Як дастукацца да аматараў сэлфі?

№ 40 (1323) 07.10.2017 - 13.10.2017 г

Юбілей філаматаў прайшоў даволі сціпла. Але наперадзе — юбілей Міцкевіча
Двухсотыя ўгодкі таварыства філаматаў, якія прыпалі на 1 кастрычніка, былі амаль не заўважанымі па-за вузкімі навуковымі коламі. Ані гучных імпрэзаў, ані фільмаў на цэнтральных каналах, ані адпаведных плакатаў на гарадскіх вуліцах… І гэта пры тым, што гісторыя рамантычных і самаахвярных беларускіх юнакоў можа — ды павінна! — натхняць як творцаў, так і іх аўдыторыю. Хочацца верыць, што 220-ая гадавіна з дня нараджэння самага вядомага з тых хлопцаў — Адама Міцкевіча, якая прыпадае на наступны год, будзе адзначацца ўжо зусім у іншым фармаце. Пра гэта загадзя вялася гутарка на круглым стале ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, прымеркаваным да юбілею таварыства.

/i/content/pi/cult/659/14616/16.jpgІдэі праз стагоддзі

Круглы стол быў больш падобны на сапраўдную навуковую канферэнцыю з акрэсленымі тэмамі дакладаў. У ліку яго ўдзельнікаў былі як сталічныя навукоўцы, гэтак і госці з рэгіёнаў — напрыклад, намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Абрамчык, які не толькі ведае, але і самастойна даследуе мінуўшчыну свайго краю. З вітальным словам да сабраўшыхся ўдзельнікаў і гледачоў звярнуліся дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцер Яцкевіч, дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Матэуш Адамскі. А старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп прадставіў праект рэнавацыі парка ў Туганавічах, дзе, калі верыць легендзе, збіраліся філаматы. Таксама гучалі прапановы аб прыцягненні больш пільнай увагі да асобаў тых філаматаў, якія пакуль нібы знаходзяцца ў ценю больш “раскручаных” паплечнікаў — напрыклад, Адольфа Янушкевіча або Аляксандра Ходзькі.

Падчас круглага стала была высунутая прапанова аб стварэнні грамадскага камітэта па святкаванні 200-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча, у які было прапанавана ўвайсці шэрагу музеяў, навучальных устаноў ды грамадскіх арганізацый. У ліку апошніх — і наша Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана.

Адразу па завяршэнні круглага стала прысутных запрасілі на ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Філаматы. Ідэі праз стагоддзі”, прысвечанай 200-годдзю з дня заснавання тайнага студэнцкага згуртавання і падрыхтаванай сумесна з Музеем літаратуры імя Адама Міцкевіча ў Варшаве. Акрамя літаратурных твораў, фотаздымкаў, дакументаў, наведвальнікі могуць убачыць знакаміты партрэт Тамаша Зана аўтарства Валенція
Ваньковіча, які захоўваецца ў карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка”.

Выстава пакінула вельмі прыемныя ўражанні. Але тут жа ўзнікла пытанне: чаму б не выйсці з цесных сцен музея ды не зладзіць падобную экспазіцыю ў цэнтры горада — на той жа плошчы Якуба Коласа? Зразумела, замяніўшы арыгінальныя артэфакты іх копіямі, а шкляныя вітрыны — пластыкавымі выставачнымі модулямі. Як тое нядаўна зрабілі ў цэнтры Варшавы ў гонар аднаго з найвядомейшых у свеце беларусаў — Тадэвуша Касцюшкі. Яго вялізная гіпсавая галава на цэнтральнай вуліцы старога горада карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод аматараў сэлфі. А заадно яны даведваюцца і пра гістарычныя факты.

Пілігрымка да каменя

Працягам музейных імпрэзаў стала вандроўка па мясцінах філаматаў. Стырно экскурсавода папераменна бралі ў рукі Антон Астаповіч і аўтар гэтых радкоў, часам дапаўняючы адзін аднаго, часам карэктуючы.

Кропкай уезду ў краіну філаматаў стала Завоссе, дзе сярод калгасных палеткаў, якія павінны памятаць бясконцыя шляхецкія наезды, вырасла сядзіба-музей Адама Міцкевіча, адноўленая на старых падмурках. Там гасцей чакаў “малочны пачастунак”, які стаў ужо добрай традыцыяй на імпрэзах у гонар філаматаў — распіццё белага сімвала чысціні з’яўлялася адной з іх традыцый. Кожны ахвотны атрымаў магчымасць навучыцца танчыць старадаўнія шляхецкія танцы дзякуючы дзяўчатам з гурта Guda і Алене Прохаравай. Вядомы бард Андрэй Мельнікаў выканаў колькі спеваў, першы з якіх быў пачаткам паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, пакладзеным на музыку.

Ведаючы гісторыю роду Міцкевічаў, што называецца, з першых рук (архіўных дакументаў), я вырашыў паблукаць па ваколіцах сядзібы, раней недасяжных. Нечаканым і прыемным сюрпрызам аказалася, што ўсяго ў ста метрах ад сядзібнага ганку ёсць невялічкае возера з маляўнічымі бярозава-альховымі прысадамі. Куды, відаць, пакуль не часта ступае нага турыста. Адпаведна, музейны комплекс мае патэнцыял росту.

Наперадзе нас чакалі Тугановічы, дзе не захавалася і следу ад палаца Верашчакаў, а толькі рэшткі парка, магутныя дубы-волаты, ліпавая “альтанка” і бясконцыя шэрагі акопаў Першай Сусветнай вайны. Дарэмнымі былі спадзевы заўважыць у грабавым лесе непрыкметныя цені Адама Міцкевіча і Марылі Верашчакі. Рамантызм не церпіць шматлюднасці.

Знайсці “Камень філарэтаў”, ля якога, паводле падання, збіраліся сябры патаемнага таварыства, аказалася задачай няпростай. Адмысловых указальнікаў, якія вялі б турыстаў бы Паўночная зорка, пакуль не прадугледжана. Другім — і, магчыма, больш значным — мінусам стала тое, што пад’ехаць на аўтобусе да каменя бліжэй за кіламетр фактычна немагчыма. Пясчаная дарога, што вядзе да каменя, добра падыходзіць для аматараў экстрэмальнага адпачынку, але для ўсіх астатніх пераўтвараецца ў пакутную пілігрымку. Чаму б мясцовым уладам не прадумаць і гэты момант? Усё ж, значнасць аб’екта будзе расці з кожным годам — як і колькасць патэнцыйных наведвальнікаў.

На думку такога спрактыкаванага ў справе турызму чалавека, як спадар Астаповіч, камень цалкам мог бы стаць папулярным аб’ектам паказу. Але звычайных турыстаў досыць цяжка прымусіць тэпаць ладную адлегласць на сваіх дзвюх, і пакуль гэтая праблема не вырашыцца, наўрад ці той камень патрапіць у папулярныя маршруты.

Наперадзе нас чакалі мясціны, якія асаблівай рэкламы ўжо не патрабуюць: возера Свіцязь і Дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку, экскурсію па якім зладзіў яго дырэктар Мікалай Гайб. Зразумела ж, завіталі і на Замкавую гару, дзе ўжо каторы год не відаць зменаў да лепшага. Зрэшты, пэўны прагрэс, усё ж, ёсць. Прыемнай навіной стала вестка аб распрацоўцы праекта ахоўных зон для больш як 30 аб’ектаў у Навагрудку (да таго часу яго меў толькі адзін аб’ект!). Без сумневу, гэта надзвычай важна для горада, дзе пад сучасным асфальтам тояцца напластаванні культурнага слоя нашай мінуўшчыны.

Наступны прыпынак мы зрабілі ў Карэлічах, з якімі звязана шмат старонак жыцця Тамаша Зана. Ля помніка стваральніку Таварыства прамяністых, пазней рэарганізаванага ў Таварыства філарэтаў, у яго гонар прагучалі прамовы, вершы і спевы. Такім рэхам вярнуліся да яго промні, шчодра пасеяныя 200 гадоў таму ім і яго паплечнікамі..

/i/content/pi/cult/659/14616/17.jpgЗавяршылася запланаваная культурная праграма ў мястэчку Мір, ля касцёла св. Мікалая. Быў у гэтым пэўны сімвалізм, бо наш шлях праходзіў не толькі па мясцінах, звязаных з асобай Адама Міцкевіча, але і яго адданага сябра Ігната Дамейкі. Тут, у касцёле св. Мікалая, у 1731 годзе была ахрышчана бабуля Адама Міцкевіча, Ганна з Арэшкаў, а пробашч гэтага касцёла ў 1769 годзе ахрысціў і маці самога паэта. Тут, у Міры, леваруч цяперашняй праваслаўнай царквы (раней уніяцкай) у 1809 годзе быў пахаваны бацька Ігната Антон Дамейка — што засведчыў у сваіх успамінах сам знакаміты суайчыннік. Але наватворная памятная пліта Антона Дамейкі, якая ляжыць леваруч не царквы, а касцёла, стварае пэўную блытаніну і збівае з панталыку нават гісторыкаў.

Акурат ля гэтай пліты пасля прамоваў арганізатараў вандроўкі і ксяндза Аляксандра, які выйшаў да нас, каб павітаць і запрасіць у касцёл, і была пастаўлена кропка ў дванаццацігадзінным марафоне па былых Менскім і Наваградскім ваяводствах ВКЛ — мясцінах, якія далі нам безліч выбітных асобаў. Імёны некаторых з іх сталі культавымі па-за межамі Беларусі, і, спадзяемся, стануць такімі і на іх радзіме. У сталіцу мы вярнуліся стомленыя, але задаволеныя. Было за што ад шчырага сэрдца падзякаваць арганізатарам і круглага стала і вандроўкі.

Не адкладваць на канец года

На вялікі жаль, юбілей філаматаў прыйшоўся на 1 кастрычніка. І таму большая частка года, цягам якой можна было б правесці па ўсей Беларусі тузін-два цікавых імпрэз з мэтай папулярызацыі ведаў аб слынных “таварышах”, была безваротна страчаная. З наступным юбілеем, 220-годдзем з дня нараджэння Адама Міцкевіча, яшчэ горай: ён прыпадае на 24 снежня 2018 года. І гэта трэба загадзя ўлічыць — ды не адкладваць адпаведныя імпрэзы на канец года.

Лічу, што, карыстаючыся такой выдатнай магчымасцю, можна будзе яшчэ раз узняць на штандары тэму філаматаў-прамяністых-філарэтаў. Ушаноўваючы Міцкевіча, чаму б не згадаць і імёны яго сяброў-паплечнікаў, кожны з якіх таксама варты асобнага свята? Добры прыклад ужо навідавоку: сёлета беларускай грамадскасцю шырока адзначалася 275-годдзе з дня нараджэння Ігната Дамейкі, што прывяло на нашу зямлю і ягоных нашчадкаў з розных куткоў планеты.

Мне падаецца, гэты і наступны год мусяць стаць лёсавызначальнымі ў справе з сядзібай Вузлоўскіх у Чомбраве (блізу вёскі Валеўка і Свіцязь), з якой звязана гісторыя продкаў Адама Міцкевіча, і дзе ў 1928 годзе здымаўся фільм “Пан Тадэвуш”. Здаўна ў паветры лунае думка аб яе аднаўленні. Але, вядома, акцэнт у юбілейных мерапрыемствах варта звярнуць на папулярызацыю, шукаць магчымасці дастукацца да сэрцаў не толькі зацікаўленых патрыётаў, але і простых мінакоў.

Зміцер ЮРКЕВІЧ,
старшыня Арт-суполкі
імя Тадэвуша Рэйтана