Золата восеньскіх святаў

№ 40 (1323) 07.10.2017 - 13.10.2017 г

Як выбіралі супербабулю ў Навагрудку, чаму на Дзятлаўшчыне шукалі ў саломе кукурузу, навошта бібліятэка Браслава далучылася да міжнароднага руху Little Free Library ды іншыя навіны з рэгіёнаў — у чарговым аглядзе пошты ў рэдакцыю “К”.

/i/content/pi/cult/659/14612/14.jpgУ вёсцы Альманы на Століншчыне зладзілі Свята журавін, што пачалося ўрачыстым шэсцем удзельнікаў, якія закружыліся перад сцэнай у танцавальным карагодзе. Свае прэзентацыі на тэму мерапрыемства падрыхтаваў Фядорскі дом народнай творчасці, заказнікі “Сярэдняя Прыпяць” і “Альманскія балоты”, Раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Па традыцыі на свяце ўшанавалі збіральнікаў журавін па кожным сельсавеце. Лепшым нарыхтоўшчыкам дзікарослай прадукцыі прызнаны Іван Аглашэвіч. Раённы савет ветэранаў узнагародзіў 85-гадовую Надзею Дзенісовіч як найстарэйшую зборшчыцу журавін.

Уражаннямі ад Свята кукурузы 23 верасня ў аграгарадку Круцілавічы Дзятлаўскага раёна падзялілася Настасся Голуб. Падчас урачыстасцей каштоўныя падарункі ўручылі сям’і Падліпскіх, якая паспяхова выступіла на абласных маладзёжных спаборніцтвах “Уладар сяла”. Работнікі мясцовых прадпрыемстваў удзельнічалі ў “Сельскіх вясёлых эстафетах” — ачышчалі на хуткасць пачаткі кукурузы ці шукалі іх сярод саломы. Першае месца журы прысудзіла камандзе “Граніт-Агра”. Другое месца — за прадстаўнікамі Круцілавіцкай школы, трэцяе месца занялі працаўнікі “Дварэц-Агра”. Артысты Дзятлаўшчыны павіншавалі са святам жыхароў Круцілавіч канцэртнай праграмай.

У Смаргоні падвялі вынікі конкурсу “Бібліятэкар у вобразе”. Удзельнікі з 5 гарадскіх і 10 сельскіх кніжніц раёна дэманстравалі гледачам сцэнкі, у якіх самі бібліятэкары выступалі ў вобразах вядомых літаратурных герояў. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Смаргонскай раённай бібліятэкі Аксана Мамай напісала, што больш за ўсіх журы ўразіла інтэрпрэтацыя Кацярыны Махнач і Настассі Кезік “Ліста Таццяны” з паэмы Аляксандра Пушкіна “Яўген Анегін”. Прызамі другой ступені адзначана “трупа” ў складзе Кацярыны Варанішча, Марыі Шэляг і Яўгеніі Гурштыновіч за сцэнку па кнізе Пятра Васючэнкі “Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі”.

У Навагрудку на мінулым тыдні выбіралі “Супербабулю-2017”. Удзельніцы расказвалі пра сябе і свае захапленні, дэманстравалі рукадзельныя і кулінарныя здольнасці, танчылі падэспань, вальс і кракавяк, а таксама дэфіліравалі ў сваіх улюбёных строях. Як паведаміла дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская, да фінала, што адбыўся на мінулым тыдні, дайшлі тры канкурсанткі: тытул лепшай гаспадыні атрымала Антаніна Сакалоўская, самай таленавітай назвалі Ганну Валенцік, а званнем “Супербабуля-2017” уганаравалі Алену Кур’ян.

Святочныя сустрэчы з нагоды Дня пажылых людзей прайшлі ў Ганчарскім і Дзітвянскім дамах культуры, Гудскім цэнтры творчасці і вольнага часу. Пра іх нам распавяла вядучы метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш. У Іванаўскім раёне падобныя вечары адпачынку яшчэ працягваюцца да 8 кастрычніка, як паведамілі ў аддзеле маркетынгу Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Ф.І. Панфёрава.

“Хай восень жыцця будзе залатой” — з такім настроем збіралі гасцей на святкаванне Дня пажылых людзей у Ваўкавыскай раённай бібліятэцы. Ветэраны працы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама члены клуба пенсіянераў “Нам гады — не бяда” сабраліся разам, каб паслухаць музыку і вершы, праспяваць свае ўлюбёныя песні. Загадчык аддзела маркетынгу бібліятэкі Надзея Гудко адзначыла, што мерапрыемства прайшло ва ўтульнай і святочнай атмасферы.

Таксама яна падзялілася навіной, што ў Гродне 22 верасня ўпершыню адбыўся фестываль кнігі, прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. На тэрыторыі Старога замка свае экспазіцыі прадставілі вядучыя выдавецтвы краіны, рэдакцыі сродкаў масавай інфармацыі. Ваўкавыская бібліятэка падрыхтавала выставу “Літаратурныя героі-лялькі” з лепшых кніг, героямі якіх з’яўляюцца вядомыя персанажы: Паштальён Печкін, Шапакляк, Баба-Яга, Цмок, Царэўна-жабка, Снежная Каралева і іншыя. Іх дапоўнілі аўтарскія лялькі з пап’е-машэ Надзеі Развадоўскай.

У Ліноўскай сельскай бібліятэцы для сталых людзей правялі літаратурна-музычны вечар “Пад гукі музыкі мінулае ўстае”. Як падкрэслілі ў аддзеле маркетынгу Пружанскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, свята адбылося ў рамках праекта Ліноўскага сельвыканкама “Дом, у якім жыве Культура” — пераможцы конкурса мясцовых ініцыятыў.

Дзяржынскі гарадскі дом культуры адкрыў канцэртам 24 верасня 56-ы творчы сезон. “У нас у калектыве няма выпадковых людзей. Таму ўжо не першы год мы ўручаем прэмію “За вернасць і адданасць роднаму ГДК”. Ёю ўзнагароджваюцца спецыялісты, якія больш за 20 гадоў адпрацавалі ў нашай установе. Сёлета ў гэтай намінацыі прызёрам стаў мастацкі кіраўнік студыі эстраднай песні “Апрель” і студыі “Задоринка” Наталля Хрыстафорава. Дзякуй нашым гледачам, якія сваімі апладысментамі і сваёй увагай падтрымліваюць нас! Мы абяцаем, што 56-ы творчы сезон будзе поўны сюрпрызаў і адкрыццяў”, — распавядае дырэктар установы Таццяна Чаган.

20 верасня ў Белаазёрскай гарадской бібліятэцы імя Ніны Мацяш адбыліся чарговыя паэтычныя чытанні “Бабіна лета ў Белаазёрску”, падчас якіх прагучалі выступленні сяброў і паплечнікаў Ніны Мацяш: Анатоля Вярцінскага, Раісы Баравіковай, Алены Казловіч-Усцілоўскай, дырэктара сярэдняй школы № 1 г. Бярозы імя В.Х. Галаўко Мікалая Жуковіча, Усевалада Сцебуракі, Міколы Аляхновіча, выкладчыка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Марыі Новік. У ліку гасцей паэтычных чытанняў былі таксама паэтка Віка Трэнас, пісьменнік Алесь Пашкевіч, паэт і мастак Лявон Валасюк, паэт Сяргей Амяльчук ды іншыя.

30 верасня работнікі культуры аграгарадкоў Гальшаны і Граўжышкі на Ашмяншчыне правялі мерапрыемства “Даследчык Гальшанскага краю”, прысвечанае памяці настаўніка і краязнаўцы Эдуарда Корзуна, якому сёлета споўнілася б 85 гадоў. Дзякуючы яго намаганням, у 1963 годзе з’явілася першая экспазіцыя школьнага гісторыка-краязнаўчага музея. Усё сваё жыццё краязнаўца папаўняў яго новымі звесткамі пра гісторыю мястэчка. Сабраныя матэрыялы выдадзеныя асобным энцыклапедычным даведнікам “Гальшаны”.

Канцэрт “Першакласнікі ў свеце музыкі” адбыўся ў Гальшанскай дзіцячай школе мастацтваў. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай працы Дар’я Антановіч паведаміла, што мерапрыемства падрыхтавалі вучні ўсіх аддзяленняў — гучалі фартэпіяна, баян, скрыпка, цымбалы, вакальныя выступы дзяцей.

Нясвіжская дэлегацыя вярнулася дадому з горада Аўцэ, дзе з 21 па 24 верасня адбыліся Дні культуры Беларусі ў Латвіі — праходзілі выставы, прысвечаныя дзейнасці Нясвіжскага музея-запаведніка, працавала гандлёвая пляцоўка, дзе можна было набыць цукар, хлеб ці льняныя вырабы, сфатаграфавацца ў фотазоне, паўдзельнічаць у квэстах ці зайсці ў бібліякафэ. Як патлумачыў старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко, які ўзначаліў нашу дэлегацыю, паміж гарадамі пяць гадоў таму заключана пагадненне аб супрацоўніцтве, таму сумесныя акцыі Нясвіж і Аўцэ ладзяць ужо не ўпершыню.

Загадчык аддзела маркетынгу Цэнтральнай бібліятэкі Браслава Ірына Макарэвіч падзялілася навіной, што ўстанова атрымала асабісты нумар свайго праекта Свабодная бібліятэка ў міжнароднай супольнасці Little Free Library — з ЗША ўжо прыйшла пасылка са спецыяльнай шыльдай 53659. “З кніжнага доміка Свабоднай бібліятэкі ў любы час бясплатна можна ўзяць кнігі, часопісы. Іх не трэба нідзе рэгістраваць, запісваць. Можна ўзамен прынесці свае цікавыя кнігі, пакінуць іх у доміку для чарговых аматараў літаратуры”, — тлумачыць Ірына Макарэвіч. На міжнароднай карце праекта littlefreelibrary.org толькі дзве маленькія бібліятэкі з Беларусі, адна з іх — у Браславе.

У Шчучыне арганізавалі віртуальную экскурсію “Па сталіцах пісьменства”. У аддзеле маркетынгу раённай бібліятэкі імя Цёткі распавялі, што супрацоўнікі ўстановы падрыхтавалі для чытачоў агляд навінак беларускага друку, прадставілі юных пераможцаў творчага конкурсу “Шчучын на вышыні 500” і нагадалі не толькі пра Дзень беларускага пісьменства, што прайшоў у горадзе ў 2015 годзе, але і пра іншыя сталіцы свята.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"