Па сцэнарыі, у маладога праграміста Аляксея Кузьмянкова (яго грае акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Паўлюць) нічога не атрымліваецца ні ў праграмаванні, ні ў стасунках з дзяўчынай, таму ён вырашае пайсці ў армію, каб па-іншаму паглядзець на сваё жыццё ды набрацца досведу. У рэшце рэшт, дзякуючы вайсковай службе і ўсім перыпетыям, што з ім адбыліся, хлопец змяняецца ў лепшы бок, знаходзіць сапраўднае каханне і, натхнёны арміяй, стварае класную гульню пра танкі.
— Акурат цяпер вы можаце прасачыць за здымкамі вельмі важнага моманту, — кажа асістэнт па акцёрах Андрэй Каралевіч. — Наш герой збягае ад бацькоў на ваенны прызыў, сядае ў таксі і за ім пачынаецца пагоня — даходзіць нават і да стральбы! Тут бачна яго матываванасць, імкненне да таго, каб усімі сіламі дасягнуць сваёй мэты.
Сам галоўны герой — Павел Паўлюць — стаіць насупраць, дрыжыць ад холаду, як і ўсе акцёры, што чакаюць на вуліцы. “Мне крыху прасцей, бо ў дадзеным эпізодзе іграюць каскадзёры, таму я пакуль чакаю свайго выхаду, — гаворыць Павел. — Для мяне вельмі важны мой персанаж, я ўсімі сіламі спрабую яго раскрыць: спачатку Аляксей вельмі замкнёны, але мэтанакіраваны. Напрыканцы фільма ён раскрываецца значна больш, бо армія робіць з яго сапраўднага мужчыну.”
Павел таксама спадзяецца, што фільм “Не гульня” здольны разбурыць адмоўныя стэрэатыпы, якія ўтварыліся ў галовах маладых людзей наконт арміі. Дарэчы, стужку называюць самым вялікім праектам у гісторыі нацыянальнага кінематографа, дзе галоўную ролю грае малады акцёр. Да таго ж, некаторыя акцёры другога плана — таксама нядаўнія выпускнікі Акадэміі мастацтваў, якія цяпер працуюць у буйных тэатрах Беларусі.
Здымкі на вуліцы Ратамскай — апошнія ў Мінску, потым група “Беларусьфільма” едзе ў вялікую камандзіроўку ў воінскую частку. Андрэй і Павел прызналіся, што маладыя вайскоўцы неадназначна рэагуюць на здымкі фільма: камусьці падабаюцца такія незвычайныя “канікулы”, а камусьці гэта толькі перашкаджае. Але галоўная мэта не была б дасягнута, каб сапраўдную армію замянілі дэкарацыі і акцёры, таму фільм здымаюць у рэальных абставінах: на “Лініі Сталіна”, Кургане Славы і ў ваенным гарадку. Варта адзначыць, што для фільма быў створаны і макет савецкага танка Т-26 1933 года ў поўны памер. Ён на паверку зусім не адрозніваецца ад сапраўднага танка — хаця і зроблены з дрэва.
Пагоня са стральбой — толькі сямнаццаты дзень здымак. Увогуле на стужку аддадзена ўсяго 34 дні без уліку часу на мантаж і агучку. Такі кароткі тэрмін пастаўлены дзеля таго, каб выпусціць фільм акурат 23 лютага — у Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.