Аўдыя & Відэа

№ 45 (1328) 11.11.2017 - 17.11.2017 г

Кастрычніцкія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць удзельнік дуэта “Александра и Константин” Канстанцін ДРАПЕЗА (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/664/14706/Helaiv_opt.jpegГурт Helaiv, міні-альбом Too Easy

А.: Фірмова зробленая музыка, фірмова спявае вакаліст. Усё як быццам не наша, а аднекуль адтуль — з англамоўнага амерыканскага і еўрапейскага шоу-бізнесу. Для мяне важна, каб пры праслухоўванні нейкіх чужых твораў у маёй галаве ўзнікалі нейкія вобразы. Тут я “ўбачыў” горы, дарогу, прастору, рух... Значыць, гэта “мая” творчасць — эмацыйная, асацыятыўная.

B.: Калі вам штосьці кажуць назвы гуртоў Hair Peace Salon і Bristeil, то, па меншай меры, праслухаць міньён варта, бо лідар новаўтворанага праекта Алег Вяль — франтмэн згаданых вышэй калектываў. Мяркуючы і па гэтым рэлізе, рана ці позна многія рокеры звяртаюцца да электроннага гуку. Мне шчыра шкада папярэдніх каманд Алега, што згінулі заўчасна. Не дацярпеў, на мой погляд, Вяль да таго моманту, каб яны трывала ўмацаваліся на клубнай канцэртнай сцэне. Баюся, Helaiv чакае тая ж сумная доля, але ў яшчэ больш хуткай перспектыве: мала шанцаў у гэтага соннага царства прыжыцца хоць у якім-небудзь айчынным музычным асяроддзі.

/i/content/pi/cult/664/14706/Super_opt.jpegГурт Super Besse, альбом La Nuit

A.: Спачатку я азнаёміўся з той грудай інфармацыі, якая ёсць аб гэтым калектыве ў інтэрнэце. Потым стаў слухаць і... не пазнаў гурт. Калі давярацца “сетцы”, быццам бы, каманда больш “заточаная” на замежнага слухача, а ў дадзеным выпадку мы маем прадукт на рускай мове. Праводзячы паралелі, я цалкам бачу гэты ансамбль у адным шэрагу з музыкантамі Ленінградскага рок-клуба канца 1980-х гадоў, калі там на ўсю моц “лютаваў” панк і постпанк, усе гэтыя “Кино” ці “АукцЫон”. І мне такая музыка — па душы. Спадабалася басовая лінія, элементы фанка. Але крэдыты, якія крытыка выдае Super Besse, на мой погляд, пакуль застаюцца толькі крэдытамі.

B.: Гурт гэты ўпарта прасоўваюць у лідары сённяшняй айчыннай альтэрнатывы. Напэўна, ёсць за што, вось толькі мне не зразумець, чым жа так выдатны калектыў. І альбом дадзены таямніцу гэтую для мяне нават не прыадкрыў. Постпанк з упорам на электроніку, прэтэнцыёзна безэмацыйны, манатонны і меланхалічны — такі заяўлены канцэпт. Верагодна, хтосьці сапраўды знойдзе прыгажосць у гэтым халаднавата-начным дэкадэнцтве. Мае ж вушы яе не выявілі.

/i/content/pi/cult/664/14706/opt.jpegПраект “Белены объелся”, альбом “Вкус дней”

A.: Рэп — кірунак не майго пакалення, і нават не наступнага. Не мая гэта стыхія. Аднак я з павагай стаўлюся да любога самавыяўлення, калі толькі яно не носіць дэструктыўны характар. У творчасці праекта нейкіх разбуральных матываў няма, а ёсць тое, што, мабыць, хвалюе маладых людзей на пэўным іх жыццёвым этапе. Чамусьці можна ўсміхнуцца — з вышыні пражытых гадоў, а над чымсьці і задумацца.

B.: З рэп-прывітаннем з Мазыра. Што гэта азначае? Што перш за ўсё трэба ўслухоўвацца ў тэксты, а потым ужо, калі пашанцуе, у мелодыку, ну ці ў асобныя гукавыя фрагменты, сэмплы і біты. Богам даравана мне шчасце быць сярод тых, хто памятае, як увесь гэты рэчытатыў пачынаўся на савецкіх абшарах — з расійскага гурта “Час пик”. Ва ўсякім выпадку, уражанні яго альбом 1984 года выклікаў. Не скажу, што з таго часу я мераю наступныя рэп-работы, народжаныя ў пост-СССР, па тым рэлізе — шчыра кажучы, досыць простым па сваім вершазмесце. Але нешта я на яго дасюль азіраюся. Дык вось, дадзенае аўдыявыданне — неба ў параўнанні з той зямлёй. Тэксты вельмі выразныя, сёе-тое з прэтэнзіяй на сацыяльшчыну, цікава вытканыя рыфмы — не без банальшчыны, але і нечаканыя павароты ў лірыцы сустракаюцца. Плюс прыемная музычная падшыўка.
Падыходзіць.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/664/14706/TOR_opt.jpegГурт TOR, кліп на песню “Танцы”

А.: Сучасная агрэсіўная музыка, энергічная, напорыстая, з драйвам, перагрузам. Мінімалістычна — у дзве гітары і ўдарныя. Прыкольна, увогуле.

Самім кліпам Галівуд не здзівіш, вядома. Але для “ютуба” цалкам дастаткова, як і для тэлебачання.

B.: Дэбютны кліп на трэк з будучага альбома, першага ў гісторыі гэтага нядаўна створанага рагачоўскага трыа. Энергічны ўцяжараны альтэрнатыўны рок, па назве кампазіцыі зразумела, што пад яе ногі самі ў скокі павінны пайсці, адпаведны немудрагелісты тэкст. Будзе рэальна крыўдна, калі калектыў, удзельнікі якога вядомыя беларускай рок-тусоўцы як людзі сыграныя і ўмелыя, на поўнафарматніку і ў астатніх рэчах паўстане ў такім лірыка-папсовым вобразе.

Відэа ж мне бачылася іншым, чым прапанаваная версія, калі ў кадры на ўсю моц “адрываюцца” самі рокеры і запрошаныя танцоры, а ў фінале трошкі падпяваюць дзеці. Можа, мой варыянт быў бы занадта відавочным, але затое карцінка апынулася б больш разнастайнай. Ужо калі ў песні пералічваюцца тыя, хто танчыць, варта было б даздымаць тое, як яны гэта робяць — бацькі, маці і іншыя далай-ламы — ды прыдумаць сюжэт, які аб’ядноўваў бы іх намаганні.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"