Н а вуліцы Марка Шагала, на сцяне будынка № 5, што належыць віцебскаму будтрэсту, прыцягвае ўвагу чорна-белае фота — група людзей у памяшканні з вялікай колькасцю карцін. Пад здымкам ёсць тлумачэнне: гэта вучні і выкладчыкі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча ў 1920 годзе. У другім шэрагу сядзяць Давід Якерсон, Юдаль Пэн, Марк Шагал, Вера Ермалаева, Іван Гаўрыс. Побач асобна наклеена яшчэ адно фота, на якім Марк Шагал зняты каля ўвахода ў нейкі будынак. У дэталях і ў натуральным памеры дом можна разглядзець і цяпер, бо стаіць ён літаральна за два метры адсюль — двухпавярховы, з ляпнінай на фасадзе, высокімі вокнамі і металічнай агароджай побач, здаецца, толькі пафарбаваны. Тут у 1919 годзе адкрылася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча — першая навучальная ўстанова ў краіне з такім профілем.
Хутка зайсці туды зможа любы ахвотны, бо да адкрыцця рыхтуецца Музей гісторыі вучылішча. Пакуль завяршаюцца будаўнічыя працы, Андрэй Духоўнікаў — дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва, філіялам якога і стане новы музей, — спецыяльна для “К” правёў экскурсію па залах.
— Такія асабнякі ёсць шмат дзе, але менавіта гэты асаблівы тым, што тут жылі і працавалі людзі, якія сваім унёскам у сусветную культуру паўплывалі на развіццё сучаснага мастацтва, архітэктуры, дызайна, — тлумачыць Андрэй Духоўнікаў. — Цуд, што дом захаваўся! Ёсць кадры нямецкай аэрафотаздымкі, на якіх бачна, што на гэтай вуліцы ў 1940-я ацалелі толькі казармы (цяпер дом — на скрыжаванні вуліц Шагала і Леніна, на фасадзе яго выява працы Малевіча “Смерць шпалерам” — В.М.) і вучылішча. Мы даўно адваёўвалі будынак, які апошнім часам належаў будаўнічаму трэсту, што месціцца побач. Спачатку арандавалі тут адзін пакой, потым два. Цалкам атрымалі яго ў сваё карыстанне гадоў пяць-шэсць таму і пачалі рыхтаваць праект для рэканструкцыі.
Віцебскія гісторыі
Працы пачаліся ў 2013 годзе, у 2018-м музей плануюць адкрыць. Ідзем шляхам будучых наведвальнікаў музея. Для іх уваход знаходзіцца з правага боку. Дзверы вядуць спачатку на цокальны паверх — у гардэроб, касу, сувенірную краму, прыбіральні.
— Вырашылі, што прастору трэба выкарыстаць па максімуме, — тлумачыць дырэктар і звяртае ўвагу на цагляную сцяну ля вакна: — Гэта кладка тых часоў. Акно першапачаткова было, але потым яго чамусьці заклалі. Мы яго аднавілі — і прастора адразу змянілася. Цяпер тут столькі натуральнага святла, бачна вуліцу. Кавалак старой рамы, які мы знайшлі, захоўваецца ў нас у цэнтры на Талстога, 7.
Фрагмент старой кладкі ацалеў і на столі — пад хвалістымі скляпеннямі з чырвонай цэглы праходзім да лесвіцы, якая ўжо вядзе нас на першы паверх і ў першую экспазіцыйную залу “Віцебск пачатку XX стагоддзя”.
— Тут на мальберт паставім карту Віцебска 1922 года, а насупраць — сэнсарную афішную тумбу. На сценах павесім велізарныя фотаздымкі, надрукаваныя на паперы, — расказвае Андрэй Духоўнікаў. — Колькі было ў горадзе сінагог, цэркваў, вакзалаў, тэатраў і кінатэатраў, жыхароў — экспазіцыя падрабязна знаёміць з Віцебскам пачатку мінулага стагоддзя.
Суседняя зала прысвечана тэме “Віцебскае народнае мастацкае вучылішча”.
— На сцяне каля ўвахода з праектара будзе дэманстравацца дакументальны фільм пра гадавіну святкавання Кастрычніцкай рэвалюцыі, героі якога зняты на фоне віцебскіх будынкаў з карцінамі на фасадах.
Для іншай сцяны закуплены сэнсарны экран, каб наведвальнікі самі маглі шукаць інфармацыю сярод матэрыялаў, прадстаўленых галоўным партнёрам цэнтра сучаснага мастацтва ў стварэнні экспазіцыі — мясцовым архівам.
— Хочам, каб чалавек, калі яму цікава, мог даведацца пра Віцебск, пра вучылішча, мастакоў і падзеі, што тут адбываліся, — кажа спадар Духоўнікаў. — Перадусім гэта музей гісторыі, галоўны экспанат якога — сам дом, а ўсе персаналіі звязаны ўжо з ім.
У сусветную гісторыю Віцебск увайшоў як месца стварэння творчага аб’яднання УНОВИС, удзельнікаў якога Казімір Малевіч і сабраў падчас сваёй працы ў вучылішчы. Гэтай тэме таксама прысвечана асобная зала. Падлога тут выкладзена чорнай пліткай. На сценах мусяць з’явіцца чырвона-белыя роспісы.
— У мяне часта пытаюцца, хто важнейшы з тых, хто тут быў — Шагал, Пэн, Керзін? Але каб не прыехаў Казімір Малевіч, гэта проста была б правінцыйная вучэльня. Так, першая навучальная ўстанова ў краіне з дырэктарам Шагалам, але менавіта Малевіч за два з паловай гады ўсё перавярнуў тут, стварыў сістэму выкладання і зрабіў віцебскую школу здабыткам свету, — разважае суразмоўца.
За залай УНОВИСА яшчэ адзін пакой, які прадугледжаны для правядзення канферэнцый і зменных выстаў. Дзверы адсюль вядуць у цэнтральны хол з бялюткай дубовай лесвіцай, якую таксама аднавілі па чарцяжах 1923 года. Позірк спыняецца на падлозе, дзе бачым плакат Эля Лісіцкага “Клином красных бей белых” з каляровага граніту. Калі паднімаемся на другі паверх і глядзім уніз — лесвіца выглядае бы рама да гэтай працы.
Рукапісы гараць
На першым паверсе мастакі-выкладчыкі праводзілі заняткі, на другім — жылі. Заходзім у адзін з пакояў, які займала сям’я Марка Шагала. Пакуль не хапае толькі мэблі. На сценах ужо паклеены шпалеры, узор якіх узнавілі па знойдзеным кавалачку старых. У адным куце захаваўся і паркет пачатку XX стагоддзя. Ёсць выхад на амаль стагадовы балкон.
Побач знаходзіцца зала Казіміра Малевіча. Там сустракаем дызайнера Аляксандра Вышку разам з праграмістамі па святле — яны рыхтуюць экспазіцыю.
— Калі ў зале Шагала ёсць нейкая прывязка да побыту — мэбля, шпалеры і гэтак далей, то зала Малевіча вырашана вобразна, — расказвае Андрэй Духоўнікаў. — На сцяне — “Чорны квадрат”. На вокнах будуць шторы — чырвоныя, чорныя, белыя. Стол. Больш нічога. Але тут кіруемая сістэма асвятлення. Праз 5 — 7 хвілін пасля таго, як людзі сюды зайшлі, асноўнае святло знікае, уключаецца ультрафіялет — і мы апынаемся сярод рукапісаў Казіміра Малевіча.
На секунду становіцца цёмна, а затым на сценах з’яўляюцца надпісы: “Все производство вещей можно рассматривать как тысячи спутников…” — старонкі з рукапісаў мастака, якія ўсё ж такі гараць. Дакладней, свецяцца.
— Усё зроблена паводле арыгіналу, нават калі там былі нейкія пацёртыя дэталі, на сцяне яны захаваныя, — удакладняе Аляксандр Вышка. — Гэта вельмі простае візуальнае рашэнне, якое было на паверхні, але яго ніхто чамусьці не выкарыстоўвае. Калі да нас прыязджалі спецыялісты, якія вырабляюць выкарыстаную намі фарбу, яны сказалі, што больш нідзе ў свеце такога не бачылі.
За суседняй сценкай знаходзіцца пакуль пусты будучы ванны пакой, куды наведвальнікі змогуць толькі зазірнуць.
— Пакінем дзверы прыадчыненымі, але пускаць нікога не будзем, — кажа спадар Духоўнікаў. — Прывязем сюды ванну, люстэрка, жырандолю.
Музей назаўжды
Ідзем па калідоры далей: маленькае памяшканне, прысвечанае дзейнасці Веры Ермалаевай; пакой з чорнымі сценамі для кінапраглядаў, дзе будуць паказваць футурыстычную оперу “Перамога над сонцам”, афармленнем якой займаўся Малевіч; майстэрні графікі, друку і архітэктуры Эля Лісіцкага; скульптурная майстэрня вучылішча. І зноў апынаемся каля цэнтральнай лесвіцы. Над ёй ужо ўсталявана рама для экрана. Сюды будуць скіраваныя тры мультымедыйныя праектары для стварэння відэаінсталяцыі. За экранам размесціцца яшчэ адна канферэнц-зала.
— Гэта прастора аформленая прасцей за астатнія памяшканні, тут плануецца зона для наведвальнікаў, — расказвае дырэктар установы. — Сюды закуплены крэслы-мяшкі, два камп’ютары, якімі можна будзе карыстацца любому ахвотнаму. На падваконніках раскладзем кнігі і часопісы. Прадставім магчымасць падключыцца да wi-fi, будзем праводзіць тут, напрыклад, майстар-класы для дзяцей па маляванні, чытаць лекцыі.
З працоўнай зоны выходзім да старой бакавой лесвіцы, што вядзе ў гардэроб. Сцены пафарбаваныя ў карычневы колер, але не цалкам — дзе-нідзе яшчэ ёсць плямы. Гэта наступствы экспертызы, якую перад будаўнічымі работамі праводзілі супрацоўнікі “Белрэстаўрацыі”, каб высветліць, якім быў першапачатковы колер.
— Мы крыху ўмацавалі лесвіцу, але касавуры тыя самыя, на якіх яна трымаецца з моманту пабудовы, — звяртае ўвагу Андрэй Духоўнікаў, пакуль спускаемся ўніз. На першым паверсе ў памяшканнях каля службовага ўваходу рабочыя шпаклююць сцены. Яшчэ трэба завяршыць мастацкае афармленне ў некаторых залах. Але план экспазіцыі ўжо гатовы, мэбля з абсталяваннем закуплена. Распрацаваныя экскурсіі як для звычайных наведвальнікаў, так і для спецыялістаў, якія займаюцца вывучэннем віцебскага авангарду на прафесійным узроўні.
— Часам я хачу крычаць, каб усе зразумелі: “Людзі, гэты музей назаўжды!” — прызнаецца Андрэй Духоўнікаў. — Могуць змяніцца тэхналогіі, з’явіцца, напрыклад, магчымасць ствараць віртуальную рэальнасць вакол сябе з дапамогай свайго тэлефона. Таму будзе адаптавацца экспазіцыя, унутры можна ўсё мяняць, але гэты дом застанецца назаўжды, і яго задача — расказваць, якія тут былі людзі. Так, пакуль у нас няма арыгінальных работ Малевіча ці Шагала. Калі з’явіцца такая магчымасць — набудзем. Але нават цікавей, каб сюды прыязджалі з выставамі галерэі з усяго свету. Мы фактычна ствараем адзіны ў свеце музей такога кшталту. Хтосьці скажа, што ў нас проста ёсць дом. Але тут працаваў Малевіч, пісаў свае карціны Шагал, меў глыбокія пачуцці Лісіцкі… І пра існаванне гэтага будынку ведае ўвесь свет.