Якасць адукацыі для двух пакаленняў

№ 23 (841) 07.06.2008 - 13.06.2008 г

29 мая адбылося ўрачыстае адкрыццё І Міжнароднага форуму замежных выпускнікоў беларускіх (савецкіх) ВНУ “Адукацыя без межаў” у Малой зале Палаца Рэспублікі.

Ініцыятыва яго правядзення належыць удзельнікам Міжнароднай асацыяцыі выпускнікоў беларускіх ВНУ. Яна аб’яднала на Беларускай зямлі замежных грамадзян, якія прадстаўляюць навучальныя ўстановы і арганізацыі, што супрацоўнічаюць з беларускімі калегамі па двухбаковых дамовах. Сярод удзельнікаў таксама магістранты і аспіранты-замежнікі, якія цяпер атрымліваюць адукацыю на нашай тэрыторыі. Замежныя госці прывезлі да нас прапановы па бізнесе, сярод якіх могуць быць інвестыцыі ў розныя сферы нашай эканомікі: прамысловасць, медыцыну, развіццё энергетыкі, будаўніцтва.
На пленарнае пасяджэнне, якое адкрыў намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандр Косінец, зачытаўшы прывітальны ліст ад імя Прэзідэнта краіны, былі запрошаны больш як 300 былых студэнтаў са 110 краін свету, якія сёння сталі кампетэнтнымі спецыялістамі. У прэзідыуме — міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь А.Радзькоў, намеснік міністра замежных спраў В.Гайсёнак, генеральны дырэктар Міжнароднай асацыяцыі выпускнікоў беларускіх ВНУ Махато Упендра і старшыня Рэспубліканскага савета рэктараў вышэйшых навучальных устаноў Уладзімір Шымаў.
Як адзначыў на адкрыцці Аляксандр Косінец, падобнае мерапрыемства не праводзілася на працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў, і гэты першы сход былых студэнтаў павінен закласці традыцыю рэгулярных сустрэч падобнага ўзроўню.
На пасяджэнні была адзначана высокая запатрабаванасць насельніцтва Беларусі ў вышэйшай адукацыі і жаданне атрымліваць як мінімум дзве адукацыі, каб адчуваць сябе ў больш выйгрышным стане на рынку працы. Што да замежнікаў, то найбольшая зацікаўленасць замежных студэнтаў адчуваецца ў медыцынскай адукацыі, якую атрымліваюць каля 28 працэнтаў студэнтаў, доля ж мастацтвазнаўчых спецыяльнасцей на гэтым рынку складае ўсяго 4 працэнты.
Як адзначыў Аляксандр Радзькоў, многія з тых, хто вучыўся ў беларускіх ВНУ, сёння на радзіме сталі бізнесменамі, палітыкамі, вучонымі, і цяпер яны, пацвердзіўшы на сваёй практыцы якасць беларускай адукацыі, накіроўваюць вучыцца ў Беларусь ужо сваіх дзяцей. 

Наш кар.