Букет яркі, рукачынны

№ 23 (841) 07.06.2008 - 13.06.2008 г

Акурат у апошні вясновы дзень на цэнтральнай алеі Лошыцкага парку і непасрэдна перад сядзібай завіравалі людзі ў нацыянальных строях, з’явіліся тэлекамеры, натоўпы гледачоў. Але гэта былі не здымкі мастацкага фільма — тут разгарнуўся ІІ Рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет”, які сабраў ажно 375 удзельнікаў.

Якіх толькі “кветак” у тым “букеце” ні было! Тканыя, вышываныя, саламяныя, драўляныя, гліняныя, каваныя, скураныя, кулінарныя... Ды што казаць, калі была прадстаўлена нават... тэхніка японскага мастацтва арыгамі, выкарыстаная для вырабаў традыцыйных беларускіх “птушак шчасця”, што звычайна маюць саламянае “паходжанне”. Былі на фестывалі і шматлікія сямейныя дынастыі, сярод якіх — патомныя ганчары Шэлесты з Брэстчыны (там, між іншым, сёлета плануецца правесці Міжнародны пленэр ганчароў), ткачыха Кацярына Пакроўская з дачкой Настассяй з Зубкаўскай дзіцячай школы рамёстваў Клецкага раёна.

— Ткала яшчэ мая бабуля, — расказвае Кацярына. — Аўтэнтычныя станкі займалі куды больш месца, чым цяперашнія, малагабарытныя ды яшчэ і настольныя. І ткалі тады з ранняй восені да позняй вясны, пакуль не пачыналіся палявыя работы. Таму я, можна сказаць, выгадавана пад кроснамі. Так і навучылася. І калі раённае кіраўніцтва запрасіла мяне ўзначаліць школу, я пагадзілася. Раней быў проста гурток “Умелыя рукі”, там таксама было ткацтва. Але гурток — гэта баўленне вольнага часу, школа ж дае больш грунтоўныя веды. Дый летась мы атрымалі абласны грант, набылі кросны, таму будзем пашырацца.

Ледзь не кожны майстар выказваў падзяку за дзяржаўную падтрымку. Сапраўды, без яе народныя рамёствы былі б вырачаны на ціхае паміранне. Апошнім жа часам, наадварот, пачалося не толькі іх адраджэнне, але і развіццё, назапашванне новых традыцый. З той жа саломкі раней выраблялі адно сувеніры, зараз жа ў Докшыцкім доме рамёстваў узялі курс на выраб карысных, неабходных рэчаў, што могуць упрыгожыць наш побыт: тых жа жаночых капялюшыкаў з выбітнымі кветачкамі (твор мастацтва, дый толькі!), упрыгожанняў, строяў для народных ансамбляў.

Генадзь Савон з клуба майстроў пры Лідскім доме рамёстваў “Вытокі” жартам называе сябе кавалём Вакулам:

— Паводле спецыяльнасці я энергетык, кавальствам жа займаюся ў вольны час, не дзеля грошай, бо тады трэба было б агароджы вырабляць, а не тое, чаго душа прагне. Працую з любым “жалезам”, што на вуліцы валяецца: выкарыстоўваю і шпальныя кастылі, і часткі старых аўтамабіляў. Мой дэвіз: нават звычайная бляшанка з-пад кансерваў можа ператварыцца ў руках майстра ў твор мастацтва.

Іван Супрунчык са Століншчыны прыхапіў на фестываль не толькі свае драўляныя скульптуры, але і сякеру, якой іх высякае, працягваючы старадаўнія традыцыі:

— У дзяцінстве я нават з цаглінкі спрабаваў выпілоўваць, а потым перайшоў на дрэва: усё ж побач з лесам жыву. Стварыў у вёсцы музей, дзе ілюструю старадаўнія абрады ў сваіх скульптурах і малюнках.

Выстаўка-кірмаш суправаджалася майстар-класамі па розных відах традыцыйных рамёстваў, фальклорнымі, забаўляльнымі, гульнёвымі праграмамі. Пад час фестывалю працавала і прафесійнае журы. Таму завяршылася свята, арганізаванае Міністэрствам культуры краіны, Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці, упраўленнем культуры Мінгарвыканкама і адміністрацыяй Ленінскага раёна Мінска, падвядзеннем вынікаў і ўзнагароджаннем пераможцаў.

Сярод тых, хто выказаў самую вялікую зацікаўленасць народнымі рамёствамі, быў і міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук. Ён не толькі ўрачыста адкрыў фестываль, але і здзейсніў падрабязны, гадзіны на дзве, агляд усёй “экспазіцыі”, гутарыў з майстрамі, распытваў іх аб праблемах, з якімі тыя сутыкаюцца. Не пабаяўшыся запэцкацца глінай, пад наглядам ганчара Юрыя Боўды з Бабруйска паўдзельнічаў міністр і ў вырабе гарлачыка, прымерыў саламяны капялюш, патрымаў у руках балалайку, нават паўдзельнічаў у бяспройгрышнай латарэі. 


Н
адзеяБУНЦЭВІЧ
На здымку: ганчар Юрый
Боўда.
Фота аўтара