Хто плаціць, а хто музыку замаўляе

№ 41 (1324) 14.10.2017 - 20.10.2017 г

Размова паміж тэатрам і кампазітарам: падводныя камяні тыпавых дакументаў
З чаго пачынаецца праца тэатральнага кампазітара? Стварэнне новай мелодыі — напэўна, з натхнення, а вось напісанне музыкі для канкрэтнага спектакля — з падпісання дагавора паміж творцам і тэатрам. Пастановачнай камандай гэты дакумент часцей за ўсё ўспрымаецца, як нейкі тэхнічны момант у падмурку творчага пошуку. Але ніхто са стваральнікаў не застрахаваны ад выпадку, калі, здавалася б, простыя словы на паперы з подпісамі і пячаткай становяцца каталізатарам судовай справы. Якія ж нюансы трэба ўлічваць, каб прадстаўнікі тэатра і кампазітар пасля працы над спектаклем па-сяброўску паціскалі адзін аднаму рукі, а не рыхтаваліся да абароны або нападзення ў судзе?

Карціна тыповая. Ці не вельмі?

Пытанне дагаворных адносін кампазітара і тэатра рэдка становяцца тэмай публічнага абмеркавання. Гэта зразумела: дзесяцігоддзямі тэатры працуюць па апрабаванай схеме, выкарыстоўваючы практычна аднолькавыя дакументы. Пры дамове пра супрацоўніцтва дагавор, па вялікім рахунку, выконваў фармальную функцыю, ні адзін з бакоў асабліва не глядзеў, наколькі акуратна прапісаны яго палажэнні. Але…

З кампазітарам і кінапрадзюсарам Дзмітрыем Фрыгам мы размаўлялі акурат пасля яго кансультацыі з юрыстам па удасканальванні дагавору — а ён, між іншым, з’яўляецца тыпавым і выкарыстоўваецца большасцю беларускіх тэатраў. Аўтар, які столькі гадоў працуе з вядучымі айчыннымі калектывамі і стварыў не адну партытуру для тэатра, нават падумаць не мог, што чарговая праца — на гэты раз, з прыватнай трупай — завершыцца не кветкамі падчас прэм’еры, а судовым разборам адносна атрымання ганарару.

Справа вось у чым: прыватны дзіцячы тэатр "Кропка" замовіў вядомаму кампазітару музыку для пастаноўкі. Два пасляпрэм’ерныя тыдні заказчык яе выкарыстоўваў, але калі выканаўца нагадаў, што прыйшоў час разлічыцца за зробленую работу, адміністрацыя раптам вырашыла выплаціць толькі чвэрць пазначанага ганарару. Сітуацыя для сталічнай тэатральнай прасторы (думаю, не памылюся, калі скажу, што і для ўсёй краіны) сапраўды нетыповая…

Дзмітрыю Фрыгу дзеля абароны сваіх правоў давялося звярнуцца ў Вярхоўны суд: “Падчас пасяджэнняў разбіралася ледзь не кожнае слова дагавора паміж мной і тэатрам. У выніку я вырашыў, што хопіць марнаваць час на суды і пайшоў на міравое пагадненне з адказчыкам. Мне выплацілі палову ад першапачаткова заяўленага ганарару. Галоўнае, што я вынес пасля ўсёй гэтай справы, — стала зразумела, якіх праколаў у дакументах трэба надалей пазбягаць. Каб такія сітуацыі не паўтараліся, са сваім юрыстам я цалкам перапрацаваў дагавор супрацоўніцтва з тэатрамі”.

Шчыра кажучы, колькі творчых людзей задумваецца перад тым, як паставіць свой подпіс? І хаця кожны чуў звыклую фразу “ўважліва чытайце дагавор”, мала хто — хаця б у сілу адсутнасці спецыяльнай юрыдычнай адукацыі — здагадваецца, што за словамі, напісанымі, падкрэслю, зусім не дробным шрыфтам, можа хавацца шмат непрыемных зачэпак і прагалаў.

Лічба значыць многае

Першае, што прапануе спадар Дзмітрый кампазітарам: праверыць у сваіх дагаворах, дзе канкрэтна пазначана колькасць твораў, якія выканаўца абяцае прадставіць заказчыку. Па словах суразмоўцы, у тыпавых дакументах тая лічба запісана ў “целе” дагавора. Для пастановачнай каманды зразумела: гэты план прыблізны, падчас працы над спектаклем ён можа змяняцца. Бывае, тэатр замовіў 5-6 твораў, але ў ходзе рэпетыцый нарадзіліся ўстаўныя нумары, спатрэбілася зрабіць “уласную” кампазіцыю на выхад пэўных персанажаў. Ці наадварот: з 10 кампазіцый ад некалькіх адмовіліся, бо, напрыклад, акцёры не здолелі іх праспяваць.

Працэс работы над спектаклем адбываецца па-рознаму. Некаторыя рэжысёры запрашаюць кампазітараў на рэпетыцыі, іншыя па тэлефоне выказваюць аўтару музыкі свае заўвагі ці пажаданні па матэрыяле. Гэта ўсё працоўныя моманты, суд жа іх успрымае па-свойму: колькі было запісана, столькі мусіш аддаць заказчыку, і па-іншаму быць не можа. Дакладная лічба ў дагаворы падчас разбору пачынае граць супраць творцы: маўляў, не выкананы ўмовы.

— Юрыст, з якім я працую, адразу ўказаў на гэтае слабое месца. Трэба змяніць адно-два словы ў афіцыйным тэксце — і гэта сапраўды выратуе ад прававой пасткі, — апавядае візаві. У прыватнасці, у дагаворы майго суразмоўцы замест фразы “Я абавязваюся стварыць музыку для спектакля ў N-най колькасці твораў” значыцца: “Я абавязваюся стварыць музычнае суправаджэнне для тэатральнай пастаноўкі”. Канкрэтную колькасць твораў кампазітар зацвярджае ўжо непасрэдна ў акце здачы-прыёмкі музычнага матэрыялу. Тады дакладна ўсе будуць задаволеныя.

Носьбіт носьбіту не роўны?

Зыходзячы з асабістага сумнага досведу, спадар Фрыга таксама прапануе замацаваць у дагаворы магчымасць перадачы музыкі заказчыку праз інтэрнэт з прыкладзеным сканам, які пацвярджае факт перадачы. Справа ў тым, што ў тыповым дагаворы пазначана здача кампазіцый на фізічным носьбіце (маецца на ўвазе флэшка ці дыск).

 — Прыкладна за месяц да прэм’еры музыка была гатовая, я даслаў рэжысёру спасылку на аддалены сервер, куды выклаў кампазіцыі, калектыў тут жа ўзяў іх у работу. Аднак з юрыдычнага боку гэта не так усё яўна: хоць установа атрымала замоўленае і карысталася ім, яна мела права заявіць, што работа мною не выканана, паколькі я не перадаў матэрыял у тым выглядзе, у якім гэта прапісана ў дагаворы, — узрушаны візаві.

Кампазітар таксама можа патрапіць у складаную сітуацыю, калі перадасць свой твор таму прадстаўніку тэатра, які насамрэч юрыдычна не ўпаўнаважаны весці перамовы. Па логіцы, стваральнік музыкі напрамкі кантактуе толькі з рэжысёрам. Спадар Дзмітрый працягвае: “Я адрасаваў музыку рэжысёру (запрошанаму тэатрам спецыялісту) і ў копію паставіў заснавальніка тэатра. Але ў судзе выявілася, што ў маім выпадку я павінен быў усе пытанні вырашаць з афіцыйным прадстаўніком тэатра, які нясе адказнасць за гэтую работу — з дырэктарам”.

Сумняваюся, што айчынныя тэатры калі-небудзь усур’ёз звярталі ўвагу на гэты пункт дагавору. Усё ж, для калектыву куды важней канчатковы вынік — удалы спектакль, а не дакладна выкананыя схемы хто каму што павінен аддаць... Ды і пытанні з носьбітам можа вырашыць сам тэатр. Напрыклад, па словах дырэктара Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Уладзіміра Карачэўскага, у іх ўстанове дзейнічае такі алгарытм: “Часцей за ўсё кампазітар дасылае музыку па інтэрнэце, мы яе “забіваем” у камп’ютар, тут жа праслухоўваем, адкрываем партытуру. Да пашпарту спектакля, які складаецца з эскізаў касцюмаў, светлавой і гукавой партытуры і гэтак далей, канешне, патрэбна прыкласці кампазіцыі на носьбіце. Але запісаць яе на флэшку ці дыск могуць і спецыялісты тэатра — напрыклад, загадчык музычнай часткі, які разам з загадчыкам пастановачнай часткі і фарміруе пакет дакументацыі да здачы пастаноўкі. Шчыра кажучы, у нас ніколі не ўзнікала такіх праблем”.

У гэтым пытанні салідарны і кіраўнік Цэнтра па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксей Бічурын: “Механізм перадачы твора — пераважна тэхнічнае пытанне. Спасылацца на тое, што не была выканана ўмова пра парадак прадстаўлення экзэмпляра, — гэта самападман. Ад беднасці духа, хутчэй, чым ад беднасці эканамічнай”.

Не вер мне на слова

У многіх тэатрах здавён уведзены ў штат юрысконсульты, але, упэўнена, яны ніколі не правяралі, наколькі літаральна выконваюцца ўсе пункты дагавору паміж установай і запрошанымі творцамі. Тлумачыцца тое проста: тэатральны асяродак даволі вузкі, хутка распаўсюджваецца інфармацыя пра ненадзейных людзей, якія зрываюць тэрміны і не выконваюць абавязальніцтвы, ды і рэжысёры звычайна працуюць з тымі кампазітарамі, з якімі ім камфортна. Новыя гульцы на тэатральным рынку вымушаюць канстатаваць відавочнае “давярай, але правярай”. А менавіта: трэба абавязкова сачыць, ці падпісаны акт прыёмкі матэрыялу.

Спадар Фрыга гэты момант упусціў. Зразумець яго можна: ён стварыў музычны матэрыял, але яшчэ не былі ўладжаны ўсе юрыдычныя нюансы той фірмай, якая з’яўляецца ўладальнікам тэатра. Кампазітар жа быў моцна заняты на іншым праекце, таму не патрабаваў выканання, як яму падавалася, фармальнасцей. Ці думаў ён тады, што за абяцаны ганарар потым прыйдзецца змагацца?

З іншага боку, тэатр увогуле не мае права выкарыстоўваць музыку, калі не з’яўляецца яе ўладальнікам — а ім нельга стаць, не падпісаўшы акт здачы-прыёмкі матэрыялу. У гэтай думцы мяне падтрымлівае і Уладзімір Карачэўскі: “Як можна запускаць спектакль у пракат, не падпісаўшы акта? Ужо ідзе распаўсюджванне білетаў, а з кожнага продажу, адпаведна заканадаўству, тэатр павінен перавесці грошы на аўтарскія адлічэнні. Возьмем, да прыкладу, нядаўнюю прэм’еру РТБД “Бетон”: прайшла здача спектакля, мастацкі савет тэатра пастаноўку прыняў — і я адразу падпісаў з кампазітарам Мікітам Залатаром акт здачы-прыёмкі матэрыялу. Адпаведна, на прэм’еры музыка выкарыстоўвалася цалкам афіцыйна”.

Як бачым, у інтарэсах заказчыка падпісаць акт адразу, інакш з юрыдычнага пункту гледжання ён мае ўсе шансы застацца на прэм’еры без музыкі.

Сістэма для…

Юрыдычная сістэма існуе для таго, каб упарадкаваць правілы для ўсіх удзельнікаў творчага працэсу. Дамовіліся-не дамовіліся — гэта не аргумент для вытворчасці, дзе канчатковы вынік уплывае на эканамічную мэтазгоднасць усяго праекта. “Іншае пытанне, што самі юрысты тэатра не парабуюць няўхільнага прытрымлівання ўсіх гэтых нюансаў. Ды і калі я хоць раз паспрабаваў бы дзейнічаць адпаведна афіцыйнаму алгарытму і патрабаваць яго няўхільна выконваць, дык атрымаў бы рэпутацыю неадэкватнага чалавека, з якім няма чаго мець зносіны”, — разважае спадар Дзмітрый Фрыга.

Але падобных да ягонага выпадкаў у тэатральнай практыцы краіны яшчэ не адбывалася, таму ніхто не мог падумаць, што можна з гэтым сутыкнуцца.

— Верагодна, тэатральныя юрысты павінны мякка, каб не збіваць творчы імпэт і не тузаць людзей, накіроўваць гэтую сітуацыю у належнае рэчышча, — мяркуе суразмоўца.

Да таго ж, як падаецца мне, усім удзельнікам працэсу належыць уважліва праглядаць свае дагаворы. На ўсялякі нечаканы выпадак…

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"