І тоны дапамогі

№ 45 (1328) 11.11.2017 - 17.11.2017 г

Урэшце прыйшоў ліст пра асобу. Загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Чорная піша пра Сяргея Лукашэвіча, што 35 гадоў кіруе ансамблем танца “Юнацтва”. Гэты час яна назвала “цудоўнай ды шчаслівай гісторыяй творчага жыцця, якое ствараў ініцыятыўны чалавек, самаахвярна ўлюбёны ў сваю справу”. У выніку “Юнацтва” стала Заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/664/14709/119.jpgЯк адлюстраваць прафесіяналізм харэографа? Як давесці пра ягоную творчую індывідуальнасць, пра выключны мастацкі густ і бездакорнае веданне лексікі танца? Наталля Чорная, да прыкладу, паведамляе пра адметную методыку Сяргея Васільевіча, якая дазваляе за кароткі час не толькі раскрыць задаткі ды здольнасці вучня, але і развіць іх. Гэта ж якое вока павінна быць! І рэпетыцыі, рэпетыцыі, рэпетыцыі…

Пачынаў Сяргей Лукашэвіч у 1980 годзе кіраўніком харэаграфічнага гуртка Дома піянераў Бабруйска. Потым з’явілася “Юнацтва”. А праз час на базе культурна-спартыўнага комплексу “Шыннік” ён стварае дзіцячую харэаграфічную студыю “Бабраня”, якая становіцца ўзорным самадзейным калектывам. Дык вось, “Бабраня” і “Юнацтва” — пастаянныя ўдзельнікі фестываляў, у тым ліку міжнародных: у Балгарыі, Польшчы, Малдове, Прыбалтыцы. Але здзіўляе не колькасць краін, а выніковасць паездак. Да прыкладу, было шмат дабрачынных канцэртаў у Германіі, Бельгіі. Адтуль аддзячылі пяццю машынамі хуткай дапамогі і адным рэанімацыйным аўтамабілем з сучасным абсталяваннем. Для Бабруйска яны не сталі лішнімі. А яшчэ на рахунку “Юнацтва” — 30 тон гуманітарнай дапамогі для гарадскога фонду “Дзеці ў бядзе”.

Сяргей Васільевіч з’яўляецца балетмайстрам-пастаноўшчыкам гарадскіх фестываляў і конкурсаў, рэжысёрам харэаграфічных спектакляў для дзяцей. Ён мае дачыненне і да такіх міжнародных фэстаў, як “Вянок дружбы”, “Залатая пчолка”, да шэрагу рэспубліканскіх “Дажынак”. Застаецца дадаць, што сын і ўнучка Лукашэвіча — таксама харэографы.

Яшчэ адна дата. У мінулую пятніцу адзначыў 40-годдзе вакальны ансамбль “Веткаўчанка”, які дзейнічае пры Веткаўскім гарадскім доме культуры. Кіравалі калектывам цудоўныя музыканты — Уладзімір Пракошын, Ігар Дворкін, Міхаіл Грамыка. Цяпер народны калектыў узначальвае Наталля Якса. Цяжка і падлічыць, колькі чалавек прайшло пад назвай “Веткаўчанкі” школу вакальнага майстэрства і шчырага сяброўства. Многія з іх у той святочны вечар зноў сабраліся на клубнай сцэне. Юбілейная канцэртная праграма называлася “З песняй па жыцці”.

Наш сталы карэспандэнт Андрэй Струнчанка распавядае, што канцэрт, які адбыўся ў Мазалаўскім (Віцебскі раён) сельскім доме культуры, сабраў на сцэне, як піша аўтар, “больш за паўсотні сяброў народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Вераснянка”, народнага жаночага клуба “Залаты ўзрост”, аматарскага аб’яднання “Аллар” і харэаграфічнага гурта Dance. Адбылася і прэзентацыя работ удзельнікаў дзіцячага гуртка дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Менавіта да гэтага дня была прымеркавана цырымонія ўшанавання пераможцаў агляду-конкурсу “Буяй, як кветка, Мазалава-аграгарадок!”

У вёсцы Гейстуны, якая ўваходзіць у зону абслугоўвання бібліёбуса Ашмянскай раённай бібліятэкі, была арганізавана кніжная выстава “Пад небам Купалы і Коласа”, прымеркаваная да 135-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры. Пра гэта напісала загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Святлана Галінская. Бібліятэкары мабільнай установы пазнаёмілі прысутных з творчасцю і жыццём пісьменнікаў, згадалі вершы Песняроў, пакладзеныя на музыку, прапанавалі кнігі для чытання.

Інфармацыя ад галоўнага бібліятэкара па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людмілы Трубчык: “Хто ў дзяцінстве не марыць пра зоркі і космас, пра вандроўкі на касмічным караблі? Для кагосьці мары застаюцца недасягальнымі, але не для дзяцей аграгарадка Свіслач. Тут юным чытачам прапанавалі гульнявую праграму “Касмічнае падарожжа”. Патрапіць на імправізаваную ракету было няпроста. Пасля шэрагу конкурсаў у касманаўты бралі лепшых. А на арбіце трэба было ведаць планеты Сонечнай сістэмы і ўмець ствараць сузор’е Дружбы”… Хто ведае, можа, хтосьці з гэтых школьнікаў і працягне неўзабаве справу беларускіх касманаўтаў?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"