І луста грачанага хлеба...

№ 44 (1327) 04.11.2017 - 11.11.2017 г

Калі свята — для кожнага
На маім вяку выязное пасяджэнне рэспубліканскага савета па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці ўпершыню ладзілася цягам трох дзён, два з якіх прыпалі на выхадныя. Прымаючы гасцей, дырэктарка Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Каржук патлумачыла сітуацыю так: “Паглядзець трэба ўсё без спешкі, каб карысць была!” Ніхто і не аспрэчваў. А паглядзець было на што.

/i/content/pi/cult/663/14694/333.jpg

(Заканчэнне. Пачатак — у № 43 “К”.)

Ад вёскі Бездзеж у памяці застаўся не толькі эксклюзіўны фартушок, зграбны музей ды шчодры падворак, але і яркія выступленні народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Сваякі” мясцовага СДК. Хлопцы сваю справу ведаюць цудоўна, граюць так, што любога ў скокі зацягнуць. А ўсё таму, што рэпертуар адмысловы, свой — на тутэйшым матэрыяле. І ўвогуле, годна “збіты” рэпертуар для любога калектыву — справа найпершая. Вось і народны тэатр Aura Драгічынскага гарадскога дома культуры знаходзіцца ў пошуках менавіта свайго драматургічнага матэрыялу. А з гэтым ці не ва ўсіх, нават прафесійных тэатрах — вялікія праблемы. І справа не толькі ў хранічнай нястачы беларускамоўных п’ес. Забаўляльнае, як падаецца, не павінна замінаць у рэпертуары разумнаму. Тым больш, што ўмовы для працы тэатральнага ды іншых клубных фарміраванняў у Драгічыне — самыя спрыяльныя. Выконваючая абавязкі дырэктара ГДК Таццяна Худобіч распавяла нам, што ўстанова — грунтоўна адрамантавана і разам з фантанам уяўляе ці не галоўны архітэктурны ансамбль раённага цэнтра. Аднак цэласную знешнюю форму заўжды вызначае ўнутраны глыбінны змест. Словам, ёсць над чым працаваць.

Жанчына-брэнд

Сцепаніда… Так у Маларыце завуць Сцепаніду Аляксееўну Сцепанюк. Як пастаянны аглядальнік рэдакцыйнай пошты бяру на сябе смеласць сцвярджаць, што гэтая 82-гадовая ткачыха — адзін з топавых герояў старонак “К”, прысвечаных рэгіянальнай культуры і ў прыватнасці — яе народна-традыцыйнаму кірунку развіцця. Дык вось, у тую суботу куды б я не пайшоў у цэнтры Маларыты, я нязменна сустракаўся са Сцепанідай Аляксееўнай. Справа ў тым, што горад ладзіў у той дзень аж дзве досыць буйныя акцыі: закрыццё абласнога пленэру разьбяроў па дрэве і заключны канцэрт удзельнікаў абласнога тура XII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Назавем гэта шчаслівым збегам абставін для сябраў савета. У мяне ж была цудоўная магчымасць высветліць, для каго канкрэтна ладзяцца гэтыя святы: для жыхароў Маларыты, для гасцей ці для першых і другіх разам?

Дык вось, работнікі
культуры працавалі ў святочнай прасторы горада з выключнай адказнасцю. Тая ж нястомная Сцепаніда Аляксееўна то пазіравала разьбяру у скверы, то спявала-танчыла дзесьці перад ГДК, то давала майстар-класы ткацтва ў раённым цэнтры народнай творчасці. Кажуць, нават на выстаўцы нацыянальнай кухні прысутнічалі стравы з напоямі ад усюдыіснай Сцепанюк. А гараджане былі шчаслівыя ад магчымасці разняволіцца ў самых розных праявах уласнай душы. Я, да прыкладу, з паўгадзіны лавіў у фотааб’ектыў постаць маленькай жвавай гараджанкі, якая нязмушана і з усмешкай на вуснах танчыла перад домам культуры сярод дарослых пар. І ўсё гэта выглядала як паяднанне самадзейнага мастацтва з народным, даруйце за пафас, волевыяўленнем. Яшчэ адным сімвалам такога паяднання выглядала створаная падчас пленэру драўляная фігура Сцепанюк, якая прысела на драўляную лаву, а Сцепаніда Аляксееўна “рэальная” атабарылася на лаве з другога боку. Яркая мастацкая метафара поруч з яе канкрэтным яркім прататыпам. Дык што там казаў Станіслаўскі пра мастацтва ў сабе?

/i/content/pi/cult/663/14694/444.jpg

Мы павінны ведаць герояў

Тут важна вось што адзначыць. Мы мала пішам пра асобна ўзятых работнікаў культуры. Дый самі яны ніяк не жадаюць піярыць сябе. Ну ў якой раённай установе культуры, да прыкладу, вы бачылі галерэю партрэтаў лепшых клубнікаў ці бібліятэкараў? Я з такой сутыкнуўся калісьці толькі ў Шклоўскім ГДК. Праблема? Так! Савет, на мой погляд, павінен разабрацца і з гэтым пытаннем. Асобы — таксама брэнды.

Кіраўнік савета Алег Хмялькоў не раз казаў і пра тое, што пад строгую рэвізію павінны падпасці нашы шматлікія фестывалі рознага ўзроўню. Маўляў, для каго яны ладзяцца, калі пра мерапрыемства з задавальненнем згадваюць не мясцовыя жыхары, а госці, што прыехалі на “поўны пансіён”? Дык вось, у Маларыце свята было створана для ўсіх. Гэта адчувалася і на вуліцах, і ў шматлікіх крамах: “Частаваліся дранікамі?” — “Так! Смаката!” —“Вы пойдзеце на канцэрт?” — “Канешне!” — “Ці хопіць у зале месцаў?” — “Трэба займаць раней!” І ўсё выдавала на тое, што такія мерапрыемствы для Маларыты — не выпадкова-разавыя, а завядзёнка. Дарэчы, канцэрт здолелі пабачыць усе ахвотныя (і ў праходах народ стаяў), а такую выхаваную залу я бачыў толькі на “Славянскім базары…”

Начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Васіль Чэрнік высока ацаніў не толькі самабытную спадчыну маларыцкага краю, але і ўменне мясцовых работнікаў культуры выкарыстоўваць яе належным чынам. Пра гэта гаворка была працягнута і на пасяджэнні рэспубліканскага савета па пытаннях клубнай дзейнасці пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, якое пачалося ў Маларыцкай школе мастацтваў, а працягнулася да позняй ночы ў фае гасцініцы, дзе мы начавалі. У выніку на падставе Кодэкса аб культуры, іншых нарматыўных дакументаў былі выпрацаваны метадычныя рэкамендацыі па наладжванні работы клубных фарміраванняў, абмеркаваны самыя шматлікія пытанні развіцця народнай творчасці і шляхі іх вырашэння. Галоўнае, каб да рэкамендацый гэтых прыслухаліся.

Да месца тут будзе, як падаецца, меркаванне дырэктара навукова-метадычнага цэнтра па культуразнаўстве пры Міністэрстве культуры і турызму Азербайджанскай Рэспублікі Асіфа Усубаліева. Ён перакананы, што сённяшняя культура нашых краін, нягледзячы на трывалую спадчыну, знаходзіцца ў пошуку аптымальных форм існавання. Патрэбна перафарматызацыя. На Беларусі такім оптымумам бачыцца нарошчванне турыстычнага патэнцыялу. Культура тут павінна
адыгрываць вядучую ролю. І на Брэстчыне ёсць таму красамоўныя прыклады. Як падаецца, вельмі слушнае меркаванне.

Маларыцкія іміджмейкеры

Цяпер — пра маларыцкія брэнды іншага роду, якія павінны паспрыяць паляпшэнню раённага іміджу і турыстычнай прывабнасці. За рэканструкцыяй мясцовага народнага касцюма зноў стаіць асоба шаноўнай Сцепаніды. Усё разам цудоўна ўкладаецца ў праект “Народная творчасць без межаў” у рамках прыгранічнага супрацоўніцтва Беларусі і Украіны. Калі напачатку зімы будзе падпісана грантавае пагадненне, работнікі культуры Маларытчыны атрымаюць фінансаванне на больш шчыльныя кантакты з суседнім Радноўскім раёнам (Украіна). Мяркуецца, што нашы майстрыхі наладзяць у тамтэйшых школах рэгулярныя майстар-класы па ткацтве.

І яшчэ адзін брэнд, які нельга абмінуць. Падчас колішняга галоднага часу хтосьці з вясковых гаспадынь паспрабаваў выкарыстаць для выпечкі хлеба грачаную муку. Кулінарны эксперымент аказаўся ўдалым. Больш за тое, рэцэпт пайшоў гуляць па ваколіцах, і кожная з жанчын дадавала ў “хлебную формулу” штосьці сваё. Грачаны хлеб застаўся візітоўкай раёна. Мы пакаштавалі яго. Смак незвычайны, пах — неверагодны. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама Андрэй Гарбацэвіч перакананы, што такая тэхналогія выпечкі не можа не прэтэндаваць на статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны. І ў перспектыве цалкам верагодна, што грачаны хлеб з Маларыты будзе прадавацца і ў Мінску. Але не хлебам адзіным…

Крэпасць не здаецца!

Пабывалі мы, натуральна, і ў Мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”. Да яе ў мяне стаўленне асаблівае. Бацька быў калісьці пагранічнікам і ў крэпасць мяне вазіў, калі тут мемарыяльны комплекс і не планаваўся. Гэта ж колькі гадоў прайшло! На сёння яго наведала амаль 25 мільёнаў турыстаў са 150 краін свету. Узніклі Музей абароны і Музей вайны — тэрыторыя міру. Аб’екты неверагоднага маральнага ўплыву, без валідолу хадзіць па мясцовым бруку немагчыма. Як ні цяжка цяпер, а комплекс развіваецца. На жаль, час для набыцця дырыжабля для панарамнага агляду фартыфікацый яшчэ не надышоў, аднак новыя турыстычныя маршруты распрацоўваюцца тут пастаянна, знаходзяцца спонсары і для рэстаўрацыйных захадаў. Так што крэпасць жыве і не здаецца!

На шыкоўнай пешаходнай вуліцы Брэста размешчаны і мастацкая галерэя, і сувенірны салон “Скарбніца” абласнога грамадска-культурнага цэнтра. У першай працуе арыгінальная выстава: прэзентуюцца работы вучняў Тэльмаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Выстава прымеркавана да 10-годдзя ўтварэння мастацкага аддзялення пры гэтай школе. Загадчык галерэі Кацярына Шаўчэнка з гонарам тлумачыць, што такія выставы, дзе рэкламуецца дзейнасць сельскіх устаноў культуры, — традыцыйныя для галерэі. Ухвальна!

А побач з выставачнай залай — крама “Скарбніца”. “К” пісала калісьці, што Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр стаў ініцыятарам абласнога конкурсу на лепшы нацыянальны сувенір. Дык вось, усе гэтыя работы і многія іншыя сувеніры (на любы густ і любы кашалёк) можна набыць менавіта ў “Скарбніцы”. Вельмі ўтульная крама і надзвычай прыгожыя ды ветлівыя крамніцы.

Пабывалі мы і ў гаспадарцы Святланы Каржук. Мяне, да прыкладу, парадавала саліднасць метадычнай літаратуры, што выдаецца грамадска-культурным цэнтрам і распаўсюджваецца па вобласці. Выданні разнажанравыя і з густам звярстаныя.

Нечаканы ракурс Бярозы

І апошні пункт вандроўкі — Бяроза. Тут доўгі час не было ГДК. І ўрэшце з’явіўся сапраўдны Палац культуры. Заслуга начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяны Кавалёк — неаспрэчная. Дырэктар палаца Таццяна Дземідовіч з радасцю канстатуе, што створаны ўсе магчымыя ўмовы для працы 26-ці клубных фарміраванняў, чатыры з якіх — народныя.

Але зусім нечаканым было знаёмства са спартыўна-эстэтычным цэнтрам. Уявіце, пад адным дахам суседнічаюць бібліятэка, выставачная, спартыўная, акатавая залы, пакоі для заняткаў спартыўных секцый, гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, цэнтр рамёстваў, раённы клуб майстроў народнай творчасці “Суквецце”... Сапраўдная ўстанова новага тыпу (400 дзяцей, 38 фарміраванняў), дзе ўсе дзіцячыя гурткі — бясплатныя. У лялечнай студыі, да прыкладу, з поспехам займаюцца падлеткі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Кіруе ўстановай Наталля Ярмоцык. Яна ж — і народны майстар Беларусі па саломкапляценні. Цэнтр працуе ў тры змены. Дзеці пастаянна кантактуюць з дарослымі. Як сцвярджае дырэктар раённага дома рамёстваў Наталля Каваленя, такое ўзаемадзеянне ўзбагачае ды натхняе ўсіх. Цэнтр, між іншым, знаходзіцца ў новым мікрараёне горада і мае вялікія перспектывы развіцця.

Замест заканчэння

Іванава, Бездзеж, Маларыта з Бярозай, процьма дробных музеяў, што працуюць як клубы, не меншая колькасць клубаў ды цэнтраў, што маюць выставачныя залы… Цудоўны працэс пошуку аптымальнай формы далейшага развіцця. І вельмі натуральнае абагульненне на падставе ўбачанага, пачутага і адчутага: аптымізацыя культуры — не скарачэнне яе сельскіх складнікаў, а ўзбуйненне, сінтэз, засяроджаная сістэмная праца на перспектыву. А гэтага вельмі не стае асобным раёнам, дзе творчасці замінае руціна.

Наступнае пасяджэнне савета па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці запланавана правесці на Гродзеншчыне.

Мінск — Іванаўскі — Драгічынскі — Маларыцкі раёны — Бяроза — Брэст — Мінск / Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"