“Ісціна, любоў і прыгажосць”

№ 42 (1325) 21.10.2017 - 27.10.2017 г

Так гучыць афіцыйны слоган “Лістапада-2017”. Дырэктар праграм ігравога кіно і конкурсу фільмаў дзіцячай і юнацкай аўдыторыі Ігар СУКМАНАЎ распавёў аглядальніку “К” пра тое, як увогуле нарадзілася ідэя стварэння дэвізу фестывалю.

/i/content/pi/cult/661/14642/6.jpg— Можна сказаць, што гэта наша “ноу-хау”. Ні ў Канах, ні ў Берліне, ні ў Венецыі падобнага няма. Вядома, крытэрыі адбору стужак, якімі кіруецца дырэкцыя славутых фестываляў, прысутнічаюць, але звычайна супольнасць больш ведае візуальнае аблічча — афіцыйны постар. У нашым выпадку, мы выкарыстоўваем лозунг, які мусіць дапамагчы гледачу адаптавацца да сучаснага кінакантэксту.

У сённяшнім фармаце мы робім акцэнт на тое, што кіно — гэта заўжды праўда, заўжды прыгажосць — незалежна ад таго, распавядаецца ў ім пра ваенныя падзеі або пра крызіс сямейнага жыцця, — і заўжды пачуцці, любоў. Ведаеце апошні фільм Андрэя Звягінцава “Нелюбоў”, які, зрабіўшы фурор у кінаасяродку, спарадзіў далейшыя разважанні і супрацьпастаўленні “любоў / нелюбоў”? У гэтым сэнсе і мы не можам абмінуць тое пачуццё, якое закранае ўсе сферы нашага жыцця.

Вядома, сёлетні слоган мае і больш відавочныя кінематаграфічныя адсылкі: “Ісціна, любоў і прыгажосць” — так гучыць назва карціны знакамітага індыйскага рэжысёра Раджа Капура. “Пры чым тут Беларусь?” — спытаеце вы. Аднак як класік індыйскага кіно, што ў сваіх карцінах імкнуўся спалучаць сур’ёзную праблематыку з даступнай кінамовай, так і “Лістапад”, прапаноўваючы дастаткова складаныя творы, намагаюцца ісці насустрач свайму гледачу.

Новы дэвіз не значыць, што мы змяніліся: фільмы “Лістапада” засталіся такімі ж шчырымі, прыстойнымі і наватарскімі ў дачыненні да рэальнасці. Але мы прапаноўваем новы позірк на той магічны крышталь, якім з’яўляецца кіно, і запрашаем гледача далучыцца да размовы.