Паранены “Аўрорай”

№ 44 (1327) 04.11.2017 - 11.11.2017 г

Усё, што я напішу, хтосьці ўжо напісаў. Але хочацца ад свайго імя. Нашчадкам, так бы мовіць, на навуку. Я вырас у Савецкім Саюзе, але ніколі не быў прыхільнікам савецкага сацыялізму, калі словы не супадаюць з думкамі, а тым больш — са справамі. Акцябрацтва свайго не памятаю, хоць значок-зорачку з маленькім, але ўжо Леніным можна пры жаданні адшукаць сярод маіх патрэбных у гаспадарцы жалезак. А вось піянерскае дзяцінства — нібы і цяпер перад вачыма. З яго і пачаўся мой маўклівы супраціў. Маўчаў не я адзін, маўчала амаль уся краіна. Таго, хто спрабаваў гаварыць, што думае, доўга і ўпарта лячылі.

/i/content/pi/cult/663/14687/0080_opt.jpegПіянерскую прысягу, перад тым, як прачытаць яе перад помнікам Леніну, загадалі напісаць ад рукі і ўпрыгожыць. Я напісаў і ўпрыгожыў. Засмучаў толькі сэнс апошняй фразы “Заўжды гатовы!” Да чаго? Старэйшыя таварышы патлумачылі: “Да самаахвяравання”. Я зразумеў, што калі-небудзь прыйдзецца развітвацца з жыццём па загадзе. Стала страшна. Канчаткова мяне дабіла пытанне піянерважатай: “Рагін, ты каго больш любіш, маці ці Радзіму?” Адказ я ведаў, але ён быў антысавецкім, таму праўды я не выдаў. Старэйшыя таварышы насцярожыліся. І каб знішчыць ува мне парасткі дысідэнцтва, мяне штогод прымушалі выступаць на школьным конкурсе чытальнікаў, прымеркаваным да дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна. І я штогод штосьці “выразна” мармытаў са сцэны актавай залы (верш прачытаць — не з жыццём развітацца). У мяне захаваўся стос неблагіх кніг са стандартным надпісам “Пераможцу конкурсу чытальнікаў…” І радка не памятаю з тых прачытаных мною са сцэны “палымяных” вершаў. Ці не таму менавіта тады я пачаў прызвычайвацца да сапраўднай лірыкі? “Шасцідзясятнікі” ўзялі мой розум у шчаслівы палон. І першым сярод першых быў Уладзімір Высоцкі, які скарыў не голасам і рытмам, а словам, вобразам, метафарай. Дзе толькі я не запісваў яго на сваю бабінную “Камету”: і ў блатных, і ў інтэлігентаў. Дарэчы, і Міхаіл Жванецкі напрыканцы 70-х мінулага стагоддзя “хадзіў” толькі на магнітафонных плёнках. А Аляксандр Салжаніцын з Міхаілам Булгакавым — толькі ў перадрукоўках пад капірку ці ў “самвыдатаўскіх” часопісах. Гэта быў час спасціжэння Літаратуры і Праўды, якая ніякім чынам не супадала з праўдай тагачаснай, афіцыйнай. Аднак дзякуй савецкай дзяржаве за тое, што ў якасці супраціву ёй на бязмежных абсягах СССР нараджалася сапраўдная паэзія і проза, забароненая, але жыццяздольная і жыццесцвярджальная.

Газеты і тэлеканалы распавядалі пра няўхільнае развіццё сацыялізму з “чалавечым абліччам”. А паліцы крамаў заставаліся напаўпустымі. Усё даставалася з-пад прылаўка. І планавай эканомікай кіраваў Дэфіцыт. Усе атрымлівалі аднолькавую, але гарантаваную зарплату (у сярэднім 125 рублёў за месяц), што і надавала ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Мне, старшакласніку, каб купіць сапраўдныя амерыканскія порткі, трэба было пару летніх месяцаў працаваць рознарабочым ці грузчыкам на бавоўнапрадзільнай фабрыцы ці ў сельгастэхніцы. Вось у такіх джынсах я і прыпёрся аднойчы на раённую камсамольскую канферэнцыю, нават меў нахабства штосьці сказаць з трыбуны. Першы сакратар райкама партыі сядзеў ззаду ў прэзідыуме і доўга разглядаў надпіс-лэйбл на маіх штанах, а потым (гэта калі я ўжо ў рэдакцыі працаваў) доўга і з нязменным асуджэннем называў мяне “Мантанай”.

Яшчэ адным супрацівам савецкасці стала для мяне рок-музыка. Яе таксама імкнуліся забараніць і знішчыць, але ці можна выкараніць чалавечую радасць ад таго, што ты — малады, поўны моцы, а над галавой бязмежнае неба колеру выцвілых джынсаў? Імкнуся жыць у гэтым рытме і цяпер. Цяжка, але неабходна.

“Хоць ты пажывеш”, — казала бабуля маёй маці. “Хоць ты пажывеш”, — казала маці мне. Я сваім сынам нічога не казаў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"