На фоне вечнасці

№ 41 (1324) 14.10.2017 - 20.10.2017 г

Пайшоў з жыцця адзін з нашых самых вядомых арганістаў, саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі Канстанцін Шараў. Асэнсаванне яго ўнёску ў нацыянальную культуру прыйдзе пазней, але многія рэчы відавочныя ўжо сёння.

У Міхаіла Савіцкага ёсць карціна, дзе Янка Купала змешчаны на фоне планеты, падобнай да шара. Той вобраз так натхніў кампазітара Віктара Помазава, што ён напісаў прысвечаную паэту вакальна-сімфанічную паэму, дзе спалучыў аўтэнтычныя купальскія спевы, камерны аркестр і арган: гучанне апошняга нагадвала пра вечнасць і сусветныя маштабы.

З Канстанцінам Шаравым (а ён, дарэчы, удзельнічаў у выкананні твора ў 1985-м), усё было крыху іначай: музычная планета сама “круцілася” пад ягонымі пальцамі. Невыпадкова імя музыканта нават асацыявалася з глобусам, на якім, акрамя звыклых матэрыкоў, пазначана Беларусь. І справа тут не адно ў “закругленым” прозвішчы. Проста Шараў перайграў, бадай, усю сусветную класіку, не забываючыся пры гэтым на беларускія творы.

Выхаванец беларускай фартэпіяннай школы, ён скончыў нашу Акадэмію музыкі па класе легендарнай піяністкі, прафесара Ірыны Цвятаевай. Зацікавіўшыся арганам, вучыўся гэтаму ў Латвіі, потым стажыраваўся ў Швейцарыі. Стаў уладальнікам Гран-пры Міжнароднага фестывалю Musica Sacra ў польскім горадзе Лодзь. Гастраляваў не толькі па былых савецкіх рэспубліках, але і па еўрапейскіх краінах. І паралельна быў адным з першых у ХХ стагоддзі беларускіх клавесіністаў.

На гэтым інструменце, у прыватнасці, Канстанцін Шараў іграў у складзе знакамітага ансамбля “Кантабіле”, які ў 1980-я ўпершыню адкрыў для шырокай публікі багацці “Полацкага сшытка”. Музыкант увогуле цікавіўся беларускай даўніной, рабіў пералажэнні і транскрыпцыі тагачаснай музыкі, вывучаў старадаўнія арганы, што захаваліся на нашых тэрыторыях. У гэтай галіне ў яго з’явіліся шматлікія паслядоўнікі, але ўсе яны пачыналі значна пазней, кожны абіраў сваю ўласную нішу. А Шараў шмат у чым быў першапраходцам — сціплым, добразычлівым, спакойным.

Сваім выкананнем ён не проста дарыў прыгажосць — выхоўваў, вымушаў задумацца пра сваё жыццё на фоне вечнасці. На гэта слухачоў скіроўвалі не адно арганныя гучанні, але і ўдалае складанне праграм, суцэльныя манаграфічныя цыклы, падрыхтаваныя разам з кандыдатам мастацтвазнаўства Вольгай Савіцкай. Адзін з апошніх такіх канцэртаў адбыўся зусім нядаўна: улетку ў сталічным Чырвоным касцёле было прадстаўлена “Еўрапейскае мастацтва арганнага харалу ХVII—XX стагоддзяў”. Ці ж не сімвалічна, што лебядзінай песняй майстра стала музыка, звернутая да нябёсаў…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"