Музей бібліятэчнай ды іншых справаў

№ 41 (1324) 14.10.2017 - 20.10.2017 г

Іўеўскі стандарт: кананічнасць ды наватарства
У заключную частку аўтатура трапілі ўсяго дзве ўстановы культуры, ды і тыя — гарадскія. Гаворка пра бібліятэку і цэнтр культуры ў Іўі. Тым не менш, менавіта яны вызначаюць культурную палітыку не толькі ў райцэнтры, але і на сяле, дзе маюць свае філіялы, якія цяпер называюцца аддзеламі ды сектарамі.

Спадзяванне на “Дажынкі”

У мінулым выпуску аўтатура ішла размова ў тым ліку і пра ўстановы культуры ў Трабах, дзе працуюць цікавыя ініцыятыўныя людзі, нягледзячы на безнадзейную састарэласць будынка клуба ды бібліятэкі. Парадаксальна, але нават у аварыйным памяшканні нараджаюцца новыя пастаноўкі, а сам аграгарадок мяркуе стаць адным з цэнтраў тэатральнага жыцця раёна. Але якая насамрэч перспектыва чакае культурную сферу Трабаў?

З гэтага пытання і пачалі гаворку з кіраўніцтвам Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу. Нашы адчуванні падцвердзіліся: у тройку самых слабых па матэрыяльна-тэхнічнай базе ўстановы ўваходзяць і Трабы. Не ўсё так гладка і з кадрамі: некалькі месяцаў таму туды на пасаду мастацкага кіраўніка трапіла па размеркаванні дзяўчына, спецыяліст па вырабе керамічнай цацкі. Толькі вось праца яе зусім не зацікавіла. Скарыстаўшыся магчымасцю, атрымала пераразмеркаванне. Звольнілася і колішняя дырэктарка СДК — перайшла на больш спакойную працу ў мясцовую школу. У выніку перад рэжысёрам народнага тэатра Міхаілам Калышкам паўстала няпростая задача: самастойна займацца тэатралізаваным святам аграгарадка. Справіўся выдатна, і прафесійныя здольнасці яго, па словах дырэктара Цэнтра культуры і вольнага часу Святланы Ракець, заслугоўваюць толькі станоўчых ацэнак. Што і казаць, спектаклі ў Трабах праводзяцца часцей за канцэрты і збіраюць поўныя залы.

Вось і атрымліваецца, што спадзяванні на імклівае тэатральнае жыццё ў Трабах у Святланы Аляксандраўны — цалкам рэалістычныя. У тым ліку і надзеі на новую сцэну. Справа ў тым, што ў наступным годзе раён будзе прымаць абласныя Дажынкі. За кошт вылучаных сродкаў у Трабах будзе рэканструявацца фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Ужо прынята рашэнне вылучыць там месца пад установу культуры.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Цікава, што першы і апошні нашы аўтатуры пралягалі па Іўеўшчыне — раёне ў культурнай сферы адметным і разам з тым, пэўна, недаацэненым тымі ж турыстамі. Раёне, які аказаўся ў ценю больш эканамічна паспяховых суседніх Смаргоншчыны, Лідчыны ды Ашмяншчыны. А таму надзвычай радуе, што нягледзячы на немалыя праблемы культура тут развіваецца імкліва: штогод з’яўляюцца новыя праекты, ідэі. І самае галоўнае, паступова рэалізуюцца. Найперш, дзякуючы неабыякавым людзям.

Падсумоўваючы, хочацца прызнацца, што аўтатуры сталі для мяне яшчэ і магчымасцю падшукаць сабе ўтульнае месца для рэгулярнага вясковага адпачынку на ўлонні прыроды. Пэўна, не выпадкова пару гадоў таму я яго знайшоў менавіта на Іўеўшчыне — дзе ўдала спалучаюцца і культура, і гісторыя, і неверагоднае хараство навакольных пейзажаў.

І аддзелы, і сектары

Апрача Трабаў, у Цэнтра культуры і вольнага часу багата іншых клопатаў: усяго на балансе 14 адзінак клубнага тыпу, 9 калектываў са званнем “народнага”, з іх — тры тэатры. Нагадаем, цяпер замест клубаў і дамоў культуры тут — аддзелы і сектары. Гэта вынікі рэформы, якая адбылася два гады таму. Разам з ім пачалі з’яўляцца і брэндавыя мерапрыемствы ў саміх аграгарадках.

Назавём толькі некаторыя: “Морынская рыбалка”, “Жамыслаўскі шляхецкі фэст”, “Кліча ў госці Налібоцкая пушча”. Падчас абмеркавання назваў святаў і іх змястоўнага напаўнення завязалася невялікая спрэчка. І мы, прыхільнікі яркага нэймінгу ды незвычайных мерапрыемстваў, вымушаны былі пагадзіцца: кожны год здзіўляць нечым новым цяжка. З іншага боку, царкоўнае набажэнства таксама ў нечым аднастайнае, ідзе па сваіх канонах. Тое ж і ў святочных мерапрыемствах на Іўеўшчыне — людзі ведаюць загадзя, на што ідуць. І лепшае сведчанне таму — вядомыя Залейкі, дзякуючы навагоднім тэатралізацыям у якіх сфера культуры раёна зарабляе немалыя грошы, у тым ліку і на абнаўленне апаратуры.

Запрасілі нас на яшчэ адно патэнцыйна цікавае мерапрыемства: 15 кастрычніка ў Геранёнах адбудзецца “Баль-прыём Барбары Радзівіл”. З імем каралевы Барбары звязаны і трансгранічны праект з латвійскімі партнёрамі. Скіраваны ён на адраджэнне ў мясцовым доме рамёстваў традыцыйнага сярэднявечнага строю, правядзенне сумесных святаў і адукацыйных семінараў. Першы этап праект прайшоў. Засталося дачакацца зацвярджэння. Дарэчы, Геранёны звязаны з яшчэ адной новай традыцыяй: у Гродзенскай вобласці з’явілася практыка стварэння так званых “музейных пакояў” пры ўстановах культуры. Ёсць яны і тут, а таксама ў Дайлідах (там размясціўся пакой саламяных вырабаў, пра які “К” ужо пісала).

Згадаўшы геранёнскі Дом рамёстваў, нельга не сказаць колькі слоў і пра іўеўскі. На жаль, пакуль свайго ткацкага станка тут яшчэ няма. Але гэта не бянтэжыць сімпатычных і, падкрэслім, здольных дзяўчат, якія тут працуюць. І працуюць даволі паспяхова. Рэгулярнымі сталі майстар-класы па вышыванцы, у тым ліку ў найбольш старажытнай тэхніцы — процягам. Праводзіцца і вялікая даследчая праца — Вольга Свістун, якая робіць тут трохі больш за год, паспела ўжо аднавіць некалькі аўтэнтычных касцюмаў. І зрабіць адзін стылізаваны — саламяны. Не забываюцца дзяўчаты і на брэндавыя сувеніры з выявай легендарнай заснавальніцы горада і яе сімвала — князёўны Евы.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Асабіста я таксама лічу Іўеўскі раён ці не родным. За гады працы ў “Культуры” пабываў тут пяць ці шэсць разоў. Унікальнасць гэтага беларускага кутка не толькі ў архітэктуры, але і ў шматканфесійнасці, творчай еднасці мясцовага насельніцтва. Пры такім спалучэнні атрымліваюцца вельмі цікавыя вынікі культурнай дзейнасці. Прынамсі, яны не падобныя на тое, што робяць клубнікі ды бібліятэкары іншых раёнаў. Гэтым разам здзівіла і па-добраму ўразіла рэклама ля бібліятэкі.

/i/content/pi/cult/660/14630/pages 10-11.jpg

З катэгорыі “цікавосткі” — у трансгранічны праект

З легендарнай Евы пачынаецца знаёмства і з раённай бібліятэкай. А дакладней — са слоў Рэнэ Дэкарта пра каштоўнасць чытання кніг. Цытата змешчана на фасадным банеры з выявай князёўны. У самой установе сустрэліся з яе дырэктарам, Святланай Мірончык. Маючы абмежаваны час, паразмаўлялі пра самае асноўнае: праекты і развіццё.

Высветлілі, што Іўеўская ЦБС паспяхова ўдзельнічае ў грантавых мікра-праектах вельмі даўно. Іх сумы ў 300 — 400 умоўных адзінак, можна сказаць, сімвалічныя. Тым не менш яны дазваляюць рэалізоўваць свае цікавыя праекты, прыкладам, “Іўеўшчына ў фотааб’ектыве”. З апошняга: у абласным ідэалагічным конкурсе ЦБС заняла другое месца і атрымала 1700 рублёў — яны пойдуць на набыццё ноўтбука.

Замахваюцца тут і на міжнародныя гранты. Праўда, пакуль робяцца толькі першыя крокі: сумесна з бібліятэкай з Ломжы летась падалі заяўку на трансгранічны праект ЕС па фінансаванні стварэння вулічнай дзіцячай бібліятэчнай пляцоўкі ў Суботніках. На жаль, праект пакуль не прайшоў адбор. Але ў Іўі з гэтай нагоды не сумуюць: плануюць дапрацаваць і падаць сёлета. Ці прыдумаць новы праект. Цікавостак жа хапае! Вось, да прыкладцу, “Бясплатная фотазона: вымерай свой рост у кнігах” — так называецца праект дзіцячай бібліятэкі. А ёсць і фотапраект “Што раяць прачытаць вядомыя людзі Іўеўшчыны”, які рэалізоўваўся ў межах тыдня беларускай мовы. Цікавыя атрымаліся рэкамендацыі. Да прыкладу, Мікалай Завадскі, рэжысёр іўеўскага народнага тэатра, прапануе прачытаць раман Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”, каб не згубіць юнацкага рамантызму ў душы; а зубны ўрач Галіна Балбатун аддае перавагу творчасці Васіля Быкава, рэалістычныя, трагічныя творы пісьменніка, маўляў, дапамагаюць супрацьстаяць не толькі зубному, але і маральнаму болю.

Прыемна ўразіў і сайт Іўеўскай ЦБС. Нягледзячы на афармленне на рускай мове большасць інфармацыйных артыкулаў змешчаны па-беларуску. Гэтаксама на роднай мове выкладзены краязнаўчы каляндар, з якога між іншым даведаліся, што ў кастрычніку спаўняецца 470 гадоў з моманту заключэння ў Геранёнскім замку таемнага шлюбу караля Польшчы і вялікага князя ВКЛ Жыгімонта Аўгуста ІІ з Барбарай Радзівіл. Вось адкуль пайшоў “Баль-прыём Барбары Радзівіл”!

Згаданыя цікавосткі, пры ўсёй іх разнастайнасці, найперш, будуць запатрабаваны мясцовай грамадскасцю. Шараговы турыст на гэта не спакусіцца. А вось на што спакусіцца, дык на каштоўныя экспанаты, прадстаўленыя ў адзіным на Гродзеншчыне музеі бібліятэчнай справы, створаным у 2011 годзе. Адным з іх з’яўляецца Ганаровая грамата Міністэрства культуры СССР за подпісам тагачаснага міністра культуры Кацярыны Фурцавай. Гэтай граматай у 1969 годзе была ўзнагароджана бібліятэкар чытальнай залы Іўеўскай раённай бібліятэкі Марыя Гушча. А вось экспанат, які выклікае эмацыйны ўздым. Сярод іншага, ў іўеўскім музеі прадстаўлены арыгінал нобелеўскай прамовы са Стакгольма Святланы Алексіевіч, шарыкавая ручка, якой яна падпісвала дакументы ў Швецыі, а таксама кніга з яе аўтографам, шыльдачка з імем пісьменніцы, якая стаяла падчас чытання лекцыі. Гэтыя ў нечым культавыя рэчы трапілі ў Іўе дзякуючы ганароваму грамадзяніну райцэнтра, намесніку галоўнага рэдактара “Расійскай газеты” Ядвізе Юферавай, якая ездзіла разам з Алексіевіч у Стакгольм на ўручэнне прэміі. Дзякуючы ёй тут з’явіліся не толькі артэфакты, звязаныя з нобелеўскай лаўрэаткай, але і каштоўныя кнігі з дароўнымі надпісамі. Чым не нагода завітаць у Іўе?

Апошняе (не)лірычнае заканчэнне

Тысячы кіламетраў больш чым за чатыры гады… За гэты час даведаліся не толькі пра незвычайныя рэцэпты макухі са льну ды тушанай сніткі, але і пра рэцэпты творчага поспеху. Пазнаёміліся з мноствам цудоўных людзей сферы культуры — майстрамі, рэжысёрамі, бібліятэкарамі, настаўнікамі, работнікамі сельскіх клубаў, музеяў. Аўтатуры падсілкоўвалі нас духоўна, эмацыйна. Былі і расчараванні, калі зрэдчас бачылі абыякавасць, і радасць — калі заўважалі ў вачах работнікаў культуры яркі агменьчык, які гарэў нягледзячы на вялікую загрузку ды малы заробак. Сваімі аўтатураўскімі публікацыямі намагаліся дапамагчы — і ў рамонце, і ў захаванні ўстановы ды працоўных ставак, і ў пашырэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы, і ў рэалізацыі праектных, грантавых задумак. Спадзяёмся, нешта ў нас атрымалася. І выбачаемся ў тых, да каго так і не даехалі. Абяцаем, што няхай і ў іншай форме ды фармаце, але на ініцыятыўных, крэатыўных, смелых і шчырых работнікаў культуры забывацца не будзем.

Мінск — Маладзечанскі раён Мінскай вобласці — Смаргонскі і Іўеўскі раёны Гродзеншчыны — Мінск / Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"