Райскае дрэва літар

№ 41 (1324) 14.10.2017 - 20.10.2017 г

Пра ініцыялы як аздобу інкунабул
Нам часта задаюць пытанне: “А якое дачыненне маюць стараверы да беларускага кнігадрукавання?” Самае непасрэднае! Калі б не яны, мы ніколі не ўбачылі б ні рукапісных кніг, ні многіх першых беларускіх, украінскіх і рускіх старадрукаў. Паколькі пасля царкоўнай рэформы іх забаранілі, і яны б згнілі, спарахнелі, згарэлі. А стараверы мелі вострую патрэбу ў духоўным пажытку. Зберагалі ды карысталіся ім і ў XVII стагоддзі, і сёння. Гаворка пойдзе пра кнігі, што захоўваюцца ў Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава.

Падчас адной з экспедыцый, у 1983 годзе, трапілі ў вясковы дом Ірыны Далговай. Яна чытала “Апостал” Івана Фёдарава, надрукаваны ў 1574 годзе ў Львове. Аслупянелі. Гэта потым ужо падлічылі, што прайшла кніга праз рукі прадстаўнікоў аж шаснаццаці пакаленняў, знітавала стагоддзі і данесла да нас любоў да Слова. Калі Фёдар Рыгоравіч Шкляраў завёў гутарку аб продажы кнігі, Ірына Рыгораўна сказала: “Прадаць няможна, бо не яна наша, а мы — яе”. Нейкія каментары тут — залішнія...

Нягледзячы на вынаходніцтва Гутэнберга, загалоўныя літары (буквіцы ці ініцыялы) па-ранейшаму выконвалі ўручную, не друкары, а каліграфы і ілюмінатары. З канца 1470-х з друкарскага працэсу паступова сталі выключацца ручныя работы, кніжная аздоба паступова набывала універсальны выгляд. Першым пачаў выкарыстоўваць арнаментальны чорна-белы дэкор немец Эрхард Ратдольт, які адкрыў друкарню ў Венецыі. Ініцыял стаў набываць характэрную для наступных гадоў форму: белая антыквенная літара пасярэдзіне чорнага квадрата. Чорны фон разраджаўся выявамі парасткаў уюнка. Еўрапейскі прынцып “чорнага мастацтва” выкарыстаў у 1517 годзе і Францыск Скарына. Ён не капіраваў, а выпрацаваў свой стыль.

У 1480 — 1488 гадах немец нідэрландскага паходжання ван Мекенем стварае серыю высокамастацкіх гравіраваных буквіц і называе яго “Вялікі прапісны алфавіт”. Гарманічны кантраст чорнай фарбы і белай паперы, аб’ёмная штрыхоўка і вытанчанасць ліній даюць цудоўны эстэтычны эфект. У аснове кампазіцый — раслінны матыў, акантавы ліст, які з антычнасці з’яўляецца мадэллю для ўпрыгожанняў.

Кніга ўжо не магла заставацца ранейшай. У выдавецкім мастацтве надышоў час спляцення традыцый і ўзаемадзеяння “гістарычных аўтарытэтаў”. Зразумела, еўрапейскі кантэкст у культуры ВКЛ праяўляўся больш моцна, чым у Маскоўскай дзяржаве. Старадрукаваны стыль выкарыстоўваецца і ў мастацтве ўпрыгожання рукапісных кніг.

/i/content/pi/cult/660/14634/pages 14-15 copy.jpg

Возьмем беларускае рукапіснае “Евангелле” пачатку XVI стагоддзя, знойдзенае Шкляравым у адной з вёсак на Веткаўшчыне. Рукапіс упрыгожаны ў балканскім і заходнееўрапейскім (старадрукаваным) стылях. Тады мноства майстроў-кніжнікаў — грэкаў, сербаў — бегла ад турэцкага прыгнёту на усходне-славянскія землі, у тым ліку, беларускія. Плецены стыль ініцыяла мае старадаўнія кельцкія карані. І ў славянскіх традыцыях вузлы ратавалі ад зла. Менавіта такая буквіца “К”. Майстар аддае належнае старому плеценаму стылю і сцвярджае гэтым гістарычную паслядоўнасць. А вось пачатак Евангелле ад Марка суправаджае ініцыял “З” (назва “Зямля”). Ён выкананы ў стылі старадрукавання. Мы бачым лісце аканту. Літару аплятаюць белыя ўюнкі — пазнака фларэнційскага рэнесансу. Але гэта не рабскае капіраванне. Абрысы славянскай “З” — нацыянальныя, у духу старога паўуставу. А чорна-белая аснова, нязмушана выкананая пяром, ажыўлена раcквечанымі бутонамі, ягадамі, кветкамі. Светлаценевы малюнак выкананы, як гравюра, штрыхом. Буквіца трывала прывязана да старонкі: не выступае і не правальваецца.

Евангелле ад Лукі распачынае таксама славянскі ініцыял — “П” (зваўся “Пакой”). Літара не толькі запоўнена акантам, але і сама прарастае. На адным з лісткоў — знак засеянага поля з узростам у 5 тысяч гадоў. Уюнок — паміж штамбамі-стваламі. Дарэчы, гісторыя з уюнком — не простая. Калі мастакі Рэнесансу звярнуліся да антычнай спадчыны, яны за сапраўдныя рымскія рукапісы прынялі каралінгскія рукапісы лацінскіх класікаў (канец VIII — IX стагоддзяў). У эпоху Карла Вялікага Еўропа перажывала першы інтарэс да спадчыны антычных аўтараў. Паядналася стылістыка трох эпох: арнаментальныя матывы Сярэднявечча былі перапрацаваны ў духу антычнасці так, як гэта ўяўлялі сабе майстры Адраджэння.

Яшчэ адно рукапіснае Евангелле беларускага паходжання з веткаўскай калекцыі адносіцца да пачатку XVII стагоддзя. І зноў мы бачым майстэрскае спляценне стыляў і пераасэнсаванне прыёмаў і тэхнік. У выніку назіраем арганічны арыгінальны стыль. Буквіца “В” (“Ведзі” — ведай) створана з плеценых рамянёў (балканскі стыль). Але само пляценне з жывога рытму натуральнай вязкі пераўтворана ў рэгулярную геаметрычную форму, ускладнена, сімвалічна ўтрымлівае крыж. Гэта спадчына готыкі. А асцярожныя парасткі па кутах колішняга арнаменту перароблены ў магутныя сцяблы. Яны жвава разрастаюцца і нясуць новы энергетычны імпульс — барока. І ўсё выканана ў гравюрным, старадрукаваным стылі. Якія разнастайныя пошукі і нечаканыя рашэнні! А вось шыкоўная буквіца “З”. Плеценая, але яе атожылкі, падаецца, гойдаюцца ў паветры, нібыта плюмажы на рыцарскіх шлемах. У літары ёсць сапраўдныя … вочы. Гратэск! Дарэчы, тэкставы шрыфт — “еўрапейскі”, створаны пад уплывам лацінскай антыквы. Першыя крокі ў гэтым кірунку зрабіў менавіта Францыск Скарына.

Пасля таго, як яны вырваліся на волю, акумулюючы энергію розных вякоў, буквіцы старадрукаванага стылю працягваюць развіваць сваю спрадвечную тэму: неперарыўнай скрозь стагоддзі квецені жыцця ды імклівага росту. Бачна яўная неўтаймоўнасць гэтага пераможнага руху пяшчотных уюнкоў і магутных кронаў буквіц. Кожная — Дрэва на пачатку краіны-старонкі. А гэта ж райскае дрэва, якое раняе насенне літар, і тыя прарастаюць старадаўнімі нотамі-“крукамі”.

Веткаўскія ініцыялы “гучаць” і далей: у XVIII, XIX, на пачатку XX стагоддзя. І гэта працяг таго ж творчага пошуку. І стварэнне цэласнага стылю. Гэтая музыка — жывая. І сказаць, што буквіцы проста створаны ў старадрукаваным стылі, значыць, нічога не сказаць.

Галіна НЯЧАЕВА,
дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава, 
Святлана ЛЯВОНЦЬЕВА,
галоўны захавальнік музея