Камісія для “ленініяны”

№ 44 (1327) 04.11.2017 - 11.11.2017 г

На маю думку, усё створанае рукамі чалавечымі (прынамсі, у сферы культуры) трэба захоўваць недзе гадоў дзвесце. А потым ужо нашчадкі разбяруцца, што трэба зберагаць надалей, а ад чаго магчыма і пазбавіцца. На сёння спяшацца “замятаць сляды” прамінулай толькі што эпохі не варта. Балазе, гісторыя дае нам на гэты конт шмат павучальных прыкладаў. Скажам, помнікі антычнага Рыма ў пазнейшыя эпохі знішчаліся, каб саступіць месца новым. Зразумела ж, потым нашчадкам давялося пра гэта пашкадаваць.

Мікалай ПАГРАНОЎСКІ, мастацтвазнаўца, галоўны захавальнік фондаў Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура:

Таму я перакананы, што культурную спадчыну савецкай эпохі трэба захоўваць. Хай гэта будзе не пампезны музей, а сціплы, але сваю функцыю ён павінен выконваць. Дзяржава не мусіць шкадаваць адпаведныя сродкі. Можна разлічваць і на прыватных калекцыянераў, якім належыць у гэтай справе спрыяць.

Іншая справа — тыя творы, якія ў музейны будынак не змесцяцца. Сярод узораў манументальнай прапаганды ёсць папраўдзе вартыя творы мастацтва: той жа Ленін у выкананні Манізера перад Домам ураду. Ён ад пачатку быў добра ўпісаны ў асяроддзе і стаў акурат на тое месца, дзе і павінен стаяць. Гэта помнік гісторыі,
культуры. У рэшце рэшт — выдатнага злучэння скульптуры і архітэктуры. Не трэба яго чапаць.

Але ёсць і тыя нізкаякасныя ўзоры кан’юнктуры, якія сёння выклікаюць у мінакоў хіба іранічную ўсмешку. Ці настолькі абавязковыя яны ў нашай публічнай прасторы — альбо лепей адвесці ім пачэснае месца ў адмысловым парку накшталт літоўскага Грутаса?

Але перш чым адказваць на гэтае пытанне, трэба паставіць іншае: у чыёй кампетэнцыі мае быць вызначэнне каштоўнасці таго ці іншага помніка? Даўно мяркую, што пара стварыць для гэтага адмысловую камісію, уключыць у яе і мастацтвазнаўцаў, і архітэктараў, і культуролагаў з філосафамі. І менавіта ёй трэба надаць паўнамоцтвы вяршыць лёс твораў савецкай манументальнай прапаганды. Гэта зусім няправільна, калі такое адказнае пытанне вырашае адзін канкрэтна ўзяты чыноўнік.

У савецкай культуры сёння ёсць і зусім іншае, легкадумнае вымярэнне: рэстараны ў стылі “чырвоных куткоў”, афіцыянткі ў чырвоных піянерскіх гальштуках, адміністратары з павязкамі дружыннікаў… Я стаўлюся да гэтага спакойна: калі людзі хочуць гэтым бавіцца, хай паспрабуюць. На грунвальдскім полі штогод збіраюцца “рыцары” з розных краін, там адбываюцца масавыя тэатралізаваныя рэканструкцыі бітвы. Некаму, вядома, даводзіцца “гуляць за крыжакоў”. І нікога гэта не абражае.

Як падаецца, грамадства наогул становіцца больш талерантным. За прамінулую пасля распаду СССР чвэрць стагоддзя вырасла новая генерацыя. Моладзь сёння больш рэалістычная — хаця, магчыма, ёй не хапае рамантычнага погляду на жыццё, уласцівага папярэдняй эпосе. Думаю, савецкая ідэалогія адыдзе ў нябыт разам з яе носьбітамі. Аднак пакуль гэтыя людзі жывыя, яны патрабуюць да сябе ўвагі і павагі. Хаця б таму, што многае ў іх жыцці адбылося па-за іх воляй.

Гледзячы на ацалелыя статуі крывавых рымскіх імператараў, мы не думаем пра іх злочыны — хаця і ведаем гісторыю. Нас тыя скульптуры прывабліваюць як
помнікі мінуўшчыны. І нікому нават у галаву сёння не прыйдзе іх зруйнаваць.