Гітарыст, які грае ўсім целам

№ 43 (1326) 28.10.2017 - 03.11.2017 г

Культурны батл з інструменталістам-віртуозам
Беларусі грэх скардзіцца на адсутнасць прыкметных гітарыстаў, але толькі два, з майго пункту гледжання, змаглі стаць шырока вядомымі за межамі краіны. Гэта Віктар Смольскі, які зрабіў паспяховую кар’еру на Захадзе, і, безумоўна, Валерый ДЗІДЗЮЛЯ. Вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, што, калі браць у сукупнасці напрамкі, у якіх музыкант рэалізуе свае таленты, ён — выканаўца-інструменталіст № 1 фольку, этнікі і ф’южна на ўсёй постсавецкай прасторы. Віртуоз, прамы і шчыры чалавек, які ведае сабе цану, сёння гасцюе ў “К”.

 

/i/content/pi/cult/662/14673/127.jpgРаўнд I

— Вы, як мне здаецца, лёгка адгукаецеся на просьбы аб інтэрв’ю.

— Як правіла, я спачатку прашу акрэсліць кола меркаваных пытанняў. І гутарка складваецца толькі тады, калі яны цікавыя мне, калі ў размове падымаюцца небанальныя тэмы, калі інтэрв’юер ведае сутнасць маёй творчасці і падрыхтаваны да сустрэчы. У адваротным выпадку адмаўляю — не хочацца марнаваць час на пустапарожнюю балбатню. Інтэрв’ю павінна быць жывым, у ім павінны адкрыцца абодва суразмоўцы, а не толькі яго галоўны герой. З вамі ў мяне знаёмства даўняе, таму спадзяюся, што зносіны атрымаюцца.

— Здаралася, што пытанні злавалі?

— Інтэрв’ю — гэта яшчэ і маленькі батл журналіста і артыста: удар-абарона (пытанне-адказ), контратака (сустрэчнае пытанне). Калі ў “нападзе” на мяне журналіста ёсць нешта ваяўнічае, але цікавае, творчае, калі ён “б’е” мяне нейкім фактам з майго жыцця, я выклік прымаю. Люблю хвосткія пытанні, але на хамства магу адказаць тым жа. У любым выпадку, рулю працэсам я — і выбудоўваю зносіны так, як у дадзены момант лічу патрэбным.

Раўнд II

— У гэтым годзе пабачылі свет і ваш новы альбом, і дэбютны вашай жонкі. Мне вельмі спадабаўся дыск EVгенiкi (асабліва трэкі “Серада” і “Флёр-дэ-ліс”). Напэўна, крытыка “адарвалася” з нагоды яе іранічных і не толькі песень?

— Так, у мяне выйшаў дыск “Аквамарын”, а ў EVгенiкi — “Аптымістка”. Пагаджуся з вамі наконт гэтых дзвюх песень, напоўненых яркімі вобразамі. А лірычная “Серада” — гэта як саўндтрэк да вялікага кіно. Маскоўская крытыка досыць рэзка прайшлася па яе альбоме, агульны сэнс “прэтэнзій” заключаўся ў тым, што, маўляў, так музыку цяпер ніхто не робіць — маўляў, не модна, сёння ў цане іншыя правакацыі. Мы з Жэняй на гэта ўсміхнуліся. У нас ёсць дакладнае разуменне таго, што мы ствараем, што хочам данесці да слухача. Тэкставай асновай плыткі стала вельмі добрая, сакавітая паэзія Юліі Саламонавай: мяне захапілі яе метафары, жыццёвыя сітуацыі. А EVгенiка — выпускніца Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных па класе “Народны вакал” — шыкоўна ўсё праспявала. Мая ж справа была скласці музыку, аранжаваць, запісаць, спрадзюсаваць. З альбома нарадзіўся канцэрт — перфоманс пад назвай “Музычны стэндап”, дзе суседнічаюць вершы, рэзкае слова, песні, зносіны.

— Існуе ўстойлівае меркаванне, што савецкая і постсавецкая гітарныя школы не вытрымоўвалі і не вытрымліваюць параўнання з заходняй...

— Творчы патэнцыял нашых школ вельмі вялікі. Варта згадаць толькі адзін напрамак —
сяміструнная гітара, для якой кампазітары пісалі наздзіў мяккія, удумлівыя творы. А заходні музычны рынак значна больш напоўнены грашыма. У ім непараўнальна больш кампаній, профільных друкаваных выданняў, тэле- і радыёпраграм, у якіх гучыць гітарная музыка. Тым, хто з юнага ўзросту вырашыў займацца гітарай, прапануецца шырокі выбар майстар-класаў, спецыяльных навучальных устаноў. Там больш магчымасцяў у выканаўцаў рэалізаваць сябе.

— А што скажаце пра беларускую гітарную школу?

— З яе яркімі прадстаўнікамі — кампазітарамі, гітарыстамі, педагогамі — я знаёмы асабіста: з Валерыем Жывалеўскім, Уладзімірам Захаравым, Ігарам Дзедусенкам, Яўгенам Грыдзюшкам. Яны шмат чаму мяне навучылі, мне пашанцавала, што я разам з імі выступаў на фестывалях, вечарамі за гарбатай абмяркоўваў нейкія гітарныя аспекты. На жаль, ужо няма ў жывых найталенавітага выканаўцы і кампазітара Дзяніса Асімовіча.

— Ці ёсць гітарныя тэхнікі, якімі вы валодаеце не на цвёрдую “пяцёрку”?

— Вядома. Пастаянна вучуся, трэніруюся, гляджу ў інтэрнэце нейкія цікавыя прыёмы, спрабую іх прымяняць. Але я не збіраюся асвойваць усе тэхнікі, я хачу выкарыстоўваць тыя з іх, якія мне блізкія эмацыйна, ад якіх я атрымліваю сапраўдную... фізічную асалоду, бо гранне на гітары — гэта не проста музыка, але яшчэ і ёга, скарачэнне цягліц. Гітарысты граюць не толькі рукамі, пальцамі, а і... макаўкай галавы, вушамі, валасамі — усім целам. І лыпанне павекаў з дыханнем таксама складаюць гук! Каб данесці да слухача ўласныя ідэі, мне дастаткова пэўнага багажу прыёмаў. Але кругагляд пашыраць трэба! Хаця б чыста з дзіцячай цікаўнасці — што там адбываецца ў іншых кірунках.

— Бывалі ў вас “канфлікты” з гітарай?

— Паміж ёй і выканаўцам існуюць цалкам выразныя “жывыя” ўзаемаадносіны. Яна можа быць гнуткай і можа быць непаслухмянай, грубай. Шмат у такім “шлюбе” залежыць ад майго псіхалагічнага стану. З другога боку, ад таго, у якім стане інструмент — вільготнасці або сухасці яго струн, наладжаны яны альбо не. А падчас канцэрту на ўзаемадзеянне ўплываюць тысячы іншых фактараў: горача ад сафітаў, пальцы слізгаюць, гук не той, нейкія выкрыкі з залы... Але калі бярэш у рукі інструмент, трэба сказаць сабе, што ты ўсяго толькі граеш, ствараеш вакол сябе прыгожы рэзананс. І гэта супакойвае, гармонія наладжваецца. Праходзяць першыя пяць-сем хвілін, і сувязь з космасам ужо ўсталяваная.

— Вы згадалі пра батлы. Сёння ў трэндзе рэп-батлы. З кім сышліся б у такім паядынку — але гітарным?

— Мне не хацелася б нікога зневажаць — як гэта прынята ў рэп-батлах. Я — за сутворчасць, калі два цалкам розныя музыканты, не ведаючы адзін аднаго, спрабуюць наладзіць кантакт і з ходу зымправізаваць разам. З гэтага мог бы атрымацца цікавы праект, калі за гадзіну артысты павінны былі б стварыць нешта агульнае.

— Ідучы на ваш канцэрт, публіка ведае, што ўбачыць не проста выступленне артыста, а цэлы спектакль. Ці няма ідэі паэксперыментаваць з лібрэта?

— Мае канцэрты — з’ява шматслаёвая. Не ўяўляеце, наколькі гэта складана — “трымаць” залу, не кажучы ні слова. Я эксперыментую, але не так актыўна. Мы рухаемся — у плане аркестроўкі канцэртаў, іх сімфанізацыі, але зусім ужо радыкальна нешта мяняць пакуль не мяркуецца. Ды і небяспечна гэта — глабальна ўмешвацца ў канструкцыю пастановак. Кожная з іх выпакутаваная, выбудаваная. Дык хай пакуль усё ідзе так, як ідзе.

— А паспрабаваць сябе ў ролі вакаліста няма жадання?

— Часам у сваіх інструментальных кампазіцыях “адрываюся”, дадаю вакальныя хукi. Але каб праспяваць па-сапраўднаму, ды яшчэ са сцэны... Прабачце. Я прапаную гледачам інструментальнае палатно, у якім і без таго столькі інфармацыі, што словы яму не патрэбныя. А вось з напісаннем песень эксперыментаваць перыядычна працягваю, становячыся не толькі іх аранжыроўшчыкам, але і аўтарам музыкі і тэкстаў.

Раўнд III

— Сочыце за тым, што адбываецца ў сучаснай беларускай музыцы?

— Яна развіваецца, інструментальная гітарная ў тым ліку. Падабаецца, што больш надаюць увагі фальклору, глыбінным нейкім з’явам, уключаючы нават эксперыменты з паганскай культурай. Радуе, што ёсць квота на радыё, калі прыярытэт аддаецца беларускім творам, і гэта стымулюе выканаўцаў ды аўтараў. Прыемна, што на FM-хвалях і па тэлевізары гучыць і паказваецца мая музыка.

— Беларускія аўтары, якія працуюць у поп- і рок-музыцы, зноў сталі звяртацца да вялікіх формаў, прычым заснаваных на нацыянальным гістарычным матэрыяле. Не думалі ніколі пра гэта?

— У маім канцэрце з вялікім сімфанічным аркестрам досыць шмат беларускага. Узяць хаця б інструменты, якія выкарыстоўваюцца — цымбалы, нейкія ражкі, флейты. Усё, што ўсмактана мною з малаком маці, з крывёю нашай гісторыі, з перамогамі, нікуды не знікла. Яно — каранёвае, нацыянальнае — так ці інакш усплывае ў маіх мелодыях, гучыць са сцэны. Думаю, у хуткім часе гэты праект будзе паказаны ў Палацы Рэспублікі.

— Дваццаць гадоў таму вы перабраліся ў Маскву. Яна сапраўды не верыць слязам?

— У ёй проста няма калі плакаць і намотваць соплі на кулак. Тыя, хто ўмее і хоча працаваць — шмат і цярпліва, — хто майстры на ўсе рукі, у расійскай сталіцы запатрабаваныя будуць. Можа, не адразу, можа, давядзецца пачакаць — год, два… Аднак у выніку цябе абавязкова заўважаць і прапануюць працу. Масква любіць прафесіяналаў, але іх ёй моцна не хапае. А наогул моцна сумую па Беларусі!

 

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"