Урокі гравітацыі

№ 41 (1324) 14.10.2017 - 20.10.2017 г

Ка­лі б да­вя­ло­ся пад­абраць ад­но сло­ва, якое аса­цы­ю­ецца з га­лоў­ным ба­лет­май­страм Бе­ла­рус­ка­га дзяр­жаў­на­га ма­ла­дзёж­на­га тэ­атра Во­ль­гай СКВАР­ЦО­ВАЙ, не за­дум­ва­ючы­ся б пра­мо­ві­ла — па­ўсюд­ная. Уз­ні­кае ад­чу­ван­не, быц­цам яе — вя­до­ма­га ха­рэ­огра­фа, доб­рую актры­су, не­за­быў­на­га пер­фор­ме­ра — мож­на па­ба­чыць ад­на­ча­со­ва на роз­ных пля­цоў­ках. За­ня­тая ў шмат­лі­кіх пра­ектах і май­стар-кла­сах, яна мае і ўлас­ную ка­ман­ду Skvo’s Dance Company, якая імкнец­ца праз экс­пе­ры­мент вы­йсці з зо­ны кам­фор­ту і вы­най­сці но­вы пад­ыход да ру­ху і твор­час­ці. Пры­чым та­кая не­йма­вер­ная актыў­насць на­ту­ра­ль­на ядна­ецца і з га­лоў­най жыц­цё­вай ро­ляй Во­ль­гі: яна шчас­лі­вая ма­ці ма­ле­нь­ка­га Ва­неч­кі.

/i/content/pi/cult/660/14627/Skvorcova-W.jpg

— Вы ладзіце мноства праектаў, вас можна пабачыць разам з Ванем на прэм’ерах у іншых тэатрах. Ці лёгка даецца сумяшчэнне мацярынства і творчасці?

— Цяжка на самой справе, але я прытрымліваюся меркавання, што дзіцяці неабходная ранняя сацыялізацыя. Канешне, не заўсёды сітуацыя дазваляе браць з сабой малечу, аднак я імкнуся па меры магчымасці. Яшчэ як была цяжарная, да апошняга працавала. Пасля ж нараджэння Вані рана распачала дастаткова бурную дзейнасць. Не магу сказаць, што гэта неразважліва.

— Не хацелася ўсё кінуць і пайсці на тры гады ў законны дэкрэтны адпачынак?

— Я не бачу ў гэтым сэнсу. Бо навошта марынаваць дома дзіця? Ванечка быў яшчэ немаўлём, калі я ўзялася за прапанову “Альфа-тэатра” — рабіла там шмат нумароў для другой часткі спектакля “Ноч для жанчын” па п’есе Нікаласа Рэда. Гэта было цяжкавата, бо неабходна было перапыняцца на кармленне, а часам…і не перапыняцца — працягваць рэпетыцыі з дзіцём на руках. І ўсё ж гэта не надта замінала рабоце. Што тычыцца падрыхтоўкі нашага спектакля “Весна священна ли…”, дык паўгадовы сын увесь час быў з намі, сядзеў у дзіцячым крэсле, натхняў.

Цяпер трохі складаней, бо Ваня ўжо і бегае, і лапоча нешта, раз-пораз крыху адцягваючы маю ўвагу. І ўсё ж я за тое, каб максімальна інтэграваць дзіця ў сваю асабістую прастору. Мне падаецца — гэта нармальна. Крута, калі твой сын мае зносіны з рознага ўзросту дзецьмі яшчэ дзесьці, акрамя пясочніцы. З гэтай мэтай, дарэчы, хачу знайсці для сабе розныя актыўнасці.

— На вуліцах горада мамы з малымі дзецьмі часам сутыкаюцца з азлобленай рэакцыяй. Людзей могуць раздражняць дзіцячыя эмоцыі, а таксама сітуацыі, калі маці корміць грудзямі немаўля. Тэатр пазбаўлены гэтых перадузятасцяў?

— Так. У мяне на гэты конт усе псіхалагічныя бар’еры хутка разбурыліся. Я не саромелася карміць ні ў парках, ні ў кавярнях, ні ў тэатры падчас рэпетыцый.

— Па вашым адчуванні, на дзіця ўздзейнічае тая творчая атмасфера, у якой яно аказваецца ледзь не з першых месяцаў жыцця?

— Сын прысутнічаў, канешне, не на ўсіх рэпетыцыях, але я бачу, што на ім гэта вельмі моцна адбілася. З’яўляюцца нейкія цікавыя рухі, развіваюцца асаблівыя адносіны да свайго цела, іншае стаўленне да люстэрка — мы ж рэпеціравалі перад люстэркам, а ён сядзеў да яго спінай, будучы нашым першым гледачом.

— У маім дзяцінстве для тэатральнай талакі было натуральным браць з сабой сыноў і дачок на рэпетыцыі, пакідаць іх у грымёрках падчас спектакля. Мне падаецца, цяпер у службовых калідорах тэатраў хіба зрэдку звіняць галасы малечы. Магчыма, тое стала не прынята…

— Я не магу казаць пра якую-небудзь тэндэнцыю ў гэтым кірунку, бо першы ванечкін год была вельмі моцна занураная ў свайго малога. Паралельна я праганялася ў нейкай акцёрскай працы, а ён за кулісамі чакаў мяне, спаў, пераходзіў з рук на рукі калег. Бываюць цудоўныя моманты. Напрыклад, калі я завітала з сынам да Жэні Карняга паглядзець яго спектакль “Латэнтныя мужчыны” — а там яшчэ тры акцёрскія дзіцяці. Мы шыкоўна тусаваліся ў РТБД са сваімі малымі.

— Ці сталі вы са з’яўленнем сына па-іншаму глядзець на свае даўнія работы? Магчыма, нешта змянілася ў падыходзе да новых праектаў?

— Гэта выявілася перш за ўсё ў тым, што я ва ўсім шукаю мэтазгоднасць. Пакуль, можа, не зусім атрымліваецца, але імкнуся даць сабе ўстаноўку не рабіць бессэнсоўных рухаў: не ўлазіць у тыя прапановы, якія мне не патрэбны. Магчыма, перагледзець сваю пазіцыю ў стварэнні работ, каб даводзіць пастаноўкі да больш шырокага кола гледачоў. Не хочацца так званага “мастацтва ў сабе”, а вельмі хочацца зрабіць вызначаныя крокі, але спачатку патрэбна спыніць творчую гонку, якая цяпер у мяне распачалася, і адпачыць ад усяго.

— Узнікла патрэба пераасэнсаваць сваю творчасць?

— Калі па шчырасці, мяне больш за ўсё сёння хвалюе маё месца ў прасторы. Як зрабіць так, каб прафесійную танцавальную суполку падтрымалі? У дзяржаўным тэатры тое складана: установа першапачаткова не прыстасаваная для ўтрымання такога калектыву. У нас ёсць пляцоўка ў Маладзёжным тэатры, хочацца пасябраваць з ёй з узаемнай карысцю. Але тут паўстае шмат пытанняў…

Можна ісці па пратаптаным шляху, які пракладзены аналагічнымі групамі ў Расіі і Украіне. Нават калі тэатр сучаснай харэаграфіі знаходзіцца пры якойсьці дзяржаўнай установе, ён усё ж мае патрэбу ў самастойнай назве, у асобнай рэкламе, у адміністратыўным корпусе. Мне бачыцца, што нельга збіраць гледача на альтэрнатыўныя спектаклі старымі метадамі праз распаўсюджвальнікаў білетаў ці ў надзеі на нейкае сарафаннае радыё. На тэатр сучаснай харэаграфіі ў рамках дзяржаўнага тэатра патрэбна рабіць дадатковы акцэнт па-за рамкамі агульнай афішы. Бо мы, у пэўнай меры, знаходзімся ў інфармацыйнай блакадзе. Пра нас нічога не ведаюць! Адчуваю, трэба даць сабе крыху паветра, расставіць прыярытэты і прыдумаць, як зрабіць так, каб змяніць сённяшні стан рэчаў.

— Не было жадання распачаць праект, звязаны з дзецьмі?

— У мяне ёсць думка даваць урокі па contemporary dance для маці з дзецьмі. Як вядома, у малых можна многаму навучыцца ў плане пластыкі, бо яны — да двух гадоў дакладна — рухаюцца вельмі эрганамічна. Малеча ж толькі знаёміцца з гравітацыяй, з раўнавагай, са сваім становішчам у прасторы. Дзеці не дапускаюць балючых рухаў, таму ў гэтым плане існуюць больш натуральна. Назіранні не новыя, яны даўно выкарыстоўваюцца ў танцавальна-рухальнай тэрапіі, кантактнай імправізацыі і ва ўсіх цялесных практыках.

Фо­та Сяр­гея ЖДА­НО­ВІ­ЧА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"