Шчаслівы як ніхто

№ 45 (1328) 11.11.2017 - 17.11.2017 г

Сапраўды народнаму артысту Беларусі Анатолю Ярмоленку спаўняецца 70!
Вядомы пастулат абвяшчае: загадзя віншаваць чалавека з днём нараджэння не прынята. Народны артыст Беларусі Анатоль ЯРМОЛЕНКА некаторыя аксіёмы правярае на асабістым досведзе, таму і дазволіў “К” прамовіць словы прывітання, прызнання, падзякі ў свой адрас не чакаючы 15 лістапада. Зрэшты, словы юбіляру былі сказаны і іншыя.

/i/content/pi/cult/664/14702/112.jpgГуляць — дык гуляць

— Анатоль Іванавіч, а вы хто ў сучаснай айчыннай поп-музыцы — генерал, маршал, генералісімус?

— З такога вось пытаннечка пачынаем, так? Ну ты даў: што ж, я сам сабе буду званні прысвойваць? Скажуць потым: “Ярмоленка ўжо зусім... таго”. Так, хтосьці кажа пра мяне — мэтр, хтосьці — “сантымэтр”. Абсалютна не “паруся” з нагоды “цэтлікаў”. Я — артыст, які любіць сваю справу.

— Ансамбль “Сябры” якім-небудзь асаблівым чынам адзначае дні нараджэння свайго мастацкага кіраўніка?

— Збіраемся, разліваем, гаворым за жыццё, “адпачываем” трошкі. Так і гэтым разам, хутчэй за ўсё, будзе. Без усялякага пафасу, якога не трываю. Мы ўсе нармальныя пацаны, столькі гадоў разам! Вылузвацца адзін перад адным? Я цябе малю...

— І ўсё ж: які падарунак, што мае дачыненне да музыкі, вы хацелі б атрымаць? Можа, не гэтым разам, а на наступную... круглую дату?

— Самыя дарагія для мяне музычныя падарункі я рабіў сабе сам. На саракапяцігоддзе купіў васьміканальны студыйны магнітафон “Фостэкс” — каласальныя грошы ён каштаваў. А на пяцідзесяцігоддзе расійскія сябры-бізнесмены вырашылі набыць мне “Мерседэс”, пра што і праінфармавалі. Я кажу ім: “Лепш камп’ютарную лічбавую студыю”. І тысяч на пяцьдзясят долараў я панакупляў апаратуры і абсталявання, лепшая студыя тады ў краіне была. Так што калі хтосьці захоча сам мне падарыць што-небудзь з музычнага, хай мае на ўвазе вышэйсказанае.

— Напэўна, у гонар юбіляра ў сямейным коле будзе накрыты святочны стол. А каб гэта быў стол музычны, якія б “стравы” на ім стаялі? Які канцэрт па вашых заяўках замовілі б?

— З тых песень, што я слухаю ў сваёй машыне: Юрыя Антонава, Аляксандра Разенбаума, Pink Floyd, Led Zeppelin. Люба Успенская — пад настрой, а чаму не? Рыгор Лепс. “Я шчаслівы як ніхто, я шчаслівы гадоў ужо сто...”

Што ёсць наша жыццё?

— А “Самы лепшы дзень” Лепса памятаеце?

— Хочаш спытаць, які ён у мяне быў? Усё самае лепшае звязана з сям’ёй: нараджэнне дзяцей, унучкі, унукаў. А музычныя лепшыя дні... Ну, напрыклад, гады маёй службы ў войску, калі я трапіў у Ансамбль песні і танца Дома афіцэраў Бакінскай ваеннай акругі супрацьпаветранай абароны — у калектыў, салістам якога калісьці быў Муслім Магамаеў. Ён, дарэчы, у канцы 1960-х, будучы ўжо зоркай савецкай эстрады, спяваў часам з намі. На рэпетыцыі прыходзіў і малады кампазітар Палад Бюльбюль-аглы, аўтар некаторых песень Магамаева. Памятаю як мы, салдацікі-харысты, стаялі за спінай Мусліма Магаметавiча і падпявалі яму “Бухенвальдскi набат”.

— Напэўна, і цяжкія дні здараліся...

— Калі руйнаваўся Саюз, жонка тады сур’ёзна захварэла, знаходзілася на мяжы жыцця і смерці. Трэба было памяняць кліматычныя ўмовы пражывання — пераязджаць з Гомеля ў нейкае іншае месца. І тады беларускія партыйныя органы мяне не зразумелі, не дапамаглі. Я сам знайшоў варыянт, і мы ўжо былі гатовыя абмяняць нашу жылплошчу на кватэру ў Вільні. Але тут умяшаўся Ігар Лучанок: “Як гэта так?! Ты куды сабраўся?!” Ён дайшоў да ЦК, пераканаў каго трэба, і мне далі магчымасць набыць кааператыўную кватэру ў Мінску.

— У біяграфіі “Песняроў” быў найцяжэйшы перыяд. Можа быць, і не адзін. А ці даганялі “Сяброў” нялёгкія творчыя і не толькі крызісы — калі, дапусцім, не было годнага матэрыялу, унутраныя канфлікты ўспыхвалі?

— Зусім-зусім ужо чагосьці такога не ўзгадаю. У Колі Сацуры — кампазітара і музычнага кіраўніка ансамбля, заўсёды былі ў загашніку свежыя песні. Іншыя хлопцы нешта складалі... Ну, можа быць, таксама ў той час, калі распадаўся СССР, “Сяброў” трошкі штарміла. У ансамблі ж гралі і музыканты родам з іншых рэспублік Саюза, адпаведна, з “немясцовай” прапіскай, і неяк не атрымлівалася ў нас урэгуляваць гэтае пытанне ў той блытаніне, што панавала ў краіне. Потым межы з’явіліся, дзяльба гэтая паўсюдная. Карацей, чатыры чалавекі “саскочылі”.

— “Левыя” музыканты ў “Сябрах” апыналіся?

— Я іх адсейваў ужо пры праслухоўванні ў ансамбль. Калі першае, пра што мяне пытаецца прэтэндэнт на траплянне ў яго — гэта колькі ён будзе атрымліваць, я адразу кажу яму “да пабачэння”. Мне не патрэбныя ў “Сябрах” тыя, хто гатовы выконваць усё, што заўгодна, абы добрыя грошы плацілі. Мне патрэбныя тыя, хто цалкам падзяляе нашу творчую ідэалогію. Пры гэтым я дазваляю музыкантам падпрацоўваць і на баку, выконваючы зусім іншы рэпертуар. Абы гэта не ішло на шкоду асноўнаму калектыву. Я, увогуле, мяккі чалавек. Хоць і дыктатар, але... лірычны.

— А чаму “Сябры”, у адрозненне ад “Песняроў”, ніколі не звярталіся да вялікіх музычных формаў?

— Разумееш, “Песняры” ўсё-такі былі ў прывілеяваным становішчы, калі кідаліся ў буйныя формы, аддаючы працы над імі досыць вялікую колькасць часу. Яны выконвалі дзяржзаказ, гэта не адбівалася на іх зарплаце. Іншаму беларускаму калектыву, задумай ён пайсці тым жа шляхам, гэта зрабіць наўрад ці дазволілі б, хоць бы з тых жа фінансавых меркаванняў. І потым, ідэалогія наша была цалкам канкрэтная — песні, разлічаныя на шырокую публіку. “Песняры”, між іншым, звяртаючыся да рок-опер, гледача гублялі і ў выніку зноў вярталіся да песень. Дарэчы, мы аднойчы паспрабавалі нешта такое зрабіць, на вершы Эдуардаса
Межалайцiса, але нічога талковага не атрымалася.

Ёсць тры кіты

— У гісторыі беларускай (і савецкай, вядома) папулярнай музыкі назаўжды застанецца “святая тройца” — “Песняры”, “Верасы” і “Сябры”: тры кіты. Кагосьці з сённяшніх нашых калектываў ужо можна да іх дадаць?

— Цяжка сказаць. Тры, як ты кажаш, кіты калі з’явіліся? Калі інфармацыйнае поле было іншым — пара тэлевізійных каналаў, дзве музычныя перадачы, радыё “Маяк”, мясцовае радыё, два нейкія музычныя друкаваныя выданні. Калі артыст трапляў у “скрыню”, пра яго напісалі ў газеце — усё, заўтрашняя папулярнасць яму была забяспечана. Далей трэба было толькі ёй адпавядаць, рухацца наперад, адпрацоўваць аванс. Што “кіты” і рабілі. Цяпер ледзь не кожны дзень з’яўляецца новы выканаўца, новая песня. Хто ўстаіць, хто замацуе свае пазіцыі новай цікавай творчасцю, пройдзе выпрабаванне славай, спакусамі, часам — у таго ёсць шанцы кімсьці там стаць. З’яўляліся вельмі таленавітыя хлопцы, але колькі іх было? І дзе яны цяпер? Дзе тыя, хто сыходзіў з “Сяброў”, кажучы, што ў ансамблі ім не даюць дыхаць? Вельмі мала хто з іх рэалізаваўся па вялікім рахунку.

— Пакідаючы за дужкамі “Сяброў”, за апошнія гадоў пяць у айчыннай эстраднай музыцы ці былі такія песні, якія вас па-сапраўднаму кранулі?

— Мне падабаецца тое, што робіць гурт “J:морс”.

Фота аўтара

— Паспявайце што-небудзь з яго, калі ласка.

— Злавіў, так? Бачыш, ёсць песні, ёсць! Але спяваюць іх не тыя і не так, таму і не “выстрэльваюць” яны. Раней песні пісаліся на канкрэтных выканаўцаў, улічваючы іх магчымасці, спецыфіку, харызму нават. А цяпер кампазітары ды аранжыроўшчыкі такога напрыдумляюць, такога ўсяго панапіхваюць — прыгожага, на іх думку, — што за іх “працай” і песні ўжо не відаць. Спецыяльна намудраваць, здзівіць — такую яны ставяць перад сабой задачу. А паспрабуй-ка хіт скласці... Ён жа якім павінен быць структурна? Куплет, прыпеў, куплет, прыпеў. Абавязкова некалькі секвенцый. Паслухай папулярныя старыя песні, яны так і будаваліся. І мы сёння так працуем.

Поўны рэнесанс

— З гадамі вам стала спяваць цяжэй, тэмбр голасу памяняўся?

— Мне здаецца, я ўсё лепш і лепш спяваю! Сур’ёзна. Калісьці нават камплексаваў з-за свайго голасу, потым... прывык да яго. Ты не думай, што я такі стары пень і любуюся сабой, а на іншых увагі не звяртаю. Мне Анатоль-малодшы пастаянна нешта новае з музыкі падсоўвае, нейкіх новых заходніх “зорак”. Я падглядаю штосьці ў іх, падслухоўваю. Вучуся, адным словам.

— Які наогул цяпер перыяд у вашым жыцці?

— Шчаслівы перыяд усведамлення свайго аўтарытэту. Ну, вось, ты зноў усміхаешся. Добра, па-іншаму скажу. Перыяд усведамлення ўласнага досведу, больш засяроджанага прыслухоўвання да іншых людзей. І працягу пошуку зерня праўды. Рэнесанс, карацей кажучы. Добра, зноў заўсміхаўся, давай заканчваць інтэрв’ю.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"