Аўдыя & Відэа

№ 40 (1323) 07.10.2017 - 13.10.2017 г

Вераснёўскія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць лідар гурта “Нейра дзюбель” Аляксандр КУЛІНКОВІЧ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/659/14610/BezNot_opt.jpegГурт Bez.Not, альбом “Акрывія”

A.: Дадзены рэліз пакінуў станоўчае ўражанне, па душы прыйшлася мне музыка гэтага гурта, але напрамкам такім я не захапляюся. Магу, вядома, завіснуць на вельмі кароткі час на дзве-тры песні ў стылі рэгі, але не больш. У асноўным, слухаю “цяжкае”, панк, сайкабілі, каб прыціснула трошкі, а тут мне прапануюць узняцца, забыцца, абстрагавацца. Не атрымалася. Вось такі я супярэчлівы.

B.: Магілёўская каманда грае класічнае рэгі — музыку інфантыльных людзей. Кажучы па-іншаму — людзей з асаблівасцямі разумовага развіцця. Слухаючы альбом, вельмі хочацца да іх далучыцца і назаўжды адправіцца ў выдуманы імі свет заўсёднага сонца, асляпляльна белых аблокаў, сакавітай травы, лёгкага ветрыку, чыстай-чысцюткай рачулкі, верных сяброў і поўнай адсутнасці якіх бы тое ні было праблем. Рэгі, што вы хочаце.

/i/content/pi/cult/659/14610/Hokkey_opt.jpegГурт Hok-key, альбом Kalasy Pad Siarpom

A.: Гэта “цяжар” іншага кшталту, чым той, якi я слухаю. Мне б чаго барзджэй, а тут усё настолькі... паслядоўнае, павольнае па думцы, што з нейкага моманту я проста перастаў адрозніваць адну песню ад іншай. Хаця, перакананы, гурт гэты падабаецца многім, фольк наогул у нас цяпер у трэндзе. Да безумоўных плюсаў аднясу якасць запісу — тут прэтэнзій у мяне няма.

B.: Калі памяць мне не здраджвае, пачынаўся гэты калектыў зусім не з той музыкі, якую выконвае сёння — фольк-метал. Гадоў дваццаць таму ён граў нешта малазразумелае. Можа, такое кіданне паміж стылямі і прыводзіла да таго, што каманда перыядычна прыпыняла сваю дзейнасць. Але ў сярэдзіне 2000-х гурт такі вызначыўся з кірункам і з тых часоў “валіць жалеза” — і правільна робіць, бо выходзіць у яго ўсё шыкоўна, як на дадзеным альбоме. Меладычныя трэкі, багата прыпраўленыя агрэсіўнымі гітарнымі пасажамі, прыемныя мужчынскі і жаночы галасы, што “працуюць” як бы на кантрасце брутальнасці і пяшчоты. Ды яшчэ і зусім не шараговыя тэксты, звернутыя ў глыбіні беларускай гісторыі. Вельмі добра!

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/659/14610/Untitled-1_opt.jpegГурт MorkvoЦвет, кліп на песню “Звар’яцелы генерал”

А.: Песня спадабалася вельмі: і тэкст, і музыка, і аранжыроўка, і выкананне. А кліп — ні пра што і ніяк. Каб мне далі паслухаць кампазіцыю, а потым паказалі “нямое” відэа і паведамілі, што яно знята на гэты трэк, я б моцна здзівіўся.

B.: Сюжэт: два хлопцы, седзячы пасярод нейкага буралому і разыгрываючы разнастайныя сцэнкі, “сякуць” на гітарах, крычаць тэкст і нешта хочуць данесці да слухача.

Песня: 2078 год, абараназдольнасць нейкай краіны правяраецца ўсялякімі экстрэмальнымі спосабамі. І пра ўсё гэта апавядаецца мужчынскім тандэмам пад акампанемент акустычных гітар. У электрычнасці, напэўна, у выніку атрымаўся б які-небудзь хард / рэпкор — настолькі нервовая паводле падачы кампазіцыя. Моцна, увогуле.

/i/content/pi/cult/659/14610/Untitled-3_opt.jpegГурт “Дразды”, кліп на песню “Вёска”

A.: І навошта пішуцца такія песні і здымаюцца такія кліпы? Напрыклад, у нашым выпадку старыя прыхільнікі ансамбля “Сябры”, мне здаецца, успрымуць і кампазіцыю, і відэа на яе як лёгкую іронію над вечнымі каштоўнасцямі — і музычнымі, і іншымі. Магчыма, пакрыўдзяцца. Сучасная моладзь — наадварот, успрыме ўсё сур’ёзна і скажа, што гэта падобна на... “Сябры”, а яна гэты калектыў не слухае і ролікі яго не глядзіць. І песня з 1980-х — пачатку 1990-х, і відэа з часоў махровага беларускага тэлебачання.

B.: Тое, што лідар “Драздоў” Віталь Карпанаў умее складаць песні “на мяжы слёз”, вядома добра. “Вёска” — адна з іх: кампазіцыя, прысвечаная роднаму дому на малой радзіме, па якой франтмэн матляецца на матацыклах. Сапраўды, нешта пачынае шчыміць сэрца, хоць сам я і не бываў у тых краях. Але затое бываў у іншых, падобных, з такімі ж палямі, лясамі, возерам, дзятвой. Гэта ўжо не першы кліп гурта, зняты ў вясковым антуражы. Мяркуючы па ўсім, працяг яшчэ будзе. І ўсё выдатна, каб не адно “але”. Нават “Але”. Каб гэты ролік патрапіў на вочы каму-небудзь з адказных супрацоўнікаў ДАІ — ох і аштрафавалі б Віталя! І за язду без шлема, і наогул за вельмі спецыфічную язду...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"