“Турызм - вось неўзаранае поле для вёскі!”

№ 40 (1323) 07.10.2017 - 13.10.2017 г

Пра тое, што адбываецца з паняццем “культура”, як спалучыць яе з крэатыўнай эканомікай ды ўлічваць патрабаванні рынку, “К” пагутарыла з украінскім экспертам па распрацоўцы і рэалізацыі стратэгій Уладзімірам ВАРАБ’ЁМ.

/i/content/pi/cult/659/14615/1.jpegЭтап насычэння постсавецкім дэфіцытам ужо пройдзены

— Якім чынам сёння ва Украіне змяняецца трактоўка паняцця культуры і якія захады вынікаюць з гэтай перамены?

— У аснове крэатыўнай эканомікі культура ўспрымаецца найперш як творчае самавыяўленне. А яно базуецца на чыстых культурных індустрыях, стварэнні новых сэнсаў разнастайнымі спосабамі мастацтва, іх разуменні. Вось у гэта “ядро” культуры мы, грамадства, гатовы ўкладваць сродкі, бо яно і ёсць аснова нашага быцця. У савецкія часы мы не думалі пра тое, да чаго гэта можа прывесці, а вось сёння пераасэнсаванне гэтага паняцця праз трактоўку UNESCO выліваецца ў стварэнне крэатыўнай эканомікі, разнастайнасць культурных прадуктаў і паслуг, якія даюць нам магчымасць адчуваць сябе культурнымі людзьмі.

— Гэта значыць, што мы прыходзім да культуры культурнага спажывання, выбачайце за таўталогію?

— Менавіта. І гэта выдатна, калі мы не проста захоўваем пэўныя традыцыі, матэрыяльную і нематэрыяльную культурную спадчыну, а пачынаем пераасэнсоўваць тое, што ў нас ёсць, і ім карыстацца. У гэтым кантэксце сёння ў постсавецкіх краінах адбываецца перараджэнне культуры спажывання. Мы, асабліва маладое пакаленне, ужо не хочам спажываць аднастайны маспрадукт, нам цікава пакаштаваць чагосьці незвычайнага. Этап насычэння дэфіцытам ужо пройдзены, сёння ў попыце — новыя фарматы, досведы, звязаныя з тым як мы ўжываем новыя тавары. Людзям цяпер не цікава нават проста спажываць — яны хочуць прымаць непасрэдны ўдзел. Таму формай тавару і, зразумела, паслугі становіцца менавіта досвед самага рознага кшталту.

Ад новага закона — да адмысловых праграм

— Мяркую, што гэтыя змены спараджаюць і адпаведныя прапановы?

— Так, з’яўляюцца новыя арганізацыі, якія пачынаюць прапаноўваць прадукт новага пакалення. А гэта выліваецца ў з’яўленне новых бізнес-мадэляў, якія патрабуюць адпаведных захадаў на ўзроўні заканадаўства. Ды прыкладу, сёння ва Украіне дзейнічае спрошчаная сістэма падаткаабкладання, якая садзейнічае таму, каб з’яўляліся, запускаліся, укараняліся новыя бізнес-мадэлі. У гэтым кірунку ідзе этап пошуку, апрабацыі. Але тыя варыянты, што ўзнікаюць, — гэта ўжо не проста эксперымент, а належная база, якая дазваляе ствараць рабочыя месцы і дапамагае людзям прапаноўваць свой прадукт.

— Некалькі месяцаў таму прагучала навіна пра прыняцце ва Украіне Закона “Аб стварэнні Украінскага культурнага фонда”. Гэта — таксама захад у падтрымку крэатыўнай эканомікі?

— Мяркую, што так. Некалькі гадоў таму і ўявіць падобнае было немагчыма. Закон аб стварэнні Фонда кардынальна змяняе функцыянаванне сферы культуры і развіцця крэатыўных індустрый. Бо цяпер незалежныя праекты і грамадскія арганізацыі, кампаніі могуць атрымоўваць фінансаванне з бюджэту нароўні з дзяржустановамі. Фінансаванне будзе ажыццяўляцца на конкурснай аснове, і гэта вялікі крок наперад. Я разумею, што пакуль нам трэба яшчэ ва ўсім разабрацца, і самому Фонду неабходна будзе прайсці доўгі цярністы шлях, каб пазбегнуць карупцыі, якая можа замарудзіць працу механізма. Аднак тое, што ў сённяшнім парламенце большасцю дэпутатаў быў падтрыманы гэты законапраект — несумненна, прыкмета вялікага прарыву ў свядомасці.

— Ці адбываюцца змены на муніцыпальным узроўні?

— Так. Да прыкладу, гарадскія ініцыятывы Львова ўжо тры-чатыры гады маюць магчымасць атрымоўваць фінансаванне на цікавыя праекты ад адміністрацыі горада. Працуе адмысловая праграма, і хоць гэта і невялікія сумы, яна дазваляе запускаць важныя і прывабныя для горада падзеі. Да прыкладу, фестывалі такога музычнага агенцтва і калектыву як Collegium Musicum ставяць за мэту папулярызацыю класічнай музыкі. Маладыя музыканты і менеджары выкарыстоўваюць сучасныя фарматы: задзейнічаюць мультымедыя падчас канцэртаў, ладзяць лекцыі, майстар-класы, “падымаюць” малавядомы матэрыял, камплектуюць праграмы, спалучаючы традыцыйнае і новае. І гэты рух ідзе на карысць гораду, бо прыцягвае і фарміруе новага гледача — ці, скажам па-іншаму, спажыўца. Немалую публіку прывабіў таксама і міжнародны Alfa Jazz Fest, які ладзіцца ў нас ужо на працягу сямі гадоў. Фестываль прадэманстраваў новыя магчымасці Львова: сёння сюды можна прыязджаць не толькі дзеля таго, каб выпіць кавы і пашпацыраваць па вуліцах, разглядваючы архітэктуру. Горад становіцца месцам цікавых культурных падзей, прапаноўвае якасны і, самае галоўнае, — розны прадукт, які фарміруе яго імідж.

Ніхто пладзіць моль не збіраецца

— Выдатна, што з’яўляюцца новыя культурныя прапановы. Маладое пакаленне адчувае змены і здольнае прапанаваць новы прадукт сучаснаму спажыўцу. А што рабіць людзям, якія працуюць у старых сетках культуры? Якія ў іх перспектывы? Мы ж не можам сцвярджаць, што гэты клас работнікаў нічога не варты.

— Навіны ў мяне для іх несуцяшальныя: альбо работнік культуры прымае новыя формы і фарматы сваёй працы, альбо… Я ведаю, што ёсць тыя, хто імкнецца штосьці змяніць, а ёсць тыя, хто проста ахоўвае свае рабочыя месцы. Гэта “праяданне” чалавечага патэнцыялу. Магу прывесці тут станоўчы прыклад. На пасаду кіраўніка аддзела культуры ў Львоўскую адміністрацыю прыйшла чыноўніца — актыўная, прадпрымальная. Яна кардынальна змяніла падыход да падтрымкі ўстаноў культуры. Проста грошай нікому ўжо не даюць. Ніхто пладзіць моль не збіраецца — давайце шукаць новыя формы і фарматы. Давайце вынаходзіць варыянты і прапаноўваць людзям штосьці новае.

Кіраўніцтва адной гарадской бібліятэкі зрабіла прапанову “перафарматаваць” іх інстытуцыю ў медыятэку. Горад не толькі ўхваліў ініцыятыву, але і выдаткаваў сродкі на рамонт. У выніку звычайная бібліятэка пераўтварылася ў культурны цэнтр. Па сутнасці, яна сталася грамадскай прасторай: там ёсць камп’ютарныя залы, высокахуткасны інтэрнэт, ладзяцца прэзентацыі, сустрэчы; бабулі і дзядулі вучацца працаваць з камп’ютарам, моладзь задзейнічана ў сацыяльных праектах. Усё працуе бясплатна, аднак у якасці падзякі вы можаце пакінуць столькі грошай, колькі захочаце. Вось вам цудоўны прыклад, якім чынам можна выйграць ад перамен, калі іх не баяцца.

У сяла шалёныя магчымасці

— Закранём аптымізацыю, якая прайшла і ў Беларусі, і, наколькі ведаю, ва Украіне. Моладзь актыўна з’язджае ў гарады, сяло паступова яе страчвае. Якім чынам тут можа працаваць крэатыўная эканоміка?

— Людзям неабходна ўцяміць: утрыманне любых устаноў адбывацца за кошт падаткаў, якія ідуць з дадзенага рэгіёна. Калі ў вас няма аніводнага прадпрыемства, адкуль тады прыйдуць грошы на ўтрыманне бібліятэкі? Не будзем наіўнымі — гэта значыць, што хтосьці іншы “акрапляе святой вадой” ваш рэгіён, каб вы маглі наведваць свой “агмень” культуры. Што ў гэтым выпадку рабіць? Напэўна, самім станавіцца багацей, прыцягваць бізнес, каб потым утрымліваць столькі ўстаноў культуры, колькі захочаце. Ва Украіне ў гэтым плане распачаўся працэс дэцэнтралізацыі. Ідзе аб'яднанне мясцовых суполак, людзі паступова пачынаюць браць адказнасць на сябе.

— Ды ўсё ж гучыць жорстка.

— Мы не можам адмаўляць працэс глабалізацыі, які ідзе ва ўсім свеце. Сёння нам не трэба займацца гаспадаркай, каб мець ежу на стале. Невялікая колькасць фермерскіх прадпрыемстваў могуць забяспечыць харчаваннем ледзь не ўсю краіну. У сяла — шалёныя магчымасці, але яны палягаюць у той самай крэатыўнай эканоміцы, пра якую мы з вамі гаворым. Турызм — вось тое поле, якое трэба “ўзараць” жыхару сяла. Ёсць арганічнае земляробства, вытворчасць пэўных прадуктаў харчавання — тут акурат і “зарыты” скарб.

Памятаеце пра попыт на досвед? Перайдзіце з эканомікі прадуктаў на эканоміку досведу. Завядзіце сваю старонку ў інтэрнэце і напішыце захапляльна і падрабязна, што ў вашай вёсцы можна рабіць. Пра тое, якія ў вас неверагодныя лясныя абшары, якімі сцежкамі можна прайсціся ў беларускіх гушчарах, колькі сабраць суніцаў ці грыбоў, якія рэчы можна зрабіць сваімі рукамі. Падайце гэта так, каб кожнаму захацелася да вас хутчэй прыехаць. А калі да вас рынецца турыст і вы заробіце на гэтым бізнесе, — тады і стаўленне да вашага атачэння ў вас зменіцца. Адпаведна, колькі бібліятэк патрэбна вашай супольнасці, вы будзеце ўжо вырашаць самі — з іншым досведам і падыходам.

— Хочаш-не хочаш, а ўпіраемся ўсё роўна ў эканоміку?

— Менавіта. Людзі, нарэшце, павінны зразумець, што ўсё залежыць толькі ад іх саміх. Вядома, дзяржава мусіць гарантаваць бяспеку, роўныя правілы гульні, умовы, не перашкаджаць, але далей людзі мусяць вызначыцца самі і прачнуцца ад “спячкі” абыякавасці. Я разумею, што гэта для многіх землятрус свядомасці. Пэўна, нас яшчэ доўга будзе трэсці, але без зменаў у светапоглядзе нічога не будзе. Сёння ламаецца шкілет былой і будуецца каркас новай эканомікі, а калі працуе кастапраў — гэта сапраўды балюча. Але калі ўсе костачкі стануць на месца, мы, нарэшце, здолеем хадзіць, а не толькі поўзаць.

Даведка

Уладзімір ВАРАБЕЙ — эксперт па распрацоўцы і рэалізацыі стратэгій для кампаній, арганізацый і рэгіёнаў. У прафесійным партфоліа яго кампаніі PVV Knowledge Networks — больш за 50 праектаў эканамічнага развіцця, а досвед спецыяліста на незвычайным для нас рынку стварэння інавацыйных арганізацый і суполак ужо больш за 10 гадоў. Удзельнік Нестараўскай групы — нефармальнага аб’яднання інтэлектуалаў і актывістаў, створанага з мэтай распрацоўкі стратэгічнага бачання Украіны.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"