Захоўваць ці прапагандаваць?

№ 45 (1328) 11.11.2017 - 17.11.2017 г

Беларускія музейшчыкі, якія актыўна змагаюцца за прыцягненне аўдыторыі, могуць вельмі здзівіцца, даведаўшыся, што ў некаторых іх замежных калег зусім іншыя праблемы: як абмежаваць доступ наведвальнікаў, каб захаваць каштоўныя артэфакты? Зрэшты, падобныя клопаты ўжо хутка павінны з’явіцца і ў нас.

/i/content/pi/cult/664/14701/opt.jpegДнямі я меў гаворку з чалавекам, які нядаўна наведаў сталіцу Аўстрыі. У Вене праходзіў еўрапейскі кангрэс па пэўным раздзеле медыцыны, мой суразмоўца быў у складзе беларускай дэлегацыі. Гэта ягоны не першы выезд за мяжу на навуковае сумоўе. Ён бачыў Берлін, Парыж, Кракаў, Ліверпуль, Бялград, сталіцы і значныя гарады постсавецкай прасторы, ды і ў Вене бываў раней. Звычайна па вяртанні я яго пытаюся, што цікавага з ягоных замежных назіранняў можа быць скарыстана ў нас, у Беларусі.

Вена ўражвае. І не толькі сваёй гістарычнай часткай, але і новай архітэктурай. Праўда, тое новае знаходзіцца на дастатковай адлегласці ад славутых помнікаў дойлідства, каб не разбураць існуючай гармоніі, не канфліктаваць з вобразам шыкоўнай еўрапейскай сталіцы, што складваўся на працягу стагоддзяў. У Вене ёсць нават будынак па праекце славутай Захі Хадзід. Гэта, па словах майго суразмоўцы, дзіўна. Бо ён заўжды лічыў, што такія будынкі можна ставіць альбо ў чыстым полі, альбо ў асяроддзі, якое толькі яшчэ фармуецца. Смелыя, агрэсіўныя, на мяжы фолу архітэктурныя формы аўтарства Хадзід цалкам натуральныя там, дзе мегаполісы паўсталі з рыбацкіх вёсак побач з нафтавымі палямі, але не ў старой Еўропе, дзе іншы раз нельга камень пасунуць без пагрозы разбурыць гармонію стагоддзяў. Мінск саступае па культурнай насычанасці многім іншым сталіцам, але і ў нас не ўсякі хайтэк прыжываецца.

Цікавы прыклад спалучэння старога і новага ў гарадскім асяроддзі — комплекс разнастайных музеяў, пабудаваных на тэрыторыі колішніх Імператарскіх стайняў. Вонкава — барока, а ўнутры трапляеш у асяродак няйначай як футурыстычны.

Сярод музеяў Вены майму суразмоўцу запомніўся Музей Зігмунда Фрэйда. Гэта кватэра, у якой Фрэйд жыў і працаваў на працягу 47 гадоў. Тут нібы спынены час. Такім было жытло асоб, прыналежных да сярэдняга класу, на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. Цікава, што згаданы музей не гоніцца за звышрэнтабельнасцю, не імкнецца прыцягнуць як мага болей наведвальнікаў, зарабіць як мага болей грошай. Трапіць у яго не так проста. Нават не ўсе ўдзельнікі медыцынскага кангрэса здолелі гэта зрабіць, а толькі тыя, чыя спецыялізацыя мае дачыненне да псіхааналізу. Чаму так?

Высветлілася, што для гэтага музея вызначаны аптымальны рэжым работы і, так бы мовіць, максімальная прапускная здольнасць. Калі наведвальнікаў будзе замнога, дык можа разбурыцца мікраклімат, і пад пагрозай апынецца гістарычная аўтэнтыка. Музей, безумоўна, зарабляе сякую-такую капейчыну. Білет каштуе 10 еўра. Але галоўнае, падкрэслівае суразмоўца, не заробак, а захаванне аўтэнтыкі. Сама яе наяўнасць прыносіць гораду і краіне большы прыбытак, чым бязлітасная эксплуатацыя гістарычнага аб’екта.

Пры тым, што ў музеі акрамя пастаяннай экспазіцыі ладзяцца спецыяльныя выставы, у якіх раскрываецца ўплыў тэорыі Фрэйда на медыцыну, сацыялогію, мастацтва і культуру ўвогуле.

Паўсюль і заўжды перад музейшчыкамі стаіць дылема: захоўваць ці прапагандаваць. Ёсць такі клопат і ў музейшчыкаў Беларусі. Рэгуляваць наплыў турыстаў, прынамсі, не перашкодзіла б у музейных комплексах Міра і Нясвіжа. Вось у Музеі Фрэйда засяродзіліся на захаванні. Зрэшты, у Вене і акрамя яго хапае цікавостак.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"