Адкрыцці горада на Дняпры

№ 45 (1328) 11.11.2017 - 17.11.2017 г

Трыццацігадовыя піяніна, барацьба за наведвальнасць і бібліёбусы як панацэя
У Жлобіне ўсё яшчэ жывуць успамінамі пра апошнія рэспубліканскія “Дажынкi”, якія прайшлі тут у 2013-м годзе. Падчас размоў з яго жыхарамі мне часам здавалася, што калі ў гутарцы раптам усплывала тэма фестывалю-кірмашу, у іх перахапляла дых. Горад тады змяніўся, абнавіліся і яго ўстановы культуры. Мы зазірнулі ў некаторыя з іх, каб пераканацца, што і праз чатыры гады пасля таго свята час там не спыніўся. Мы — гэта карэспандэнт “К” і метадыст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жлобінскага райвыканкама Наталля Рахімава, што пусціліся “Праз гасцінец”.

/i/content/pi/cult/664/14708/118.jpgРытарычнае

У Дзіцячую школу мастацтваў № 1, у якой навучаюць толькі музыцы — на інструментальных і харавым аддзяленнях, мы трапілі ў самы разгар урокаў, але яе дырэктар Ларыса Сухан знайшла час для размовы і адразу “ўзяла быка за рогі” — мабыць, набалела:

— З абнаўленнем інструментаў ёсць пэўныя складанасці. Скажам, нашым піяніна “Беларусь” па трыццаць і больш гадоў. Новыя той жа маркі ўжо даўно не выпускаюцца, а імпартныя, самі разумееце, колькі каштуюць. Таму выкарыстоўваем у навучанні невялікія электрапiянiна, якія абыходзяцца танней, але гэта таксама істотныя для нас грошы. Многія іншыя інструменты купляем ужо не новымі. І чым далей, тым мацней турбуе: на чым заўтра дзеці будуць наогул граць?

Але на якіх бы цымбалах ні гралі навучэнцы ДШМ, у апошні час пяць-шэсць з іх штогод працягваюць вучобу ў музычных каледжах краіны. Мала гэта ці нармальна пры сярэднім выпуску ў шэсцьдзясят чалавек? Ці сведчыць пра якасць “прадукту” і выкладання ды імкненні юных музыкантаў і будучых педагогаў застацца ў прафесіі? “Адбіваючыся” ад граду маіх пытанняў, спадарыня Сухан адказвае, падобна, тырадай выпакутаванай. Што раней конкурс пры паступленні ў музычныя школы — папярэднікі ДШМ — быў стражэйшым, цяпер нярэдка ледзь-ледзь дабіраюць патрэбную колькасць вучняў; што рынак працы не спраўляецца з працаўладкаваннем усіх пагалоўна маладых спецыялістаў; што сутыкнуўшыся з жорсткай канкурэнцыяй у барацьбе за вакансіі (а то і з адсутнасцю яе ў дадзены час у дадзеным месцы), з невялікай цікавасцю да сябе як да настаўнікаў або людзей мастацтва, са сціплай заработнай платай, спецыялісты перакваліфікоўваюцца.

— І ад устаноў культуры патрабуюць лічбу, — рэзюмуе Ларыса Станіславаўна. — Але калі я бачу, што ў нейкі год мы можам парэкамендаваць ССНУ не пяць-шэсць, а двух-трох сваіх прадстаўнікоў, то лепш атрымаю заўвагу, чым паспрабую падмануць, хай гэта і прагучыць высакамоўна, нашу культуру.

Праблемы ўсе гэтыя застарэлыя, змены адбываюцца, можа быць, не гэтак імкліва, але ў комплексе іх вырашыць — не падпісаць распараджэнне начальніцкай рукой. А пакуль школа мастацтваў закладвае светлае і вечнае ў душы сваіх вучняў (563 чалавекі ў галаўной установе, яе філіяле і ў некалькіх сельскіх класах), дае ім першыя навыкі магчымай будучай прафесіі, выводзіць іх на сцэнічныя пляцоўкі, адпраўляе (з дапамогай сродкаў бацькоў) на творчыя спаборніцтвы (каля 140 лаўрэатаў за мінулы год). У нашу прысутнасць у ДШМ да аднаго з іх у суправаджэнні настаўніка Наталлі Кастрыцкай рыхтаваўся Кірыл Драч — узыходзячая “зорка” беларускага акадэмічнага вакалу.

Развітваючыся, Ларыса Сухан збянтэжана смяецца: “Галоўная наша бяда — галубы-меламаны. Сёння дождж, а ў сухое надвор’е на ганку доўга затрымлівацца небяспечна — аблюбавалі яны навес над ім...”

А стане яшчэ лепш!

Мы рушылі далей і неўзабаве былі каля Гісторыка-краязнаўчага музея — адзінай установы такога профілю ў горадзе.

— А што гэта за будынак побач з вашым: вялікі з выгляду, але нейкі… нежывы? — звяртаюся я да дырэктара Ніны Шрэйтар пасля таго, як усе ўладкаваліся ў яе кабінеце.

— Калі-небудзь туды перабярэмся, — тлумачыць яна. — У новым памяшканні музея яшчэ трэба правесці, як я разумею, сякія-такія працы, запусціць камунікацыі і тады мы прыступім да фарміравання яго канцэпцыі. А яе ёсць з чаго ствараць: у нашых фондах знаходзіцца каля васьмідзесяці тысяч экспанатаў. Затрымлівае толькі адсутнасць дафінансавання.

У “новым” музеі будуць дзве выставачныя залы, адна актавая — для камерных сустрэч, мяркуецца таксама і дзіцячы гульнявы пакой. “Стары” ж аддадуць пад фондасховішчы і ў ім могуць быць адкрыты майстэрні, бо адна з надзённых задач установы — захаванне і адраджэнне рамёстваў. Для гэтага, у прыватнасці, у філіяле музея ў Чырвоным Беразе працуе гістарычны клуб, арганізаваны гурткі керамікі, лозапляцення, вырабу лялек-абярэгаў. Майстар-класы — таксама абавязковы “атрыбут”.

Па выніках 2016 года ўстанова была занесена на Дошку гонару Гомельшчыны — як арганізацыя, што дасягнула найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця. “За апошнія некалькі гадоў гэта адзіны раённы музей вобласці, адзначаны такім чынам”, — з гонарам прамаўляе Ніна Захараўна. І... тут жа наракае на тое, што наведвальнасці хацелася б большай, хаця план і выконваецца (на 2017-ты ён складае 70 тысяч рублёў). Персанал музея сам “выходзіць у людзі” і агітуе работнікаў прадпрыемстваў, студэнтаў, школьнікаў часцей зазіраць да яго. Для прапаганды сябе ГКМ праводзіць разнастайныя акцыі і праграмы кшталту “Я прыйшоў у музей” або “Музей у чамадане”. Супрацоўнічае ён і з тураператарамі. А яшчэ з мытнікамі. У гісторыка-краязнаўчым ёсць шэраг прадметаў, якія спрабавалі незаконна вывезці за мяжу, канфіскаваныя на карысць дзяржавы.

Паліятыў ці не?

Цэнтральную раённую бібліятэку імя Надзеі Крупскай чытачы таксама папаўняюць рарытэтамі — такімі, напрыклад, як падручнік геаметрыі выдання 1894 года, “Біблія”, выпушчаная ў пачатку XX стагоддзя, газета “Родина”, датаваная 1905-м.

— Бярэм усё, што прыносяць, — паведамляе дырэктар ЦРБ Таццяна Яновіч. — Праўда, кнігі часам у такім стане, што час іх здаваць у макулатуру. Але мы разумеем людзей: яны ж ад чыстага сэрца гэта робяць — а раптам спатрэбяцца?

Шмат аб чым мы перагаварылі з Таццянай Леанідаўнай: пра акцыі, што папулярызуюць яе дзецішча — “Глядзі! Бяры! Чытай!”, “Бібліятэка пад парасонам”, “Бiблiяноч” і іншыя; аб сустрэчах чытачоў са знакавымі грамадзянамі горада. (Паказалі мне і некалькі цікавых відэапрэзентацый установы і відэасправаздачы аб яе імпрэзах.)

Але спынюся я, мабыць, на такім моманце. За пяць гадоў аптымізацыі бібліятэчная сістэма Жлобіншчыны паменшылася на восем бібліятэк (сёння іх 34).

— Балюча, вядома, — уздыхае спадарыня Яновіч. — Але скарачэнне было планавым — з-за дэмаграфічнай сітуацыі. Яшчэ да атрымання нашай бібліятэкай статусу юрасобы, калі я ўзначальвала Раённую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму, бібліятэкары ў вёсках самі да мяне звярталіся: “Зачыняйце, Таццяна Леанідаўна, няма каму да нас хадзіць”.

Без кніг жыхары такіх населеных пунктаў не засталіся. Задавальняюць іх духоўныя патрэбы бібліёбусы. Аднак, кажучы пра безальтэрнатыўнасць такога віду абслугоўвання ў цяперашніх абставінах, спадарыня Яновіч заўважае:

— Калі палічыць выдаткі на транспарт, падтрыманне яго тэхнічнага стану, бензін, то не ўпэўненая, што ў грашовым эквіваленце выкарыстанне бібліёбусаў значна больш эканамічнае, чым утрыманне невялікай стацыянарнай бібліятэкі ў так званых неперспектыўных вёсках. Да таго ж, самі аўтамабілі павінны быць спецыяльна абсталяваныя пад дадзены канкрэтны “груз”. Таму ўжываюць у раёне і такую форму, калі літаратуру ў глыбінку дастаўляюць з бліжэйшых дзейных бібліятэк спадарожнымі машынамі, папярэдне дамовіўшыся пра паездку з іх уладальнікамі.

Каментарый Наталлі РАХІМАВАЙ:

— Натуральна, выканкам ведае пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца ў сваёй дзейнасці ўстановы культуры рэгіёна. Як могуць, чым могуць — гарадскія, раённыя ўлады ім дапамагаюць. Але і ад іх чакаюць поўнай аддачы ў рабоце. Турбуе недастатковая наведвальнасць некаторых устаноў, клубных фарміраванняў, мерапрыемстваў. Звяртаючы на гэта ўвагу, мы заклікаем іх кіраўнікоў і арганізатараў быць смялей у пошуках новых формаў, здольных змяніць сітуацыю ў лепшы бок, пераймаць вопыт тых, хто, знаходзячыся ў падобным становішчы, выхад знайшоў. Натхняе, што на Жлобіншчыне хапае энтузіястаў у галіне культуры — якія б пасады яны ні займалі. Такія людзі яе і рухаюць.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"