Рэвельскі Монтэ-Крыста

№ 40 (1323) 07.10.2017 - 13.10.2017 г

Брат аўтара “Пінскай шляхты” — спадчыннік малдаўскага прастола
За справу вызвалення спадкаемцы малдаўскага трона з Рэвельскай крэпасці ўсур’ёз узяўся стрыечны брат Дзмітрыя Канцяміра — Васіль Пасек. Ці былі высакароднымі ды шчырымі яго памкненні, сказаць цяжка. У кожным разе, метады ён выкарыстоўваў часам даволі сумнеўныя. Неўзабаве яму давялося за гэта жорстка паплаціцца.

Сямейныя таямніцы Дуніна-Марцінкевіча

(Працяг. Пачатак у №№ 34, 39.)

Нядобры дзядзька

/i/content/pi/cult/659/14617/18.jpgПраблемы Васіля Пасека пачаліся яшчэ да нараджэння і пераследавалі да скону, перад якім ён мог сказаць пра сябе: я сядзеў і пры Кацярыне II, і пры Паўле I, і пры Аляксандры I. З 50 гадоў свайго жыцця каля 30 Пасек правёў у няволі, патрапіўшы туды яшчэ зусім маладым чалавекам і канчаткова вызваліўшыся толькі за пару гадоў да смерці. З яго шматлікіх дзяцей многія нарадзіліся прама ў турмах альбо на катарзе, некаторыя там і памерлі.

Па-сапраўднаму злым геніем свайго лёсу Васіль небеспадстаўна лічыў уласнага дзядзьку — Пятра Багданавіча Пасека (18.02.1736  — 22.03.1804). Пасля таго, як той паўдзельнічаў у дзяржаўным перавароце 1762 года, падчас якога быў нават арыштаваны, і спрыяў узыходжанню на трон Кацярыны II, яго лёс быў уладкаваны: ён даслужыўся да чыну генерала-аншэфа (1782) і стаў сенатарам. Вялікі адрэзак ягонага жыцця звязаны з Беларуссю: у 1777 — 1781 гадах Пётр Пасек кіраваў Магілёўскім намесніцтвам, а ў 1781-м быў прызначаны замест Чарнышова генерал-губернатарам Беларускага намесніцтва і займаў гэты пост ажно да 1796 года. Такім чынам, блізкія сваякі Васіля Пасека і князя Дзмітрыя Канцяміра амаль 25 гадоў кіравалі ўсходняй часткай сучаснай Беларусі — той часткай, якая, уласна, і называлася тады Беларуссю, у адрозненне ад Літвы.

Нарадзіўся Васіль у 1772 годзе ў слабадзе Спаскае Ваўчанскай акругі Украінска-Слабадской губерні. Яго бацька, адстаўны падпалкоўнік і ўдзельнік Сямігадовай вайны Васіль Багданавіч Пасек, закахаўся ў сваю стрыечную сястру Лізавету Ільінічну Абруцкую, якая жыла ў Смаленскай губерні. Ёй тады не было яшчэ і 14 гадоў. Кавалер не знайшоў нічога лепшага, як скрасці каханую, прычым зроблена гэта было самым жорсткім чынам. Па змове дзяўчына інсцэніравала сваю смерць: пайшла купацца і пакінула вопратку на беразе, а сама збегла з саўдзельнікамі жаніха, які потым некалькі дзён патанаў у слязах па сястры разам з бацькамі ўцякачкі. Пад імем Надзеі Пятроўны Пасек прывёз яе ў свой маёнтак, і ніхто, акрамя брата Пятра, не ведаў пра сапраўднае ейнае паходжанне. Але неўзабаве яе каханы памірае, пакінуўшы Лізавету з сынам — таксама Васілём.

Дзяўчыну, якую ўсе блізкія лічылі загінулай, Пётр Пасек прымусіў “уваскрэснуць” ды вярнуцца дадому. Ён жа стаў апекуном маленькага Васіля. У 1781 годзе дзядзька выправіў хлапчука ў пецярбургскі пансіянат Масона, а ў 1785 годзе, калі юнаку ўжо ішоў 13-ы год, перавёз яго да сябе ў Магілёў. Васіль быў аддадзены ў Валагодскі мушкецёрскі полк, які тады знаходзіўся ў гэтым беларускім горадзе. Сам малады чалавек не быў таму рады: ён хацеў прысвяціць сябе навуцы, а не ваеннай службе, на якой, па яго ўласным прызнанні, ён вельмі хутка забыў усё, чаму яго вучылі ў пансіёне.

Пры запісе Пасека ў полк адбылася падмена, якая паўплывала на ўсё яго будучае жыццё: вераломны генерал-губернатар Беларускага намесніцтва запісаў свайго роднага пляменніка пад прозвішчам Паскова і называў яго прыёмышам. Зроблена гэта было дзеля таго, каб малады Васіль не мог прэтэндаваць на немалую спадчыну свайго бацькі, якую яго брат намерваўся прыбраць да рук.

Па сканчэнні вучобы Васіль у чыне ротмістра быў залічаны ў Рыжскі карабінерны полк і ўжо ў 1788 годзе адправіўся добраахвотнікам на руска-турэцкую вайну. Удзельнічаў у штурме Ізмаіла, дзе адным з першых забраўся на сцяну крэпасці, за што быў узнагароджаны чынам маёра. Увесь гэты час Пётр Пасек на правах апекуна распараджаўся маёнткам пляменніка ды не спыняў памкненняў завалодаць ім канчаткова.

Пасля службы ў войску Васіль Пасек нейкі час правёў за мяжой і толькі па вяртанні стаў рабіць захады па здабыцці сваёй спадчыны. Аднак тут жа ў яго пачаліся сур’ёзныя праблемы — мабыць, не без удзелу дзядзькі.

Абраза імператрыцы

У 1794 годзе кіраўнік Екацерынаслаўскай губерні М.В. Кахоўскі (дарэчы, першы губернатар Магілёўскай губерні, які пачаў кіраваць там адразу пасля падзелу 1772 года) даслаў данясенне імператрыцы, паведамляючы пра групу небяспечных для айчыны людзей, у лік якіх быў далучаны і Васіль Пасек. Неўзабаве яго, закутага ў ланцугі, даставілі ў Таемную экспедыцыю ў Санкт-Пецярбург. У Пасека быў праведзены вобыск, падчас якога знайшлі забароненую ў Расіі кнігу “Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву” А.М. Радзішчава і вершы палітычнага зместу — у тым ліку і акраверш на Кацярыну II. Пасек спачатку сцвярджаў, што ён купіў крамольную літаратуру на рынку, потым — што, нібыта, атрымаў яе ў Магілёве ад чыноўніка казённай палаты П.П. Сімановіча, потым прызнаўся: вершы напісаў ён сам. Творы былі сапраўды смелымі — за іх яшчэ не так даўно наогул маглі расстраляць:

Разум, воля и свобода
Стонут в узах, вопия:
Долго ль чтить нам сумасброда,
Кровь сосуща, как змия?

Аднак Пасек тады абышоўся толькі лёгкім спалохам, правёўшы ў турме ўсяго паўгода. Пасля вызвалення яму было забаронена жыць у сталіцах, і нейкі час ён правёў у Гродне пры камандуючым войскамі князі С.Ф. Галіцыне.

У той самы час Пётр Пасек не пакінуў сваёй надзеі пазбавіцца ад пляменніка і распускаў чуткі, што той якабінец, што Васіль займаецца вырабам фальшывых грошаў і нават алхіміяй. У снежні 1796 года ў Вільні ён быў затрыманы і без прад’яўлення абвінавачвання па загадзе імператара Паўла заключаны ў Дзюнамюндзкую крэпасць у Рызе, дзе прабыў 4 гады і 3 месяцы — без суда і следства. Недарэчнасць сітуацыі заключалася ў тым, што ён нават не быў звольнены з ваеннай службы, і па выхадзе з вязніцы ваеннае ведамства выплаціла яму заробак за ўвесь тэрмін арышту.

Доўгія турэмныя дні далі Васілю Пасеку час на распрацоўку некаторых праектаў, што сведчаць аб яго шырокіх інтарэсах: “Якім чынам завесці лепшага разбору быдла, так, каб гэта нічога не каштавала казне і абывацелям”, “Правілы народнай асветы”, “Паляпшэнне выхаваўчых дамоў, бальніц, уціхамірвальных дамоў і інстытутаў”, “Паляпшэнне земскай паліцыі”. Былі напісаныя ім і некалькі артыкулаў пра адносіны да злачынцаў.

Інтрыгі і хітрыкі

25 сакавіка 1801 года Васіль Пасек выйшаў з Дзюнамюндзкай крэпасці. Паводле яго ўспамінаў, ён адразу стаў рабіць захады па вызваленні свайго стрыечнага брата Дзмітрыя Канцяміра: “Працы мае засталіся не безвыніковымі. У лістападзе месяцы даведаўся я, што яго вызваляць, але што ён застанецца як звар’яцелы пад наглядам у Рэвелі. Яшчэ да вызвалення яго прыехала туды княгіня, жонка яго; а я прыехаў туды ж праз тыдні паўтара, пакінуўшы ўласныя справы свае па просьбе княгіні і па жаданні памірыць гэтае няшчаснае сямейства. Пры мне атрыманы быў указ аб яго вызваленні, які многія гады таму мог бы лёгка выпрасіць яму дзядзька і апякун мой. Яму варта было толькі заўважыць, што гэткае працяглае заключэнне перавышае меру пакарання за ненаўмыснае забойства, здзейсненае ў прыпадку; бо за ненаўмыснае забойства адсылаюць на часовае пакаянне, і што, звыш таго, князь Канцямір аказаў немалыя паслугі айчыне... Але дзядзька і апякун мой утрымліваў у зняволенні яго, і мяне штурхае ў заключэнне тымі падступнымі задумамі, каб зрабіўшы ўсё, умарыць сваіх родных пляменнікаў, стаць іх спадчыннікам!”

Як мы бачым, і Васіль падазраваў у зняволенні Канцяміра нейкія іншыя скрытыя прычыны, а не само забойства па неасцярожнасці. Зрэшты, не варта забываць пра тое, што і ён, і Пётр Пасек былі бліжэйшымі кроўнымі сваякамі багатага князя, абвешчанага вар’ятам — ды, адпаведна, маглі на сёе-тое разлічваць. Хаця, вядома, сам Васіль тлумачыў свае матывы толькі чыстымі і шчырымі намерамі.

Зрэшты, разлічвалі на княскую спадчыну не толькі яны. Прэтэндавала на яе і жонка князя Лізавета Хрушчова. Але, як мы ўжо пісалі, іх шлюб не быў прызнаны, і таму яна пакуль што заставалася ні з чым. Задума Пасека складалася ў тым, каб схіліць князя афіцыйна прызнаць не толькі шлюб, але і сваіх пазашлюбных дзяцей — Соф’ю і Антыёха.

Якая яму была ў тым карысць? Пра гэта сёння можна толькі здагадвацца. Не выключана, што Хрушчова прапанавала Пасеку за яго паслугі пэўны працэнт, паабяцаўшы не забыць яго высілкі, калі яна стане афіцыйнай жонкай і спадкаемцай Канцяміра. Мяркуючы па ўсім, такія абяцанні Васіль атрымліваў і ад дачкі князя Соф’і.

Для таго, каб Канцямір падпісаў адпаведнае пасведчанне, сваякі рабілі розныя хітрыкі, але Дзмітрый супраціўляўся, бачачы ў гэтым іх каварныя намеры. Аднак марна: Канцямір упарта адмаўляўся. “Я хутчэй хачу памерці, чым слухацца маіх злодзеяў!” — казаў ён.

Але насамрэч паміраць князь не збіраўся і, паколькі быў упэўнены, што як толькі ён падпіша гэта пасведчанне, яго адразу ж атруцяць, за некалькі тыдняў змяніў 15 слуг.

Да вызвалення Дзмітрыя спрычыніліся многія высокія асобы, уключаючы самога імператара Аляксандра. Канцямір атрымаў ад князя Р.С. Валконскага ліст, які паведамляў, што “справа яго не будзе даслана ў камісію для разгляду старых крымінальных і следчых спраў, бо гасудар сам ягоны лёс вырашыў; віншуе яго са свабодаю, але яму вызначана жыць пад наглядам у Рэвелі”.

Аднак аказаны яму высокі гонар толькі абурыў Канцяміра, і ён разрадзіўся палымянай і вельмі паказальнай прамовай, якая дайшла да нас у пераказе Васіля: “Вось, братка, табе ясны доказ, што Аляксандр убачыў ува мне таго, тронам каго хацела завалодаць яго бабка, і для таго засадзіла мяне, спадзеючыся замарыць мяне і тым пагасіць кроў Грэцкіх імператараў”.

Адпаведна, Канцямір усё яшчэ марыў стаць манархам. Не шкадуючы фарбаў, ён намаляваў перад сваім стрыечным братам уражвальныя перспектывы, абяцаючы яму высокую пасаду пры ўласным двары. “Якая сумесь розуму і недарэчнасці!” — завяршае гэты пасаж сваіх мемуараў Васіль Пасек.

Вераломнасць Пятра Пасека князь Дзмітрый узводзіў да міжнароднага ўзроўню: “Ён заўсёды быў у змове з Чарнышовым супроць мяне і быў прычынаю, што Кацярына на мяне ўгневалася. Каб не ён, то Пацёмкін ніколі б мяне не выслаў з Пецярбурга і не абвясціў бы вар’ятам! Пётр Багданавіч перахапіў і ўтаіў указ, у якім загадана было прымусіць Порту прызнаць мяне спадчыннікам грэцкага прастола і саступіць мне частку імперыі!”

Аднак менавіта рэакцыя Канцяміра на ліст ад князя Валконскага і падказала Пасеку рашэнне праблемы. Гуляючы на фантазіях і марах апошняга нашчадка Малдаўскага пасаду і спадчынніка грэчаскіх імператараў, Васіль спадзяваўся дамагчыся ад яго падпісання пасведчання аб жаданні прадоўжыць шлюб з Хрушчовай і прызнанні пазашлюбных дзяцей.

Зміцер ДРОЗД,
гісторык-архівіст