“Усе мы родам з Віцебска”

№ 45 (1328) 11.11.2017 - 17.11.2017 г

Імя харэографа, народнага артыста Малдовы, заслужанага дзеяча мастацтваў Украіны Раду ПАКЛІТАРУ вядома ва ўсім свеце. Менавіта ён узначаліць журы, якое будзе ацэньваць канкурсантаў на XXX Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі, што адкрыецца ў Віцебску 15 лістапада. Пра фестываль, любімага настаўніка і “Кіеў-мадэрн-балет” распавёў харэограф у інтэрв’ю “К”.

/i/content/pi/cult/664/14703/NMP_5539-S.jpg— Фестываль у Віцебску сёлета пройдзе ўжо ў 30-ы раз…

— Яго цяжка пераацаніць. Калі я акідваў позіркам тых аўтараў, танцоўшчыкаў, якія прайшлі праз яго, разумею, што ўсё мастацтва сучаснага танца на нашай постсавецкай прасторы калі не прама, то ўскосна вырастае з фестывалю. Мне складана ўсвядоміць і зразумець, як столькі часу ён існуе. Улічваючы мой характар, каб я быў яго дырэктарам, то даўно б ужо ўсё кінуў (усміхаецца). Жалезабетонны характар намесніка генеральнага дырэктара па спецыяльных праектах Цэнтра культуры “Віцебск” Марыны Раманоўскай дазваляе ёй кожны год, нягледзячы на ўсе цяжкасці, рабіць фестываль. Часам насуперак, а не дзякуючы.

Калі я думаю пра маё пакаленне, тых, хто трохі старэйшы за мяне і пра маладых харэографаў, якія цяпер набіраюць імкліва сілу, магу з упэўненасцю сказаць, што ўсе мы родам з Віцебска.

— Ці расце ўзровень удзельнікаў з году ў год?

— Гэта так. У цэлым, выканальніцкае майстэрства расце. Калі паглядзець запісы балетаў 100-гадовай даўніны, то цяпер яны ў многіх выклічуць гамерычны рогат. А на той час гэта былі вялікія майстры. Мы павінны разумець, што віцебскаму фестывалю 30 гадоў, і гэта супастаўна. Хоць мастацтва — суб’ектыўная рэч і не вымяраецца ў якіх-небудзь адзінках. Судзіць можна толькі па наяўнасці таленту.

— А што Вы скажаце пра напаўненне праграмы?

— Праграма вельмі моцная! Такой афішай можа пахваліцца не кожны фестываль. У дзень адкрыцця будзе паказаны фільм “Пасля цябе”, дзе галоўную ролю сыграў Сяргей Бязрукаў. Цікавы аднаактовы балет-фантазію пакажа тэатр “Балет Яўгена Панфілава”. А я прадстаўлю ў рамках фестывалю спектакль у адной дзеі “Доўгі калядны абед” на музыку Антоніа Вівальдзі. З улікам таго, што кошты даволі дэмакратычныя, білеты разляцеліся за некалькі дзён.

— Ведаю, што не толькі фестываль у Віцебску паспрыяў вашаму прыезду ў Беларусь. 30 кастрычніка ваш педагог Валянцін Елізар’еў адсвяткаваў юбілей. Узгадаеце сваю першую сустрэчу?

— Добра яе памятаю. Гэта было ў 1991 годзе, калі я прыехаў у Вялікі тэатр Беларусі на прагляд з мэтай застацца працаваць. Усе артысты балета, якія сканчаюць вучылішча, ездзяць па розных тэатрах на прагляды. Да Вялікага тэатра Беларусі я паспеў паказацца і ў Міхайлаўскім, і ў Марыінскім тэатрах, а таксама ў Барыса Эйфмана і ў Леаніда Якабсона. З упэўненасцю магу сказаць, што на той момант, калі я ехаў у Мінск, у мяне не было ніякага піетэту: я ехаў да чарговага харэографа ў чарговы тэатр. Валянцін Мікалаевіч прыйшоў на ўрок класічнага танца глядзець мяне. І ўзяў на працу.

— Які ён педагог?

— Усе артысты, якія працавалі з Валянцінам Мікалаевічам, траплялі пад уплыў яго неверагоднай волі і характару. Ёсць рознага кшталту творцы, а ён чалавек, які заўсёды дамінуе над артыстам. Нават не ўзнікае і думкі, што можна проста стаць яго сябрам. У Елізар’ева было ганаровае званне сярод артыстаў — шэф (усміхаецца). Ён на працягу ўжо сямі гадоў не працуе ў тэатры, але калі мы з артыстамі старога пакалення сустракаемся і размаўляем, кажам: “А шэф дзе?” Хоць ён ужо нікому ніякі не шэф. Ён наш любімы настаўнік і харэограф.

— Чаму найперш вас навучыў Елізар’еў?

— Ён навучыў мяне працаваць заўсёды, нягледзячы ні на што, і не чакаць натхнення. Бо яно — пошласць.

— Вы 10 гадоў прапрацавалі ў трупе Вялікага тэатра Беларусі. Чаму ў вас не склалася з кар’ерай артыста балета?

— Я ўжо меў дыплом балетмайстра і працягваў танцаваць, але ніколі не лічыў сябе танцоўшчыкам катэгорыі А. У адрозненне ад маёй мамы, якая і да гэтага часу думае, што ўва мне памёр Міхаіл Барышнікаў. Я быў добры кардэбалетны танцоўшчык. Мог выконваць розныя характарныя партыі: Ганса ў “Жызэлі” Адольфа Адана, Гірэя ў “Бахчысарайскім фантане” Барыса Асафьева і іншыя. Па патрабаванні сваёй былой жонкі (мы з ёй і цяпер у добрых адносінах) я пайшоў вучыцца ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Скончыў яе па спецыяльнасці “харэограф”. Хоць заахвочвальным матывам для вучобы было зусім не жаданне тварыць вялікае балетнае мастацтва, а ўсяго толькі спосаб пазбегнуць арміі (смяецца). Здавалася б, зусім утылітарная нагода, а ў выніку яна прывяла да змены ва ўсім маім жыцці, і я знайшоў сваё прызванне. А пазней паступіла прапанова ад кіраўніцтва Нацыянальнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Малдова імя Марыі Біешу стаць галоўным балетмайстрам, мне на той момант было 29 гадоў. Я зразумеў, што думаць не трэба, і пагадзіўся.

— За 10 гадоў, што вы танцавалі на сцэне, ці з’яўлялася ў вас жаданне што-небудзь ставіць?

— Я перыядычна нешта ставіў, але гэта было звязана не з маім уласным жаданнем: трэба было ставіць па заданні Валянціна Мікалаевіча. Калі ты ў панядзелак на першую пару не прыносіў гатовы нумар, то жыццё тваё заканчвалася (усміхаецца). Неяк я паставіў па-дэ-дэ на музыку Бенджаміна Брытэна, паказаў яго ў зале, ён зрабіў сякія-такія заўвагі. А потым да мяне пачалі падыходзіць мае аднакурснікі і казаць, які добры нумар. Да гэтага моманту я нічым не вылучаўся з агульнай масы студэнтаў. Калі ты разумееш, што зробленае табой падабаецца не толькі табе, гэта прымушае працаваць хоць бы для таго, каб пачуць гэтыя словы зноў. З тых часоў ланцужок цягнецца і не спыняецца, нягледзячы на статус, званні, узрост. Як казаў вялікі Марыс Бежар: “Ты працуеш для таго, каб вабіць”.

— Раду, як з’явілася жаданне стварыць уласны тэатр “Кіеў-мадэрн-балет”?

— Пасля таго, як мяне звольнілі з Нацыянальнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Малдова імя Марыі Біешу, я пяць гадоў быў вольным мастаком і працягваў ставіць спектаклі на розных сцэнах. Да прыкладу, у Вялікім тэатры Расіі паставіў балет “Рамэа і Джульета” ў 2003 годзе. Потым з’явілася прапанова ад кіеўскага мецэната Уладзіміра Філіпава стварыць свой аўтарскі тэатр. Гэта менавіта тая прапанова, ад якіх не адмаўляюцца. І ў 2006 годзе на свет з’явілася маё галоўнае дзецішча — “Кіеў-мадэрн-балет”. Гэта мой дом, сям’я, галаўны боль, перажыванні... Адзінае, што я магу назваць па-сапраўднаму годным са зробленага за ўсё сваё жыццё.

— Ведаю, што вы ў тэатры не толькі харэограф-пастаноўшчык, але і кіраўнік.

— У нас невялікі штат, таму даводзіцца быць шматфункцыянальным. Я сустрэўся са сваім сябрам, які працуе ў канцылярыі балета ў вашым тэатры. І ён скардзіўся мне, што ў яго шмат працы. А я ў сваім тэатры раблю ўсё: пачынаючы ад складаў выканаўцаў, заканчваючы пастаноўкамі. Харэограф Паклітару нашмат больш працуе ў Excel, чым у зале. Гэта не вельмі добра. Праўда, цяпер у нас пачаўся цікавы працэс, мы ініцыявалі яго год таму, па вылучэнні нашага тэатра ў асобную структурную адзінку. Дэ-факта, тэатр існаваў і з’яўляўся гонарам краіны, але дэ-юрэ, нас не было. Кіеўскі муніцыпальны тэатр оперы і балета для дзяцей і юнацтва — месца, дзе мы ўсе працуем. Думаю, што з новага года мы пачнем функцыянаваць як муніцыпальны акадэмічны тэатр “Кіеў-мадэрн-балет”. І там ужо будзе генеральны дырэктар і мастацкі кіраўнік. Ва Украіне гэта адна пасада. Мая прынцыповая пазіцыя, якой многія дзівяцца, што яе будзе займаць Уладзімір Мелянчук. Я ж буду галоўным балетмайстрам. Гэта маё свядомае рашэнне.

— Наколькі вы былі патрабавальныя пры выбары артыстаў у трупу?

— У нас перыядычна праходзяць кастынгі па даборы артыстаў. Усё пачынаецца са станка і заканчваецца маёй харэаграфіяй. Я абавязкова ўключаю розныя гаворкі, смех, крыкі... Як ні дзіўна, акадэмічныя артысты вельмі заціснутыя, калі чуюць рознага кшталту гукі. Яны прыгожыя, але маўчаць. Мне ж патрэбныя артысты, якія не баяцца нічога: трэба будзе гарлапаніць — яны гарлапаняць, памерці — памруць.

— З якой пастаноўкі пачаўся ваш тэатр?

— Нягледзячы на маю нелюбоў да дакладных дат, я памятаю, што 25 кастрычніка 2006 года адбылася прэм’ера балета ў двух серыях “Кармэн TV”. Нядаўна мы адсвяткавалі 11-годдзе тэатра.

— Вы часта берацеся за класіку — “Лебядзінае возера”, “Шчаўкунок”, “Жызэль”, але пераасэнсоўваеце яе па-новаму.

— Для нашага гледача тое можа здацца нейкай адвагай і наватарствам. На самой справе гэта агульны сусветны брэнд, і многія харэографы класа А зрабілі сабе на гэтым імя: Матс Эк, Мэцью Борн, Аляксандр Экман і іншыя. Мы ў гэтым плане трохі адстаем.

— На ваш погляд, аналаг “Кіеў-мадэрн-балета” ці магчыма было б стварыць у нашай краіне?

— Вядома. Для гэтага павінны супасці дзве рэчы: таленавіты харэограф з добрымі арганізацыйнымі здольнасцямі і грошы, якія дазволілі б тэатру існаваць. Нам у гэтым плане пашанцавала, што быў Уладзімір Філіпаў. Праўда, і харэографы, якія могуць ствараць паўнацэнныя спектаклі — рэдкія стварэнні.

Іна КОРСАК
Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА