Несцерка ў ролі Макбета

№ 40 (1323) 07.10.2017 - 13.10.2017 г

Юрась ЦВІРКА сёння займае пачэснае месца ў коласаўскай трупе, даволі актыўна заняты ў бягучым рэпертуары. На сцэне і ў жыцці ён цікавы сваёй непаўторнай індывідуальнасцю, абаяльнасцю, пачуццём гумару, таварыскасцю. Ды і сярод віцяблянаў ён вядомы не толькі як яскравы камедыйны (найперш) акцёр, але і як вядучы розных святаў і канцэртаў. 27 верасня артыст адзначыў сваё 50-годдзе, і гэты юбілей стаў нагодай для нашай гутаркі.

/i/content/pi/cult/659/14614/DSC_3206_opt.jpeg— Ці памятаеце вы свае першыя сцэнічныя крокі? Як паўплывалі вашы родныя на выбар акцёрскай прафесіі?

— Яны паўплывалі хутчэй у адваротны бок. Маці не хацела, каб я паступаў у тэатральны. Яна казала: “Сынок, Юрачка, нашто табе ўсё гэта? Ты вясковы чалавек. Паступай лепш на агранома”. А вось класная кіраўніца мела іншую пазіцыю. Яна ж бачыла, як я выступаў у сельскім клубе (чытаў байкі, спяваў), ды і на школьнай сцэне іграў Анегіна ці Атаманшу і Караля ў “Брэменскіх музыках” (то карону надзяваў, то спадніцу). І неяк прынесла мне газету з аб’явай аб наборы ў тэатральна-мастацкі інстытут. А трэба ўжо было ці некуды паступаць, ці, як казалі на вёсцы, ісці каровам хвасты круціць. Але ў нас быў такі звычай: слухацца бацькоў. І таму я паступіў на агранома ў Горацкую сельгасакадэмію.

Аднак на акцёрскую сцяжынку мяне выцягнула само жыццё. У той жа акадэміі быў цудоўны студэнцкі тэатр, якім кіраваў акцёр, рэжысёр, паэт Рыгор Траяноўскі — дарэчы, выпускнік маскоўскай тэатральнай вучэльні імя Шчукіна. Туды і я патрапіў. Не толькі іграў у студэнцкіх спектаклях, але і актыўна выступаў у КВЗ — ён тады набіраў папулярнасць. Потым у народны ансамбль песні і танца “Радасць” спатрэбіўся вядучы, які б не проста аб’яўляў нумары, але і выконваў розныя рэпрызы. Прапанавалі мне, а каб у мяне ўсё лепш атрымалася, запрасілі настаўніка — прафесійнага акцёра і рэжысёра з Магілёва. Я выходзіў у вобразе Несцеркі. Такім чынам, не я шукаў сцэну і творчасць, а яны быццам самі клікалі мяне да сябе. І дапамагалі — у тым ліку ў розных непрыемных сітуацыях.

— Якім жа чынам вы трапілі з Горак ды ў Віцебск, у коласаўскі тэатр?

— Пасля службы ў войску я зноў вярнуўся ў акадэмію. Аднойчы мы з сябрамі паехалі ў Мінск — як быццам у госці (так яны казалі). Ды толькі прывезлі мяне (куды б вы думалі?) у тэатральна-мастацкі інстытут. Нічога не зробіш, зайшоў я “ў госці” да дэкана тэатральнага факультэта Уладзіміра Мішчанчука, вельмі добра з ім пагаварылі, і ён прасякнуўся да мяне сімпатыяй. А потым у студыі Траяноўскі сказаў: “Мы зробім інакш. Ты давучышся да канца, атрымаеш дыплом, і я завязу цябе ў Віцебск”. У яго былі добрыя стасункі з адміністрацыяй коласаўскага тэатра, ён арганізоўваў у Горках творчыя сустрэчы з артыстамі.

Так я туды і патрапіў. Пасля спектакля “Несцерка” мяне павялі да дырэктара. Ён сказаў: “Што ж я яго буду слухаць? Хай лепей хто-небудзь з творчага складу”. А старшынёй мастацкай рады быў на той час народны артыст СССР Фёдар Шмакаў. Убачыўшы яго, я аслупянеў і падумаў: “А што ён тут робіць? Знакаміты жа артыст павінен быць у Маскве. Можа, прыехаў на кіназдымкі?” Калі зразумеў, што ён будзе мяне праслухоўваць, усё вылецела з галавы. А паказвацца трэба! Я спрабаваў нешта праспяваць, станцаваць... Потым Шмакаў зазначыў: “Я адзін не буду вырашаць. Трэба выносіць пытанне на мастацкую раду”. Давялося яшчэ чакаць, пакуль яна збярэцца.

Прайшоў месяц. Здаваўся спектакль “Цыліндр”. Спярша абмяркоўвалі яго, потым яшчэ розныя пытанні. Пайшла першая гадзіна ночы, а я ўсё чакаў, калі ж мяне паклічуць. Неўзабаве ўсе пачалі разыходзіцца, і тут дырэктар іх спыняе: “А вось яшчэ адзін хлопец хоча паказацца”. Сіл ужо бракуе, імпэт не той. Яны на мяне глядзяць, вывучаюць вачыма. Раптам адзін з іх — здаецца, Баляслаў Сяўко — кажа: “Выліты Ельцын!” І зарагатаў. Потым нехта згадаў: “Дык яго ж Фёдар Іванавіч слухаў”. Тут усе павярнуліся ў бок Шмакава: “Фёдар Іванавіч, вы яго сапраўды слухалі?” Той на хвілінку задумаўся і сказаў глыбакадумна: “Та-ак!” А што ў гэтым “Так” тоіцца, ніхто не ведае, разумей як хочаш. Тады ўсе заварушыліся: “Ну, калі Фёдар Іванавіч слухаў, якія могуць быць пытанні, ставім на галасаванне”. Супраць не было нікога!

— З якімі цяжкасцямі вы сутыкнуліся па першым часе? Хто быў вашым галоўным настаўнікам у новым тэатральным асяроддзі?

— Галоўнага не было. Была цэлая плеяда: народныя артысты Беларусі Уладзімір Куляшоў, Зінаіда Канапелька, Леанід Трушко, Яўген Шыпіла і, вядома, той жа Фёдар Шмакаў. У кожнага з іх я чаму-небудзь вучыўся. Памятаю, Зінаіда Ігнатаўна запрасіла мяне аднойчы да сябе мэблю цягаць. Прыйшоў я ў дзевяць гадзін раніцы. Яна са мной гаварыла (дакладней, я яе слухаў) да шасці гадзін вечара. Карміла і сняданкам, і абедам, і вячэрай, нават чарачку наліла. Я ніякую мэблю не цягаў, ды яна мяне не для гэтага паклікала: ёй патрэбны быў слухач, а не грузчык. Калі прыходзіў нехта з маладых, яна заўсёды ўглядалася: хто такі, як завуць? Памятаю, былі мы на гастролях у Мёрах. А ўжо тады пачаліся ў яе праблемы з нагой. Яна паклікала мяне ў свой нумар: “Ці не дапаможаш мне абутак надзець? Ды не саромейся…”

Неяк тэлевізійны рэжысёр Аляксандр Сухоцкі шукаў артыстаў для свайго фільма “Важная фіга” паводле апавядання Ядвігіна Ш. Яму вельмі спадабалася наша артыстка Галіна Каралькова, ён яе браў на галоўную ролю. І пад яе падбіраў іншых выканаўцаў. Я іграў сына, бо мяне параіла Каралькова. Вядома, успамінаю добрым словам і Шмакава. Я ў яго пастаноўцы “Верачка” па Макаёнку міліцыянера напрасіўся іграць. Людміла Пісарава вельмі хораша да мяне ставілася.

— Ці памятаеце сваю першую ролю на коласаўскай сцэне?

— Вядома! Быў такі спектакль “Кот у ботах”. Там Георгій Лойка іграў слугу, Генадзь Гайдук Караля, маладая Лена Калач — Прынцэсу, Жэня Сакольскі — Прынца. Калегі мяне шкадавалі, бо я па першым часе зусім не меў роляў. Тады Лойка і кажа: “Бяры маю ролю”. Памятаю, я біў сябе ў грудзі і крычаў: “Я слуга маркіза Карабаса!”

— Хто з вядомых артыстаў мінулага з’яўляецца для вас узорам, прыкладам, можа быць, нейкім арыенцірам у творчасці?

— Выдатнае пытанне! Я вельмі люблю глядзець фільмы мінулых гадоў. Пару тыдняў таму бачыў стужку “Садоўнік” з Алегам Барысавым у галоўнай ролі. Яго герой абараняе сад, які заклаў калісьці сам Мічурын. Памерла маладая жонка, і яе сястра вінаваціць: “Ты замест таго, каб купляць лекі, набываў угнаенні для сада”. Вельмі шчымлівы фільм. Моцна ўразіў некалі Міхаіл Глузскі ў фільме “Ціхі Дон”, дзе ён выдатна, праўдзіва сыграў белага афіцэра, а таксама Анатоль Папанаў у карціне “Прыходзьце заўтра”. Памятаеце, як ён кувалдай малаціў свае скульптуры? Такое ўражанне, што яны не ігралі, а насамрэч жылі ў вобразе. Я стараюся раўняцца на такіх акцёраў. Вельмі добра, калі творчы чалавек паглыбляецца ў сябе і знаходзіць гарманічнае суіснаванне са сваім вобразам. Іншым разам калегі альбо гледачы мне кажуць: “Ты быў нейкі разгублены сёння ў першай дзеі, не ведаў, што рабіць, а ўжо ў другой разыграўся, і спектакль атрымаўся, роля загучала”. Значыць, у першай дзеі мне не хапіла гэтай гармоніі?

— А ёсць роля, аб якой вы марыце?

— Я неаднаразова чуў ад сваіх калег: “Вось з цябе атрымаўся б Санча Панса”. Альбо: “Ты Швейка мог бы выдатна сыграць”. А я марыў пра Несцерку. Мне казалі: “Ну які з цябе Несцерка, ты ж тоўсты”. А потым прызначылі артыста, які, можа, яшчэ таўсцейшы за мяне — праўда, ён Несцерку так і не сыграў. Мне ж дасталася ў тым спектаклі куды менш важная роля — шляхцюка. Але вы пагартайце турыстычныя даведнікі па Віцебску — і ў тэатральным раздзеле знойдзеце менавіта маю выяву ў гэтай ролі! Чаму мяне выбралі выдаўцы? Толькі з-за шыкоўнага касцюма? Думаю, што не. А цяпер я і сам не хачу іграць Несцерку: хай маладзейшыя яго граюць. Адпаведна, былі тыя ролі, пра якія я раней і не задумваўся — а атрымаліся яны выдатна. Ды і ўвогуле: калі я сыграў Макбета, дык пра што яшчэ застаецца марыць? Гэта быў для мяне свайго кшталту Рубікон.

— Вы адзін з самых яскравых камедыйных акцёраў коласаўскай трупы. І раптам атрымліваеце ад мастацкага кіраўніка тэатра Валерыя Анісенкі трагедыйную ролю Макбета ў аднайменным спектаклі. Як і чаму гэта здарылася?

— Воляй лёсу. Калі Анісенка прыйшоў у якасці кіраўніка тэатра, мы ўжо былі знаёмыя. У “Макбеце” ён хацеў на цэнтральную ролю прызначыць Валянціна Салаўёва, а мяне паставіў у пару. Але Валянцін перайшоў у Мінск, у РТБД. Анісенка ставіць у пару Юрыя Гапеева — той сыходзіць у Смаленск! Рэжысёр не супакойваецца, ставіць маладога акцёра Максіма Каржыцкага. Пачынаем працаваць. Як рэжысёр просіць, так я і раблю — “рву жылы”. Яшчэ і па ўзросце я больш падыходжу. І Анісенка вырашыў: “Выходзь на фінішную прамую” — гэта значыць, на прэм’ерны паказ. А Каржыцкі потым сам не захацеў іграць Макбета, сышоў убок. Магчыма, і вобраз атрымаўся таму, што я рабіў усё, як хацеў Анісенка. І яму гэта спадабалася. Ён на ўсіх радыё- і тэлеперадачах казаў, што Цвірка яму паверыў і пайшоў за ім. На міжнародных фестывалях, дзе мы паказвалі спектакль, усюды былі толькі добрыя водгукі.

— А як вы адносіцеся да ўводаў? Многія да іх ставяцца досыць скептычна, але прыгадаем вашага Галахвастага з камедыі “За двума зайцамі”. Па-мойму, вынік вельмі нішто сабе…

— Справа ў тым, што я быў у гэтым матэрыяле з самага першага спектакля. Іграў там эпізадычную ролю — аднаго з вясельных генералаў, шафера жаніха. Таму мне нескладана было стварыць і цэнтральны вобраз. Але гэта станоўчы прыклад. Былі і адмоўныя — дзякаваць Богу, няшмат. Таму я да ўводаў стаўлюся негатыўна. Але добра разумею, што тэатр — гэта вытворчасць, і зусім без іх не абыдзешся. Дарэчы, дзякуючы таму спектаклю ў мяне з’явілася прыхільніца. Яна з сяброўкай прыйшла зусім на іншы спектакль, а яго замянілі на
“...зайцоў”. І ў гэтай ролі я настолькі ёй спадабаўся, што, па яе словах, яна стала глядзець на мяне як на акцёра іншымі вачыма. Пачала хадзіць на ўсе спектаклі з маім удзелам і заўсёды прыносіць мне кветкі — нават за эпізадычныя ролі! А потым недзе на вуліцы я яе пазнаў, мы пазнаёміліся і цяпер добра сябруем. Дарэчы, “Макбета” яна глядзела восем разоў! І кожны раз ружы…

— Які спектакль з вашым удзелам сёння карыстаецца найбольшым поспехам у гледача?

— “Доктар філасофіі”, дзе я іграю Жывату Цвіёвіча. Ведаеце, поспех вельмі складана спрагназаваць. Прычым у дадзеным выпадку я яго не чакаў. І раптам — авацыі і аншлагі! Хутка павязём “Доктара” на гастролі ў Брэст і Мінск. Таму на свой бенефіс з нагоды юбілею я выбраў менавіта гэты спектакль і гэтую ролю.

Гутарыў Юрый ІВАНОЎСКІ,
літаратурны рэдактар
Нацыянальнага акадэмічнага
тэатра імя Якуба Коласа