Пераклад пад патранатам Дантэ

№ 42 (1325) 21.10.2017 - 27.10.2017 г

17 кастрычніка ў рамках XVII Сусветнага тыдня італьянскай мовы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася перадача ў дар факсімільнага выдання найстаражытнага на сёння манускрыпта “Боскай камедыі” Дантэ Аліг’еры.

Перададзены ў сховішчы Нацыяналкі каштоўны фаліянт з’яўляецца копіяй арыгіналу велічнага помніка італьянскай літаратуры, які датуецца другой чвэрцю XIV стагоддзя і захоўваецца ў Нацыянальнай цэнтральнай бібліятэцы Фларэнцыі. Манускрыпт упрыгожаны 37 каштоўнымі мініяцюрамі і змяшчае значную частку каментарыяў Якопа, сына Дантэ. Кодэкс напісаны шрыфтам Littera textualis, які ўзнік у Францыі ў другой палове ХІІ стагоддзя.

Акрамя таго, падчас мерапрыемства супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі распавялі пра працу над першым італьянска-беларускім слоўнікам. Гэтая доўгатэрміновая работа праводзіцца пры падтрымцы Таварыства Дантэ Аліг’еры. Слоўнік будзе ўтрымліваць каля 35 тысяч лексічных адзінак і стане выдатным дапаможнікам для перакладаў тэкстаў з італьянскай мовы на беларускую.

Нагадаем, што 2017-ы год абвешчаны Годам італьянскай культуры ў Беларусі. А з 16 кастрычніка ў нашай краіне распачаўся XVII Сусветны тыдзень італьянскай мовы пад назвай “Італьянец у кіно, італьянская мова ў кіно”.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"