімі. Больш чым 500 гідаў-перакладчыкаў і экскурсаводаў прайшлі атэстацыю. У бліжэйшы час плануецца выданне буклета, дзе будзе дадзена кантактная інфармацыя пра такіх спецыялістаў.

— А для назапашвання ведаў, — кажа Юлія Зяленская, — павышэння прафесійнага ўзроўню і сваёй запатрабаванасці рэкамендуем ім больш чытаць энцыклапедычных выданняў, газет, у тым ліку і “Культуру”, якая развівае кругагляд, дае шмат цікавых матэрыялаў па гісторыі Беларусі, знаёміць з новымі даследаваннямі і адкрыццямі.

***

Сёння ў Беларусі актыўна рэалізуецца Нацыянальная праграма развіцця турызму, ідзе будаўніцтва новых аб’ектаў, штогод уводзяцца ў эксплуатацыю гатэлі, але трэба будаваць яшчэ больш. Актыўна вядзецца пошук замежных інвестыцый. Нядаўна ў Беларусі па запрашэнні Урада пабывала дэлегацыя камісіі ААН, якая вывучала інвестыцыйны клімат краіны. Паводле заключэння экспертаў, у нас маюцца ўсе шансы атрымаць значныя інвестыцыі для развіцця турыстычнай сферы.

 

Наталля КІРПІЧЭНКАВА