Ці патрэбна натхненню логіка?

№ 45 (1328) 11.11.2017 - 17.11.2017 г

У рамках XXIV Мінскага міжнароднага фестывалю “Лістапад” адбыўся папярэдні паказ кінастужкі для сямейнага прагляду “Тум-Пабі-Дум” рэжысёра, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Вячаслава Нікіфарава.

Да пачатку сеанса ў фае з Вячаславам Нікіфаравым вёў размову міністр культуры Беларусі Юрый Бондар, які падкрэсліў, што ў рамках новай стратэгіі развіцця “Беларусьфільма” карцінам для сямейнага прагляду будзе адведзена значнае месца. Падаецца, такі кірунак — чаканы многімі, бо айчыннай студыяй былі заснаваны добрыя традыцыі для развіцця дзіцячага кінематографа, вялікі ўнёсак у якія зрабіў у свой час Леанід Нячаеў. Тыя пачынанні апошнія два дзясяткі гадоў працягваюць сучасныя рэжысёры — у прыватнасці, Алена Турава з цудоўнай нізкай фантазійных фільмаў.

Паглядзець “Тум-Пабі-Дум”, да якой ужо дадаўся шлейф “першай стужкі адноўленай кінастудыі”, прыйшоў увесь кінабамонд. Перад экранам займалі свае месцы акцёры, што былі занятыя на здымках, у тым ліку выканаўцы галоўных дарослых роляў Валерыя Арланава і Сяргей Чэкерэс. Побач месцілася здымачная каманда, калегі-рэжысёры, кінакрытыкі. Многія прыйшлі з малымі, а генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Ігар Поршнеў запрасіў у “Маскву” і аднакласнікаў сваіх дзяцей. Умоўную фокус-групу паклікалі нездарма: як паведаміў Ігар Валянцінавіч, кінастудыя пакуль яшчэ не вызначылася, які ўзроставы цэнз надаваць праекту — “6+” ці ўсё ж узняць да “12+”, таксама няма адназначнага рашэння, калі распачынаць вялікі пракат: ці напачатку зімовых канікул, ці ўжо дачакацца новага года.

/i/content/pi/cult/664/14705/116.jpgКарціна рабілася ў надзвычай сціслы тэрмін. Спадар Поршнеў распавёў: “Калі паўстала пытанне, што мы пакажам на адкрыцці адноўленага “Беларусьфільма”, мастацкі кіраўнік кінастудыі Вячаслаў Нікіфараў прапанаваў зняць фільм для сямейнага прагляду. Запыталіся, ці паспее, але рэжысёр запэўніў: “Здам!” Рэалізаваць за 5 месяцаў запланаванае дапамог рэжысёрскі “партфель” — ідэя карціны ўзнікла ў Вячаслава Аляксандравіча яшчэ 15 гадоў таму. Цяперашні сцэнарый спадару Нікіфараву дапамог стварыць Дзмітрый Міхлееў, аператарам на новым праекце працаваў Павел Зубрыцкі, мастаком-пастаноўшчыкам — Дзмітрый Мохаў.

“У здымках задзейнічаны ці не ўсе лепшыя беларускія артысты”, — характарызуе акцёрскі склад Ігар Поршнеў. Акрамя названых Валерыі Арланавай і Сяргея Чэкерэса, глядач пабачыць на экране Паўла Харланчука-Южакова, Вольгу Клебановіч, Аляксея Шадзько, у эпізадычных ролях — таксама пазнавальныя абліччы са сталічных тэатраў. А вось галоўную дзіцячую ролю аддалі ўкраінскай узыходзячай зорцы Арцёму Венгяровічу. Па сюжэце ён — выхаванец дзіцячага дома, які ў свае 10 гадоў расчараваўся ў дарослых. Разумеючы, што яго шансы на ўсынаўленне блізкія да нуля, бо “ўсе аддаюць перавагу малечы”, Санёк вырашае дзейнічаць самастойна. Развіты не па гадах хлопчык змяшчае ў папулярнай сетцы знаёмстваў аб’яву: “Маладое дзіцянё без шкодных звычак шукае сям’ю з мэтай наладжвання асабістага жыцця”. І, канешне ж, куды без подзвігу: па ходзе дзеяння галоўны герой падбірае сям’ю і для сваёй падапечнай Алеські (беларуская дзяўчынка Даша Кірэева).

Рэжысёр, апавядаючы пра матывы, якія прымусілі яго ўзяцца менавіта за такі сюжэт, зазначае: “У мяне адчуванне, што сённяшняе пакаленне мы ўпускаем. Мы ставімся да іх, як да малых, але... Вы пабачыце ў фільме, як дзеці пераймаюць нашыя маральныя стэрэатыпы, нашу лексіку, тым самым агаляючы, што з намі, дарослымі… не ўсё ў парадку. І ўсё ж мой галоўны герой, як рана ці позна і ўсе, сутыкаецца з маральным выбарам, тым самым, які робіць кожнага з нас чалавекам”.

Незвычайную назву фільму даў прыпеў легкадумнай песенькі “Тум-Пабі-Дум”, з якой маленькая Алеська выступае на канцэрце перад патэнцыйнымі бацькамі. Складана запамінальны набор складоў перыядычна імкнуцца абыграць у фільме, набіваючы іх на футболкі, у якіх выступае падтанцоўка падчас выканання нумара, а таксама на пластыкавыя шары, якія Алеська дорыць будучай маці. Дарэчы, гераіня спадарыні Арланавай выдае новае тлумачэнне “тум-пабі-дум”, маўляў, тое — гарэзлівая прычоска дзяўчынкі. І гэта — далёка не адзіная нестыкоўка ў сюжэце. “Давай прыдумаем свет для сябе. І напішам правілы нашай з табой гульні”, — спявае прыгажуня-сіротка, па сутнасці задаючы тон усяму таму, што адбываецца на экране.

Фільм пакідае адчуванне дзеяння, правілы і логіка якога для звычайнага гледача не зусім зразумелыя. Гераіня Валерыі Арланавай, якая згубіла дачку і напачатку фільма шукае яе дакладную копію, а пасля па сюжэце захапляецца маленькай Алесяй, напрыканцы… патрабуе для ўсынаўлення толькі Санька, забыўшыся на дзяўчынку, якую гарнула столькі часу да сэрца. Юрлівы адвакат у выкананні Паўла Харланчука-Южакова, падаецца, павінен за экранны час пазбавіцца эгацэнтрызму — вось жа ён плача перад сіратой і жадае яму стаць чуллівым, выблытацца са сваіх памылковых поглядаў, прыняць толькі што знойдзенага бацьку. Аднак у фінале мы бачым таго ж самотнага напышлівага ганарліўца.

Метамарфозы ж галоўнага героя ўвогуле не паддаюцца вымярэнню. Той, каго падавалі сталым, чуллівым да меншага, разважлівым, хутка пераходзіць на размовы з дарослымі вельмі пагардлівым тонам (што абсалютна не надае яму глядацкай сімпатыі), разважае з напускной найграннасцю. Апошнюю трэць стужкі Санёк увогуле пачынае весці сябе, як малое дзіця: той паліглот, што так доўга выбіраў сабе сям’ю па прынцыпе “кім я ў вас вырасту, якую адукацыю вы мне дасцё”, абірае сабе ў бацькі тых, хто не можа выхаваць крэўнага сына, ад роднага бацькі адракаецца, жанчыну, якая столькі часу бавіла з ім і гатовая яго ўсынавіць, пазбягае. Калі ж з экрана даведваемся, што ўсе дзесяць гадоў у дзіцячым доме побач з хлопчыкам быў ягоны хросны — логіка ўсіх папярэдніх паводзін Санька развальваецца, як картачны домік. Вобраз атрымаўся такім рознахарактарным, што і маральны выбар, пра які так многа гаварыў рэжысёр, для многіх стаў невідавочным.

Ды і фабула, прабачце за прыдзірлівасць да дробязяў, насцярожвае: чаму ў наш час дзесяцігадовы выхаванец інтэрната штодня тырчыць на сталічных вуліцах адзін, садзіцца ў машыну да незнаёмца, завітвае на кватэру чужых яму людзей (няхай прыгожых і няшчасных), падкідвае пад дзверы малазнаёмых мужчыны і жанчыны чатырохгадовую сяброўку… “Давай створым нам з табой зразумелую мову”, — пяецца ў загалоўнай песеньцы. Прыдуманая рэжысёрам мова, на жаль, застаецца цьмянай, героі — неадназначнымі, пасыл для разважанняў усёй сям’ёй — паразмываны.

Адміністрацыя кінастудыі глядзіць на будучыню фільма аптымістычна. Ёсць надзея на тое, што запрошаны юны акцёр адкрые шлях на кінарынак Украіны, адвечна хвалюючыя тэмы сіроцтва, мужнасці ў барацьбе з невясёлай доляй і козыр у выглядзе вядомага імя рэжысёра дапамогуць забяспечыць карціне больш-менш удалы пракатны лёс. Ёсць задума пайсці па папулярным апошнім часам шляху і выпусціць услед за поўным метрам тэлеверсію. Як заверыў спадар Поршнеў, па-за экранам засталося яшчэ шмат матэрыялу, які не патрапіў у канчатковы мантаж, і яго хопіць для таго, каб падрыхтаваць двухсерыйную тэлестужку.

Фота Дзмітрыя ЕЛІСЕЕВА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"